Як старшыя падатковыя iнспектары закон парушалi
Як старшыя падатковыя iнспектары закон парушалi
Два старшыя дзяржаўныя падатковыя iнспектары аддзела адной з раённых падатковых iнспекцый Вiцебска асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волi кожны з выплатай штрафу — па 7 мiльёнаў рублёў. За што трапiлi за дрот адказныя работнiкi паважанага ведамства? Як паведамiла "Звяздзе" старшы памочнiк пракурора Вiцебскай вобласцi Iрына Таўтын, яны карысталiся службовымi паўнамоцтвамi, каб, акрамя зарплаты, мець i яшчэ нешта. Для гэтага парушалi парадак правядзення кантрольных закупак, кантрольных афармленняў заказаў. Так, падчас правядзення так званай кантрольнай закупкi дапамаглi свайму знаёмаму бясплатна замянiць маторнае масла i маслены фiльтр у аўто. А калi б не iнспектары, заплацiў бы ён больш за 70 тысяч рублёў. А так Iгар i Вячаслаў (назавём iх так) супрацоўнiкам прыватнага прадпрыемства аўтасэрвiсу растлумачылi — маўляў, вялося кантрольнае афармленне заказу. Пытаннi пра аплату ёсць? Не было — хто хацеў сварыцца з правяраючымi?! Прыкладна праз тыдзень такiм жа чынам, але ў iншай аўтамайстэрнi былi праведзены аналагiчныя работы ў машыне калегi iнспектараў. Калега зэканомiў тыя ж 70 тысяч рублёў. А яшчэ аднаму таварышу "на халяву" дапамаглi зрабiць рамонт "Форда", якi абышоўся б яму ў 83 тысячы рублёў. I другую машыну "Аўдзi—80", пафарбавалi бясплатна (эканомiя 836 тысяч рублёў). Больш за тое, пры падтрымцы iнспектараў гэтаму ж таварышу iндывiдуальныя прадпрымальнiкi бясплатна ўстанавiлi ў кватэры дзве мiжпакаёвых дзвярэй агульным коштам 930 тысяч рублёў i акно ПВХ (кошт — больш за 1 мiльён рублёў). I машыну iншага знаёмага прывялi ў парадак. Пад выглядам кантрольнага афармлення заказу падатковы iнспектар Iгар за замену вадзяной помпы не аплацiў 180 тысяч рублёў. Вячаслаў "на халяву" прывёў у парадак свае зубы. Работы па санацыi зуба i ачыстцы ад зубных "камянёў" у дзвюх прыватных стаматалагiчных клiнiках аказалi на суму ў 90 i 120 тысяч рублёў адпаведна. Вядома ж, грошы ён не заплацiў. Гэта ж "кантрольныя" зубы? Цiкава, што ў судзе Iгар i Вячаслаў сваёй вiны не прызналi. Тлумачылi — праводзiлi кантрольныя закупкi ў адпаведнасцi з патрабаваннямi заканадаўства. А знаёмыя... Дзякуючы iм стваралiся ўмовы для плённай работы пры ажыццяўленнi кантрольных закупак. Таму i ў кватэры дзверы i акно паставiлi. I нявыпiску адрыўнога талона таксама кантралявалi падчас гэтых закупак. Мiж iншым, паводле iх слоў, чалавек, якi ўстанавiў дзверы ў кватэры iх знаёмага, наогул спужаўся, калi яму назвалiся iнспектары, i сказаў, што дзверы гэтыя яму не патрэбны. Цяпер iнспектары адбываюць пакаранне ў калонii ўзмоцненага рэжыму. А дома жонкi чакаюць, сем'i. Няўжо мала зараблялi? Няўжо не разумелi, што ўрэшце стане вядома пра iх дзеяннi? Аляксандр ПУКШАНСКI.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Два старшыя дзяржаўныя падатковыя iнспектары аддзела адной з раённых падатковых iнспекцый Вiцебска асуджаны на 2,5 года пазбаўлення волi кожны з выпла
|
|