Футбольныя далягляды, альбо Займальная геаграфiя Вiталя Радзiвонава
Футбольныя далягляды, альбо Займальная геаграфiя Вiталя Радзiвонава
Наш сённяшнi суразмоўца яшчэ толькi-толькi адчуў смак замежнага хлеба, аднак цалкам упэўнены ў вартасцi абранага шляху. Не, ён не дасягнуў пакуль футбольных вяршыняў, пра якiя марыў яшчэ ў дзяцiнстве, але ж легiянерскi шлях хоча скончыць там, дзе i пачаў — у Германii. Нехта можа здзiвiцца, маўляў, не Iталiя ў футбольным складнiку, i не Расiя па менталiтэце. Толькi нападаючы БАТЭ Вiталь Радзівонаў, як той моцны дубок, насуперак колкiм вятрам трымаецца ўласнай глебы. Ён не лекар, i не дае рэцэптаў шчасця i поспеху. Усяго прывык дасягаць працуючы. Спорт не трывае лайдакоў, нязначнае занядбанне — i ты можаш апынуцца ў ар'ергардзе. Такi лёс... Вiталь разумее гэта i кiруецца абраным курсам. А пакуль ёсць час, апавядае пра сваё жыццё i з дапамогаю карэспандэнта "Звязды" гартае ўласны атлас футбольнай кар'еры: — З Германii разам з жонкаю вярнулiся зусiм нядаўна, але ўжо крышачку засумавалi па гэтай прыгожай i казачнай краiне, — пачынае дыялог Радзiвонаў. — За гэтыя шэсць месяцаў мы прывыклi да Фрайбурга. Усё, як у футбольным, так i ў бытавым плане мяне задавальняла. Таму i хочацца туды вярнуцца. Але ж не забываю пра Беларусь, бо тут наш дом, Радзiма, бацькi...— Вiталь, на хвiлiнку ўявiце, што ў вас скончыўся кантракт з БАТЭ. Вы працягнулi б i надалей супрацоўнiцтва з барысаўчанамi, альбо зноў паспрабавалi б сябе на Захадзе? — Ведаеце, з аднаго боку, добра, што ў мяне дзейнiчае кантракт — не трэба шукаць новую каманду. Тым больш, ёсць магчымасць гуляць за клуб i змагацца за ўзнагароды. За час выступленняў у Германii я шмат чаму навучыўся ў футболе. Усё ж такi я трапiў у каманду, якая належыць да адной з лепшых у Еўропе футбольных школ. Спадзяюся, што гэта практыка дапаможа мне ў будучынi i ў выступленнях за БАТЭ. З iншага боку, безумоўна, мне хочацца зноў паспрабаваць гуляць у Заходняй Еўропе. I не проста паспрабаваць, а максiмальна выкарыстаць гэтую магчымасць i зрабiць паспяховую кар'еру. "У футбол трапiў выпадкова" — Вяртаючыся да пачатку футбольнай кар'еры, раскажыце, як адбылося ваша знаёмства з футболам? — Напэўна, як i ўсе школы, так i нашу наведвалi дзiцячыя трэнеры. I ўсё атрымалася зусiм выпадкова. Разам з хлопцамi з класа я прыйшоў на трэнiроўку. Магчыма, я пайшоў у футбольную секцыю яшчэ i таму, што нiчым больш не займаўся па-за школаю. Але атрымалася так, што спорту я стаў аддаваць амаль увесь вольны час. З гэтага пачалося, так i працягвалася далей. Трэнiравалiся мы на полi Палаца "Камсамолец". Яно ўвесь год было аднолькава дрэннае: пясчаны прамавугольнiк з астраўкамi дзiрвану. Але ж тады мы не звярталi ўвагi на ўмовы, а цалкам былi ўлюбёныя ў гульню. Затое мне пашчасцiла з першымi футбольнымi настаўнiкамi: Яўген Новiкаў i Уладзiмiр Вайцяховiч былi для мяне не проста трэнерамi, а другiмi бацькамi. — Вiцебскi "Лакаматыў" быў вашаю першаю футбольнаю любоўю? — Хутчэй за ўсё, гэта была проста родная каманда. Я наведваў кожны матч "Лакаматыва" i, вядома ж, хваляваўся за каманду. У будучынi я сам пачаў выступаць за "Лока". — Не было крыўдна, што так мала пагулялi за вiцебскую каманду? — Напэўна, не. Каманда перажывала цяжкiя часы. Клубу патрэбны былi грошы. Праз год "Лакаматыў" наогул трапiў у першую лiгу. Аднак у сваiм пераходзе ў жодзiнскае "Тарпеда" я бачу ўжо ўласныя футбольныя дасягненнi. "У Жодзiне адчуў сябе сапраўдным мужчынам" — На пачатку новага тысячагоддзя Якаў Шапiра стварыў у аўтаградзе досыць цiкавы футбольны калектыў, якi вылучаўся не толькi класным падборам гульцоў, але i адметнай з'яднанасцю i сяброўствам футбалiстаў... — Гэта сапраўды так. У "Тарпеда" таксама былi праблемы з фiнансаваннем, аднак, дзякуючы сяброўскай атмасферы, мне падабалася там гуляць. Тым больш, Якаў Мiхайлавiч даў мне шмат як асобе, навучыў заўжды адстойваць погляды i трымацца ўласнай пазiцыi, жыць сваiм розумам. Падчас працы з Шапiрам я пасталеў i як футбалiст, i як мужчына. Гэтая старонка маёй кар'еры стала знакавай. Прыемна, што i сёння я падтрымлiваю сувязь з жодзiнскiмi балельшчыкамi. — У БАТЭ вы перайшлi па ўласным жаданнi? — Каб разлiчыцца з гульцамi, клубу трэба было прадаць некалькi футбалiстаў. У гэты шэраг трапiў i я. Аднак мне радасна было трапiць у БАТЭ. З гэтым клубам я дасягнуў значных поспехаў, i нiколi не сумняваўся ў правiльнасцi выбару. "Нам дапамагаў камандны дух" — Кажучы пра ваша выступленне ў БАТЭ, перш-наперш хочацца спытаць пра матчы на еўраарэне. Каб трапiць у групавы этап, вы сустрэлiся з досыць моцнымi супернiкамi: бельгiйскiм "Андэрлехтам" i балгарскiм "Леўскi". Вядома, што перамога над любым супернiкам каштоўная. Але ж пасля якой з iх вы сталi больш упэўненымi маральна? — Гэта перамога над бельгiйцамi, i менавiта першая выязная сустрэча. Пасля той гульнi мы сапраўды сталi больш упэўненымi, паверылi ў свае сiлы. Зразумелi, што мы гуляем не горш за "Андэрлехт", i здольныя прайсцi далей. Своеасаблiвая вера, камандны дух таксама дапамаглi нам атрымаць перамогу. Для "Андэрлехта" наша гульня стала адкрыццём. — Пасля вiкторыi "Барселоны" ў Лiзе Чэмпiёнаў, еўрапейскiя журналiсты ў адзiн голас заспявалi пра рамантычны футбол у выкананнi iспанцаў. А цi не здаецца вам, што гэтай рамантыкi, свойскасцi, было больш у выступленнi БАТЭ? — Можа i так. Але, я думаю, што ў нашых дзеяннях прысутнiчала шмат прагматызму. I гэта бачна з таго, як падыходзiў да матчаў наш трэнерскi штаб — да дробязяў усё прадумваў, аналiзаваў. I гэта зразумела ўжо па падборы супернiкаў, з якiмi нам давялося сустракацца. Акрамя таго, мы максiмальна выкарысталi патэнцыял. Безумоўна, можна казаць, што яны не настройвалiся адпаведна на матчы з БАТЭ. Але ж гэта толькi размовы. Групавы этап каманда правяла роўна, паказваючы добры футбол. I наша выступленне не толькi радавала беларускiх прыхiльнiкаў, але яшчэ i падымала ўзровень упэўненасцi ў сабе ўсiх беларускiх футбалiстаў. Мы ўсё ж такi рабiлi адну вялiкую справу для айчыннага спорту. — Вы кажаце пра несур'ёзнае стаўленне да супернiка, а цi павiнна ў кар'еры прафесiянала iснаваць празмерная радасць, эйфарыя, ганарлiвасць.? — Я не выключаю, што такое можа быць. Тым больш, калi чалавек знаходзiцца на хвалi поспеху, i гэта не толькi ў футболе. Такое можа здарыцца ў любой сферы жыцця. Толькi калi чалавек разумны, схiльны да самааналiзу, то гэткую фанабэрыстасць ён хутка ў сабе спынiць. У любой справе, калi ты будзеш ставiць сябе вышэй за iншых, то ад жыцця па носе ўсё ж такi атрымаеш. — Падчас вашых выступленняў за БАТЭ я неаднойчы заўважаў, як у галявым моманце, якi паспяхова самi маглi б скончыць, вы часам аддавалi мяч партнёру. Такое адчуванне, быццам кiравалiся жыццёвым правiлам "не будзь сквапным!". — Ды не, я наогул лiчу, што форвард павiнен больш забiваць, чым аддаваць пасы партнёрам. А тут, вiдаць, спрацоўвае нейкi падсвядомы iмпульс. Бачу партнёра i механiчна аддаю перадачу. А пасля я нават i не задумваюся, што мог сам забiць. — Вы на полi такi, як i ў жыццi? — Так. Але ж у спорце патрэбная нахабнасць, i, магчыма, якраз яе мне не хапiла ў Германii. А ў пазафутбольным жыццi я спакойны чалавек. Праўда, часам i нервуюся, але ж гэта зрэдку (усмiхаецца). "Адчуванне, быццам трапiў у казачную краiну" — Калi я трапiў у Фрайбург, то адразу адчуў асалоду ад знаходжання ў Германii, — дзелiцца ўражаннямi форвард БАТЭ. — У гэтым невялiчкiм нямецкiм гарадку шмат паркаў, архiтэктурных помнiкаў, якiя вызначаюцца асаблiвай велiччу, прыгажосцю...На дарогах шмат людзей на веласiпедах. У зялёных скверах студэнты займаюцца спортам. Гуляючы па вузенькiх вулачках, можна адкрыць маляўнiчасць мясцовых гор. I яшчэ ўражвае спакойны, нетаропкi лад жыцця... — Вiталь, а вам не было крыўдна, што i мы мелi б зараз такую ж прыгажосць, калi б здолелi захаваць яе... — Я лiчу, што апошнiм часам у нас рэстаўруюць шмат архiтэктурных помнiкаў. Таму i ў Беларусi ёсць што паглядзець. Але ж нямецкай дакладнасцi, вытанчанасцi беларусам можна было б i павучыцца. — Знаходзячыся пасярод такой iдылii, у вас не ўзнiкала жадання пасялiцца ў сваiм доме, стрыгчы газон, паставiць у садзе бутафорскiх гномiкаў? — Падобнае часам з'яўлялася ў думках, калi мы з жонкай знаходзiлiся ў Германii. — А вас як футбалiста ўсё задаволiла? — У прынцыпе, усё было добра, i нягледзячы на траўму, узгадваю гэты перыяд свайго жыцця з асалодаю i лiчу, што нямецкi чэмпiянат — гэта тое першынства, дзе я магу прагрэсаваць як гулец. Мне падабаецца стыль гульнi, якi прапагандуюць у Германii. Да таго ж, барацьба вядзецца на кожнай частцы поля, ты ўвесь час павiнен працаваць. — Падчас вашага выступлення ў "Фрайбургу", за каманду гулялi прыкладна пяць футбалiстаў, якiя раней супрацоўнiчалi з галоўным трэнерам у iншых клубах. Цi не было ў Робiна Дута любiмчыкаў? — Больш за ўсё часу ён удзяляў капiтану, Хейка Бутчэру. Але ж так i павiнна быць, бо капiтан — сувязны памiж астатнiмi футбалiстамi i трэнерам. А больш блiзкiх кантактаў я не заўважаў. — Толькi ў клубе засталiся гульцы атакi з горшымi статыстычнымi паказчыкамi, чым у вас... — Значыць, я iм у нечым не падыходзiў... — Напачатку цяжка было камунiкаваць з партнёрамi? — Не ведаючы мовы, хоць бы не нямецкай, а англiйскай, можна лёгка стаць iзгоем у камандзе. Напачатку немцы могуць прабачаць, а калi заўважаць нежаданне вывучаць мову... Гэта, вiдаць, галоўная прычына таго, што нашы футбалiсты не могуць гуляць у Германii. Я вывучаў нямецкую мову ў школе, але шмат чаго забыўся. Узгадаць яе мне дапамагаў рускi вучоны, якi працуе ў Фрайбургскiм унiверсiтэце. I цяпер я магу ўжо адносна свабодна размаўляць па-нямецку. Галоўнае, што ўстаноўку трэнера на матчы я разумеў. Калi быць шчырым, то сяброўскiх адносiнаў, якiя ёсць у БАТЭ, мне не хапала. Мы зусiм рэдка сустракалiся камандай. На трэнiроўках перагаворвалiлся, але ж больш блiзкiх стасункаў не было. Думаю, што i паняцця сяброўства ў нямецкiх футбалiстаў амаль не сустракаецца. Але ж быў у камандзе нiгерыйскi футбалiст Еке Узома, з якiм мы досыць добра камунiкавалi. — У сваiм блогу вы пiсалi, што нават на трэнiроўках футбалiсты могуць нанесцi адзiн аднаму траўмы... — Так i ёсць. Толькi, думаю, гэта робiцца не спецыяльна. Кожны змагаецца за месца ў асноўным складзе, i гэта становiцца звычкаю. Дарэчы, я яшчэ заўважыў, што ў Германii прынята цалкам трымацца трэнерскiх настаўленняў. Аднак, калi зробiш наадварот i заб'еш фантастычны гол — цябе будуць насiць на руках. Але, калi згуляеш дрэнна ў наступным матчы, могуць, вобразна кажучы, i з зямлёй зраўняць. Нягледзячы на крытыку, там любяць паспяховых людзей. Прыклад таму — наш Аляксандр Глеб. — Ну а кур'ёзныя, смешныя сiтуацыi ў такiм сур'ёзным клубе ўзнiкалi? — Цяжка ўзгадаць. Затое я добра памятаю, як мы наведвалi ўсёй камандай футбольны матч дортмундскай "Барусii". Бачым, а каля нас увесь час ходзiць нейкi чалавек, больш на клоуна падобны: у яркiм парыку i смешных акулярах. Мы яго ўжо збiралiся прагнаць, калi ўбачылi, што гэта наш капiтан Хейка такiм чынам вырашыў нас разыграць. Было досыць смешна. — Амаль кожны футбалiст наракае на недахоп вольнага часу. Маўляў, заняцца нечым iншым вельмi цяжка. Што вы робiце, калi выпадае час? — Вольнага часу сапраўды не так шмат. I калi выпадаў якi адпачынак у Германii, я праводзiў яго разам з жонкаю: мы падымалiся ў горы, а зусiм нядаўна адпачывалi ў Славенii, i не проста сядзелi на месцы, на пляжы, а вандравалi па краiне, вывучалi яе гiсторыю i вядомыя мясцiны. Нам вельмi спадабалася Любляна — гэта ўтульны горад з прыгожымi замкамi. А яшчэ я люблю лавiць рыбу. Звычайна, спiнiнгам я вуджу драпежную рыбу, вось нядаўна шчупака злавiў, дома гатавалi страву... У гэтым акрамя азарту ёсць свая прывабнасць. Ты разважаеш, задумваешся над рознымi пытаннямi. Бо футбол, трэнiроўка не дазваляюць гэтага зрабiць ... — Нямецкая рамантычная лiтаратура вас не зацiкавiла? — Я пакуль не пазнаёмiўся з ёю, бо не хапiла часу. Але ж мяркую, калi ўсё будзе добра, абавязкова пачытаю. Толькi ўсё зноў залежыць ад часу. Нядаўна я чытаў Дэна Браўна: някепская, цiкавая фантастыка. ...I далей можна было б працягнуць спiс iнтарэсаў Радзiвонава: напiсаць пра ягоную любоў да гарбаты, пра разважаннi над учынкамi, якiх не хапае ледзь не кожнаму з нас. Але ж тут мы паставiм кропку i закрыем вялiкi i сапраўды цiкавы атлас. Магчыма, гэта пачатак для яшчэ адной размовы, дзе заўжды накiраваны на поспех Вiталь паўстане гульцом моцнага, сур'ёзнага еўрапейскага клуба. Пажывём — пабачым. Аўфiдэрзэйн, панове! Размаўляў Тарас Шчыры.
Даведка "Звязды": Вiталь РАДЗIВОНАЎ нарадзiўся 11 снежня 1983 года ў Вiцебску. Нападаючы. Выступаў за вiцебскi "Лакаматыў-96", "Тарпеда" (Жодзiна), барысаўскi БАТЭ, "Фрайбург" (Германiя). З лiпеня зноў у стане барысаўчан. Трохразовы чэмпiён краiны ў складзе БАТЭ. Заняў другое месца ў апытаннi "Лепшы футбалiст Беларусi-2008". За нацыянальную зборную Беларусi правёў 12 матчаў, забiў 3 галы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наш сённяшнi суразмоўца яшчэ толькi-толькi адчуў смак замежнага хлеба, аднак цалкам упэўнены ў вартасцi абранага шляху. Не, ён не дасягнуў пакуль футб
|
|