21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Я ўсё магу — сказала яна аднойчы i пачала дзейнiчаць

26.08.2009 10:45 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Я ўсё магу — сказала яна аднойчы i пачала дзейнiчаць

Прадпрымальнiца з Жабiнкi напалову зменшыла сваю вагу i кардынальна змянiла жыццё

Жабiнка — зусiм маленькi гарадок, i да таго ж фактычна прыгарад Брэста. Цалкам зразумела, чаму прывакзальны рынак тут невялiкi. І павiльён па продажы касметыкi ўсяго адзiн. Усе тут ведаюць яго гаспадыню — прыветлiвую, мiлавiдную i надзвычай абаяльную Жанну Федарук. Абсалютная большасць яе пакупнiкоў становяцца пастаяннымi клiентамi. Многiя заходзяць i з парога пытаюцца: "Мой крэм? Мая пудра? Мая памада?" Аўтар гэтых радкоў за ўсiм гэтым назiрала. А Жанна кожнаму тлумачыць, наколькi памянялiся цэны, заадно паспявае расказаць, якiя навiнкi з’явiлiся ў пэўнай серыi, не мiнае пры гэтым парэкамендаваць, што лепей падыдзе на вясну, а што з’яўляецца ўнiверсальным прэпаратам i можа стаць неблагiм падарункам. Вiдаць, што праца ёй падабаецца, яна з задавальненнем бегае памiж палiцамi i стэлажамi. Як потым расказала, з дзяцiнства вельмi любiла парфумныя пахi, захаплялася выглядам дагледжаных жанчын. Таму цяперашняя праца, магчыма, заканамерны паварот лёсу. Хоць прайсцi да яго давялося ўсе прыступкi. У 1991 годзе, калi сям’я засталася з мiнiмальнымi сродкамi iснавання, яна выйшла прадаваць прывезеныя з Польшчы пральныя парашкi. Гэта была першая спроба бiзнэсу. Праўда, ад парашкоў давялося адмовiцца з-за алергii i звярнуць увагу на парфумерыю, касметыку, галантарэю. Так паступова прыходзiлi веды, вопыт у гандлярскай i прадпрымальнiцкай справе. I вось цяпер яна гаспадыня i прадавец сваёй маленькай крамы "Свет касметыкi".

Цяпер Жанна пачынае разумець i асэнсоўваць, якую вялiкую ролю ў яе выхаваннi адыграла бабуля Марыя Сямёнаўна Карпук. Адкуль у гэтай простай жанчыне з вёскi Мацеевiчы было столькi мудрасцi, нават арыстакратызму, унучка да гэтай пары зразумець не можа. Бабуля навучыла многаму, i не толькi словамi, парадамi, але найперш ўласным прыкладам. Усё жыццё Марыя Сямёнаўна сачыла за сваiм харчаваннем, за фiгурай, за здароўем. На долю яе выпадалi далёка не адны радасцi. Перажыла пажар. Пайшла бульбу капаць у ватоўцы, гумовых ботах з кашом, дзецi ў школе былi, а вярнулася на папялiшча. Усё нажытае пайшло з дымам, усё давялося пачынаць з пачатку. Нiякае гора яе не зламала, не пазбавiла аптымiзму. Яна заўсёды хадзiла з роўнай спiнай, i ўнучак сваiх так вучыла: жанчына павiнна хадзiць роўна, грудзi — наперад, жывот прыбраны, гэта i прыгожа, i карысна для ўсiх унутраных органаў. А яшчэ бабуля Марыя наказвала ўнучкам узяць за звычку незалежна ад таго якой працай займаешся, сачыць за чысцiнёй бялiзны i чысцiнёй вопраткi наогул, паводле яе запавету, трэба яшчэ любiць сваё цела i клапацiцца пра яго.

Марыя Сямёнаўна пасля выхаду на пенсiю старалася раз на год пабываць у санаторыi, а Жанна любiла яе суправаджаць. З бабуляй было цiкава, яе дасцiпны гумар i жыццёвая фiласофiя заўсёды прыцягвалi да сябе людзей. Яна гаварыла: "Дзетачкi, усё праходзiць, а спадзявацца трэба на сябе, шанаваць сябе, бо па-сапраўднаму дапамагчы чалавеку можа толькi ён сам. Я вось польскую ўладу перажыла, Гiтлера перажыла, Сталiна перажыла, а потым Хрушчова, Брэжнева, Гарбачова, i зразумела, што ад усiх выпрабаванняў найлепшая абарона — уласная сям’я. А захаваць сям’ю можа толькi жанчына. Для гэтага ёй трэба многае ўмець". Марыя Сямёнаўна пражыла 95 гадоў i цiха адышла ў iншы свет, але пакiнула шмат нагод на ўспамiн сваiм унучкам.

Калi асаблiва цяжка, Жанна заўсёды згадвае бабулю, i недзе на ўзроўнi падсвядомасцi тая ёй дапамагае. Ну як было пасля Новага года. У другi яго дзень тэлефануе зранку каляжанка: "Ты ведаеш, якая iнфляцыя? Якi курс долара? Што цяпер рабiць будзем!?" А Жанна Фёдараўна адказала ну зусiм у бабулiным стылi: "Калi мы прачнулiся дома ў сваёй пасцелi, ужо добра. Уявi сабе тых, хто прачнуўся сёння ў анкалагiчным дыспансэры i сапраўды не ведае, што будзе далей. А мы ведаем, што неяк будуць жыць усе i мы разам". Гэта яна цяпер з ранейшай смяшлiвай весялухi ўсё болей робiцца фiлосафам. Жыццё такое. I яе яно далёка не песцiла.

У 18 гадоў Жанна сур’ёзна захварэла. Праблема з пазваночнiкам абярнулася амаль нерухомасцю. Каля года дзяўчына правяла на бальнiчных ложках, а палёгкi не наступала. Невядома, што было б далей, але бацька знайшоў у сябе на радзiме, у невялiкiм украiнскiм гарадку, народнага лекара, якi за некалькi сеансаў паставiў яе на ногi. Потым было яшчэ працяглае лячэнне ў хатнiх умовах, але сказаць, што цалкам стала здаровым чалавекам, вiдаць, можна з нацяжкай. Бо калi нарадзiўся сын, шмат клопатаў пра малога браў на сябе муж, у яе па-ранейшаму балела спiна. Можа, ад мноства прынятых медыкаментаў, якiя паўплывалi на абмен рэчываў, у спалучэннi з маларухомым ладам жыцця Жанна пачала паўнець. Да таго ж, повар-кандытар па адукацыi, заўсёды любiла гатаваць i смачна паесцi. Словам, так сталася, што недзе да 40 гадоў пры росце ў 152 сантыметры яна важыла 125 кiлаграмаў. I хоць гэты вобраз пампушкi не спарадзiў у ёй кучу комплексаў (змагацца з апошнiмi дапамагаў прыродны аптымiзм) жыць было фiзiчна цяжка: задышка, старыя болi ў спiне.

Цяпер цяжка сказаць, што стала штуршком да карэннай перамены ладу жыцця. Проста, як яна цяпер кажа, так трэба было... Аднойчы яна ўносiла ў дом памытую бялiзну i выпадкова заўважыла, што джынсы — акурат на шырыню дзвярнога праёма. А потым у тэлеперадачы на тэму лiшняй вагi адзiн з вядучых прымянiў арыгiнальны прыём. Герою, у якога было 40 лiшнiх кiлаграмаў, падрыхтавалi карцiнку: выкацiлi цялежку з салам, роўна 40 кiлаграмаў, каб прадэманстраваць, якi цяжар ён носiць на сабе. Гэта была, здаецца, апошняя кропля, якая перапоўнiла чашу цярпення. I яна сказала сабе: я перамагла такую хваробу, i я змагу перамагчы сваю ляноту i свае звычкi. На нешта вялiкае не разлiчвала, проста ўпарадкавала харчаванне: спачатку паменшыла порцыi, перастала есцi пасля 18 гадзiн, адмовiлася ад сасiсак, каўбас, розных чыпсаў i здобы, пакiнула звычку даядаць тое, што застанецца ад абеду цi вячэры, у рэжым уключыла фiзiчныя практыкаваннi. А заадно засела за лiтаратуру па здаровым ладзе жыцця, замест звыклых лекаў пачала прымаць бiялагiчныя дабаўкi пасля кансультацыi са спецыялiстамi ў Мiнску. Пакрысе стала перашываць гузiк на паяснiцы далей i далей. Потым, аднойчы стаўшы на вагi, канстатавала, што стала лягчэйшай на 20 кiлаграмаў. Першы поспех акрылiў. З’явiўся стымул, а з iм i праблема: скура пачала абвiсаць. Тэрмiнова трэба было заняцца гiмнастыкай не ад выпадку да выпадку, а рэгулярна. Запiсалася ў фiтнэс-клуб да Iрыны Румко. Пасля першых заняткаў усё не проста балела — боль раздзiраў на кавалкi. Муж шкадаваў i казаў, што лепей кiнуць i не мучыць сябе. I сама лавiла сябе на здраднiцкiх думках: а навошта мне гэта патрэбна? Але глядзела на сябе ў люстэрка, i прыходзiла на заняткi зноў. Фiгура станавiлася ўсё больш прывабнай, скура падцягнулася, i о цуд! Яна змагла нарэшце дазволiць сабе кароткую спаднiчку, а раней магла насiць толькi балахоны "а ля Ала Пугачова" ў маладыя гады. Дзеля гэтага можна было цярпець i ахвяраваць!

Затое на працы, у асяродку суседзяў папаўзлi чуткi, што Жанна цi то з глузду з’ехала, цi то захварэла на анарэксiю i морыць сябе голадам, бо есцi не можа. Яна смяецца: "Есцi я якраз магу, i адчуваю асалоду ў ежы. Але калi дазваляю сабе пiрожнае цi смачную булачку, то потым "адпрацоўваю" добрай фiзiчнай нагрузкай. А мае знаёмыя, сябры, да якiх мы па-ранейшаму ходзiм у госцi, ведаюць: калi мяне запрасiць, то на стале мусiць быць рыба, квашаная капуста i букет, гэта значыць зяленiва — пятрушка, кроп, сельдэрэй. Такое харчаванне не толькi для фiгуры, але i для здароўя прыносiць вялiкую карысць.

А здароўе ў яе стала зусiм iншае. Жанна апошняе дзесяцiгоддзе забылася, як мыць падлогу без швабры, а цяпер кожны дзень робiць гэта на кухнi ў якасцi фiзiчнага практыкавання, i чысцiня заўсёды iдэальная. Цяпер у яе свой асаблiвы комплекс на ўсе выпадкi жыцця. Пасля снедання, абеду, вячэры абавязкова пастаяць роўна, прыцiскаючы спiну да сцяны або дзвярэй i далiчыць да 50. Калi ёсць магчымасць, кожную гадзiну зрабiць некалькi практыкаванняў для спiны, паяснiцы, папрысядаць. Гэта можна зрабiць нават кожнаму офiснаму работнiку, варта толькi захацець, кажа Жанна. Як i кожны, хто жыве ў горадзе, можа выкраiць час для заняткаў у басейне хоць бы два разы на тыдзень. Пасля басейна, кажа мая суразмоўнiца, я наогул маладзею, здымаюцца стрэсы, жыццё становiцца больш лагодным. Жанна Фёдараўна не толькi захацела, але i змагла перамянiць усё сваё жыццё. Цяпер яна стройная, маладжавая, прывабная, а яшчэ хуткая i гнуткая. Муж i сын могуць ганарыцца ёю.

Святлана ЯСКЕВIЧ.

Жабiнкаўскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прадпрымальнiца з Жабiнкi напалову зменшыла сваю вагу i кардынальна змянiла жыццё Жабiнка — зусiм маленькi гарадок, i да таго ж фактычна прыгарад Брэ
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика