Што рабіць з беларускай народнай культурай?. 21.by

Што рабіць з беларускай народнай культурай?

18.10.2011 13:56 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Што рабіць з беларускай народнай культурай?


Відаць, бадай у кожнай беларускай вёсцы захаваліся яшчэ жыхары, якія маюць у сваіх куфрах нешта самабытнае альбо, яшчэ лепш, самі ўмеюць ствараць нешта самабытнае. Шыць і вышываць ручнікі, ткаць, каваць, плесці з саломкі ці рабіць розную прыгажосць з гліны, гатаваць народныя беларускія стравы і спяваць даўнія беларускія песні. Колькі такіх людзей у Беларусі і што ім рабіць са сваімі скарбамі і здольнасцямі, каб ні тое, ні другое не знікла, не згубілася, а ў аўтэнтычным выглядзе перайшло ў спадчыну да новай генерацыі беларусаў?

І яшчэ больш набалелае пытанне: як зрабіць так, каб майстры атрымлівалі прыбытак за сваю працу, каб не кідалі яе дзеля безаблічнага заробку на кавалак хлеба? Абмеркаваць сучасны стан беларускіх народных рамёстваў і промыслаў за круглым сталом сабраліся знаўцы і збіральнікі гэтай галіны нашай культуры на чале з намеснікам міністра культуры Тадэвушам Стружэцкім:

— Для майстра або рамесніка сёння існуе праблема рэалізацыі сваіх вырабаў. У рэспубліцы створана 60 салонаў-магазінаў па рэалізацыі вырабаў рамёстваў — гэта вельмі важна для матэрыяльнай падтрымкі нашых майстроў. Безумоўна, найлепшыя іх вырабы рэгулярна выстаўляюцца на рэспубліканскіх, абласных, мясцовых выставах. У Мінску праводзіцца традыцыйны рэспубліканскі кірмаш "Вясновы букет", на які запрашаюцца найлепшыя майстры з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Ёсць, хоць і невялікая, экспазіцыя ў музеі народнага мастацтва ў Раўбічах. Але існуе праблема стварэння нацыянальнага музея народнага мастацтва, дзе будуць больш поўна прадстаўлены традыцыйныя віды народных рамёстваў. Сёння мы маем даволі высокі ўзровень развіцця народнага мастацтва на Беларусі і можам гаварыць пра яго далейшае развіццё, падтрымку, папулярызацыю. Безумоўна, мы павінны рабіць усё, каб народныя рамёствы сталі самабытным сувенірным турыстычным прадуктам. Мы можам арганізоўваць спецыялізаваныя турыстычныя туры з мэтай знаёмства і вывучэння традыцыйных промыслаў, рамёстваў як для беларусаў, так і для замежных гасцей. Вопыт правядзення майстар-класаў паказаў, што нашы рамёствы запатрабаваныя прадстаўнікамі розных краін. Бо мы маем самабытныя віды народных промыслаў, якія не распаўсюджаны ў іншых краінах. Важна, каб нашы традыцыі ў добрым выглядзе перадаваліся наступным пакаленням.

"Культура ёсць — музея няма"

Яўген Сахута, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці:

— З развалам Савецкага Саюза адбылася карэнная перабудова нашай свядомасці ў дачыненні да такога раздзела нашай нацыянальнай культуры, як народнае мастацтва, народныя рамёствы і промыслы. Я памятаю час, калі гэта ўсё было ў заняпадзе. А потым настаў час незалежнасці, і ў нас раптам расплюшчыліся вочы: а што ж мы за народ еўрапейскі, чым мы можам вызначыцца ў еўрапейскай супольнасці?! Ну, відаць, не прамысловасцю і не сельскай гаспадаркай, якія ўсе маюць прыблізна аднолькавыя. А вось нацыянальная народная культура ў кожнага народа свая. Не горшая і не лепшая, але свая, адметная. Гэта якраз і вынесла на ўздым калісьці занядбаную галіну нашай культуры. Дзякуй Богу, мы паразумнелі раней, чым маглі б страціць гэты пласт культуры. Як гэта адбылося ў Заходняй Еўропе пад націскам навукова-тэхнічнага прагрэсу яшчэ гадоў 100 таму. Цяпер яны альбо з нуля адраджаюць сваё, што можна яшчэ адрадзіць, альбо едуць да нас паглядзець. Добра, калі яны трапляюць на нейкае свята ці фестываль, тут яны бачаць жывыя традыцыі. А калі не? А дзе ў нас паглядзець наш нацыянальны брэнд? А нідзе! Ну, прыйдуць турысты ў выставачную залу нашага саюза. Але яна больш нагадвае склад крамы сувеніраў. А паўнавартаснага музея ў нас няма. Культура ёсць — музея няма. У ЗША ёсць музей саломапляцення. А мы ганарымся беларускай саломкай, а паказаць яе няма дзе. Гэта асобная праблема. І гэта наша мара — мець такі музей.

