Дыяген i натоўпы
Дыяген i натоўпы
Дыяген заўважыў: красамоўцы i прамоўцы — рабы натоўпу. Да прамоўцаў i красамоўцаў, не памылiўшыся, можаш дадаць папулярных артыстаў, журналiстаў, спартоўцаў i блогераў; апошняе папаўненне рабоў мяне, як паслядоўнага блогера, асаблiва цешыць. Ван Гог i лыжкамыйкаЛыжкамыйка пражыла сто гадоў. Пра яе соты дзень народзiнаў знялi тэлесюжэт, якi паглядзеў увесь свет. Старая сядзела ў крэсле i шаптала пра парыжскую кавярню. Усё сваё даўжэзнае працоўнае жыццё лыжкамыйка прапрацавала ў кавярнi. Аднойчы ў тае мясцiны завiтаў Вiнцэнт Ван Гог, ён намаляваў асветленую залатымi лiхтарамi кавярню пад сiнiм начным небам. У стагадовай лыжкамыйкi спыталi, цi памятае яна Ван Гога. Старая прашархацела непаслухмяным сухiм языком, што помнiць скандальнага i п’янага мастака, якi вечарам маляваў яе кавярню. Ван Гог не спадабаўся лыжкамыйцы. Праз восемдзесят пяць гадоў яна так i не змянiла свайго стаўлення да экспрэсiўнага генiя. Ён застаўся для яе маларослым, няголеным, непрыемным тыпусам, перапэцканым у алейныя фарбы. Ад лыжкамыйнага тэлесюжэта мне зрабiлася млосна. Каб Ван Гог пабачыў i пачуў стагадовую лыжкамыйку, каб вялiкi Вiнцэнт зноў сутыкнуўся твар у твар з нязменным iдыятызмам навакольнай рэчаiснасцi, ён зноўку дастаў бы пiсталет i зрабiў бы дзiрку ва ўласным чэрапе. Сяргей i прыёмНа выставе малюнкаў да мяне падышоў жывапiсец Сяргей. Ён пачаў расхвальваць маю кампазiцыю, якую я зрабiў на першым курсе мастацкай вучэльнi. Сяргей казаў, што тая кампазiцыя была выдатная, што ён яе запомнiў. Мне было прыемна слухаць камплiменты, ажно пакуль я не зразумеў прыём... Сяргей хвалiць старую, даўно страчаную працу, каб не заўважаць маiх новых малюнкаў. Ты думаеш, я памыляюся i дарэмна нагаворваю на Сяргея? Правяраў! Іншым мастакам ён таксама казаў пра iх цудоўныя малюнкi, зробленыя яшчэ ў дзiцячай студыi, якiя ён усё жыццё памятае. Класны, мiж iншым, прыём. Можаш, пры нагодзе, яго выкарыстаць, калi сумленне дазволiць. Прадавачка i слойкаПа дарозе ў майстэрню зайшоў у краму, дзе вырашыў узяць сабе слойку са шпiнатам. Замест тысячы рублёў даў я прадавачцы пяцьдзесят тысяч, а яна вазьмi ды вярнi. Не, каб парадавацца сумленнасцi чалавека, я раззлаваўся на сябе. Так раззлаваўся, што нават не стаў палуднаваць слойкаю. Пакiнуў яе на ноч у майстэрнi, каб ляжала i яшчэ заўтра паўдня дакарала мяне за разяватасць. Сэй-Сёнагон i спiныВыкшталцоная лiтаратарка Сэй-Сёнагон у сваiх нататках "Пра тое, што страцiла каштоўнасць..." назвала i спiну барца, якi атрымаў паразу. Чытаеш i ўяўляеш потную шырокую мужчынскую спiну пераможанага барца сумо. Бачыш, як барэц схiляе голаў, як ён — зганьбаваны паразаю — сыходзiць... Цяжкае вiдовiшча. Спiна скаронай жанчыны выклiкае цалкам супрацьлеглыя пачуццi. На спiну пераможанай жанчыны глядзець i прыемна, i радасна. Баба i бульбаБаба з дачкою самай ранiцаю выбралася ў грыбы. Патупала баба па лесе, зрэзала колькi сухаватых сыраежак, стамiлася, выйшла на поле, прысела на камень i залюбавалася бульбоўнiкам. "Якi спраўны бульбоўнiк, — падумала баба, — пэўна, тут i бульба добра ўрадзiла. Я соваюся па лесе, шукаю нейкiя сухiя ды чарвiвыя сыраежкi, а можна цiхенька, пакуль нiхто не бачыць, накапаць цэлы кош добрай бульбы!" Стала баба на каленi i пачала рукамi капаць-выбiраць бульбу. Недзе з палову каша награбла, калi пачула за спiнаю вокрык. Кiнула баба кош, кiнула бульбу i дала лататы. Ляцела яна праз лес што было духу, ляцела, ажно вецер у вушшу свiстаў, ляцела, пакуль конча не засаплася. Спынiлася, азiрнулася... Куды iсцi? Не ведае. Здавалася, свой лес. Хадзiла па iм i ўдоўж i ўпоперак. А тут, куды нi пойдзе, усё нейкае чужынскае i незнаёмае. Ледзь не да самае ночы баба праблукала па лесе, нарэшце яна выбралася да таго самага месца, дзе бульбу крала. Кош, як яна кiнула, так i ляжаў. Баба падумала-падумала ды накапала поўны кош бульбачкi, прыкрыла яе травою з сыраежкамi ды дадому прынесла. Дачка даўно дамоў вярнулася i чакала бабу з пытаннем... Чаму, калi яна — дачка яе родная — гукала, баба кiнула на полi кош i ў лес уцякла? Што тут адкажаш? Хто гэта сам сябе палахлiвым злодзеем назаве? Дзед i бульбаХто што, а мы бульбу капаем. Нават зладзействы i злачынствы ў беларусаў бульбяныя. Надоечы брат распавёў пра зладзейства i злачынства, што адбылiся на ўскрайку Мiнска, там, дзе яшчэ захавалiся прыватныя аднапавярховыя дамкi з садамi i градамi. У гародах, вядома, бульбу садзяць, а як час надыдзе, то i выкопваюць. З-за бульбы зло i адбылося. Брат iшоў па сваiм завулку Скарыны i пабачыў натоўп i машыну хуткай дапамогi. Санiтары грузiлi ў машыну старога з разбiтай галавою. На зямлi валялiся два вядры, капач i бульба. Суседзi расказалi пра падзею... Баба з дзедам накапалi ў сваiм гародчыку два вядры бульбы. Баба сказала дзеду, каб той занёс накапанае ў пограб. Дзед абмiнуў пограб, пралез праз плот i крадком пашыбаваў пад краму, каб бульбу прадаць i ўзяць якую бутэльку вiна. Баба, як пабачыла, што дзед бульбу зносiць, дык схапiла капач i за дзедам паляцела. Дагнала i галаву капачом разбiла. Дзякаваць Богу, не забiла баба чалавека. А магла б, далiбог, магла б i забiць. Каб крышку мацней ударыла, дык i загiнуў бы чалавек за два вядры ўласнай бульбы. Беларусы, бульбашы, за бульбу могуць капачом па галаве гахнуць, i забiць могуць. Хто што, а мы ўсё вакол бульбы круцiмся ад нараджэння да самае смерцi. I я бульбу люблю, асаблiва яе пяшчотна-бэзавыя кветкi. Адам ГЛОБУС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дыяген заўважыў: красамоўцы i прамоўцы — рабы натоўпу. Да прамоўцаў i красамоўцаў, не памылiўшыся, можаш дадаць папулярных артыстаў, журналiстаў, спар
|
|