Вільня. Два гарады ў адным. 21.by

Вільня. Два гарады ў адным

23.11.2012 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У Старым горадзе Вільні можна спыняцца на кожным кроку, каб здымаць нешта цікавае. Напрыклад, афармленне крамаў ці кафэ.

У Вільню я трапіла позна вечарам. Гэта было месяц таму, калі ўпершыню апынулася за межамі Беларусі.

Я ніяк не магла зразумець, што за гук разносіцца па горадзе, куды б я ні завярнула. Гэта аказаліся гукавыя святлафоры, якіх дастаткова шмат.

Было вельмі цікава, ці заблукаю я ў новым горадзе, таму наўмысна прыехала позна. Як аказалася, шанцаў не было ніякіх. Адразу ж каля вакзала стаяла вялікая падсвечаная карта горада з пазнакай, дзе я стаю. Спачатку я разглядала, якія віленчукі выбралі назвы: праспект Гедыміна, вуліца Жыгімонта, Вітаўта... Мусіць, асобы, якімі захапляюцца стагоддзямі, куды больш вартыя шанавання, чым безасабовыя назвы “Чыстая” ці “Бэзавая”, а таксама праслаўленне савецкага мінулага, якому няма і сотні гадоў.

Мне трэба было ісці ў Стары горад, гістарычную частку Вільні. Тую самую, па якой хадзілі адраджэнцы пачатку 20 стагоддзя, а 600 год таму –  самі Вялікія князі.
Уздоўж вуліц шмат указальнікаў, па якіх лёгка арыентавацца, куды ісці. Толькі вось ісці было зусім нязручна: брукаванка не прыстасаваная да абцасаў, у якіх звычайна ходзяць беларускі.

Вуліцы падаліся вельмі вузкімі, стала нават цікава, ці двухбаковы тут рух. Як аказалася, раз’язджацца дзвюм машынам не вельмі зручна, затое самі кіроўцы вельмі ўважлівыя. Прынамсі, колькі бачыла я, заўсёды самі прыпыняліся перад пераходам, нават калі пешаходы толькі стаялі на тратуары.

Шакаладная Аліса і заварнікі ў сцяне

У Старым горадзе я нідзе не бачыла ні шклопакетаў, ні металічных дзвярэй з дамафонам. Затое шмат старога дрэва.


Днём Вільня прынесла не менш сюрпрызаў. Дарогі ў Старым горадзе не проста брукаваныя, але часам і зусім не маюць бардзюраў. Замест бардзюраў на некаторых вуліцах выкладзенае паглыбленне, каб па ім сцякала дажджавая вада. Гэта вельмі зручна не толькі для маладых бацькоў, якія катаюць дзіця ў калясцы, але і для інвалідаў-вазочнікаў. Па той жа прычыне ў буйных крамах эскалатары не маюць прыступак, каб імі мог карыстацца любы чалавек.

Людзі ў Вільні апранаюцца зручна і проста, але цікава. І абутак носяць без абцасаў. Часта сустракала нейкія незвычайныя ўпрыгожванні на жанчынах, яркія шалікі, шапкі ў выглядзе мішак ці сабачак на дарослых мужчынах.

Пры такой прастаце ў адзенні людзей сам Стары горад выглядае кантрастна. Ён стварае ўражанне, нібы ў ім пастаянна здымаюць фільм. Няма ніводнай кавярні ці крамы, якая не мела хаця б нейкай дызайнерскай дэталі. І тут у ход ідзе што заўгодна: аканіцы, роспіс, вінілавыя пласцінкі, малюнкі і нават фарфоравыя заварнікі ў сцяне. У адной кандытарскай краме ўсю вітрыну займала шакаладная аплікацыя “Аліса ў краіне цудаў” – усё шакаладнае.

Аканіцы ў цэнтры горада

Амаль усе дамы двух-трохпавярховыя. На першых паверхах з боку вуліцы – крамы, банкі ці іншыя ўстановы. Двары пераважна квадратныя і невялікія, часта ўпрыгожаныя зеленню, хаця б вазонамі.

Я нідзе не сустрэла металічных дзвярэй з дамафонамі. Многія дзверы нібы з сярэднявечча – вельмі старыя і нават разныя. Здаецца, што тут нікому не хочацца, каб ва ўсіх былі аднолькавыя шклопакеты. Што тут наадварот імкнуцца захаваць старыя шыбы і нават аканіцы.

Я не бачыла дворнікаў, якія падмяталі б смецце, толькі як замянялі пакет у сметніцы. А апалае лісце наогул нікога не хвалюе. Калі яго і зграбаюць, то толькі з тратуараў на зялёную зону.

Як мне хацелі разбіць фотаапарат

Праўда, калі выйсці са Старога горада ў новую частку, карціна мяняецца. Такое ўражанне, нібы гэта абсалютна іншы горад ці нават час. Ці быццам у Старым горадзе нейкае вечнае еўрапейскае свята, а ў новым – звычайныя савецкія будні. Нават дамы зусім такія самыя, як шматпавярхоўкі 80-х. Толькі што балконы не застаўленыя рознымі рэчамі. І пандусы я шмат дзе бачыла.

Мясцовыя жыхары пагаджаліся з гэтай маёй заўвагай. Тым больш, што гэта розніца адчувалася на саміх людзях. Калі ў Старым горадзе мне ўсе усміхаліся, шчыра пазіравалі, то ў новым нават пагражалі разбіць фотаапарат.

А здарылася гэта так. Я пайшла на сельскагаспадарчы рынак, які месціцца каля крамы “Норфа”. Пафатаграфавала людзей, прадукты, цэны. Сабралася далей ісці, і тут да мяне падбягае нейкая жанчына і пачынае нешта крычаць па-літоўску. Літоўскай мовы я не разумею, таму тлумачу ёй па-руску, каб пераклала. Яна пачынае ўскрыкваць, што ж гэта я там сабе фатаграфавала. Разумеючы, што я ніяк не рэагую, выдала:

– Вы што, не разумееце, зараз да вас мужчыны падыдуць і фотаапарат разаб’юць, я паклічу іх! Чаго здымаць! Вы што, не ведаеце, што хутка парламенцкія выбары?
Калі я патлумачыла, што наогул з Беларусі і цікавіць мяне выключна сельгаспрадукцыя, жанчына супакоілася і пайшла.

І ў Еўропе дураць

Тым не менш, мяне ўсюды пакарала прыязнасць прадаўцоў. Але сапраўды прыемна стала ў абменніку, таму што кліентаў запрашаюць сесці і падчас чакання чаргі, і падчас правядзення аперацыі. Тое самае, напрыклад, і ў міжнародных касах на чыгуначным вакзале.

Але не трэба думаць, што калі гэта Еўропа, то там не будуць дурыць. Мяне, напрыклад, абдурыў таксіст, які запрасіў за паездку па горадзе 30 літаў (амаль 100 тысяч рублёў). Аказваецца, таксі лепш выклікаць па тэлефоне, тады паездка абыдзецца каля 10-15 літ (30-40 тысяч). У той жа час таксісты могуць быць добрымі дарадцамі, якія дапамогуць знайсці пэўнае месца ці краму.

Зразумець літоўскую мову беларусу з першага разу здаецца немагчымым. Менавіта яе я пастаянна чула ў Вільні. Часта чула рускую мову, але гэтыя людзі былі ці з Расіі, ці з Беларусі. Літоўцы са мной загаворвалі па-літоўску, а ўжо потым па-руску, калі яе разумелі, і некалькі разоў – па-англійску, бо рускую яны не разумелі. Нават давялося пачуць беларускую мову, гэта пісьменніца Валярына Кустава размаўляла з сябрамі.

Шокам для мяне стала, калі я ўпершыню ў Вільні пачула мацюкі. Уявіце, людзі гавораць між сабой па-літоўску, на незразумелай мне мове, і тут рэзка  гучыць руская лаянка.

Пазней мне літоўцы патлумачылі, што тыя, хто па-руску не гаворыць, рускую лаянку не разумеюць як лаянку і часам нават не разумеюць, што гэтыя выразы значаць. Яны выказваюць гэтымі словамі проста эмоцыі: здзіўленне, радасць, часта адаптуючы выразы да сваёй мовы.

Кавярні

Самае смачная страва, якую я пакаштавала ў Вільні – гэта лайт латэ, якую падаюць у некаторых кавярнях.


Вільня можа паказаць беларусу безліч месцаў – вежу Гедыміна, Базыліянскія муры, Нацыянальны мастацкі музей. Можна проста гуляць па горадзе і заўсёды знойдзецца тое, што будзе здзіўляць.

Галодным у Вільні застацца надзвычай цяжка: уздоўж дарогі  стаіць шмат невялікіх ларочкаў, у якіх можна набыць не толькі што перакусіць, але і гарачую каву ці гарбату.

Але сапраўдную цеплыню горада я адчула вечарам, калі на вуліцы шмат музыкаў, што спяваюць ці іграюць, людзі гуляюць, сядзяць у кавярнях, размаўляюць і п’юць вельмі смачную каву.





Зоя ХРУЦКАЯ.

ФотаЗоі ХРУЦКАЙ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Вільню я трапіла позна вечарам. Гэта было месяц таму, калі ўпершыню апынулася за межамі Беларусі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика