З БІЯГРАФІІ
Алена Ільінічна АНЦУХ нарадзілася ў 1938 годзе ў вёсцы Крынкі Карэліцкага раёна.
З 1956 года працавала ў калгасе імя У. З. Царука паляводам, звеннявой ільнаводчага звяна, брыгадзірам.
Завочна закончыла Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум.
За поспехі ў працы ўзнагароджана ордэнамі Леніна і «Знак Пашаны».
Ганаровая грамадзянка Карэліцкага раёна.
Жыве ў вёсцы Скорычы Ярэміцкага сельсавета.
ЗЯМЛЯ
Вясна ў поўным разгары. Для селяніна, які ўсё жыццё прысвяціў зямлі, яна была і засталася асновай з асноў.
— Зямля — наша карміцелька, — гаворыць Алена Ільінічна і дадае, што ў тыя далёкія гады, хто меў шмат зямлі, лічыўся багатым чалавекам, а хто вузкі шнурок — бедным.
Жанчына скіроўвае свой позірк на дагледжаны кавалак зямлі непадалёку ля сваёй хаты і тлумачыць, што тут садзіць бульбу. Падчас нашага прыезду займалася нарыхтоўкай будучага насення, і бульбачка ў кашах была падабрана адна да адной.
Цану сялянскай працы Алена Ільінічна ведае добра. Усё жыццё ў клопатах — працавала ў калгасе і дома. Стомы ў маладосці не адчувала, хацелася абняць неабдымнае, усюды своечасова паспець і ўсё зрабіць. «Птушкай лятала і меркавала, што так будзе заўсёды,» — прызнаецца жанчына.
ПРАЦА
З малых гадоў дзяўчынка была прывучана да працы. Разам з маці хадзіла ў поле, на якім шчыравалі вясковыя жанчыны. Пазней яно стане для працаўніцы родным, і Алена прысвеціць яму сваё жыццё.
— Лён — старадаўняя культура, — гаворыць Алена Ільінічна. — Вяскоўцы стараліся атрымаць добры даўгунец. Пралі, ткалі, шылі адзенне, мелі семя для харчавання.
Свой працоўны шлях пачала ў 1956 годзе ў калгасе імя У. З. Царука спачатку паляводам, а пазней — звеннявой ільнаводчага звяна. Звяно, якое ўзначальвала Алена Ільінічна, нязменна дабівалася самых лепшых паказчыкаў па ўраджайнасці валакна і льнасемені. У 1975 годзе яно атрымлівала з кожнага гектара пасеваў па 8 цэнтнераў валакна і па 5,5 цэнтнера льнасемені. За поспехі ў працы ўзнагароджана ордэнамі Леніна і «Знак Пашаны».
Па меркаванні славутай ільнаводкі, у поспеху была не толькі яе заслуга: шмат вяскоўцаў шчыравала на льняным палетку. Прадукцыю здававалі на льнозавод высокім гатункам.
— На ўсю зіму хапала лёну, — успамінае жанчына. — У гумне ляжаў, яго трапалі і сарціравалі, а затым апрацаваны і чысценькі накіроўвалі на Мірскі пункт прыёмкі. Ад зробленага на душы было лёгка, а любімая справа была сэнсам жыцця.
ЖЫЦЦЁ
Для Алены Ільінічны Анцух жыццё раскрывалася ва ўсёй паўнаце, яно шчодра адорвала сваімі падарункамі, і гэта дзякуючы нястомнай працы. Памяць да драбніц захавала цікавыя падзеі далёкага часу, калі была ўдзельніцай ВДНГ у Маскве, калі абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР… І не менш важныя падзеі штодзённага жыцця: дванаццаць гадоў працы брыгадзірам. На веласіпедзе аб’язджала ўсе палеткі, каб на свае вочы пераканацца, што ўсё ў парадку.
Памяць захавала і цёплыя ўспаміны пра спадарожніка жыцця, мужа Мікалая, які быў надзейнай апорай і падтрымкай у жыцці, пра яго бацькоў, з якімі пражылі пад адным дахам дома чвэрць стагоддзя. І, вядома, у сэрцы сёння існуе любоў да дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія з’яўляюцца прадаўжальнікамі роду.
Алена Ільінічна жыве ў вёсцы Скорычы Ярэміцкага сельсавета. Зараз вёска далёка не тая, якой была ў гады маладосці. Жанчына імкнецца не сумаваць, дапамагаюць у гэтым размовы па тэлефоне. Дарэчы, тэлефон правялі ёй першай у вёсцы, калі выбралі дэпутатам, і ўсе гэтыя доўгія гады тэлефонная сувязь служыць бездакорна. Раней дапамагала вырашаць як народны абраннік злабадзённыя пытанні выбаршчыкаў, зараз падтрымлівае сувязь са знешнім светам, роднымі, сябрамі.
«Людзі працы — фундамент раёна», — сказала ордэнаносца на развітанне і падзякавала журналістам раёнкі за візіт.
Сёлета Алена Ільінічна адзначае свой чарговы юбілей. Хочацца пажадаць, каб яшчэ шмат гадоў доўжыўся яе век і каб квітнеў на палях Карэліччыны сіні лён…