З колішняга жыцця дзяцей на Палессі
01.06.2018 14:44
—
Разное
|
Першы дзень каляндарнага лета адзначаны, як Міжнародны дзень абароны дзяцей. Ён быў абвешчаны на Сусветнай канферэнцыяй дабрабыту дзяцей ў 1925 годзе, а затым яго ўстанавілі паўсюдна ў 1954 годзе. Гэта добрая нагода, каб узгадаць некалькі асноўных момантаў з жыцця дзяцей ў “краіне багнаў”. Пра нараджальнасць і смяротнасцьКалі ўвосень 1934 года Пінскае Палессе ў ходзе навуковай экспедыцыі па ўсходзе тагачаснай Польшчы наведала сусветна вядомая амерыканская даследчыца Луіза Арнер Бойд, то яна адзначыла высокую нараджальнасць дзяцей у тутэйшых сёлах. У 1930-я гады ў Польшчы назіраўся найбольшы прырост насельніцтва чым у якой-небудзь іншай краіне Заходняй Еўропы, а на Палессі – самы высокі прырост насельніцтва сярод польскіх правінцый. Кудрычы, Пінскі павет, 1934 год. Луіза Арнер Бойд“Большасць вясковых дзяцей – босыя, бедна адзетыя і мурзатыя, але ўсе выглядаюць здаровымі і шчаслівымі. Немаўлят гушкаюць у кошыках з бярозавых галін, якія служаць калыскамі і падвешваюцца пад столь хаты. Маленькія лодкі, якімі кіруюць старэйшыя браты і сёстры, служаць сродкам руху для гэтых дзяцей, якія растуць на волі самі па сабе. Практычна кожнае дзіця з’яўляецца нянькай для малодшага за сябе. Гэтыя будучыя рыбакі і жанчыны-гаспадыні так ўпэўнена кіруюць сваім “караблём”, як быццам, дома, на сушы”, – занатавала легендарная амерыканка. Разам з нараджальнасцю, даследчыца звярнула ўвагу на дзіцячую смяротнасць. Нажаль гэты факт быў не выключэннем, а паўсюднай рэальнасцю. Медыцына толькі развівалася ў краі, нават у Пінску была дасяжнай не для ўсіх, а што ж казаць пра вёскі. Нараджалі ў цяжкіх умовах і выжываў мацнейшы – натуральны адбор. Юныя рыбакі, 1934 год. Луіза Арнер БойдНабірае моц асветаЗ сярэдзіны ХІХ стагоддзя на Піншчыне паўстае сетка навучальных устаноў. У Пінску пачала працаваць гімназія. Будынак спраектаваў архітэктар, удзельнік вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў Казімір Скірмунт. У буйных сёлах адкрываюцца народныя вучылішчы. Напрыклад станам на 1887 год у Пінкавіцкім народным вучылішчы было тры аддзяленні: малодшае, сярэдняе і старэйшае. Ва ўсіх аддзяленнях налічвалася 30 хлопчыкаў і адна дзяўчынка, дачка святара. На ўтрыманне вучылішча выдаткоўвалася: 175 рублёў з дзяржаўнага бюджэту і 95 рублёў ад тутэйшых сялян. У 1904-1906 гадах у Пінкавічах выкладаў Якуб Колас. “Да нядаўняга часу ва ўсім рэгіёне перабольшвала непісьменнасць. З таго моманту, калі край увайшоў у склад Польшчы, адукацыя стала абавязковай, і ў гэтым балотным краі былі адчынены школы. Часам дзеці вымушаны хадзіць у школу за некалькі кіламетраў, і іх неадукаваныя бацькі не падтрымліваюць намераў улады”, – заўважыла Луіза Арнер Бойд. Бацькі-палешукі не тое, каб былі супраць навукі з нейкіх прынцыпаў, не, ўсё прасцей. Яны бачылі ў дзецях перш за ўсё дапамогу ў працы. Дарэчы, менавіта гэта асноўны чыннік высокай нараджальнасці – чым нас больш, тым болей зможам зрабіць. Як бы дарослыя не супрацьстаялі, але асвета прасоўвалася па Палессі. Для арганізацыі дзяцей ствараліся грамадскія аб’яднанні. Так у 25 паселішчах Пінскага павета напачатку 1930-х гадоў дзейнічалі Гутркі вясковай моладзі, якія аб’ядноўвалі 671 чалавек. Як сведчаць гістарычныя дакументы, самая вялікая суполка была ў Дабраслаўцы – 90 юнакоў. Дзейнічала і Таварыства падтрымання будаўніцтва пачатковых школ у Пінскім павеце. На Піншчыне гэтае аб’яднанне было прадстаўлена 132 аддзяленнямі і 3079 чальцамі. Палескія хлапцы, 1934 год. Луіза Арнер БойдЯк па народнаму абаранялі жыццё дзяцейУжо казалася, што медыцынскай дапамогі бракавала, таму палешукі звярталіся да вышэйшых сіл і важнае месца займалі прыкметы. “Пакуль не міне дзіцяці год, нельга казаць на яго: жаба, інакш будзе гарбаты. Нельга цалаваць яго ў вусны, пакуль не міне яму год, інакш доўга не будзе гаварыць. Калі спіць дзіця, нельга ставіць пад калыску ваду, інакш не будзе спаць...” – запісаў у сярэдзіне 1870-х гадоў святар Пінскай епархіі Дзмітрый Булгакоўскі. Тым не менш, бяда прыходзіла ў палескія хаты, смерць адбірала самае галоўнае ў бацькоў. На гэты выпадак таксама было некалькі абрадаў: “Пры пахаванні першага дзіцяці, маці не ходзіць на могілкі, каб прырваць смерць будучых дзяцей. Калі паміраюць дзеці, то бабка (павітуха – аўт.), якая адна пастаянна прымае дзяцей, павінна замкнуць замак, і пакласці ў труну памерлага дзіця пад спіну; а ключ кінуць у калодзеж; з гэтага часу якое народжаныя дзеці не будуць паміраць. Калі хтосьці сурочыць дзіцё, то трэба “адпарыць” наступным чынам: варта прынесці вады з калодзежа вечарам і колькі набярэш ў посуд, ня трэба адліваць назад, а наліць у гаршчок і даць тры разы закіпець; затым ўзяць міску, паставіць пад калыску, і вакол яе пакласці: ключ, грабянец, шчотку, нож і тры верацяна; потым міскай перавярнуць гаршчок з кіпячонай вадою і так пакінуць на цэлую ноч”. Ад тых часоў мінула не адное дзесяцігоддзе. Шмат змянілася, як і роля дзіцяці ў грамадстве, ведаем пра правы і абавязкі дарослых. Нязменным на стагоддзі застанецца тое, што дзеці з’яўляюцца найвялікшым скарбам, як прадаўжальнікі жыцця, нашага роду. Малыя так ўпэўнена кіруюць сваім “караблём”, 1934 год. Луіза Арнер БойдЧтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Першы дзень каляндарнага лета адзначаны, як Міжнародны дзень абароны дзяцей. Ён быў абвешчаны на Сусветнай канферэнцыяй дабрабыту дзяцей ў 1925 годзе, а затым яго... |
|