Як падчас крызісу не паставiць аўто на прыкол?
Як падчас крызісу не паставiць аўто на прыкол?
Мяркуючы па колькасцi аўто на вулiцах беларускiх гарадоў, машына для нас стала сапраўды сродкам перамяшчэння. Аднак ва ўмовах сусветнага эканамiчнага крызiсу такi звыклы памочнiк, без якога як без ног, зноў можа лёгка перайсцi ў катэгорыю раскошы, якая ў стане iстотна палегчыць ваш i без таго "ўсохлы" кашалёк. Няўжо прыйдзецца пакiнуць яго на паркоўцы? Аказваецца, не ўсё так страшна. Прытрымлiваючыся няхiтрых правiлаў, можна i надалей без асаблiвага ўрону сямейнаму бюджэту карыстацца чатырохколым дасягненнем цывiлiзацыi. Скарацiць расход палiва... удвая! Безумоўна, галоўная частка выдаткаў на спраўны аўтамабiль — палiва. Натуральна, стрэлка яго расходу "не будзе кiдаць у дрыжыкi", калi ваша машына ездзiць на дызелi цi, яшчэ лепш, — на газу. Але эканомiць можна i на бензiне. Нейкага аднаго пункта будзе недастаткова, а вось наступны комплекс мераў прынясе вынiк. Крок першы: праверка паветранага фiльтра Спецыялiсты раяць пачынаць эканомiю палiва з праверкi паветранага фiльтра. Брудны фiльтр змяншае паступленне паветра ў рухавiк, што ў сваю чаргу павялiчвае расход палiва. Сярэднi рэгламент яго замены — праз 10 тысяч прабегу. Але калi аўтамабiль эксплуатуецца ў не вельмi спрыяльных умовах, гэта можна рабiць i часцей. Прынамсi, двойчы за год. Крок другi: правяраем цiск у шынах Другi распаўсюджаны фактар, якi ўплывае на расход палiва, — цiск у шынах. Мяккiя шыны — большы расход. Варта недакачаць усяго 0,3 атмасферы, каб атрымаць 7 працэнтаў перарасходу. Правяраць цiск трэба на халодных колах, бо пры яздзе яны награюцца i цiск павялiчваецца. З мэтай дадатковай эканомii палiва цiск у шынах можна нават узняць вышэй за норму на 0,3 бара, але гэта павялiчыць нагрузку на падвеску аўто. Да таго ж пагоршыцца кiравальнасць, што ўплывае на бяспеку, якая, безумоўна, даражэйшая за бензiн. Вырашаць вам. Дарэчы, язда летам на зiмовай шыпованай гуме павышае расход палiва на 6 працэнтаў i знiжае рэсурс шынаў удвая. Крок трэцi: мяняем манеру руху Рэзкiя старты i тармажэннi перад святлафорамi, перавышэнне хуткасцi, пастаянныя перастраеннi з паласы на паласу спрыяюць перарасходу палiва на 10—15 працэнтаў. Па магчымасцi старайцеся ехаць так званым цягнiком — прыстроiўшыся "ў хвост" якому-небудзь аўто: рух з пастаяннай хуткасцю змяншае нагрузку на вузлы аўто, а значыць i змяншае расход палiва. Будзе яшчэ i пэўны аэрадынамiчны эфект. Плаўна нацiскайце педаль газу. Рэзкае нацiсканне цягне за сабой вялiкую падачу палiва. Таксама на малых хуткасцях не варта выкарыстоўваць павышаныя перадачы. У карбюратарных аўто трэба пазбягаць рэзкiх тармажэнняў, бо праз жыклёры халастога ходу высмоктваецца залiшняя колькасць палiва. Увогуле, у iнструкцыi карыстальнiка да кожнага аўто вызначана найбольш эканомная хуткасць руху. Як правiла, гэта 80—100 км/г. Калi прытрымлiвацца рэкамендацый аўтавытворцаў, можна зэканомiць да трох лiтраў палiва на сотню. Крок чацвёрты: не кiдаем грошы на вецер За кошт клопату пра аэрадынамiку вашага аўто можна эканомiць да 10 працэнтаў расходу палiва. Без крайняй неабходнасцi не карыстайцеся багажнiкам на даху аўто. Старайцеся не адкрываць вокны. На хуткасцi 80 км/г прыемны скразнячок у салоне абыдзецца на 8 працэнтаў даражэй для вашага кашалька. Ну i, зразумела, вораг эканомii — кандыцыянер. У сярэднiм ён спажывае каля двух лiтраў палiва на сотню кiламетраў. Тое ж датычыцца i разнастайнага дадатковага абсталявання, якое працуе ад электраланцуга аўто: вентылятар печкi — 1 працэнт расходу на сотню кiламетраў, фары — да двух, работа зарадкi тэлефона ад прыкурвальнiка — каля 1,5 працэнта i г. д. І яшчэ сачыце за нацягам рэменя генератара: калi ён свiшча цi клемы генератара акiслiлiся — рыхтуйцеся да дадатковага расходу. Варта адмовiцца i ад цюнiнгу. Шырокiя пакрышкi i сполер значна павялiчваюць аэрадынамiчнае супрацiўленне, што вельмi заўважна пры яздзе на вялiкiя адлегласцi. Крок пяты: навядзiце парадак у аўтамабiлi Цяжкая машына спажывае больш палiва. Таму правядзiце рэвiзiю багажнiка i пакiньце там толькi самае неабходнае. Яшчэ адна добрая навiна для аўтаўладальнiкаў — нафта працягвае таннець. Дрэнна толькi, што долар расце. Ды, на жаль, выдаткi на палiва — далёка не адзiны артыкул выдаткаў на ўтрыманне аўто. Тэхабслугоўванне i рамонт Многiя мае знаёмыя, асаблiва чамусьцi бландзiнкi, лiчаць, што набыў аўто — i толькi бензiн залiвай. Вымушаны расчараваць тых, хто прытрымлiваецца такога ж "ружовага" ўяўлення пра жыццё ўладальнiка жалезнага каня. Ездзiць аўто будзе так, як ты яго абслугоўваеш. Не ў сэнсе — адвалiлася кола — паехаў на рамонт. Маю на ўвазе своечасовае правядзенне планавага ТА (тэхнiчнага абслугоўвання). Гэта рэгулярная замена (а не як нешта адляцела цi парвалася) масла, тэхнiчных вадкасцяў, фiльтраў, рамянёў, ролiкаў i г.д. Для поўнага ўяўлення прывяду адну лiчбу: вялiкае ТА (без лiквiдацыi нейкiх няспраўнасцяў) на фiрмовым дылерскiм СТА можа пацягнуць на некалькi мiльёнаў рублёў. Аднак своечасова не заменены рэмень ГРМ у выпадку, калi ён парвецца, можа прывесцi да капрамонту, а то i замены рухавiка... Як тут зэканомiць? Калi ваш аўтамабiль не на гарантыi ў дылера, асобныя вiды работ можна праводзiць не на фiрмовых станцыях. Напрыклад, тую ж замену масла, калi не ўмееце самi i не давяраеце свёкру, цесцю, цешчы, можна праводзiць не на СТА, а на пунктах замены. У Мiнску гэта абыдзецца працэнтаў на 15—30 танней: за кошт цаны самога масла i кошту паслуг па яго замене. У правiнцыi некаторыя СТА, каб прыцягнуць клiентаў, мяняюць масла i фiльтр увогуле бясплатна пры ўмове, што расходнiкi набываюцца ў iх. Простыя работы можна зрабiць i сваiмi сiламi цi з сябрам, якi мае гараж. Ну, напрыклад, памяняць тасол (ахаладжальную вадкасць). Зэканомiце недзе каля 20 умоўных. Праўда, колькi грошай будзе выдаткавана на пiва за гараж i дапамогу сябра, невядома. Тое самае датычыцца i замены свечаў запальвання. Тут нават гараж не спатрэбiцца — дастаткова свячнога ключа. На СТА за гэту працэдуру менш чым за 10 баксаў таксама наўрад цi возьмуцца. Цяпер пра самi расходнiкi. Як паказвае практыка, дарагiя тэхнiчныя вадкасцi — самыя выгадныя. Яны i служаць больш, i знос вузлоў аўто змяншаюць, i нават палiва эканомяць. Напрыклад, якасны антыфрыз "жыве" ўдвая даўжэй пры рознiцы ў кошце каля 40 працэнтаў. Маторнае сiнтэтычнае масла лонг-лайф таксама выходжвае на 4—10 тысяч км больш за мiнералку i пры гэтым эканомiць да 6 працэнтаў палiва. Свечкi напальвання таксама лепш набываць не на фiрмовым СТА, дзе яны каштуюць завоблачных грошай. Справа ў тым, што аўтаканцэрны самi не выпускаюць свечак. Таму дастаткова выкруцiць адну свечку, каб даведацца, кiм яна была зроблена, i смела звяртацца ў фiрмовую краму вытворцы. Зэканомiць можна да трэцi цаны за камплект. Часам гэта да 40 умоўных. У той жа час не варта iмкнуцца зэканомiць на свечках яшчэ больш i набыць "няродныя". Магчымыя праблемы з рухавiком. Пры набыццi шын адмовiўшыся ад тавару прэмiум-брэндаў на карысць бюджэтных вытворцаў можна зэканомiць да 50 у.а. за кола пры супастаўляльнай якасцi. Тым больш што гэтыя шыны вельмi часта з’яўляюцца распрацоўкамi тых самых "дарагiх" вытворцаў, але знятымi з вытворчасцi некалькi гадоў таму. Запчасткi Замест даражэзнага "арыгiнала" ёсць сэнс пашукаць запчасткi ад пастаўшчыкоў на канвеер. Так, прывадныя рамянi на канвееры большасцi аўтаканцэрнаў пастаўляюць усяго пяць вытворцаў, падшыпнiкi — не больш за 10 пастаўшчыкоў, тармазныя калодкi — каля паўтара дзясятка канцэрнаў. Рознiца памiж абсалютна аднолькавымi запчасткамi ва ўпакоўцы "арыгiнала" з лагатыпам маркi аўто i ўпакоўцы пастаўшчыка можа дасягаць 70 працэнтаў! У "арыгiнала" па сутнасцi ёсць адна перавага — дадатковы кантроль якасцi ад вытворцы аўтамабiля. Аднак ён сапраўды — дадатковы — бо запчастку ўжо праверыў яе вытворца. I пераплачваць за тое, што не ўплывае на бяспеку: оптыку, акумулятар, выхлапную сiстэму i г. д. — не варта. Мыйка — яшчэ адзiн артыкул выдаткаў, якi настойлiва цягне грошы з кiшэнi. На бруднай машыне ездзiць не толькi непрыемна, але можна i атрымаць непрыемнасцi з ДАI. Акрамя таго, калi своечасова не адмываць аўто ад рэагентаў, якiмi палiваюцца-пасыпаюцца нашы дарогi ўзiмку, ужо вясной можна "патрапiць" на пафарбоўку асобных элементаў аўтамабiля. А гэта каля 100 умоўных за элемент, напрыклад, за крыло. Паслугi мыйкi ў сталiцы каштуюць у сярэднiм 20 тысяч рублёў. На перыферыi — каля 16 тысяч. Дорага. Зэканомiць можна, калi памыць машыну самому. Жыхарам прыватнага сектара гэта зрабiць прасцей. А вось у двары шматпавярховiка мыць машыну катэгарычна забаронена — штраф можа перавысiць мiльён рублёў. Можна, безумоўна, мыць машыну ноччу, але ёсць iншыя шляхi. Iх усяго два: знайсцi аўтамыйку самаабслугоўвання (танней працэнтаў на 30) цi мыйку, якая праводзiць акцыi ў начны час сутак. Так, кожная з прыведзеных вышэй парад дае, на першы погляд, зусiм нязначную эканомiю, аднак КПД усяго комплексу дазволiць захаваць у сямейным бюджэце не адну сотню ўмоўных адзiнак. А галоўнае, не трэба будзе адмаўляцца ад такога зручнага спосабу паспець па ўсiх справах. Сяргей АЛЯКСАНДРАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мяркуючы па колькасцi аўто на вулiцах беларускiх гарадоў, машына для нас стала сапраўды сродкам перамяшчэння. Аднак ва ўмовах сусветнага эканамiчнага
|
|