Ведай свой край: Страчаная святыня. 21.by

Ведай свой край: Страчаная святыня

14.08.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Даследуючы лёс храмаў раёна ў час Першай сусветнай вайны, звярнуў увагу на адзін неверагодны факт. Па розныя бакі лініі фронту, якая падзяліла тады Смаргоншчыну папалам, трапілі святыні дзвюх асноўных хрысціянскіх канфесій. Амаль усе, за невялікім выключэннем, праваслаўныя цэрквы і капліцы трапілі ва ўсходнюю частку, а каталіцкія касцёлы і капліцы апынуліся ў заходняй частцы ад мяжы супрацьстаяння. У мінулым прыкладна па гэтай лініі пралягала мяжа паміж балцкімі і славянскімі плямёнамі, у глабальным маштабе - паміж усходнімі і заходнімі цывілізацыямі, і таму становіцца дзіўным, што фронт прыпыніўся менавіта ў гэтых мясцінах.
Светляны_Святлянская Ільінская царква_фота пачатку XX ст.jpg

Святлянская Ільінская царква (фота пачатку XX ст.).


Такім жа не меншым дзівам з’яўляецца знаходка новых звестак па гісторыі праваслаўнай царквы ў Святлянах. Усё пачалося з дасланых для вывучэння некалькіх здымкаў ваеннай пары, дзе быў адлюстраваны велічны мураваны храм. На адваротным баку фотакартак удакладнялася яго месцазнаходжанне - вёска Рыбакі. Трэба заўважыць, што геаграфічна царква знаходзіцца бліжэй да в. Рыбакі, таму ў нямецкіх крыніцах яе адносілі да гэтага населенага пункта, а не да маёнтка ці вёскі Святляны. Цяжка адразу было паверыць, што раней на месцы сённяшняга святлянскага храма Пятра і Паўла знаходзіўся такі ўнікальны архітэктурны помнік. Так пачалося даследаванне гэтага малавядомага фрагмента з яго гісторыі.

Першая грунтоўная публікацыя, прысвечаная царкве ў Светлянах, з’явілася ў “Светлым шляху” 11 ліпеня 2007 года. У матэрыяле “Храм Пятра і Паўла” Ала Страшынская ўзнавіла цікавыя старонкі з гісторыі святыні, падрабязна ўзгадала пачутыя паданні і назвала людзей, прыняўшых удзел у яго адраджэнні. Але, на жаль, яе суразмоўцамі не была закранута тэма мураванага папярэдніка сённяшняга храма. Прыйшлося звярнуцца да матэрыялаў вядомай захавальніцы мінуўшчыны нашага краю Надзеі Маркавай, якая на працягу дзесяцігоддзяў самаахвярна занатоўвала ўспаміны мясцовых старажылаў. З успамінаў жыхара в. Вайнідзеняты В. Яраша стала вядома, што “Светлянскую каменную царкву разабралі немцы ў Першую сусветную вайну для сваіх пабудоў”. Паступова, з іншых пісьмовых крыніц, пачалося ўзнаўленне даваеннай гісторыі царквы Святога Ільі ў Светлянах, менавіта гэты святы першапачаткова атуляў сваёй ласкай і быў заступнікам святлянскага храма.

Штогоднік “Обзор Виленской губернии” за 1871 год дапамог знайсці год пачатку пабудовы царквы, а асобнік гэтага выдання за 1875 год удакладніў дату заканчэння будаўніцтва новай мураванай царквы ў Святлянах Свянцянскага ўезда. Памятныя кніжкі Віленскай губерніі за гэтыя гады зафіксавалі імя святара, які кіраваў будаўніцтвам. Ім быў Дзмітрый Някрасаў, якога ў пачатку 1875 года змяніў псаломшчык Павел Вінаградаў.

Жменьку каштоўных фактаў з жыцця Святлянскай Ільінскай царквы Свянцянскага благачыння можна знайсці ў статыстычным апісанні праваслаўных прыходаў Літоўскай епархіі за 1893 год. У гэты час мясцовая царква была недастаткова забяспечана царкоўным начыннем, ёй належала 115 дзесяцін зямлі, з якіх 75 дзесяцін былі няўдобіцай. Святар жыў у шасці вярстах ад царквы ў сваім доме, у псаломшчыка царкоўны дом быў старым. Да прыходу адносіліся 100 двароў і 813 прыхаджан. Варта адзначыць, што ў 1913 годзе лік прыхаджан павялічыўся напалову і склаў 1009 вернікаў.

Да пачатку мінулага стагоддзя адносіцца першы вядомы сёння фотаздымак тагачаснай царквы. Знаходзіцца ён у даваенным альбоме, які захоўваецца ў аддзеле старадрукаў і рукапісаў бібліятэкі Акадэміі навук. З гэтага фотадакумента і пазнейшых фотаздымкаў ваеннай пары можна ўзнавіць выгляд царквы, пабудаванай у тыповым рэтраспектыўна-рускім стылі. Мела яна чатырохчастковую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складалася з трох’яруснай званніцы, прамавугольнай трапезнай, кубападобнай малітоўнай залы і апсіды. Шатровае пакрыццё званніцы і чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі. У аздабленні будынка выкарыстаны формы старажытнарускага дойлідства. Маляўнічасць знешняму выгляду святыні надавалі кілепадобныя аркі, аркатурныя фрызы, лапаткі, прафіяваныя карнізы. Цвінтар акаймаваны бутавай агароджай з брамамі: адна пры цэнтральным уваходзе, другая – з паўднёва-усходняга боку. Уяўленне пра воблік храма могуць даць падобныя па архітэктуры і ўзведзеныя адначасова цэрквы ў Турэйску і Ракавічах Лідскага ўезда, Грыгаровічах і Новым Пагосце Дзісненскага ўезда, Крайску Вілейскага ўезда, Дубіне Ашмянскага павета. Па мясцоваму паданню, Міхневіцкая царква раней была пабудавана па падобнаму плану і той самай будаўнічай арцеллю, якая потым узвяла царкву ў Святлянах.

Падчас Першай сусветнай вайны мяняецца знешні выгляд святлянскай святыні. Заўважаны значныя пашкоджанні даху малітоўнай залы, знявечана завяршэнне званніцы, тэрыторыя вакол царквы перарыта нямецкімі траншэямі і аплецена калючым дротам. Дагэтуль магутнае бетоннае ўмацаванне за могілкамі нагадвае пра маштаб пераўтварэнняў таго часу. Відавочна, што далейшыя ваенныя дзеянні зруйнавалі царкву, а будаўнічыя матэрыялы часткова выкарысталі акупанты. Па ўспамінах Фёдара Фаміча Радзько, які ў сваю чаргу пачуў гэтыя каштоўныя звесткі ад свайго бацькі, храм быў разбураны артылерыяй, рэшткі пабудовы канчаткова разабралі ў пасляваенны час. Друз і каменні ад царквы мясцовыя жыхары вывезлі за Рыбакі на Вілію, дзе ўмацавалі імі бераг ад размыву.

У міжваенні вернікі адбудавалі на ранейшым, намоленым стагоддзямі месцы новы храм з бетонных блокаў. Ведаючы, з якімі цяжкасцямі прыйшлося сутыкнуцца пры яго будаўніцтве ў тыя часы, можна ўпэўніцца ў моцным жаданні адрадзіць храм на спрадвечным месцы і ў глыбокай веры тутэйшых людзей, якая ім дапамагла ў гэтай пачэснай справе.

Уладзімір ПРЫХАЧ. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даследуючы лёс храмаў раёна ў час Першай сусветнай вайны, звярнуў увагу на адзін неверагодны факт. Па розныя бакі лініі фронту, якая падзяліла тады Смаргоншчыну...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика