Калядны НЯЧЫСЦІК
Калядны НЯЧЫСЦІК
На пачатку студзеня 1944 г. вярталiся мы, двое партызанаў, з задання ў лагер. Заданне было нескладаным i не надта рызыкоўным. Выканалi мы яго датэрмiнова. Ішлi спакойна, не засцерагаючыся, бо ўжо мiнулi месца, блiзкае да гiтлераўскага гарнiзона ў Дзянiскавiчах (вялiкая вёска каля Ганцавiчаў). Шчыра кажучы, мы зусiм не спяшалiся "дадому", у свой партызанскi лагер, бо сёння мы самi сабе гаспадары, а ў лагеры адразу пойдзеш на сваё падначальнае месца радавога байца. Дык чаго бегчы? Куды спяшацца? На ўскрайку вялiкай вёскi Чудзiн зайшлi ў хату: — Пераначаваць пусцiце? Гаспадыня, сталая жанчына гадоў паўсотнi, зусiм не ўзрадавалася нечаканым гасцям. Кiўнула на лаўку ля акна: "Сядайце". А сама працягвала займацца сваёй справай. Корпалася ля печы, выходзiла на падворак без усякай да нас увагi. Быццам нас у хаце няма. Маўляў, селi дык i сядзiце цiхенька. "Вось скнара сухая, — думаў я, абураючыся. — Нiякай увагi да нас, партызанаў... Нябось, каб палiцаi заявiлiся б, то ваўчком бы забегала-закруцiлася". Калi ўжо добра прыцямнiлася, гаспадыня запалiла газнiчку. Выграбла з печы кошык печанай бульбы i паставiла побач талерку кiслага малака. — Вось суседка дала для вас... А ў мяне, акрамя "пячонкi", нiчога... "Паронку" не вару, бо без солi яе не надта паясi, а солi ў мяне на адзiн зуб засталося; i дзе яе ўзяць, ды за што?.. — Ну i гадаўка наша гаспадыня, — шапнуў я свайму таварышу. — Для нас, партызанаў, бульбу нiшчымную... А палiцаям, са страху, пэўна, i сальца знайшла б. Але мой калега Iван абурэння майго не падтрымаў: — Мо яна сапраўды нiчога другога не мае. Сам падумай: сёння мы да яе. Учора-пазаўчора былi другiя, а заўтра яшчэ нехта прыйдзе. Дзе ж тут скаромiны набрацца?.. Спаць мы паклалiся адразу пасля вячэры. Гаспадыня заспяшалася задзьмуць газнiчку: — Газы ў мяне некалькi кропель засталося, — буркнула яна хмура. — Дзе i за што яе ўзяць? Гэта я для вас каганец запалiла, а сама лучынай цi корчыкамi смалянымi абыходжуся. Потым памаўчала, уздыхаючы цяжка, i шапатнула: — Даруй мне, Божа... Перад святам тваiм калядным я свечкi табе не магу запалiць. Мы з Iванам, разявiўшы раты, пераглянулiся: "Дык гэта ж Калядкi сёння!.. А мы i не падумалi нават". ...Прахапiўся я ад моцнага штуршка: — Уставай! У хаце непарадак!.. I сапраўды, у хаце было поўна дыму. Збянтэжаная гаспадыня мiтусiлася вакол печы: — А божачка мiлы... Ды што гэта здарылася? Печ не гарыць... Доўгай чапялой з прывязаным венiкам яна поркала ў трубу: — Не цягне... Вось нячысцiк! Мiгам ускочыўшы з ложка, Iван апынуўся каля гаспадынi: — Супакойся, цётухна... Я зараз пайду зiрну, што там за нячысцiк. I хуценька падаўся з хаты. А я расчынiў усе дзверы, каб пазбавiцца ад дыму. Хвiлiны не прайшло, як пачуўся радасны голас гаспадынi: — Ой, загарэлася ў печы!.. Ды так добра цягне... Сапраўды, дровы ў печы, што амаль патухлi, успыхнулi дружна вясёлым полымем. З’явiўся Iван. У руцэ кавалак аконнага шкла: — Вось ён, наш "нячысцiк"! Жартачкi калядныя, сто гадоў вядомыя! На страху давялося лазiць, з комiна здымаць. Вядомая блазнюкоўская справа. — Ах, нягоднiкi!.. — заахала гаспадыня. — Быццам працы iншай не маюць. — Дык гэта яшчэ дробязь, — засмяяўся Iван. — Маглi б на страху i воза зацягнуць. Неўзабаве сядзелi мы за снеданнем. Палагаднелая i разам неяк памаладзелая гаспадыня (шкада, выветрылася з памяцi iмя яе) камандавала за белым абрусам, што з’явiўся на стале. Гаршчок ачышчанай — не "ў мундзiрах" — бульбы вабiў пасыпанай зверху соллю. На мiсачцы падымалася добрая кучка кiслай капусты з крывава-чырвонымi ягадамi журавiнаў, а шчарбаты сподак цягнуў вока да сябе не тоўстымi, але i не тоненькiмi шматкамi бела-ружовага сальца "са шкуркай". "Цэнтрам" усяго гэтага хараства была цёмнага шкла бутэлька. Вельмi прыемна было сядзець нам за гэтым калядным сталом, але ж наперадзе была дарога. На вулiцы, ля самай хаты, сустрэла нас група хлопцаў. Усе прыкладна майго ўзросту — да васямнаццацi. Спынiлiся, сталi скручваць самакруткi. — А вы, хлопцы, мабыць, нашай гарэлачкай пачаставалiся, — смяецца адзiн. Iван яму адразу ў тон: — Такi пачаставалiся. А вы, мабыць, лiчылi зарабiць на дурнiчку? Вось бабулька старая кiнецца шукаць дапамогу, i мы тут як тут. Пакурылi, пасмяялiся. I кранулi мы сваёй дарогай. Недалёка ўжо заставалася. За Чудзiнам — Пярэвалакi, Вялiкi Рожан. А там i лагер наш, партызанскi. * * * Вось такi быў у мяне выпадак на пачатку 1944 года. Якраз на Каляды. Вайна ў самым разгары. Не ведаю, як склаўся лёс майго баявога таварыша Iвана Аляксеевiча з даволi рэдкiм прозвiшчам Капа. Быў ён многа старэйшы (1911 г.). Пражываў у вёсцы Пужычы Ленiнскага раёна былой Пiнскай вобласцi. I можа сёння там, у Пужычах, засталiся яго сваякi, каму гэтыя ўспамiны будуць i цiкавымi, i блiзкiмi. Леанiд БУЛАТ, былы партызан i салдат Вялiкай Айчыннай.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пачатку студзеня 1944 г. вярталiся мы, двое партызанаў, з задання ў лагер. Заданне было нескладаным i не надта рызыкоўным. Выканалi мы яго датэрмi
|
|