На мяжы лістапада. 21.by

На мяжы лістапада

01.11.2012 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці варта пускаць у свае дамы і душы чужыя традыцыі, калі маем уласныя — спрадвечныя і зразумелыя

“Мінулай ноччу было неспакойна. Ведзьмы, прывіды, ваўкалакі і іншыя нячысцікі выйшлі на вуліцы горада, распаўзліся па начных клубах, па калідорах студэнцкіх інтэрнатаў. Маскі і касцюмы сёлета былі выкшталцоныя — адзін страшнейшы за іншы. Вясёлы жах панаваў гэтай ноччу — перад Днём Усіх Святых, ноччу, калі ўсе цёмныя сілы апаноўваюць зямлю. Усе скакалі пад гучную музыку, паўсюль гарэлі рытуальныя свяцільні, выразаныя з гарбуза... Сусветна вядомае свята Хэлоўін становіцца папулярным і ў нас. Нарэшце і беларусы пакрысе пачынаюць далучацца да сапраўднай еўрапейскай культуры...”

Прыкладна так можна было б сёння напісаць у рэпартажы аб падзеях мінулай ночы (некаторыя калегі, падазраю, менавіта так або прыкладна так і напішуць. Мяркую пра тое па мінулагодніх артыкулах і нават тэлевізійных сюжэтах). Толькі, выбачайце, працягваць я не буду. Я лепш пра іншае, больш зразумелае (прынамсі, для мяне асабіста):

“Першыя лістападаўскія дні над беларускай зямлёй, здаецца, усё паветра прасякнута светлым сумам, успамінамі і ціхай малітвай. Дзмітраўская бацькоўская субота ў праваслаўных, Дзень Усіх Святых і Задушны дзень у каталікоў — у гадавым календары ледзь не самыя значныя даты, калі прынята ўспамінаць сваіх дарагіх памерлых. Трымцяць свечкі на могілках і ў храмах, даносіцца, здаецца, да самага неба “Вечная памяць”. А ў многіх сем’ях гучыць за накрытай вячэрай: “Святыя Дзяды, просім вас, хадзіце, ляціце да нас!” Мы верым, што продкі, якія пайшлі ў нябыт, у гэтыя дні спускаюцца з прастораў Вечнасці на нашу зямлю, назіраюць за намі, мы просім у іх апекі і заступніцтва, бо з іх падтрымкай больш трывала адчуваеш сябе ў жыцці...”

Можа, хто з вас ведае, як сумясціць гэтыя два такія розныя сюжэты? Яны ж — і першы, і другі — апошнія колькі гадоў — адлюстраванне нашай рэчаіснасці. І Хэлоўін — нянаскае, чужое свята — па-гаспадарску ўварваўся ў яе з усімі сваімі гучнымі і яркімі, такімі прывабнымі для моладзі атрыбутамі. З незразумелай сімволікай, з невядомай (але ж затое з “еўрапейскай”!) гісторыяй, якую не ведаем і не імкнёмся ведаць, яно ўпэўнена ступіла на нашу зямлю “ў перыяд амерыканізацыі і глабалізацыі”, як паведамляе паважаная інтэрнэт-энцыклапедыя. Ступіла і крочыць, нахабна, па-маладому задзірыста папхнуўшы традыцыі шанавання продкаў і памяці роду, якія зберагаліся спрадвеку. Менавіта папхнуўшы, бо, як ні старайся, сумясціць несумяшчальнае нельга. Гэта свядомы выбар кожнага: або ты святкуеш кельцкі паганскі Хэлоўін, надзяваючы пачварную маску і танцуючы ў шалёных скоках, або ідзеш у царкву ці касцёл і молішся за душы сваіх памерлых, згадваеш іх цёплым словам, накрываеш рытуальную вячэру. Менавіта так — або адно, або другое. Жорсткі, катэгарычны падзел, але менавіта так, а не інакш, бо нельга адначасова адной рукой хрысціцца, а другой маляваць сімвалы цемры.

