Светлыя фарбы “вечнага жывапісу”
29.04.2011
—
Новости Культуры
|
Майстры з мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра робяць адметныя мазаічныя кампазіцыі для праваслаўных храмаў Беларусі, Расіі, Украіны
Мазаічнае аздабленне храмавых сцен, купалоў — вельмі працаёмкі, а таму і даволі рэдкі ў наш час від мастацтва. Як мне расказалі самі мастакі, вядомы ён здаўна: яшчэ ў старажытным Канстанцінопалі, цяперашнім Стамбуле, хрысціянскія храмы ўпрыгожваліся мазаікамі, і некаторыя выявы зберагліся там з ХІІ стагоддзя. Ёсць мазаікі і ў беларускіх храмах. Такое мастацтва нездарма называюць “вечным жывапісам”, мазаікі доўгія гады не губляюць колеру, і яны вельмі прыгожыя. У тым лёгка пераканацца ў манастырскім Храме ў гонар Іконы Божай Маці Дзяржаўнай. На сценах, у аздабленні ўнутранай паверхні вялікага купала важнае месца займаюць мазаікі, зробленыя мясцовымі майстрамі. Пры храме створана сценапісная майстэрня, у якой з часам утварыўся і асобны мазаічны цэх. А працуюць мазаічнікі, якіх ужо каля дваццаці, тут жа, на цокальным паверсе храма, кіруе імі паслушнік Дзмітрый Кунцэвіч. У большасці майстроў ёсць вышэйшая мастацкая адукацыя, іншыя прайшлі праз мастацкія школы і вучылішчы. Эскізы будучых выяў тут робяць на камп’ютарах, шырока выкарыстоўваецца вопыт папярэднікаў з розных краін, дзе ў храмах захаваліся адметныя мазаічныя абразы, кампазіцыі. Як і раней, асноўным матэрыялам для сучасных храмавых мазаік служаць невялічкія кавалачкі каляровага шкла, ці смальты. Шэраг фрагментаў будучых кампазіцый ствараецца прама ў майстэрні па эскізах, зробленых мастакамі і ўзгодненых з заказчыкамі. Такая праца, вядома ж, патрабуе ад кожнага з майстроў не толькі цярплівасці, але і добрага мастацкага густу. Бывае, дробныя дэталі мазаік даводзяцца і на рыштаваннях, для экстэр’ера храмаў часцей робяцца гатовыя пано-іконы. Цікавы заказ выконваюць цяпер беларускія майстры ў Цярнопальскай вобласці Украіны, у Пачаеўскім Троіцкім саборы. На яго фасадзе ёсць мазаічнае пано, зробленае па эскізах вядомага мастака Мікалая Рэрыха. І менавіта майстрам з Мінска даверылі правесці яго рэстаўрацыю, умацаваць і замяніць некаторыя дэталі. Мазаічнікі ўжо працавалі ў Пачаеўскай Лаўры ў Опцінай Пустыні, што пад расійскай Калугай, у храмах Масквы. І ў саборы Аляксандра Неўскага ва ўкраінскім горадзе Камянец-Падольскі, што ў Хмяльніцкай вобласці, на заказ мінскія майстры ўжо зрабілі вялікую мазаіку пад купалам і ікону ў алтарнай частцы. У праектах — Рым, Белград. Удзельнічаюць яны і ў аздабленні беларускіх храмаў. Часта майстроў знаходзяць па інфармацыі на манастырскім сайце. А працуюць яны абавязкова з добрым настроем і малітвай — тады, гавораць, і справа ладзіцца, і менш стамляешся, і ўсё задуманае атрымліваецца. Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Майстры з мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра робяць адметныя мазаічныя кампазіцыі для праваслаўных храмаў Беларусі, Расіі, Украіны
|
|