Сёння мы бачым уздым цікавасці да народнай культуры з боку моладзі. І гэта вельмі прыемна. Гадоў 30 таму (праўда, тады было іншае пакаленне) моладзь саромелася народнай культуры як нечага ўчарашняга вясковага і непатрэбнага. Сёння ўжо не саромеецца. І гэта цудоўна. І кантынгент, які напаўняе дамы і школы рамёстваў — гэта мясцовая моладзь. А раз ёсць моладзь, значыць, будуць жыць традыцыі. Ранейшая форма перадачы традыцый на ўзроўні сям'і адышла ў мінулае, на жаль. Сёння функцыю сям'і ў гэтым сэнсе выконваюць дамы і цэнтры рамёстваў. Тут трэба адзначыць Віцебшчыну, яна першая распачала гэтую форму. Сёння на Віцебшчыне 25 дамоў рамёстваў, у кожным раёне ёсць. А Брэстчына распаўсюдзіла моду на школы рамёстваў, якіх пакуль што няма больш нідзе ў Беларусі. На Брэстчыне, асабліва на Палессі, больш чым дзе захаваліся жывыя крыніцы. Таму пры майстрах, якія валодаюць аўтэнтычным рамяством, там збіраюць школы рамёстваў. Хоць там ёсць і выдатныя дамы рамёстваў. Напрыклад, Ганцавіцкі. Гэта выдатны ўзор, які працягвае развіваць багатыя мясцовыя традыцыі ткацтва. А школы рамёстваў наогул унікальныя! Бондарская школа ў Іванаве — гэта ўжо брэсцкі брэнд. Школа падвоенага ткацтва ў Падбеллі Камянецкага раёна... Школа ганчарства ў Гарадной — адзіны на Беларусі яшчэ жывы ганчарны цэнтр.

Якія функцыі сёння выконваюць творы народных майстроў? Самыя розныя. Частка з іх па-ранейшаму выконвае традыцыйную функцыю ўтылітарна-дэкаратыўных вырабаў. Гэта лозапляценне, часткова ткацкія і вышываныя вырабы, мастацкае кавальства, якое сёння адрадзілася з нуля, але на іншым узроўні; ганчарства. Але асноўная частка — гэта тая галіна нашай культуры, якая адраджаецца на хвалі ўсведамлення нацыянальных традыцый. Яна выконвае мастацкую сувенірную функцыю. Большасць з нас і большасць замежных турыстаў купляюць такія вырабы як мастацкія творы, якія маюць яскравую нацыянальную адметнасць. Адна з самых перспектыўных галін, дзе можна добра распаўсюджваць народныя рамёствы, — гэта турызм.

Здаецца, па ўсёй Беларусі колькасць аграсядзіб пераваліла за тысячу. Што яны сабой сёння ўяўляюць? Гэта будынкі самага рознага кшталту, аздобленыя ў вельмі эклектычным стылі. Гаспадары гэтых сядзіб могуць вас і на лодцы пакатаць, і на паляванне звадзіць, і накарміць "нацыянальнай беларускай стравай тыпу шашлыка"... Вось і ўсё, чым гэтыя сядзібы вылучаюцца. А між тым гэта якраз тая сфера, дзе мясцовыя народныя мастацкія рамёствы могуць цудоўна прыжыцца. І заняць вельмі добрую нішу, прытым — узаемавыгадную. У сядзібу, дзе можна ўжывую паглядзець, як ткуць, куюць або вырабляюць гаршчок з гліны, а потым яшчэ і набыць "свежанькі" твор, будзе, адназначна, імкнуцца больш турыстаў. А то некаторыя сядзібы заяўляюць сябе этнасядзібамі толькі таму, што іх гаспадары кола ад воза павесілі на варотах, а на двары на грушу павесілі лапці драныя. Вось і ўся этнасядзіба. А майстры маглі б забяспечыць сядзібы не толькі патрэбным аздабленнем, але і вырабляць на продаж унікальныя рамесныя творы для гасцей і гаспадароў.

"На жаль, нашы людзі ўсё яшчэ гоняцца за кітайскім шырспажывам..."