Тут можна доўга разважаць, чаму здарылася так, што чужое і па геаграфіі, і па веры, і па менталітэце свята становіцца ўсё больш папулярнае сярод моладзі, завучана гаварыць пра ролю сям’і і школы, пра страчанае пакаленне бацькоў гэтых маладых, якім напоўніцу хапіла жыццёвых ператрусаў і нястачы пачатку 1990-х, з-за чаго і пахіснуліся традыцыйныя каштоўнасці — не да іх было. Можна захоплена дыскутаваць на тэму глабалізацыі і цягі да ўсяго замежнага: маўляў, гэта сусветная тэндэнцыя, і мы як частка цывілізаванага свету нікуды ад гэтага не падзенемся. Можна з дакорам канстатаваць: адзначаем з размахам і шумам Хэлоўін, нават не ведаючы і не хочучы ведаць, што нашы Каляды — па сімволіцы, па першапачатковым сэнсе — тое самае, але зразумелае, сваё, нацыянальнае, супраць якога нават царква нічога не мае, бо так ужо ў нас склалася: народная (але не прывезеная з-за мяжы) і хрысціянская культуры заўсёды ішлі ў нас поруч. Можна прыводзіць ацэнку Хэлоўіну, якую дае праваслаўная царква: “Рытуалы, звязаныя з гэтым днём, з дзяцінства прывучаюць людзей да таго, што трэба аддаваць злу нейкую даніну, прымірацца з ім, нават супрацоўнічаць — замест таго, каб змагацца са злом і рашуча ад яго адмаўляцца”. Можна нават як выдатную аналогію прывесці легенду аб адным з сімвалаў таго ж Хэлоўіна: аказваецца, выразаны гарбуз са свечкай усярэдзіне — гэта галава хітрага фермера Джэка, які спрабаваў пагуляць з нячыстай сілай і ў выніку не патрапіў ні ў рай, ні ў пекла...  

...Можна яшчэ пра вось гэтую аналогію, якая нарадзілася неяк сама сабой, і шчыміць кожную восень, і не дае спакою. Што калі продкі, якія ў гэты час бліжэй за ўсё да нас, якія спускаюцца, каб паглядзець на нас з гонарам, клопатам, любоўю, якія пасылаюць нам сваё благаславенне, аднойчы проста не пазнаюць нас пад пачварнымі маскамі, не пачуюць нашай малітвы за гучнай музыкай і вар’яцкім смехам? З чым тады застанёмся? Што пакінем сваім дзецям?

Можна пісаць і гаварыць што заўгодна, але што зрабіць, каб сітуацыя хоць неяк змянілася? Ці трэба нешта рабіць? Можаце назваць мяне ханжой, але лічу, што трэба, прычым як найхутчэй, магчыма нават на прававым узроўні.

Бо размова тут ідзе ў рэчышчы ўжо нашмат шырэйшым і глыбейшым, чым культуралагічнае, чым захаванне нацыянальных традыцый і нацыянальнай жа самаідэнтыфікацыі. Хтосьці ў адным са шматлікіх блогаў, прысвечаных усё таму ж Хэлоўіну, напісаў: “Ідзе вайна за нашы душы”.  Занадта катэгарычна? Магчыма. Але, пагадзіцеся, падумаць ёсць пра што. І задаць самім сабе пытанне, і адказаць на яго — зноў жа самім сабе, бо гэта самае асабістае, гэта тое самае права выбару, якое як найвялікшы дар дадзенае нам Усявышнім... Інакш будзем блукаць, як той Джэк з чужой міфалогіі, — з пустым гарбузом замест ліхтара, асвятляючы гэтай цьмянай і такой ненадзейнай паходняй шлях, які нікуды не прывядзе...

Можна яшчэ доўга разважаць, спрачацца, прыводзіць аргументы. А можна больш проста і зразумела. Пайсці сёння ці заўтра ў касцёл або ў суботу ў царкву, паставіць свечкі, памаліцца за супакой душы ўсіх сваіх памерлых, нават тых далёкіх пра-пра.., якіх ніколі не ведалі. А ўвечары, сабраўшыся ўсёй сям’ёй за сталом, прамовіць, хай сабе нават не ўслых, а проста ў думках, тое, што гучала тут спрадвеку: “Святыя Дзяды, просім вас: хадзіце, ляціце да нас!” І адчуць іх нябачную прысутнасць і ўласную ўпэўненасць і трываласць, якія з’яўляюцца дзякуючы веданню, што на гэтай зямлі твая памяць, твой род, твая сям’я.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці варта пускаць у свае дамы і душы чужыя традыцыі, калі маем уласныя — спрадвечныя і зразумелыя
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика