Хто сказаў ГАЎ, ці Бяздомнае жыццё ў пяць дзён
Хто сказаў ГАЎ, ці Бяздомнае жыццё ў пяць дзён
Пакуль мы высвятляем, што больш выгадна: стэрылiзацыя цi ўсыпленне, яны чакаюць гаспадара i дапамогi. У iх усяго пяць дзён. Выратаванне бяздомных жывёл у Мiнску можа апынуцца пад пагрозай. — І хто сказаў, што ён дзiкi? — пытаецца Iрына, валанцёр ГП "Фаўна горада", выводзячы з вальера Ф 13 новага сабаку. — Я толькi скамандвала "на выгул", ён узняўся i пайшоў: не бяздомны, а згублены — адразу бачна. Такiх даверлiвых i пакорлiвых тут мала. Сабакi паспелi пабачыць чалавечую жорсткасць i адчуць на сабе жыццёвую несправядлiвасць. Пабiтыя, галодныя, яны трапляюць у "Фаўну горада" пасля адлову. Гэта жахлiвая працэдура, падчас якой часта выкарыстоўваюць удаўкi, прымяняюць фiзiчную сiлу. "Сабакi з надломленай псiхiкай" — так на поўным сур’ёзе iх тут называюць. Афiцыйна ў гэтых жывёл усяго пяць дзён. На шосты — эўтаназiя. Але з таго часу, як на прадпрыемстве з’явiўся напрамак заалагiчнаабарончай дзейнасцi, сiтуацыя змянiлася ў лепшы бок. Ёсць гадаванцы, якiя на прадпрыемстве жывуць i па паўгода, iх лечаць, стэрылiзуюць, выхоўваюць, адаптуюць да новага жыцця. Многiм знаходзяць гаспадароў. — Якi худы, вiдаць, даўно згубiўся, доўга бадзяўся. Нiчога, адкормiм, — размаўляе Iрына з навiчком. — Як жа мы назавём цябе, Ф 13? А давай ты будзеш Кiмi. Падабаецца? Хлопцы, не ўсыпляйце яго, калi ласка, — звяртаецца валанцёрка да ветэрынараў. — Гэта будзе мая Кiмi. — Тады трэба запiсаць яго на стэрылiзацыю, — раiць Наталля Аляксандраўна, намеснiк дырэктара па заалагiчнаабарончай дзейнасцi ГП "Фаўна горада" i дадае шэптам: "Я аплачу. Раз вырашылi ратаваць Кiмi, тады вазьму на сябе апякунства". — Бачыце, якi худы — трэба глiстоў паганяць, хутчэй ад’есца, — заў-важае ветэрынар i цягнецца ў аптэчку па шпрыц. Цярплiвая i даверлiвая Кiмi лёгка пераносiць два ўколы i пакорлiва дае апрануць на сябе новы камбiнезон. Валанцёры хвалююцца: цi не будзе адзенне цяжкiм для яе вагi. А я накiроўваюся да вальера з надпiсам: "Пiтбуль Дэн, без званка адмiнiстратару не аддаваць", i нумар тэлефона. Адмiнiстратар ведае ўсiх жывёл, ведае iх звычкi, нораў, асаблiвасцi, ведае, каго можна аддаваць, каго яшчэ трэба падлячыць, прывiць, хто збiраецца на стэрылiзацыю/кастрацыю, каму якiя ўмовы патрэбныя. Пасада адмiнiстратара з’явiлася на прадпрыемстве таксама нядаўна. — Яшчэ паўтара года таму "Фаўна горада" займалася выключна адловам i ўсыпленнем жывёл, — узгадвае валанцёр Кацярына. Яна застала тыя часы. — Гэта была сапраўданая жывадзёрня. Нас тады i блiзка не пускалi да вальераў, не дазвалялi знаёмiцца з жывёламi, выгульваць iх. Пра лячэнне i гаворка не iшла. Калi за пяць дзён iх не забiралi, калолi Т 61, i iх больш не было. З жахам узгадваю тыя часы i баюся, што яны могуць вярнуцца. ПАЎГОДА ЗАМЕСТ ПЯЦI ДЗЁН Наталля Бялянава прыйшла ў "Фаўну" якраз паўтара года таму. З яе ўсё i пачалося. — Я тады з сям’ёй ужо жыла ў Маскве. Прыехала неяк у Мiнск у госцi да сяброўкi i выпадкова згубiла чужога сабаку. Доўга шукала яго. Звярнулася на прадпрыемства, заплацiла грошы лаўцам, каб не забiвалi, а вярнулi мне. Сама зрабiла вялiкi падхватнiк i хадзiла з iм па горадзе. Праз тыдзень знайшла сабаку. Але я не супакоiлася, а наадварот, развярэдзiла душу. Я пабыла на прадпрыемстве, даведалася пра стаўленне да бяздомных жывёл i вырашыла з гэтым змагацца. Наталля Аляксандраўна пераехала ў Мiнск i занялася ратаваннем жывёл. Хутка пра яе дзейнасць даведалiся мясцовыя ўлады, прапанавалi пасаду дырэктара "Фаўны горада". Але яна адмовiлася: "Мне не пасада патрэбна, не магу ў крэсле сядзець. Я тут, каб рабiць справу свайго жыцця". Тады спецыяльна для Бялянавай на прадпрыемстве ўвялi новую пасаду — намеснiк дырэктара па заалагiчнаабарончай дзейнасцi. Пакрысе набраў сiлу валанцёрскi рух. Рэгуляваць колькасць бяздомных жывёл сталi iншым шляхам. Жывёл пачалi апякаць, дапамагаць iм, даглядаць i стэрылiзаваць. "Фаўна горада" занялася не забойствам, а ратаваннем. — Наш шлях больш выгадны нават у фiнансавым плане, — распавядае Наталля. — Бяром мiнiмальна: сабака ашчаняецца два разы на год, мiнiмум па шэсць штук, большасць з якiх жаночага полу. Калi мы стэрылiзуем адну суку, гэта ўжо на дванаццаць сабак у год менш. Iх не трэба лавiць, трымаць тут i кармiць, трацiць лекi на ўсыпленне, афармляць талоны, адвозiць на скотамогiльнiк. Гэта вялiкая эканомiя. Адна стэрылiзацыя каштуе менш за выдаткi, якiя прадпрыемства нясе, проста забiваючы iх. За мiнулы год мы стэрылiзавалi 210 сабак, прычым 75 з iх — за грошы спонсараў i валанцёраў. Пра маральны бок i казаць не варта. Я размаўляла з урачом, якая працавала тут раней. Кажа, у дзень прымушалi ўсыпляць па сто дваццаць жывёл. На шасцiдзясятай пачыналiся галюцынацыi. Людзi не могуць толькi забiваць. Нават калi гэта неабходна, iм патрэбна кампенсацыя: яны павiнны лячыць i ратаваць iншых. Цяпер у "Фаўны" ёсць лiцэнзiя на аказанне ветэрынарнай дапамогi, дзейнiчае дамоўленасць з ветстанцыяй Маскоўскага раёна горада Мiнска. Там жывёлы здаюць аналiзы, праходзяць рэнтген, стэрылiзацыю i кастрацыю, там iх прымае i лечыць доктар. Калi ў 2007 годзе ўсыпiлi чатыры з паловай тысячы бяздомных сабак i катоў, то ў 2008-м — дзве тысячы. Усыпляюць у асноўным хворых, пакалечаных, агрэсiўных — тых, каму ўжо нельга дапамагчы i для каго наўрад цi знойдзецца гаспадар. "А здаровых уладкоўваем, толькi на гэта патрэбна больш за пяць дзён, — кажа Наталля Аляксандраўна. — Цяпер за кожны дзень утрымання звыш гэтага тэрмiну нам, з дапамогай валанцёраў, давядзецца плацiць па новых тарыфах па пяцьдзесят тысяч за сабаку. На гэтым настойвае новае кiраўнiцтва. Шукаем спонсараў". Два гады таму, крыху раней, чым пачалася заалагiчнаабарончая дзейнасць на "Фаўне", было зарэгiстравана грамадскае аб’яднанне абароны жывёл "Эгiда". Наталля Бялянава стаяла ля яго вытокаў i з’яўляецца яго старшынёй. Усыпляць бяздомных жывёл на "Фаўне" сталi радзей, яны пачалi затрымлiвацца, гаспадары знаходзiлiся няхутка, а адлоў не спыняўся. Месца на прадпрыемстве не хапала. Аб’яднанне "Эгiда" стварыла прытулак для бяздомных жывёл у вёсцы Паперня пад Мiнскам. НАВАГОДНI ПАДАРУНАК У мiнскай кватэры Наталлi Бялянавай жыве тры сабакi, каты. Усе яны некалi былi бяздомнымi, кожнага з iх чакала ўсыпленне. Апошняга яна назвала Мусам за тое, што такi "салодкi". Мус трапiў у "Фаўну" пабiтым i нямоглым, была патрэбна неадкладная дапамога. Ён перанёс аперацыю, доўга прыходзiў да нармальнага стану, дрэнна iшоў на кантакт з людзьмi. За паўгода сабаку так нiхто i не забраў з прадпрыемства. А Наталля Аляксандраўна зразумела, што не зможа аддаць яго. Зараз Мус спiць у мяккiм ложку гаспадынi, а яна п’е гарбату з кубка, дзе змешчаны яго фотаздымак. Сям’я Наталлi Аляксандраўны так i засталася ў Маскве. Спачатку родныя крыўдзiлiся i папракалi, што яна пакiнула iх дзеля сабак i катоў, а пасля пачалi дапамагаць. Сын Уладзiмiр стварыў сайт www.еgidа.uсоz.ru i па сёння актыўна вядзе яго. Трыццаць першага снежня, перад самым Новым годам, у прытулак прывялi сабаку. Кiрыл пакусаў дваiх чалавек падчас бойкi з iншым сабакам, у тым лiку i свайго гаспадара. Яго баялiся людзi, а ён баяўся людзей. Палахлiвы, ён быў такi ж, як i тыя, "з надломленай псiхiкай", што прайшлi адлоў. Сям’я Наталлi Аляксандраўны прыехала ў Мiнск, каб пазнаёмiцца з Кiрылам. Яны доўга прыглядалiся, шукалi падыход, урэшце пасябравалi. Кiрыла з дапамогай валанцёра адвезлi ў Маскву. Там ён прайшоў заняткi з iнструктарам i псiхолагам. Сёння амерыканскi стафардшырскi тэр’ер Кiрыл — шчаслiвы i здаровы сабака, якi дорыць шчасце сваiм гаспадарам. Мусiць, няпраўду кажуць: як Новы год сустрэнеш, так яго i правядзеш. СЛЯПЫ ПАТАП Пародзiстых разбiраюць хутчэй. Дварнякаў — радзей. Хворыя i знявечаныя амаль нiкому не патрэбны. Але бывае i такое, што да "Фаўны" пад’язджае дарагая машына, з яе выходзiць стыльны, дагледжаны мужчына i кажа: "Дайце мне самага бесперспектыўнага, якога нiхто не хоча браць". I вязе дадому сябра. Бяруць i трохлапых, i аблезлых, i сляпых. Усе жывёлы праходзяць медыцынскi агляд, iх прышчэплiваюць. Таму заразных хваробаў быць не можа. Патап трапiў у адлоў па сваёй слепаце. Вялiкi чорны сабака зусiм не арыентаваўся ў прасторы. Баяўся нават з вальера выходзiць, бо спатыкаўся на кожным кроку. Яго разоў пяць ставiлi на ўсыпленне. I ўсе пяць разоў выратоўвалi. Аднойчы ў "Фаўну" прыйшла жанчына прыгледзець сабаку. Яна доўга блукала мiж халодных вальераў, i раптам яе вочы сустрэлi сляпы позiрк. Жанчына не змагла мiнуць яго. Патапа забралi ў Ратамку. Зрабiлi вялiкi вальер у двары, узялi для яго стэрылiзаваную сяброўку, каб лепш праходзiла рэабiлiтацыя. Сабака-павадыр для сабакi таксама бывае. Патап навучыўся падымацца па лесвiцы, праходзiць ганак. Ён пакiнуў зручны вальер i цяпер добра арыентуецца ў хаце. УЛАДА МЯНЯЕЦЦА Так, як Кiрылу i Патапу, шчасцiць далёка не ўсiм. Адных усыпляюць, iншыя памiраюць ад захворванняў. Не хапае грошай лячыць усiх бяздомных жывёл, якiя трапляюць у "Фаўну", а яны не вытрымлiваюць умоў утрымання: перапоўненыя вальеры, холад. У мароз там нават вада ў мiсцы пераўтвараецца ў лёд. На прадпрыемстве "Фаўна горада" знаходзiцца каля 90 сабак i 40 катоў. Наталля Бялянава сцвярджае, што iх чакае смерць, калi сiтуацыя не зменiцца. Па яе словах, на прадпрыемстве вырашылi лiквiдаваць заалагiчнаабарончую дзейнасць, у тым лiку i стэрылiзацыю жывёл. Новы дырэктар ГП "Фаўна горада" Аляксандр Тамашэўскi лiчыць, што задача "Фаўны" — ачышчаць горад ад бяздомных жывёл. Наталлi Бялянавай прапанавалi перайсцi на пасаду намеснiка дырэктара па вытворчасцi, бо намеснiка па заалагiчнаабарончай дзейнасцi на прадпрыемстве не будзе. Улюбёная ў жывёл, яна баiцца нават знаёмiцца з новымi абавязкамi i паўтарае: "Я не шукаю работу, я адстойваю iдэю". Яна баiцца, што ад iдэi i напрацовак, на якiя пайшло паўтара года, нiчога не застанецца. А баяцца няма чаго, запэўнiвае намеснiк дырэктара ГА "Мiнская гарадская жыллёвая гаспадарка" Галiна Гiлевiч. — З прыходам новага дырэктара стаўленне да жывёл нi ў якiм разе не зменiцца, — кажа Галiна Мiкалаеўна. — Проста Аляксандр Венiямiнавiч глянуў свежым вокам, заўважыў невялiкiя недахопы ў дзейнасцi арганiзацыi i вырашыў лiквiдаваць iх, навесцi парадак. З самiм Аляксандрам Венiямiнавiчам, на жаль, пагутарыць нам не давялося, таму Галiна Мiкалаеўна згадзiлася расказаць пра змены, якiя ў хуткiм часе чакаюць "Фаўну горада". — Мы плануем перагледзець тарыфы на аказанне паслуг па адлове жывёл, бо год гэты будзе складаным у фiнансавым плане, а ў "Фаўны" i без таго запазычанасцяў хапае. Тым не менш стэрылiзаваць жывёл будзем працягваць, — распавядае Галiна Гiлевiч, — хоць гэта i не ўваходзiць у першачарговыя функцыi прадпрыемства. Але ўсё павiнна быць у разумных межах: навошта стэрылiзаваць сабаку, якому пятнаццаць гадоў i якога нiхто не захоча браць. Маладых, здаровых, для якiх знаходзяцца гаспадары, — калi ласка. Мы нават зможам выдзелiць на гэта грошы, хоць i ёсць такая дамова, што стэрылiзацыя праводзiцца за кошт спонсараў i валанцёраў. I па магчымасцi будзем працягваць тэрмiн утрымання кожнай жывёлiны: калi аб’ектыўна ў iх ёсць шанц знайсцi гаспадароў, будзем чакаць больш за пяць дзён. "Фаўна" разам з "Мiнскай гарадской жыллёвай гаспадаркай" цяпер займаюцца карэкцiроўкай праектна-каштарыснай дакументацыi на будаўнiцтва яшчэ аднаго памяшкання прадпрыемства. Як расказала Галiна Мiкалаеўна, там размесцяцца гасцiнiца для жывёл i адмiнiстрацыйныя памяшканнi. — Магчыма, у хуткiм часе зоймемся i рамонтам старых вальераў, — кажа Галiна Гiлевiч. — Тое, што ўцяпляць iх трэба, мы ведаем. А зараз яшчэ i горад расце, дамы вакол будуюцца i да нас дабiраюцца. Трэба будзе рабiць гукаiзаляцыю, каб сабакi не перашкаджалi людзям. Галiна Мiкалаеўна заверыла, што прадпрыемства "Фаўна горада" будзе працягваць ратаваць жывёл. Застануцца адмiнiстратары i валанцёры, якiя працуюць у непасрэдным кантакце з жывёламi; застанецца стэрылiзацыя маладых сабак i кошак; застануцца пакоi з вальерамi i з часам iх стане больш. ЛЕКI АД БЯЗДОМНАСЦI "Стэрылiзацыя нiколi не вырашыць праблему бяздомных жывёл. Толькi ў комплексе з iншымi захадамi, якiя павiнны быць зроблены на дзяржаўным ўзноўнi", — такое меркаванне выказала намеснiк дырэктара па заалагiчнаабарончай дзейнасцi ГП "Фаўна горада" Наталля Бялянава. Яна лiчыць, што ў першую чаргу павiнен быць прыняты закон, дзе былi б дакладана прапiсаны абмежаваннi на развядзенне жывёл, цвёрдае лiцэнзаванне пародзiстых жывёл, прадугледжана праграма чыпавання i, безумоўна, павiнна быць дзяржаўная праграма стэрылiзацыi. "I толькi гэтымi агульнымi намаганнямi можна адрэгуляваць колькасць бяздомных жывёл. Адно толькi забойства нас не выратуе", — кажа Наталля Аляксандраўна. Намеснiк дырэктара ГА "Мiнская гарадская жыллёвая гаспадарка" Галiна Гiлевiч упэўненая, што першасная праблема хаваецца ў людзях. "Гэта мы дазваляем сабе ўзяць малое кацяня, а пасля, нагуляўшыся, выкiнуць, як цацку. Стэрылiзацыя двух-трох сабак не выратуе ўсiх астатнiх, бо на вулiцах горада iх значна больш. I задачай "Фаўны" павiнна стаць iнфармацыйная работа з насельнiцтвам. Мы павiнны пераканаць людзей, што жывёл выкiдваць нельга". Сёння яны па-рознаму бачаць вырашэнне праблемы бяздомных жывёл, яны нават глядзяць на гэту праблему пад рознымi вугламi, але яны робяць агульную справу i адстойваюць агульную iдэю. Iдэю жыцця, большага за пяць дзён. Вера Капiтанава. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пакуль мы высвятляем, што больш выгадна: стэрылiзацыя цi ўсыпленне, яны чакаюць гаспадара i дапамогi. У iх усяго пяць дзён. Выратаванне бяздомных жывё
|
|