Сёлета падатковая скажа многім: Бывайце
Сёлета падатковая скажа многім: Бывайце
Каторы год запар напачатку года — калi крыху раней, калi пазней — наведваю адну i тую ж падатковую iнспекцыю з мэтай падачы дэкларацыi аб сукупным гадавым даходзе. Па вынiках пiшу невялiкiя нататкi, у якiх iмкнуся найбольш поўна адлюстраваць усе аб’ектыўныя i суб’ектыўныя нюансы, з якiмi давялося сутыкнуцца падчас гэтага працэсу i пра якiя, магчыма, будзе карысна даведацца нашым чытачам. А такiя асаблiвасцi ёсць штогод. Узяць тыя ж чэргi. Колькi гадоў таму ў iх даводзiлася праводзiць, нагадаю, па тры гадзiны. У апошнiя некалькi гадоў гэты шлях да падатковага iнспектара стаў удвая карацейшым. Ветлiвасць самiх работнiкаў iнспекцыi таксама адрознiвалася ў розныя гады: ад раўнадушна-раздражнёнай да падкрэслена карэктнай. Свой уплыў рабiлi i змяненнi ў падатковым заканадаўстве. Скажам, пачатак 2007 года запомнiўся вялiкiм наплывам грамадзян. Тады, напрыклад, падатковую льготу ў сувязi з будаўнiцтвам цi пагашэннем банкаўскага крэдыту, узятага пад гэтыя мэты, можна было атрымаць толькi праз падатковую iнспекцыю. Наступны год быў значна спакайнейшым, бо грамадзянам зноў далi права выбару: такую льготу можна было атрымлiваць як па месцы асноўнай працы, так i праз падатковую iнспекцыю па вынiках года. На працы многiя калегi, да прыкладу, зноў выбралi першы варыянт. Мянялiся i бланкi дэкларацый. Як я ўжо пiсаў раней, на мой погляд, у апошнiя гады яны сталi максiмальна простымi i зразумелымi для большасцi людзей, большую частку iх можна было запоўнiць самастойна, без дапамогi падатковага iнспектара. Дарэчы, з моманту набыцця бланкаў дэкларацыi на ўваходзе ў iнспекцыю кожны раз i пачынаюцца агульныя ўражаннi ад такога паходу. ...Калега, якi паспеў "здацца" падатковым iнспектарам за некалькi дзён да нас, папярэдзiў: па бланкi — чарга. Ну ды каго гэтым здзiвiш, калi ў адным пункце прадаюць дэкларацыi як фiзiчным асобам, так i iндывiдуальным прадпрымальнiкам. Балазе, хоць потым iх шляхi разыходзяцца па розных кабiнетах. Я ў мiнулую пятнiцу ўвечары ўжо ў думках рыхтаваўся, як звычайна, змарнаваць у чарзе колькi часу. Але фае сустрэла нас... пустэчай i цiшынёй. Шапiк быў зачынены. У разгубленасцi спытаў у вахцёркi, у чым справа. Тая раўнадушна адказала: глядзi рэжым працы. Гляджу. Аказваецца, шапiк гэты ў пятнiцу працуе да 16.15. Заўважу, што сама iнспекцыя, якая нават пакуль не перайшла на "ўзмоцнены" рэжым працы, прымае грамадзян да 19 гадзiн. І дзе такiм небаракам, якiя не паспелi да закрыцця шапiка, узяць дэкларацыю? Дадому iсцi? Iнфармацыя на гэты конт адсутнiчала. Добра, жонка здагадалася зазiрнуць у пакой, дзе фiзiчных асобаў прымалi iнспектары. Патрэбныя бланкi нам выдалi бясплатна. Дарэчы, яны зноў крыху змянiлiся. З аднаго боку, знiк адзiн з раздзелаў, якi, вiдавочна, запаўнялi не ўсе грамадзяне (па ўласным вопыце: там мы заўсёды пiсалi "не"). З iншага, графы зрабiлi такiмi невялiкiмi i танюткiмi, што трэба было крыху пастарацца, каб "уцiснуць", напрыклад, асабiсты нумар пашпарта. Цiкава, самiм распрацоўшчыкам зручна было б iх запаўняць? А калi ў чалавека зрок слабы цi почырк не вельмi добры?.. На запаўненне бланкаў (на 100 працэнтаў цалкам мы гэтага нiколi не робiм, заўсёды ўзнiкаюць нейкiя дробныя сумненнi, таму, каб не сапсаваць паперу, няхай лепш iнспектар дакладна скажа, як правiльна) iдзе недзе 10 хвiлiн. Людзей зусiм няшмат, таму мы разлiчваем патрапiць да спецыялiстаў даволi хутка. Але ў пакоi 117 нам грубавата заяўляюць, што прыём не вядуць. Чаму? Ды таму што графiк у iх — да 16.45. А дзе ж гэта пазначана? Дзяўчына-iнспектар з гэтага кабiнета, якая бясконца сноўдае з яго туды-сюды, моўчкi паказвае пальцам на паперу на дзвярах пакоя 119. Чытаем: прыём грамадзян вядзецца ў кабiнетах 117 i 119, ад рукi дапiсана, што i ў кабiнеце 209, 2-i паверх (два iнспектары). Пра нейкi адмысловы рэжым працы для 117-га — нi слова. Таму на другi паверх мы нават не спрабуем iсцi. Супрацоўнiкi iнспекцыi, скончыўшы працоўны дзень, масава пачынаюць сыходзiць. Калiдор зусiм пусцее, а з нас, лiтаральна некалькiх наведвальнiкаў, чамусьцi ўтвараецца чарга. Мы стаiм 15, 20, 35 хвiлiн... Прымаюць толькi два iнспектары, ведаю, што ў некаторых выпадках на аднаго наведвальнiка ў спецыялiста можа пайсцi i паўгадзiны. Але мне незразумелая нейкая агульная, як падалося, атмасфера раўнадушша да нас. Прыгадваем, як пазалетась iнспектар, якi скончыў працу з чарговым клiентам, сам выскокваў у калiдор: наступны, калi ласка. Прыгадваем, якiя велiзарныя чэргi былi яшчэ раней. Але стаяць пад дзвярыма кабiнета ў пустой ужо iнспекцыi?! Да канкрэтных iнспектараў, якiя нарэшце прынялi нас, нiякiх прэтэнзiй, як заўсёды, няма. Усё хутка, наколькi магчыма, ветлiва. Зноў усiм агульным калектывам, усiмi прысутнымi разам прыгадваем, як правiльна запаўняць паперы па вяртаннi падаткаў у сувязi з атрыманнем аўтарскага ўзнагароджання — ганарару (ну што зробiш, не кожны наведвальнiк падатковай iнспекцыi — абавязкова журналiст, можна i забыцца). Паралельна жартуем пра жыццё, пра сусветны фiнансавы крызiс. Мой iнспектар фактычна пацвярджае думку пра асобных "цяжкiх" у плане афармлення iх папер наведвальнiкаў. Як i раней, скарыстацца падатковай iльготай (вярнуць залiшне заплачаныя падаткi) у сувязi з набыццём, будаўнiцтвам кватэры можна на працягу трох гадоў. — I ў мяне сёння якраз была такая клiентка, — кажа iнспектар. — Уяўляеце, гэта тры падатковыя дэкларацыi, да кожнай з якiх па тузiну дадатковых папер?! Уяўляю, бо побач жонка тым i займаецца: сумесна са спецыялiстам падлiчвае, запаўняе. Звычайна на гэта (да ўжо часткова запоўненай самастойна дэкларацыi) iдзе каля паўгадзiны. Ну, нарэшце "адстралялiся", "здалiся". — Дзякуй, — кажам, — да наступнага года. — Ды не, — смяюцца ў адказ падатковыя iнспектары, — мы вам кажам "бывайце", сёлета, на шчасце, вы ў нас апошнi раз. — А ў чым справа? — Вяртаць залiшне заплачаныя падаткi ў сувязi з будаўнiцтвам кватэры цi пагашэннем банкаўскага крэдыту, узятага пад гэтыя мэты, цяпер вы будзеце па месцы асноўнай працы, падаючы патрэбныя дакументы ў бухгалтэрыю, — адказваюць дзяўчаты. — Да нас цяпер наведаецеся хiба толькi калi захочаце вярнуць залiшне заплачаныя падаткi ў сувязi з прафесiйнымi вылiкамi, звязанымi з атрыманнем аўтарскага ўзнагароджання. Вось так, зноў знiкла магчымасць выбару. Раней вярнуць залiшне заплачаныя грошы можна было, звярнуўшыся папярэдне ў падатковую, як праз касава-разлiковы цэнтр, так i праз банк або родную бухгалтэрыю, або проста праз бухгалтэрыю. Цяпер, выходзiць, застаецца толькi апошнi варыянт? Падазраю, што там зноў могуць запатрабаваць даведку з жыллёвага аддзела адмiнiстрацыi раёна, дзе мы некалi стаялi ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў (ведалi б вы, колькi разоў яны ўжо бралi гэтую даведку!). Хоць, да прыкладу, у падатковай iнспекцыi такая даведка захавалася ў справе. Паколькi мы такiя не адны, не выключаны чэргi? Ды i ў тую ж падатковую ў пачатку наступнага года нам усё роўна адно... Што маем у вынiку. На ўсё пайшло недзе паўтары гадзiны — як i летась (толькi што стаяць у чарзе ў пустой падатковай давялося ўпершыню). Грошы абяцалi вярнуць на працягу трох тыдняў. У мiнулым годзе папярэджвалi, што на гэта спатрэбiцца часу да месяца. Што яшчэ можа быць карысным для чытачоў, дык гэта iнфармацыя пра тое, што пакуль — да 14 лютага — падатковыя iнспекцыi працуюць у звычайным рэжыме: з 8 да 19 гадзiн — па будных днях, з 9 да 13 гадзiн — па суботах. I памятайце пра пятнiчны рэжым працы шапiка па продажы бланкаў падатковых дэкларацый! Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каторы год запар напачатку года — калi крыху раней, калi пазней — наведваю адну i тую ж падатковую iнспекцыю з мэтай падачы дэкларацыi аб сукупным гад
|
|