Актыўнасць, мэтанакіраванасць і ўпэўненасць у сабе Івана Цымбаліста сведчыць пра тое, што маладым усюды ў нас дарога.
Іван вучыцца ў 10 “Б” класе сярэдняй школы № 3 г. Століна. Ён ва ўстанове і па-за яе сценамі — актывіст, валанцёр, спартсмен, добры вучань і шчыры сябра. Малады чалавек не звык сумаваць і жаліцца на недахоп часу на тое, каб падрыхтаваць дамашняе заданне, дадаткова пазаймацца ці вывучыць пэўную тэму. Ён упэўнены, што здольны правільна яго размяркоўваць, каб рацыянальна выкарыстоўваць і ўсё паспяваць.
Іван цікавіцца матэматыкай, фізікай і гісторыяй. Даспадобы яму заняткі фізічнай культурай. Дадаткова займаецца ў ДЮСШ на базе ФСК “Аквамарын” баскетболам пад кіраўніцтвам Рамана Аляксандравіча Ляшука. Для маладога чалавека Раман Аляксандравіч з’яўляецца прыкладам для пераймання. Яму імпануе тое, што яго трэнер добры і настойлівы, патрабавальны. Гэта і спрыяе таму, што можна назіраць пэўныя вынікі работы: інтэнсіўныя трэніроўкі і фізічныя нагрузкі з’яўляюцца першай прыступкай на шляху да поспеху і загартаванасці характару. А гэта вельмі важна для чалавека, які ўмее ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх, лічыць Іван.
У шосты школьны дзень Іван наведвае школьныя факультатывы, займаецца ў інтэлектуальным гуртку. Ён з’яўляецца членам ГА “БРСМ”, таму ўдзельнічае ў валанцёрскім руху і з задавальненнем далучаецца да разнастайных акцый, спаборніцтваў, конкурсаў і інш. Каб крышачку адпачыць, аддае перавагу камп’ютарным гульням.
Вельмі ўдзячны свайму першаму настаўніку пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 г. Століна Галіне Міхайлаўне Найдзінай, якая пакінула незабыўны след у яго памяці і дала трывалыя веды. Падабаюцца вучню прафесійныя і асабістыя якасці настаўніка матэматыкі Марыі Анатольеўны Лысюк, настаўніка беларускай мовы і літаратуры Людмілы Міхайлаўны Еська і настаўніка фізікі Ігара Іванавіча Бухавецкага.
Яшчэ малады чалавек наведвае міжшкольны факультатыў па фізіцы. Падабаецца Івану абмяркоўваць тэмы экалогіі і энергазберажэння, эканоміі з пункту гледжання навукі, але калі яшчэ і правесці эксперымент, дык тады дакладна можна прыйсці да высновы і даказаць іншым сваю гіпотэзу. Кожны з нас павінен рабіць усё магчымае, каб нашы дзеянні не прыносілі шкоду экалогіі, дапамагалі эканоміць. Гэта мы ведаем з дзяцінства, але што для гэтага трэба зрабіць. Вось вучань 10 “Б” класа разам з настаўнікам Кірылам Васільевічам Мясніковым паспрабавалі адказаць на гэтае пытанне.
Іван Цымбаліст стаў удзельнікам навукова-практычнай канферэнцыі і заняў першае месца ў раёне. Ён узнагароджаны дыпломам першай ступені.
– Праўда, вельмі хваляваўся, калі адстойваў права на існаванне праекта экалагічнай скіраванасці, — прызнаецца малады чалавек. — Але да гэтага часу лічу, што тэма тэрмавыпарэння даволі актуальная ў наш час. Перад удзельнікамі канферэнцыі стаяла задача даказаць членам журы, што іх даследаванне выканана на дастатковым навуковым узроўні, прывесці свае доказы, расказаць пра спосабы прымянення і г. д. Самым цяжкім для мяне стала абарона, калі давялося адказваць на пытанні журы. Прадстаўнік Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта прапанаваў новую ідэю наконт агучанага мною праекта, але ж я змог адстаяць свой пункт гледжання.
З задавальненнем удзельнічаў і ў энергамарафоне, які праводзіцца ў раёне не першы год.
Міжрэгіянальны этап конкурсу “100 ідэй для Беларусі” прайшоў на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яго ўдзельнікі закраналі розныя сферы жыццядзейнасці грамадства: эканоміку, інтэрнэт-тэхналогіі, экалогію, энергазберажэнне, адукацыю, здаровы лад жыцця і інш. Іван Цымбаліст выступіў з праектам здабычы электраэнергіі экалагічна чыстым спосабам, што зацікавіла ўдзельнікаў мерапрыемства.
Праект “Энергия вентиляционных шахт отопительных котлов” Іван Цымбаліст пад кіраўніцтвам Кірылы Мяснікова прэзентаваў у час правядзення ў г. Брэсце моладзевага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
– Мы вырашылі ўстанавіць ветрагенератар на вентыляцыйную шахту катлоў ацяплення ў шматпавярховых дамах і атрымаць экалагічна чыстую электраэнергію, якая можа быць выкарыстана для абслугоўвання будынка ці трапляць у электрасеткі, – расказвае малады чалавек. – Наша сістэма энергаэфектыўная і дазваляе атрымаць значную эканомію сродкаў за кошт эканоміі электраэнергіі. Гэта вельмі цікава і актуальна.
Удзел у даследчай дзейнасці, пошук новых ідэй, паглыбленне ў сутнасць розных цікавых тэм, падтрымка акцый, насычанае штодзённае школьнае жыццё не даюць Івану стаяць на месцы. Ён увесь час імкнецца наперад, не саступаючы ні на адну прыступку ў адваротным кірунку. Яго мэта – паступіць у навучальную ўстанову сілавой скіраванасці. І малады чалавек ідзе да яе рэалізацыі вывераным шляхам.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара