Ужо пачаўся чарговы тэатральны сезон. А 31 кастрычніка адбудзецца закрыццё IV Міжнароднага фестываля тэатральнага мастацтва “Панарама”, які па-сапраўднаму ўскалыхнуў культурнае жыццё рэспублікі.Ёсць падстава пагаварыць аб тэатральнай дзейнасці ў нашай краіне. Тым больш што завяршаюцца работы на палетках. І вясковыя жыхары могуць адпачыць ад клопатаў і зрабіць сабе падарунак -- наведаць тэатр…
У рэспубліцы адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі -- падтрымка нацыянальнай культуры і прафесійнага мастацтва. У тым ліку і тэатраў, якіх ў Беларусі 27 (менавіта прафесійных). Сёння тэатры працуюць, каб захаваць і ўзбагаціць лепшыя нацыянальныя традыцыі і адначасова асэнсаваць багаты вопыт і здабыткі сусветнай культуры. Знамянальнай падзеяй сталі пастаноўкі новых спектакляў. У ліку апошніх значнае месца займаюць работы па творах айчыннай і сусветнай класічнай спадчыны -- Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, Фёдара Дастаеўскага, Антона Чэхава, Уільяма Шэкспіра, Оскара Уайльда і іншых. Безумоўна, плённай старонкай творчай дзейнасці драмтэатраў стаў зварот да твораў патрыятычнай тэматыкі, пастаноўкі спектакляў, прысвечаных юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Важна, што пераважная частка такіх спектакляў падрыхтавана па п'есах беларускіх драматургаў. У якасці дапамогі тэатральным калектывам прафесійнага мастацтва вядзецца закуп новых арыгінальных твораў драматургіі. На гэтыя мэты штогод выдаткоўваеца каля 30 мільёнаў рублёў. Форма дзяржзаказу дазваляе Міністэрству культуры фінансаваць пастаноўкі твораў беларускіх аўтараў. За апошнія два гады на гэта выдаткавана каля 1,5 мільярда рублёў, былі пастаўлены спектаклі «Чужое багацце нікому не служыць» Яна Голанда ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, «Пінская шляхта» Дуніна-Марцінкевіча ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, «Кракаўскі студэнт» Генадзя Марчука, «Ветрагоны” Уладзіслава Галубка, «Крыж Еўфрасінні» па п'есе Ірыны Масляніцынай у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа і шмат іншых. Дарэчы, так хочаца чуць са сцэны беларускую мову! І вось павялічылася колькасць такіх спектакляў, якія складаюць 38 працэнтаў бягучага рэпертуару тэатраў рэспублікі. Кажуць, што ўстановы культуры ўвогуле не прыносяць прыбытку. І тэатральнае мастацтва -- таксама. -- Усе тэатры датуюцца. Яны атрымліваюць сродкі з бюджэту на зарплату, пастаноўкі, камунальныя і іншыя выдаткі. Вядома, яны прадаюць білеты і арымліваюць нейкі прыбытак. Але ўсё роўна ён не пакрывае выдаткі. Ніводзін тэатр за кошт продажу білетаў не выжыве, -- разважае Міхаіл Казловіч, начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры. -- Як ні дзіўна, але сёння на перыферыі працуюць вельмі добрыя тэатры! І нават атрымліваюць выдатныя ўзнагароды на міжнародных фестывалях. Нашы крытыкі адзначаюць, што і драматычныя, і лялечныя тэатры ў нас не горшыя, а ў некаторых выпадках і лепшыя за замежныя! Што датычыцца міжнародных тэтральных фестываляў, то Беларусь можа ганарыцца штогадовым «Белая вежа» ў Брэсце, які праходзіць з вялікім размахам. У ім прымаюць удзел больш за 20 тэатраў з розных краін. “Панамара” -- таксама буйны фестываль, толькі праводзіцца раз у два гады. Збірае знакамітыя тэатры са спектаклямі, якія атрымалі прэстыжныя ўзнагароды. Ёсць і “малады” фестываль. Праходзіць у Магілёве. Называецца Міжнародны тэатральны фестываль творчай моладзі . Аматары мастацтва адзінадушна адзначаюць, што гэты форум -- перспектыўны, набірае моц. У мінулым годзе аднавіў працу фестываль нацыянальнай драматургіі ў Бабруйску ў сувязі з 200-гадовым юбілеем Дуніна-Марцінкевіча. Форум не праводзіўся аж з 1998 года! Як адзначаюць прафесіяналы, праблем з папаўненнем тэатральных труп няма. Не сакрэт, у акцёраў не вельмі высокія заробкі. Вядома, знакамітасці працуюць пераважна ў сталіцы. І ўвогуле ў тэатр ідуць не дзеля заробку, а таму, што творчыя асобы не могуць ўявіць без сцэны сваё жыццё. Яны -- людзі не выпадковыя ў прафесіі. Дарэчы, на акцёрскім факультэце Акадэміі мастацтваў бадай што самы высокі конкурс ва ўсёй галіне культуры. Радуе, што, нягледзячы ні на якія праблемы, творчае жыццё віруе вакол тэатраў.Тэатр застаецца тэмай для розных абмеркаванняў, спрэчак, ён і сёння, як ва ўсе часы, прыцягвае гледачоў. Вера ГНІЛАЗУБ, “БН”.