Дзівосная скарбніца. Свіслацкi раён Гродзеншчыны — памежжа радзімы, дзiвосная скарбнiца гiстарычных каштоўнасцей i прыродных багаццяў
24.03.2010
—
Новости Культуры
|
Менавіта адсюль можна пачынаць адкрыццё нашай краіны i завяршаць вандроўку па ёй. Заходняя частка Свiслацкага раёна мяжуе з Польшчай, паўднёвая занята Белавежскай пушчай i вялiкiм масiвам Дзiкога балота. Як у роднага чалавека дарагая кожная рысачка яго вобліку, так і ў роднай старонцы вельмі цяжка выдзеліць штосьці своеасаблівае, каб не пакрыўдзіць іншыя славутасці раёна. Цяжка ўявіць сабе Свіслаччыну не толькі без Белавежскай пушчы альбо мясцін, з якімі звязана імя Кастуся Каліноўскага, Тышкевіцкага парку, а нават без буслянкі на ўездзе ў раён... Сядзіба Багудзенкі Гэты радавы панскі маёнтак непадалёк Поразава быў пабудаваны Тадэвушам Бутаўт-Анджайкoвічам на мяжы ХІХ —ХХ стагоддзяў у традыцыях дваранскай сядзібы. Нягледзячы на разбуральную справу часу, ён не перастае заварожваць сваёй архітэктурай. Будынак мае складаную кампазіцыю: бакавыя фасады фланкіраваны двухпавярховымі вежамі, завершанымі шатровымі дахамі. Так і хочацца завітаць туды, каб перанесціся ў іншую эпоху...Дарэчы, згодна з мясцовай легендай, сваёй арыгінальнай назвай мясцовасць Багудзенкі, дзе пабудаваны палац, абавязана... Адаму і Еве. Пасля выгнання з рая і доўгіх вандровак яны нарэшце выйшлі на ўзвышша, дзе лагодна шумеў лес, і радасна ўсклікнулі: “Дзякуй Богу!” Адно такое — балота Дзікое Дзікое — адно з буйнейшых у свеце нізінных балот мезатрофнага тыпу, якое засталося ў блізкім да прыроднага стане. Гэта, безумоўна, адно з цудаў не толькі Свіслаччыны, але і Беларусі ўвогуле. Узрост гэтага масіву балот каля шасці тысяч гадоў, а агульная яго плошча 21,7 тысячы гектараў. Большая частка балота ўваходзіць у склад Нацыянальнага парку “ Белавежская пушча”. Цуд, які ствараецца на вачах Царква Ражства Прасвятой Багародзіцы ў Свіслачы яшчэ толькі будуецца. Але свіслачане кажуць, што гэта і ёсць сапраўдны цуд, які ствараецца на вачах. Нават у незакончаным выглядзе храм не можа не прыцягваць увагі. У простай велічы царква ўзносіцца да неба. Храм узводзіцца ў цэнтры Свіслачы, а залатое ззянне купалоў відаць здалёк. Жамчужына асветы Ганарацца свіслачане і сваёй гімназіяй, якая дзейнічала ў мястэчку Свіслач з 1804 года. Яна мела статус губернскай, адкрыццё афіцыйна зацвердзіў расійскі імператар Аляксандр I. Гімназічнае жыццё дыктавала свае традыцыі не толькі для ўсёй ваколіцы, губерні, а нават і для Віленскага краю, таму што гімназія існавала як акадэмічная школа, падначаленая Віленскаму ўніверсітэту.Сапраўдным гонарам гімназіі з’яўляюцца яе выпускнікі. Сярод іх польскі пісьменнік, публіцыст, гісторык, мастак Юзэф Крашэўскі. Свіслацкую гімназію скончыў вядомы кампазітар, пісьменнік, мастак Напалеон Орда, дзякуючы малюнкам якога мы сёння ведаем, як выглядала ў той час Свіслач. Яе выпускнік — Восіп Кавалеўскі, заснавальнік манголазнаўства ў Расіі, аўтар трохтомнага “Мангола-руска-французскага слоўніка”. У бібліятэцы гімназіі да вайны захоўваліся яго навуковыя працы і лісты з Манголіі і Кітая. Сярод выпускнікоў гімназіі мастак Януарый Сухадольскі, палітычныя дзеячы Віктар Гельтман і Рамуальд Траўгут, літаратар Райнальд Сухадольскі, аўтар “Успамінаў аб Свіслачы Тышкевічавай, Дзярэчыне і Ружанах” Леан Патоцкі і яшчэ многія вядомыя асобы. У графскім парку — ключыкі ад шчасця Свіслачане добра ведаюць, што сваім непаўторным паркам яны абавязаны Вінцэнту Тышкевічу (1757 — 1816 гг.). Калі сядзіба перайшла ва ўладанне графа, ён карэнным чынам памяняў яе аблічча. Рэзідэнцыю акружаў тэрасны парк з воднай сістэмай. Палац з бакавымі флігелямі не з’яўляўся кампазіцыйным цэнтрам. Ён размяшчаўся за ліпава-грабавай алеяй і быў абнесены драўлянай агароджай з цаглянымі слупкамі. У канцы ХIХ стагоддзя парк атрымаў пейзажнае афармленне, тут з’явіліся экзатычныя дрэвы: арэх маньчжурскі, лістоўніца амерыканская, шырокалускаватая туя заходняя, піхта бальзамічная і сібірская, шаўкоўніца белая. Часткова захавалася да нашых дзён грабавая алея, якая праходзіла ад палаца па верхняй тэрасе.Ужо ў наш час водная сістэма парку была рэканструявана. Сажалкі паглыблены і павялічаны, з’явіўся новы вадаём. А праз цэнтральны зрабілі мост, які вельмі палюбілі маладажоны. Многія з іх пакінулі тут замочкі ад свайго шчасця, якія нікому, акрамя іх, не раскрыць, а здымкі на мастку ёсць, мабыць, ва ўсіх вясельных альбомах свіслачан. Касцёл святога Міхаіла Архангела У другім па велічыне населеным пункце раёна гарадскім пасёлку Поразава знаходзіцца касцёл святога Міхаіла Архангела. Ён быў пабудаваны ў 1825—1928 гадах з цэглы і бутавага каменю. Гэты помнік архітэктуры спалучае мясцовыя традыцыі і формы класіцызму. Касцёл з’яўляецца цэнтрам духоўнага жыцця мясцовага каталіцкага прыходу. Тут жыў нацыянальны герой Беларусі З дзясятак кiламетраў на поўдзень ад райцэнтра знаходзiцца ўрочышча Якушоўка. Толькi рэшткi лiпавай алеі ды парослы хвойнікам падмурак дома сведчаць пра колiшнi фальварак Калiноўскiх. Нават у гэткiм стане Якушоўка, з якой звязана імя нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, прыцягвае. Аб тым, што месца гэта ўсё ж не забытае, сведчаць валун з мемарыяльнай дошкай, узняты памятны крыж, каплiчка з фiгуркай Божай Мацi. Калiноўскiя жылi тут з 1849 па 1855 год. Побач праходзiць мiжнародны турыстычны маршрут, i ў Якушоўку скiроўваюць шматлікія турысты.Жыхары Свiслачы ганарацца таксама, што ў райцэнтры ёсць скульптурны помнiк Калiноўскаму, бадай, адзiны ў Беларусi, захаваўся будынак гiмназii, дзе вучыўся будучы рэвалюцыянер. У гарадскiм гiсторыка-краязнаўчым музеi частка экспазiцыi прысвечана Калiноўскаму i яго паплечнiкам. Гарадская вулiца i адна са школьных устаноў райцэнтра таксама названы ў гонар земляка-патрыёта. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Менавіта адсюль можна пачынаць адкрыццё нашай краіны i завяршаць вандроўку па ёй. Заходняя частка Свiслацкага раёна мяжуе з Польшчай, паўднёвая занята Белавежскай пушчай i вялiкiм масiвам Дзiкога балота. Як у роднага чалавека дарагая кожная рысачка яго вобліку, так і ў роднай старонцы вельмі цяжка выдзеліць штосьці своеасаблівае, каб не пакрыўдзіць іншыя славутасці раёна. Цяжка ўявіць сабе Свіслаччыну не толькі без Белавежскай пушчы альбо мясцін, з якімі звязана імя Кастуся Каліноўскага, Тышкевіцкага парку, а нават без буслянкі на ўездзе ў раён... |
|