Ларыса Быцко, загадчыца аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра:

— Наша вобласць, напэўна, самая багатая на рамёствы. І на рамёствы сапраўды жывыя. Я не хачу пакрыўдзіць ніякую іншую вобласць, проста менавіта на Палессі захавалася вельмі шмат самабытных рамёстваў. Адно з іх — ткацтва. Калі прыязджаеш да нашых вясковых бабуль, адчыняеш іх шафы — з шафаў валіцца народнае багацце! І гэтыя бедныя жанчыны не ведаюць, куды падзець свае творы... Ну, куды іх падзець? На вялікі жаль, наша грамадства выхавана так, што яно не бяжыць бягом і не купляе гэтыя творы: вышыванкі, посцілкі. Заедзеш да беларусаў у Польшчу (а мы вельмі добра з імі супрацоўнічаем у раёне Гайнаўкі, Бельска-Падляскага), дык яны адразу хочуць купляць — як такія не купіць! А нашы людзі чамусьці ўсё яшчэ бягом бягуць за кітайскім шырспажывам. А калі жывыя рамёствы пачнуць увогуле знікаць, будзе вельмі шкада.

Праўда, зараз народ крыху ускалыхнуўся. Вярнулася мода на вышыўку, вельмі многія людзі вышываюць. Толькі, на вялікі жаль, вышываюць з нямецкіх часопісаў. Але вельмі хочацца, каб яны вышывалі традыцыйныя ўзоры. Тым больш што ў нас вельмі прыгожыя традыцыйныя ўзоры! Мы ганарымся і ганчарствам, якое на Брэстчыне таксама вельмі добра развіваецца зараз. І мы вельмі рады, што ўзрушылі жыццё ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна. Гэта такое мястэчка, вядомае з ХV стагоддзя, якое мела Магдэбургскае права. Там захаваўся ў аўтэнтычным выглядзе ганчарны промысел. На сёння там жыве 6 майстроў — 6 дзядоў-ганчароў, якія з'яўляюцца спадчыннымі ганчарамі. У 2000 годзе ў Гарадной пры сельскім доме культуры быў створаны цэнтр ганчарства, дзе навучаюць ганчарнай справе дзяцей. У Гарадной спакваля ствараецца невялічкі музей. Але мы марым пра вялікі музей ганчарства Беларусі. Яшчэ ў Гарадной праводзіцца Міжнародны пленэр ганчароў, і ўлетку 2012 года будзе чарговы такі пленэр.

У нас вельмі папулярныя майстар-класы, калі майстар вучыць іншых майстроў, а пасля той майстар, навучыўшыся, вучыць іншых ужо на месцах. Так мы рабілі майстр-клас па пляценні са скручанай саломы. Гэта вельмі цікавае рамяство. Бадай у кожнай хаце можна знайсці карабы са скручанай саломы, а як яны робяцца, ужо ніхто не памятае. Мы запрасілі майстрыху Зою Майстровіч з Падляшша. Яна этнічная беларуска, умее плесці такія каробкі і навучыла нашых людзей. Я лічу, што дарослае насельніцтва таксама трэба выхоўваць у галіне народных рамёстваў. Мы ўвесь час робім кірунак на дзяцей. А мне здаецца, што ў вёсках людзі сярэдняга ўзросту, 30-40 гадоў, таксама маглі б хадзіць у гурткі і вучыцца нейкаму рамяству — плесці каробкі з саломкі альбо валіць з воўны — вельмі модны зараз кірунак.

* * *

Але нельга казаць, што ўсё зусім дрэнна. На якім бы кірмашы, дзе прадаюць вырабы народнай творчасці, я ні апынулася, заўжды назіраю хоць які попыт і на гаршкі, і на льняныя ручнікі, і на драўляны посуд, і на хатнія пантофлікі з лямцу. Да таго ж сапраўды прасунутая моладзь сёння захапляецца самаробным — хэнд-мэйд у пашане. Гэта параўнальна нядорага, якасна і карысна. Любая самаробная рэч — ці то зробленая ўласнымі рукамі, ці то набытая ў майстра — дорыць больш цеплыні і беларускасці, чым якая хочаце даражэзная і фірмовая. І наогул, чым зробленае беларускімі майстрамі — не фірмовае? Толькі тут не сусветна вядомыя брэнды, за якія дзяруць шалёныя грошы, а наша, сваё, роднае. Напрыклад, малако ў лядоўні я захоўваю ў гаршку з накрыўкай, які прывезла з Маладзечна. І ведаю, што зрабіў гэты гаршчок майстар-кераміст Алег Капуста з Івянца. Як і шыкоўную вазачку для кветак, што стаіць у мяне на кніжнай паліцы. Ёсць у мяне і яшчэ адзін гаршчок — з Віцебска. А яшчэ — тканы паясок, падораны сяброўкай Аленай, якая вучылася ў каледжы мастацтваў, навучылася ткаць і зрабіла мне такі аўтэнтычны падарунак. Чым гэта не брэнды? І нават больш каштоўныя, бо маюць не проста імя аўтара-стваральніка, але і ўласную душу.
 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Відаць, бадай у кожнай беларускай вёсцы захаваліся яшчэ жыхары, якія маюць у сваіх куфрах нешта самабытнае альбо, яшчэ лепш, самі ўмеюць ствараць нешта самабытнае....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика