У раённым цэнтры культуры адбыўся справаздачны канцэрт дзіцячай вакальнай студыі “Мікст”, якая была створана пры РЦК 13 гадоў таму і за гэты час першую школу спявальніцкага майстэрства ў ёй прайшло некалькі дзясяткаў юных несвіжан. Многія з іх потым звязалі са сцэнай сваё жыццё усур’ёз, ужо як прафесійныя работнікі культуры. Адна з такіх — і сама цяперашні кіраўнік студыі Таццяна Мароз. Яна закончыла Баранавіцкі дзяржаўны музычны каледж па спецыяльнасці “Мастацтва эстрады (спевы)”. Захоплены сваёй справай спецыяліст, Таццяна Міхайлаўна ставіцца да кожнага дзіцяці ў калектыве як да роднага, дапамагае яму паверыць у свае сілы, настроіцца на старанную працу над сабой, без якой, як вядома, няма таленту ні вялікага, ні маленькага, раскрыць тое непаўторнае, сваё, што ёсць у кожным голасе.
Думаецца, не будзе перабольшваннем сказаць, што ніхто з гледачоў справаздачнага канцэрта не пашкадаваў, што аддаў нядзельным днём паўтары гадзіны сваёй увагі пачынаючым артыстам. Іх юныя гады абсалютна не перашкаджалі ім ствараць на сцэне цікавыя, пераканаўчыя вобразы, добра спяваць і, дзякуючы ўсяму гэтаму, — браць у палон сэрцы гледачоў.
Увагу залы выдатна трымалі і артыстычныя вядучыя святочнага канцэрта — навучэнцы тэатральнага аддзялення Нясвіжскай дзіцячай школы мастацтваў Злата Астаніна і Андрэй Жук, якія “перанеслі” гледачоў на “здымкі дзіцячага тэлеканала ТВ “Мікст”. “Героямі” гэтых “здымкаў” і сталі юныя артысты, выхаванцы студыі, пераможцы раённага фестывалю “Песні юнацтва нашых бацькоў” у сваіх узроставых катэгорыях Злата Верамчук і Мілана Беза, лаўрэаты ІІ ступені раённага фестывалю “Песні юнацтва нашых бацькоў” Даша Чэкман і Вераніка Кароль, Паліна Раманій, Валерыя Прахода, Паліна Бубен, Максім Глаз, Дамініка Борыс, Аліна Туркова, Юлія Чырко, Лізавета Бурновіч, Юлія Шчарбакова, Аляксандра Паляшчук. Парадаваў гледачоў і сямейны дуэт кіраўніка студыі Таццяны Мароз і яе сястрычкі Міланы.
Асабліва кранальным момантам святочнага канцэрта стала сумеснае выступленне першага кіраўніка “Мікста” Ларысы Пархановіч, Таццяны Мароз і салістаў студыі ў харэаграфічным суправаджэнні танцавальнага калектыву “Онікс” Нясвіжскай ДШМ, пасля якога доўга не заціхалі апладысменты гледачоў.
Дарэчы, акрамя “Онікса” харэаграфічныя карціны на сцэне дапамагалі ствараць танцавальныя калектывы “Арыён” і “Вясёлка” РЦК, а таксама “Крошкі” гарадскога маладзёжнага цэнтра.
Адным словам, свята ўдалося, стаўшы па-асабліваму цікавым і непаўторным элементам у яскравым калейдаскопе культурных падзей Нясвіжчыны. Па-асабліваму — таму што стварылі яго дзеці, самыя шчырыя і самыя непаўторныя артысты, за якімі — будучыня.
Соф’я ЛЮБАНЕЦ.