21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Павел Якубовіч: Апазіцыя - гэта неасталіністы

26.08.2009 15:13 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

5 февраля 2009 Политика
МЫ "Мы" публікуем яшчэ адно інтэрв'ю (першае было з Адамам Глобусам) з кнігі "Зрабаваны народ. Размовы з беларускімі інтэлектуаламі", шостай з серыі "Гарадзенская Бібліятэка". Яе аўтары - Малгажата Ноцунь і Анджэй Бжэзецкі з’яўляюцца рэдактарамі польскага часопіса “Nowa Europa Wschodnia”. Доўгі час працавалі ў “Tygodniku Powszechnym”, былі карэспандэнтамі гэтай газеты ў Беларусі і Украіне. Выдалі кнігу “Беларусь - бульба і джынсы”. Серыя "Гарадзенская Бібліятэка" заснавана ў 2007 годзе рухам “За Свабоду” і выдаецца пад патранатам Аляксандра Мілінкевіча.

Інтэрв'ю з галоўным рэдактарам газеты Адміністрацыі прэзідэнта "СБ-Беларусь сегодня" Паўлам Якубовічам атрымалася такім, што аўтары кнігі нават вырашылі зазначыць, што "у гэтай размове ёсць шэраг крыўдлівых выказванняў і, без сумневу, тэндэнцыйных інтэрпрэтацый фактаў, якія тычацца асоб, што сёння знаходзяцца ў пазіцыі да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Памнажэнне гэтых выказванняў не з’яўляецца нашай мэтай, аднак мы хочам паказаць пэўны спосаб мыслення і аргументацыі".

- Вы нарадзіліся адразу пасля вайны, у 1946 годзе. Як выглядала дзяцінства і маладосць у тагачаснай Беларусі?

- Я нарадзіўся ў Старадубе, які можна назваць горадам як расійскім, так і беларускім. Ён належаў Вялікаму Княству Літоўскаму, а ў савецкія часы быў часткай Гомельшчыны, хоць раней адносіўся да расійскіх раёнаў. Мае бацькі мелі савецкія біяграфіі. Мама была камсамолкай. Калі выйшла замуж, занялася хатняй гаспадаркай, бо апроч мяне бацькі мелі яшчэ двух сыноў.

Бацька, яго маці рана памерла, быў у дзяцінстве памочнікам пастуха. Не меў адукацыі, скончыў толькі чатыры класы. Калі вырас, служыў канюшым у кавалерыі Чырвонай Арміі. Быў у партыі, але не зрабіў кар’еры. У 1937 годзе яго арыштавалі і абвінавацілі ў гаспадарчай контррэвалюцыі. Прысуд: расстраляць. Яго ўратавала амністыя. Сталін вырашыўся зрабіць “жэст”, каб трохі супакоіць грамадскасць.

Мне падаецца, што бацьку забаронена было пра ўсё гэта распавядаць. Ён маўчаў да 1955 года. Я быў малы, але добра запомніў, што пра мінулае бацькі ў сям’і ніколі не размаўлялі. Толькі ў 1955-м, а можа ў 1956 годзе бацька пачаў расказваць, як выглядалі допыты. Я даведаўся, што ўяўляў 1937 год, чым быў тэрор Сталіна і Яжова. У бацькі застаўся страх на ўсё жыццё.

Дзяцінства маё прайшло ў нястачы, але гэта была савецкая нястача, а значыць - справядлівая. Мы ўсе яе перажывалі. Я даношваў тое, што мне заставалася пасля старэйшых братоў. У школу хадзіў у шынялі і вайсковых ботах. У нашым горадзе была прымітыўная “Чайная”, дзе да шклянкі гарбаты давалі два кавалачкі цукру. Бацька хадзіў туды, замаўляў гарбату, выпіваў кіпень і прыносіў дадому цукар. За адзін раз мог выпіць некалькі шклянак. Пра існаванне шакаладу я даведаўся значна пазней. Калі пачаў чытаць кніжкі, затрымліваў погляд на назвах страваў. Страшэнна хацелася іх пакаштаваць, але даводзілася задавольвацца толькі назвамі. Мы былі галодныя. Нам не ў галаве былі любоўныя гісторыі, ранні сэкс. Мы займаліся прымітыўным спортам і захапляліся літаратурай, пісалі вершы, спявалі песні Булата Акуджавы.

Мяне сфармавала “адліга” эпохі Хрушчова. Я належаў да першага пакалення савецкай моладзі, якое ўжо не прыняло сталінскіх пастулатаў, але і не заразілася цынізмам эпохі Брэжнева. Маё пакаленне - людзі, народжаныя ў другой палове 40-х гадоў - было сведкам вяртання дамоў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Гэтыя людзі, якіх выпусцілі дзякуючы “адлізе”, нечакана пачалі з’яўляцца ў нашых гарадах і прыносілі з сабой цяжкія сведчанні. Іх праўда кантраставала з рэчаіснасцю, якая нас атачала. Мы пачалі іх слухаць.

Даведаліся пра гісторыі, якіх не ведалі старэйшыя людзі. З’явіліся кнігі Васіля Гросмана, Ганны Ахматавай, Марыны Цвятаевай, Восіпа Мандэльштама, Яўгенія Еўтушэнкі. Мы чыталі Аляксандра Салжаніцына. Найважнейшай кнігай майго тагачаснага жыцця быў шасцітомнік Іллі Эрэнбурга. Першая частка называлася “Людзі, гады”. Дзякуючы ёй я пазнаёміўся з іншай гісторыяй. Але адліга скончылася, і калі мы пасталелі, то апынуліся ў цэнтры, як гэта казаў Брэжнеў, “развітага сацыялізму”. Гэта быў страшны час, без перспектыў, без альтэрнатыў. Цяпер, калі гляджу на Беларусь, бачу, колькі магчымасцей мае моладзь. Дзяржаву крытыкуюць, але маладыя могуць выбіраць. Пасля школы могуць паступаць ва ўніверсітэты ў Беларусі, могуць паехаць у Кракаў ці Варшаву, ці нават у Оксфард. Могуць ісці працаваць альбо заняцца бізнэсам. Могуць, у рэшце рэшт, ляжаць дагары жыватом. Мы не мелі выбару.

- Вы адчувалі сябе тады савецкім чалавекам ці думалі пра сябе як пра беларуса?

- Я адчуваў сябе савецкім чалавекам. Аднак калі мне было 16 год, мяне не прынялі ў камсамол. Усіх прынялі, а мяне не, і ніхто не патлумачыў чаму. Я не разумеў, што сталася: не быў хуліганам, чытаў класічную літаратуру, марыў пра журналістыку.

У атэстат сталасці мне паставілі па паводзінах адзнаку “добра”. Гэта было як воўчы білет. Не было ніякіх прычынаў, каб ставіць мне такую адзнаку. Ва ўсіх астатніх было “выдатна”. Быў 1963 год. Я так думаю, што ва ўсім СССР я быў тады адзіным такім выпадкам. Такі атэстат проста не даваў мне права паступаць ва ўніверсітэт. На шчасце, калі я падаваў дакументы, ніхто не звярнуў на гэта ўвагі, бо нікому нават не прыйшло б у галаву, што нехта з такой адзнакай хоча быць прыняты ў навучальную ўстанову.

Я доўга думаў, чаму да мяне так паставіліся. Гісторыя аказалася простай. Падчас вайны наш горад акупавалі немцы, тут было таксама шмат габрэяў. І, што важна, у тых раёнах мала лясоў - і таму не было партызанскай вайны. Горад ляжаў далёка ад фронту і калі немцы справіліся з габрэямі і не рэпрэсавалі больш мясцовых, людзі неяк з імі зжыліся. Афіцэры фліртавалі з мясцовымі прыгажунямі, пасля іх засталіся дзеці.

Калі прыйшла Чырвоная Армія, СМЕРШ узяўся вырашаць тут праблему калабарацыі. Многіх людзей асудзілі за супрацоўніцтва з немцамі. Уголас пра гэта не гаварылі, а мы, дзеці, увогуле пра гэта не ведалі. Але ў нашай школе былі некалькі настаўнікаў, якія падчас акупацыі працавалі пад кіраўніцтвам фашыстаў. Яны ненавідзелі мяне з-за маёй нацыянальнасці. Не маглі мяне выгнаць са школы, але знайшлі ахілесаву пяту - адзнака па паводзінах.

Так пачалося маё дарослае жыццё. Я хацеў быць журналістам, але гэта былі часы хрушчоўскіх эксперыментаў - і аказалася, што я з таго года, з якога не прымаюць ва ўніверсітэт на вызначаныя факультэты без, так званага, стажу працы. Журналістыка якраз была гэткім факультэтам, таму мне трэба было два гады дзесьці адпрацаваць альбо ісці ў войска.

Я знайшоў работу ў лагеры працы для злачынцаў. Вязні сядзелі за калючым дротам і трэба было іх кантраляваць. Гэта былі не тыя людзі, пра якіх пісаў Салжаніцын: ніякія ні палітычныя вязні, а небяспечныя крымінальнікі. Дзякуючы гэтай працы, я ўбачыў іншы бок жыцця, дакрануўся да іншай рэчаіснасці. Даведаўся, якія звычаі пануюць у гангстэрскім свеце.

Пасля гэтай працы я паехаў у Мінск, але зноў аказалася, што на журналістыку нельга здаваць экзамены, і я выбраў педагагічны інстытут. Мне нельга было разлічваць на дапамогу бацькоў, і таму я пачаў працаваць на будоўле. Мне не ўдалося адначасова і вучыцца, і працаваць на такой цяжкай працы. Я кінуў вучобу. Працаваў на будаўніцтве аўтамабільнага завода ў Жодзіна. Гэта таксама была цікавая праца. Я, рамантычны хлопец, які жыццё ведаў практычна толькі з кніжак, трапіў у рабочае асяроддзе. Там было шмат паталогіі і жыццё было цяжкім.

Прыйшло лета 1965 года і зноў, у трэці раз, я прыступіў да ўступных экзаменаў. Я настолькі баяўся, што не здам на журналістыку, што пайшоў на вечаровыя юрыдычныя курсы. Праз некалькі дзён пасля экзаменаў мне прыйшла позва ў ваенкамат. Я трапіў ва ўнутраныя войскі Міністэрства ўнутраных спраў. Зноў сутыкнуўся са злачынным светам: суды, канвоі, крымінальнікі. Чаму я туды трапіў? Не ведаю.

Бралі людзей пасля базавай школы. Не трэба было шмат думаць. Але гэта таксама быў шанс, каб даведацца пра новае.

Як ахоўнік я браў удзел у працэсах, на якіх судзілі ваенных і палітычных злачынцаў. Я слухаў, думаў і разважаў. Для мяне гэтая судовая зала была ўніверсітэтам. Пра ваенныя працэсы ніхто не чуў, ніхто не меў доступу да гэтага свету. Я месяцамі сядзеў на судовых пасяджэннях. Сярод асуджаных былі здраднікі, якія перайшлі на бок немцаў. Я слухаў людзей, якія адказвалі за ліквідацыю варшаўскага гета, удзельнічалі ў падаўленні варшаўскага паўстання. Я слухаў пра бітвы з англічанамі, пра Монтэ Касіна. Людзі, якіх дапытвалі, змагаліся пад Монтэ Касіна як абаронцы.

Я пачаў пісаць у ваенныя газеты. Праз паўтары гады стаў рэдактарам аддзелу газеты МУС. Калі скончыў службу, здаў нарэшце экзамены на журналістыку. Гэта быў ужо 1968 год. З-за недахопу грошай я не мог вучыцца на дзённым аддзяленні, таму вучыўся завочна і працаваў карэспандэнтам ваеннай газеты. Гэта быў цудоўны час. У тым жа годзе я ўступіў у партыю. Ганарыўся, што бяру ўдзел у важнай справе. Потым пачаліся сумненні. Я бачыў, што партыя падзелена на эліту, якая кіруе, і пешак, якія плацяць унёскі. Я падумаў, што гэта не так добра, як здавалася. Узгадаў лёс бацькі. Мяне цікавілі падзеі, якія адбываліся ў нашай краіне: мяне непакоіў лёс Салжаніцына і Андрэя Сахарава. А я ж быў членам Камуністычнай Партыі, і таму пэўным чынам прымаў удзел у палітыцы дзяржавы. Ментальнасць савецкіх людзей была даволі дзіўнай. Калі я бачыў несправядлівасць, я не спалучаў яе да канца з дзейнасцю партыі.

Я працаваў без перапынку. Хацеў стаць ваенным журналістам і таму мне параілі ваенную навучальную ўстанову. Я скончыў навучанне і зноў сутыкнуўся з дыскрымінацыяй. Ніхто не патлумачыў мне, чаму, але мне не хацелі даць званне афіцэра. Я камандаваў атрадам, але ваенная контрразведка паставілася да мяне своеасабліва. У маіх салдатаў пыталі, як я ацэньваю падзеі ў Польшчы і Чэхаславакіі, як гляджу на вайну на Блізкім Усходзе. Факт, што я не атрымаў звання афіцэра, быў прэцэдэнтам у Савецкім Саюзе.

Я ведаў, што мушу шукаць сабе новы занятак. У войску я правёў трынаццаць год і пачынаць усё наноў было няпроста. Я атрымаў працу ў маладзёжнай газеце “Знамя юности”. На шчасце, патрапіў у знаёмае мне асяроддзе, бо ў той час гэта была ліберальная газета. На яе рэдактарах партыя паставіла крыжык. У вялікія газеты нас ужо ніхто не возьме, думалі мы, трэба радавацца таму, што ёсць. Наша газета была папулярнай сярод моладзі. У мяне была свая калонка. Паштары мяне пракліналі, бо штодзень я атрымліваў ажно дзесяць мяхоў лістоў. Мне пісалі дарослыя. Мае фельетоны чыталі дысідэнты. Вязні палітычнай эпохі Брэжнева мелі права падпіскі на адну газету, кожны выбіраў сабе іншую, а потым мяняліся. “Знамя юности” дазволена было выпісваць Кузняцову, звязанаму з “самалётнай справай”, калі група габрэйскіх дысідэнтаў у Ленінградзе ў 1979 годзе спрабавала ўгнаць самалёт. Кузняцоў пісаў да мяне з турмы. Пісалі таксама і жыхары Беларусі. Быў вялізны поспех. Я не хачу хваліцца, але так насамрэч і было. Я каментаваў усё, і зноў стаў аб’ектам атакаў з боку партыі.

Быў 1983 год. Партыя баялася будучыні і ўвесь час праводзіла вы¬вучэнне грамадскай думкі. З яго вынікала, што кумірам даволі вялікай групы грамадства з’яўляецца не нейкі кніжны савецкі герой і не партыйныя лідэры, а якраз я. Супраць мяне ўжываліся ўсе савецкія метады. Спачатку нейкая дзяўчына “напісала” у партыю ліст, што ў Менску ёсць чалавек, які жыве амаральна і настроены па-антысавецку. Камсамол, пад юрысдыкцыяй якога знаходзілася газета, атрымаў заданне звольніць мяне з працы і выкінуць з партыі.

Хацелі, каб я апынуўся на краі жыцця. Я ўзгадаў гісторыю з атэстатам сталасці і дыскрымінацыяй у войску. Мяне выклікаў “на дыван” чалавек з ЦК, які адказваў за прэсу, Зяньковіч. Цяпер яго лічаць дэмакратам, але калі я апынуўся ў яго кабінеце, ён быў звычайным цынічным апаратчыкам. Я сказаў, што магу пайсці са “Знамя юности”, толькі каб мне далі магчымасць працаваць у іншай, хоць малой газеце. Ён сказаў, што не можа гэтага зрабіць. Ехаць у ЗША ці Ізраіль? Сакратаром ЦК КПБ у той час быў Кісялёў. Калі мая справа трапіла да яго на стол, сказаў: “Пакіньце гэтага чалавека”. І я спакойна мог вярнуцца на працу.

- Гэта былі гады, якія непасрэдна папярэднічалі “перабудове”. Якая была атмасфера ў Мінску ў той час?

- Ужо нешта адчувалася ў паветры. Віктар Цой яшчэ не спяваў “Мы ждем перемен”, але гэта былі ўжо хвіліны чакання. Толькі што сумнага чакання. Карабель савецкай моцы ішоў на дно. Сістэмы мы наеліся па горла. Сітуацыя была безнадзейная. Адзіным подыхам свабоды быў польскі часопіс “Шпількі” з фотаздымкамі прыгожых жанчын. Тыя прымітыўныя польскія газеты былі тады нашай марай. Мне было 37 гадоў і я ведаў, што ў вялікую партыйную газету я ўжо не траплю. А мне хацелася працаваць у вялікай газеце. Я марыў пра “Советскую Белоруссию”. Намеснікам галоўнага рэдактара быў тады Іосіф Сярэдзіч. Такі тып селяніна. Ён хацеў мяне ўзяць, бо ў мяне ўжо было вядомае прозвішча. Я быў зоркай журналістыкі, найлепшым журналістам - павінен гэта прызнаць. Я з’яўляўся на вуліцы - і раптам каля мяне збіраўся тысячны натоўп. У той час не было зорак року, а я сябе адчуваў такім.

Сярэдзіч пайшоў да галоўнага рэдактара маёй газеты Аляксандра Зініна. Прасіў, каб мяне аддалі. Зінін яму сказаў: “Ведаеш, Якубовіч, можа, і вялікі журналіст, але ў вашу газету ён трапіць толькі праз мой труп”. Калі Зінін пайшоў на пенсію, прасіў у мяне прабачэння за гэты выпадак. Праз нейкі час я ўсё ж трапіў да Сярэдзіча, але ўжо ў “Народную газету”, якая адыграла вялізную ролю ў вызваленні людзей ад страху і савецкай цемры. Ад камунізму.

- Якім чынам улада кантралявала тады публікацыі?

- Не было ціску пра што пісаць. Проста былі тэмы, якіх нельга было кранаць. Усе гэта ведалі. Панавала самацэнзура. Памятаю, як над Мінскам з’явілася нейкая дзіўная з’ява. Гэта быў спадарожнік, ён ляцеў дзесьці каля 100 км над зямлёй, набліжаўся і яго бачылі многія людзі. Я напісаў пра гэта ў “Знамя юности” як пра НЛА. І раптам знялі гэты матэрыял, бо тут размова была не пра НЛА, а пра спадарожнік. Я атрымаў папярэджанне. У 1987 годзе я пісаў пра прастытутак, а Менск меў рэпутацыю горада без прастытутак. Партыя казала, што не трэба гэтага друкаваць, міліцыя таксама: нібы прастытуткі - гэта агентура, якая спіць з замежнікамі. КДБ заблакаваў тэкст. Праз год я ўгаварыў рэдактара, каб зноў пра іх напісаць - і гэта была сенсацыя. У Сочы, дзе гэтыя дзяўчыны былі на адпачынку, газету, якая каштавала 2 капейкі, прадавалі за 120 рублёў. Гэта быў месячны заробак. Праз некалькі дзён да мяне патэлефанаваў генерал КДБ і запытаў, адкуль у мяне такія факты. Я адказаў, што факты знаходзяцца ў гасцініцы “Юбілейная”. Потым я хацеў напісаць пра наркаманаў, але мяне папрасілі не рабіць з Мінска сталіцы прастытуцыі і наркаманіі. Сказалі, што КДБ мяне заб’е і закапае.

- Як Вы ацэньвалі вызваленчыя і нацыянальныя рухі, якія ўзнікалі ў другой палове 80-х гадоў?

- Я быў журналістам ліберальных газет, мне не падабалася ўсё, што было звязана з камунізмам, але мне не падабаўся і нацыяналізм. У той час узнік часопіс “Родник”, з якім я супрацоўнічаў. Галоўны рэдактар гэ¬тага часопіса, Уладзімір Някляеў, якраз і ўвёў мяне ў групу беларускіх нацыяналістаў. Сутыкненне з беларускім нацыяналізмам было для мяне новым і ўзрушальным вопытам.

Я не дапускаў, што такое ўвогуле існуе. Якраз тады я пазнаёміўся з Зянонам Пазьняком і пачуў ад яго, што ў мяне расійская ментальнасць, што я не іх чалавек. Маім кумірам быў Андрэй Сахараў і людзі яго кола. Мяне фармавалі іх погляды і яны ніякім чынам не маглі пагадзіцца з поглядамі беларускіх нацыяналістаў.

- А што Вы рабілі ў кастрычніку 1988 года падчас дэманстрацыі ў Курапатах? Ці бралі ў іх удзел - як журналіст, грамадзянін Беларусі?

- Дзякуючы службе ва ўнутраных войсках, я многа ведаў пра вайну і пра тое, чым займаліся супрацоўнікі НКУС. Пра Курапаты я таксама ведаў. Калі я працаваў у часопісе “Родник”, у рэдакцыю прыйшоў адзін чалавек і сказаў, што пад Менскам раскапалі магілы і там ляжаць ахвяры НКУС, на наступны дзень ён расказаў пра гэта Пазьняку. У той самы час, што і ён, я напісаў артыкул на гэту тэму, але Пазьняк напісаў у “Літаратура і мастацтва” і гэта выйшла на наступны дзень, а мой артыкул выйшаў праз месяц. Гэта гістарычны факт. Калі б не розны тэрмін выхаду газет, адкрывальнікам Курапатаў быў бы я. Але славу - заслужаную - мае Пазьняк. Я шмат пісаў на гэтую тэму, у мяне душа балела. У “Народнай газеце” я быў адзіным журналістам, які сур’ёзна гэтым займаўся. Партыя хацела заглушыць тэму, але дзякуючы адвазе Сярэдзіча і маёй працы, гэтыя матэрыялы з’яўляліся.

- У 1991 годзе Вы атрымалі ўзнагароду “Залатое пяро” за абарону дэмакратыі…

- У мяне была свая калонка ў “Народнай газеце”. Гэта была парламенцкая газета, але антыкамуністычная. Раніцай 19 жніўня мне патэлефанаваў прыяцель, памочнік Станіслава Шушкевіча, з паведамленнем, што ў Маскве пераварот. Я пайшоў у рэдакцыю “Родника”, дзе былі Някляеў і Еўтушэнка. Мы думалі, што рабіць. Выйшлі на вуліцу і сустрэлі паэта Сяргея Грахоўскага, ахвяру сталінскіх рэпрэсій, які сказаў, каб мы рыхтаваліся да лагераў на Алтаі, бо гэта даволі добрыя лагеры. Я пабег у “Народную газету”.

Сярэдзіч быў на адпачынку ў Рызе, да яго не датэлефанавацца. Я сеў і напісаў артыкул “Танкі не ведаюць праўды”. Напісаў, што пераварот незаконны і не трэба баяцца. А ў Беларусі ўсе перапалохаліся і ўжо на другі дзень газеты хвалілі путчыстаў. Намеснікам галоўнага рэдактара “Народнай газеты” быў тады Аляксандр Класкоўскі, які не хацеў, каб гэты матэрыял пайшоў. Але пасля прыгодаў у войску і праблемаў з партыяй я ўжо ведаў, што рабіць: сказаў, што ў мяне ў кішэні граната і калі тэкст не надрукуюць, я ўзарву рэдакцыю. І матэрыял надрукавалі. Быў на першай паласе. Аграмадны. Яго ўздзеянне было велізарным. Калі я ўвайшоў у будынак парламента, Валянцін Голубеў і Лявон Баршчэўскі былі з торбамі і бялізнай на выпа¬дак інтэрнавання. А да мяне падыйшоў прадстаўнік фракцыі камуністаў і казаў: “Ну што, дэмакраты, будзем вас заўтра вешаць”.

На наступны дзень я напісаў яшчэ адзін матэрыял. У Беларусі ўвогуле ніхто не ведаў, што рабіць. Шушкевіч спіўся і паехаў на лецішча, Вячаслаў Кебіч схаваўся, а ўсе гэтыя пазьнякі сядзелі як мышы пад венікам. Калі б з Масквы прыйшоў загад “арыштаваць”, то войска і КДБ яго б выканалі. Генерал Казлоўскі, потым вялікі дэмакрат, зашыфроўваў загады, якое радыё заглушыць, каго забраць. На трэці дзень у Менск прарваўся Сярэдзіч. Я напісаў трэці тэкст, але тэлебачанне паказала ўжо вядомую канферэнцыю, падчас якой у Янаева трэсліся рукі. І Менск трошкі асмялеў. Затое перапалохаліся камуністы. Пачалася акупацыя будынку ЦК. Шушкевіч у гэты час сядзеў п’яны на дачы. Я пайшоў да яго памочніка Вані і папрасіў: “Прывязі яго, няважна ў якім стане”. Шушкевіч быў канкрэтна спалоханы. Яго бацька сядзеў у лагерах, і зразумела, што ён баяўся, маючы такі сямейны досвед. Не хацеў ехаць. Але Ваня спаслаўся на мяне і калі Шушкевіч пачуў прозвішча “Якубовіч”, то яго нібы вадой ледзяной абдалі. Сеў у машыну і прыехаў.

У гэты час сітуацыя ў Маскве ўжо практычна была выраша¬на і калі Шушкевіч увайшоў у залу Вярхоўнага Савета, яго віталі авацыямі і папрасілі, каб стаў старшынём парламента. Ён не прабачыў мне, што гэта я выратаваў яго з таго становішча. Я яшчэ некалькі дзён хадзіў да яго і вызначаў, што трэба рабіць у дзяржаве, а ён ненавідзеў мяне незвычайна.

Я стараўся зразумець вытокі беларускага канфармізму. Аналізаваў лёсы Шушкевіча і Машэрава. Гэта людзі, якія жылі падвойным жыц¬цём. Машэраў быў у нямецкім палоне і немцы яго выпусцілі. Не супрацоўнічаў з імі, змагаўся ў партызанскай вайне, але факт палону хаваў. Падобнае ў той час лічылася здрадай радзіме. Аднак службы пра гэта ведалі і Машэраў быў іх закладнікам. Таму так аддана служыў савецкай уладзе. Ведаў, што калі падымуць паперы, то яго не стане.

Яшчэ больш дзіўная гісторыя Шушкевіча. У 1937 годзе яго бацьку арыштавалі. Калі ў Менск прыйшлі немцы, яго маці супрацоўнічала з імі. Не хавала гэтага. Затым яе арыштавалі на кароткі тэрмін. Такім чынам Шушкевіч быў выхаваны ў вялікай нянавісці да ўсяго савецкага. Павінен быў казаць, што не мае бацькі. У 1947 годзе яго бацьку выпусцілі, а потым ізноў выслалі ў лагеры. Сям’я з ім не паехала.

Стась быў плэйбоем у Менску: выдатна вучыўся, ездзіў на матацыкле, гуляў у футбол, але з другога боку быў сынам ворага народа. У Менску быў патаемны аддзел, створаны яшчэ Берыяй, які займаўся атамнай фізікай. Не лёгка было туды трапіць. Як Стась, які меў бацьку ў лагерах, туды трапіў? Што ён павінен быў зрабіць для КДБ?

Ёсць яшчэ адна цікавая рэч: у Менск з ЗША прыехаў Лі Харві Освальд. Не ведаю, навошта яго сюды прыслалі, але ўвесь час яго вучылі страляць. І настаўнікам рускай мовы ў яго быў Шушкевіч. Паверце мне, КДБ нічога не рабіла без сэнсу. Пра тое, каб яго вучыў Шушкевіч, было вырашана ў Маскве, на Лубянцы. Станіслаў Станіслававіч многа ведае, але не скажа. Як гэта магло здарыцца? Ён ніколі гэтага не раскажа, затое будзе распавядаць пра свае лекцыі ў Ягелонскім універсітэце.

- Вы раней казалі, што ліберальныя погляды не ўдасца прымірыць з поглядамі беларускай апазіцыі. Чаму? (Павал Ізотавіч ідзе да пісьмовага стала і вяртаецца з папкай)

- Зараз я вам нешта прачытаю: “Летам 1964 года разам з дацэнтам філалогіі, лінгвістам Паўлам Шубам я паехаў з дэлегацыяй у Беласток. Выкладаў беларускую літаратуру на курсах для настаўнікаў. (…) Сеў, глядзеў на парэшткі і спусташэнне і маўчаў. Ні пра што не пытаў мала¬дога чалавека, усё і так было зразумела. І мне было так сумна і дрэнна, як было неаднойчы на руінах нашых нацыянальных святынь, знішчаных часам і ворагамі Беларусі. Тут адчуваецца сіла, як на магілах нашых продкаў. Думаў пра тое, як у снежні 1944 года параноік Джугашвілі аддаў палякам наш Беласток, а ў кастрычніку 1940 года наш віленскі край літоўцам. А захад смаленскай і бранскай зямель? Гэтыя цяжкія думкі мяне ўжо не пакідалі”.

А вось верш. Яго аўтара называюць народным паэтам. А калі ён народны, то ці не значыць гэта, што другія антынародныя?

На абрыс Радзімы глянуў зноў -
І ўцямрэла неба грамавое!
Людзі! Колькі ёсьць праклённых слоў
У сьвятой і вечнай нашай мове -
Я прашу вас: па апошні ўздых,
Аж пакуль не прыме дол сьмяротны, -
Праклінайце! Праклінайце тых,
Хто абрэзаў колісь край наш родны!

Чалавека, які напісаў, што яму баліць тое, што Беласток аддалі палякам і ніколі не пагодзіцца з яго стратай, завуць Ніл Гілевіч. Я не шукаў гэтыя цытаты спецыяльна для вас, гэта апошні нумар часопіса.

Я не магу падтрымліваць людзей, якія хочуць забраць у Польшчы Беласток. Гэта неасталіністы, і нават калі маладыя і толькі вучацца на стыпендыі Каліноўскага, то лічу, што яны вінаватыя. Вы прымаеце іх на навучанне, а гэта людзі, выкінутыя ў Беларусі з тэхнікумаў, бо ўмеюць толькі крычаць на плошчах. Навошта Польшча гэта робіць? Выхоўвае людзей, якія прыедуць у Менск і будуць патрабаваць ад вас Беласток пад бел-чырвона-белым сцягам. У мяне да Польшчы няпростае стаўленне, але я паважаю польскіх вайскоўцаў, якія змагаліся на франтах Другой сусветнай вайны. Вы не супрацоўнічалі з Гітлерам, а нашы супрацоўнічалі. Па радыё “Свабода” гавораць пра іх як пра тых, хто “набліжаў дэмакратыю”.

Якія адносіны можа мець грамадзянін Польшчы да людзей, якія хацелі б вярнуць Беларусі Беласток? Я ніколі нічога падобнага не чуў ад Аляксандра Рыгоравіча і не пачую. Вы ведаеце нашага кіраўніка. Напэўна, ён хацеў бы, каб краіна, якой ён кіруе, была павялічана на Смаленск, крышку Украіны, на землі ад Беластока да Аўгустова і Вільнюс. Ён адчуў бы сябе ад гэтага яшчэ больш упэўнена, але вы ніколі ад гэтага “тырана” не пачуеце такіх слоў. Бо ён згаджаецца з вынікам ІІ сусветнай вайны і ведае, што кожная змена на мапах - гэта чарговыя забойствы і кроў. Ці вы мяне чуеце? У Беларусі ёсць людзі, якія маюць апетыты на ўсю беластоцкую зямлю! Канешне, ім трэба паспачуваць, бо людзі могуць быць дзіўнымі, некаторыя займаюцца некрафіліяй, але ці трэба іх падтрымліваць? Вы іх падтрымліваеце.

- Мы журналісты і стараемся быць аб’ектыўнымі.

- Ну, вы, можа, і не, але Польшча афіцыйна разам са спадаром Качыньскім - так. Даюць ім грошы. Ізраіль сам для сябе выхоўвае забойцаў і вы гэтак робіце. Як можна змагацца з Лукашэнкам і падтрымліваць людзей, якія, калі будуць ва ўладзе, захочуць забраць Беласток?

Гэта адказ на пытанне, чаму я не падтрымліваю нацыяналістаў. У нейкай ступені я з імі змагаюся, бо гэта неасталіністы. Вельмі злуюцца на такое акрэсленне і будуць казаць, што я прадаўся Лукашэнку. Але я ведаю, што гэта экстрэмісты. У іх нізкая асабістая культура, затое яны баявыя. Захад іх падтрымлівае, не разумеючы, якую небяспеку яны ня¬суць. Я кажу гэта літоўцам, латышам, палякам.

Часта да мяне прыходзяць журналісты і пытаюць: напісаць так ці інакш. Адказваю, каб пісалі так, як ім выгадна, абы толькі памяталі,
што пра Гітлера не атрымаецца напісаць аб’ектыўна. Можна толькі напісаць, што гэта вырадак. А паэтка Наталля Арсеннева? Многія прызнаюць, што гэта талент. Можна пра яе пісаць. Толькі не трэба хаваць, што падчас вайны была агентам НКУС пад псеўданімам “Казбіч”. Трэба пісаць, што ў 1942 годзе пачала працу ў “Мінскай газеце” - найбольш калабаранцкай газеце для паліцаяў, а яе муж быў у СС. Быў таксама афіцэрам польскай арміі, якога завербаваў НКУС, пісаў мемарандум пра польскіх афіцэраў, на падставе якога яны трапілі ў Катынь. Калі прыйшлі немцы, камандаваў беларускім СС. Усё гэта трэба напісаць і тады ўзнікне партрэт чалавека.

У нас так любяць цяпер Васіля Быкава. Гэта быў цудоўны чалавек і пісьменнік. Але пры ўсім пры тым, ужо сабралася вялікая грамада людзей, якія сцвярджаюць, што перад смерцю Быкаў іх памазаў, сказаў: “Застаешся замест мяне”. Хочуць яго сабе забраць ва ўласнасць.

Дзеці будуць вучыць пра яго, што ён нібыта змагаўся за ідэалы беларускага народа, а Быкаў быў складаным чалавекам. Змагаўся на фронце і быў адважным, добрым салдатам. Працаваў у газеце. Быў савецкім чалавекам. Калі яму сказалі напляваць на Салжаніцына, ён так і зрабіў. Маўчаў чвэрць стагоддзя, а потым сказаў, што нічога такога не падпісваў, што подпіс быў сфальсіфікаваны. Толькі чаму ў такім выпадку ўсе гэтыя гады маўчаў? Ахвотна супрацоўнічаў з партыяй. Прыняў узнагароду Героя Сацыялістычнай працы, ордэн Леніна. З падачы камуністаў увайшоў у Вярхоўны савет і сядзеў у гэтым савеце. Усе ўзнагароды атрымліваў ад камуністаў, якія не павінны былі ніякім чынам быць для яго аўтарытэтам, але ўсе гэтыя ўзнагароды прыносілі яму нейкія выгоды. То ў Азербайджан паехаў, то атрымаў кватэру, купіў дачу, аўто…

Ці можна яго за гэта асуджаць? Не, але ці можна лічыць, што гэтага ўсяго не было, ці можна сцвярджаць, што займаўся толькі барацьбой з камунізмам? Калі хто так кажа, дэманструе сталінскае мысленне, пераносіць у ХХІ стагоддзе эпоху Брэжнева. А такія меркаванні выказваюць пра Быкава людзі, што лічацца носьбітамі новай, сучаснай маралі.

Адзін з найважнейшых апазіцыйных паэтаў, пра якога таксама так гавораць, быў у савецкія часы кіраўніком аддзелу літаратуры ЦК, гэта значыць, рабіў тое, што і партыя - забіваў апазіцыйную думку. Потым стаў рэдактарам аднаго з “тоўстых часопісаў” і публікаваў тое, што трэба было. Цяпер ён адзін з галоўных дзеячаў апазіцыі. Нядаўна з’явілася інфармацыя, што ён падпалкоўнік КДБ. Абараняўся ў “Народнай волі”, казаў, што гэта падман, бо не служыў у КДБ, а ў войску быў скіраваны ў спецыяльны аддзел. А што, спецыяльны аддзел - гэта не КДБ? Вось такі цынізм.

Калі ў нас настаў пералом, я расчараваўся ў заходніх палітыках. Калі размаўляю з палякамі, а часта мне здараецца прымаць журналістаў, дыпламатаў, я здзіўляюся іх ментальнасці, якая не змянілася з часоў Аўгуста Панятоўскага. Гэта ментальнасць не раз прыводзіла Польшчу да праблемаў, а вы ўсё яе трымаецеся.

Хачу, каб вы зразумелі, чаму працую не ў “Народнай волі”, а з’яўляюся рэдактарам газеты “Беларусь Сегодня”. Логіка казала б, што я павінен працаваць у апазіцыйных СМІ альбо прызнаць, што здрадзіў дэмакратыі. Аднак я не лічу, што гэта так. Кажа вам гэта стары журналісцкі воўк, які многае ў свеце ўжо бачыў. Не ўмею падтрымліваць гэтых людзей, лічу, што апазіцыя - гэта неасталіністы.

“Лукашысты” - гэта слова трактуецца як знявага, але Лукашэнка вось ужо дванаццаць год ратуе Беларусь. І ўвойдзе ў гісторыю як збаўца Беларусі.


Фото Антона МОТОЛЬКО
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
5 февраля 2009 Политика МЫ "Мы" публікуем яшчэ адно інтэрв'ю (першае было з Адамам Глобусам) з кнігі "Зрабаваны народ.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика