Івонка Сурвіла. БНР. Значэнне і веліч 25 Сакавіка
Івонка Сурвіла. Старшыня Рады БНР. Нарадзілася ў Стоўпцах. Яе бацька Уладзімер Шыманец быў міністрам фінансаў ва Ўрадзе БНР. Вучылася ў Вышэйшай школе мастацтваў, а таксама ў Сарбоне ў Парыжы, спэцыялізацыя – скандынаўскія мовы. У 1987 годзе стварыла і ўзначаліла Канадыйскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля, з дапамогай якога ў Беларусь было перададзена мэдыкамэнтаў на дзесяткі мільёнаў даляраў. З 1997 году – старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, які выконвае функцыі ўраду ў выгнаньні.
Івонка Сурвіла – адмыслова для інтэрнэт-газеты Naviny.by
Для хвалі беларускай эміграцыі, да якой я належу, дзень 25 Сакавіка быў заўсёды найвалікшым беларускім сьвятам, якое абавязкова адзначалася ўва ўсіх беларускіх асяродках у сьвеце. Гаворачы нядаўна пра сьвяткаваньне 25 Сакавіка з маімі аттаўскімі сябрамі, якія шмат пазьней выехалі зь Беларусі, я здала сабе справу, што пра значэньне Дня Волі – як мы цяпер называем гэтае сьвята – людзі ў Беларусі дасюль мала ведаюць. Да 80-х гадоў Масква старалася сьцерці яго з памяці нашага народу, а цяпер мы звычайна болей гаворым у гэты Дзень пра будучыню, чым пра мінулае. Будучыні я прысьвяціла мой Сакавіковы Зварот і ў гэтым годзе. Аднак канчаю яго словамі: “Ведама, што зарука будучыні – ў памятаньні мінуўшчыны”. Каб разумець веліч і значэньне акту 25 Сакавіка, мы мусім памятаць, як мы страцілі нашую дзяржаву, якой страшнай была няволя і якім доўгім было змаганьне найлепшых сыноў і дачок Беларусі, каб вярнуць свайму народу яго права “людзьмі звацца”. Акт 25 Сакавіка быў іх перамогай над цемрай, над зьдзекам, над імперскімі намерамі суседняй дзяржавы сьцерці беларускі народ з паверхні гэтае Зямлі. Паўтару яшчэ раз: каб ня было 25 Сакавіка, каб ня было БНР, ня было б і БССР і ня было б другога абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе. Ідэалы БНР – гэта перадусім незалежнасьць нашага краю. “Скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай”, - гаворыцца ў Трэцяй Устаўной Грамаце БНР. Рада БНР змагалася і бараніла незалежнасьць Беларусі праз доўгія гады ”зьняменьня” нашага народу падчас Савецкага панаваньня. І абарона незалежнасьці зьяўляецца і цяпер галоўнай мэтай Рады БНР. Ідэалы Рады БНР гэта і ёсьць адвечныя каштоўнасьці кожнага вольнага народу: дэмакратыя, УСЕ людзкія правы, у тым ліку і права на годнае і справядлівае жыцьцё, на працу, на дабрабыт. Адсутнасьць усялякае дыскрымінацыі, мажлівасьць карыстацца сваёй мовай, вучыцца на сваёй мове, берагчы сваю культуру і ганарыцца ёй. Калі б мы маглі ажыцьцявіць гэтыя ідэалы, нашая моладзь не марыла б пра лепшае жыцьцё на чужыне, наш разумны народ прысьвячаў бы ўсе свае здольнасьці і намаганьні, каб заняць пачэснае месца між іншымі цывілізаванымі народамі сьвету. Як ажыцьцявіць іх? Гэта мы зробім без асаблівых цяжкасьцяў, калі зразумеем, што кожны беларус ёсьць часткай нашага цела і нашай крыві, што мы ўсе браты і сёстры тае самае вялікае беларускае сям‘і, сыны і дочкі тае самае беларускае зямлі. Калі слова салідарнасьць увойдзе ў нашую мову і ў нашыя звычаі, так як яно ўвайшло ў мову і звычаі нашых суседзяў. Калі давер адзін да аднаго будзе часткай нашага жыцьця і калі мы зразумеем, што без бясконцай любові да Бацькаўшчыны мы назаўсёды застанемся няпоўнавартаснымі, другараднымі грамадзянамі чужых краінаў. Ажыцьцяўляць гэтыя ідэалы мы можам толькі знутры. Ніхто за нас гэтага ня зробіць. Але затое ўвесь цывілізаваны сьвет адкрые нам свае дзьверы, калі мы гэта зробім. Увесь сьвет будзе бараніць нашыя правы, і ў выпадку патрэбы – нашую волю і нашую незалежнасьць. У сучаснай Беларусі патрэбныя зьмены. Народ наш мусіць паказаць, што ён гэтага жадае, Так, як гэта паказалі нашыя суседзі, якія цяпер занялі ў сям‘і народаў тыя пачэсныя месцы, якія маглі б займаць і мы. Цяперашнія ўлады паказалі, што дабро беларускага народу ня ёсьць іхнім прыярытэтам і што іх інтарэсы не супадаюць з інтарэсамі беларускага народу. Дык, магчыма, час падумаць пра развод? Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Івонка Сурвіла.
|
|