Золата іх сумеснага жыцця. 21.by

Золата іх сумеснага жыцця

22.09.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Залатое вяселле, безумоўна, значная падзея ў жыцці кожнай сямейнай пары. Пра саюз Раісы Васільеўны і Васіля Стахіевіча Нагараў пачула ў ліпені на свяце горада, калі ўшаноўваліся юбіляры сумеснага жыцця 2018 года. Адразу ўзнікла думка расказаць на старонках раённай газеты пра тое, на чым трымаецца даўгавечнасць сям’і, пра ролю жыццёвай мудрасці мужа і жонкі, пра залатыя саюзы як прыклады для пераймання маладымі.

Учора споўнілася паўста-годдзя, як Раіса і Васіль крочаць побач. Дажджлівым вераснёўскім днём 1968 года дарогі дзяўчыны-жабінкаўчанкі і хлопца-столінца сышліся ў адну. Нягледзячы на працяглы час, пражыты разам, яны здолелі зберагчы каханне і вернасць адзін другому.
Нагары ахвотна прыгадалі ў размове са мной свае пражытыя гады. Раіса нараджэнка жабінкаўскай зямлі. Пасля вучобы ў школе (скончыла гарадскую дзесяцігодку) атрымала спецыяльнасць бухгалтара на дзесяцімесячных курсах у Баранавічах, крыху працавала на цукровым заводзе, а ў 1965 годзе перайшла рахункаводам на камбікормавы. З гадамі набываўся вопыт, узрастала яе прафесійнае майстэрства. Гэта заўважала кіраўніцтва прадпрыемства і жанчыне прапаноўваліся больш адказныя ўчасткі работы: была бухгалтарам па налічэнні заробку, працавала ў аддзеле збыту прадукцыі… Словам, уся працоўная дзейнасць звязана з прадпрыемствам, на якім выпускаўся камбікорм. Адсюль яна выйшла на заслужаны адпачынак і задаволена, што менавіта тут згадзілася яе прафесійная здольнасць, у асяродку людзей сумленных, шчырых, руплівых, аддадзеных сваёй справе.
Калі Раіса Васільеўна была верная, можна сказаць, аднаму калектыву, то яе муж Васіль Стахіевіч працаваў у многіх арганізацыях. Мужчына ж здабытчык для сям’і. Першым месцам яго работы быў цукровы завод, які толькі-толькі пачаў выпускаць салодкую прадукцыю. Васіля Нагара не задавальняла праца абпальшчыка газавай печы, і ён перайшоў у ДЭУ-103 машыністам экскаватара. А калі пачалося будаўніцтва нафтаправода ля Жабінкі, знайшоў тут сабе працу па спецыяльнасці. Па завяршэнні работ на нафтаправодзе зноў вярнуўся ў дарожную арганізацыю Жабінкі, а пазней прадоўжыў пісаць сваю біяграфію ў калектывах будаўнікоў. Праўда, зноў жа машыністам экскаватара. Да 70-ці гадоў Васіль Стахіевіч рупіўся на карысць сваёй сям’і, людзей і дзеля росквіту Радзімы.
РАЗАМ з юбілярамі мы распавялі пра адну сцяжынку іх сумеснай дарогі. Спыніліся на іншых. Пазнаёміліся маладыя людзі на танцах у клубе цукровага завода (як заўважыла Раіса Васільеўна тады хлопцы і дзяўчаты часцей збіраліся менавіта ў гэтай культурнай установе). Не думалі яны, што гэтае знаёмства атрымае свой працяг і перарасце ў сапраўднае пачуццё. Праз паўтара года рамантычных адносін узялі шлюб, згулялі вяселле, на якое запрасілі родных і блізкіх людзей.
Вось так узнікла новая сям’я Нагараў. Жыць маладыя пачалі з бацькамі Раісы, але й пра ўласны дом думалі: узялі зямельны ўчастак і распачалі будаўніцтва, якое праз розныя прычыны доўжылася паўтара дзясятка гадоў. Гаспадары падчас гутаркі заўважылі, што асноўная, відаць, у тым, што — было дзе жыць. Бацькі Раісы неўзабаве сышлі ў іншы свет, так што гаспадарыла на падворку маладая сям’я.
БЫЦЬ ШЧАСЛІВЫМІ ў дзень уступлення ў шлюб — заканамерна, а вось адчуваць сябе такімі праз паўстагоддзя сумеснага жыцця могуць далёка не ўсе, хто сустракае такі юбілей. Нагары па-ранейшаму жыццярадасныя, па-сапраўднаму шчаслівыя. Золатам іх сумеснага жыцця з’яўляюцца трое сыноў, дачка і сямёра ўнукаў. Старэйшы з дзяцей Аляксандр працуе на цукровым заводзе аператарам на фасовачнай машыне. Разам з жонкай Алёнай гадуюць траіх дзяцей: Настасся — студэнтка чацвёртага курса ўніверсітэта імя Максіма Танка, Сашка і Ванюшка — вучацца ў школе.
Дачка Наталля ў свой час закончыла Мінскі інстытут народнай гаспадаркі, працуе ў Жабінкаўскай спецшколе-інтэрнаце, мае сына Юру, які працуе ў сталіцы.
Наступны з дзяцей Нагараў Сяргей рупіцца на ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” сталяром-станочнікам, а яго жонка — у Брэсце на “Санце”.
Самы малодшы Васіль працуе начальнікам электралабараторыі Жабінкаўскай ЖКГ, мае шматдзетную сям’ю, у якой гадуецца трое дзетак: Дашка і Андрэйка вучацца ў школе, а Ульянцы сёлета споўніцца годзік.
Словам, ва ўсіх з роду Нагараў жыццё ладзіцца. Раіса Васільеўна і Васіль Стахіевіч заўсёды стараліся дапамагчы адзін аднаму стаць лепшымі, больш шчаслівымі ў гэтым свеце, да чаго прывучалі і сваіх дзяцей. Ганарацца, што выхавалі добрых, працавітых людзей. Ніводзін з іх ніколі не сядзіць без справы: адны шчыруюць на агародзе, іншыя захапляюцца рыбалкай, народна-прыкладной творчасцю… Дарэчы, сыны разам з татам змайстравалі трактар, вельмі патрэбны ў гаспадарцы.
Паважаюць Раісу і Васіля суседзі, сябры і знаёмыя. А пра родных і гаворкі няма. Хіба можна знайсці дзе лепшых дзядулю з бабуляй!? Гэта яны заўсёды атуляць унукаў сваёй цеплынёй і пяшчотай, хвалююцца і перажываюць, калі тыя захварэлі, вучаць іх жыццёвай мудрасці, радуюцца поспехам.
На пытанне “На чым трымаецца даўгавечнасць сям’і?” суразмоўцы адказалі: “Ясная справа, што за столькі гадоў шмат чаго было ў нашым сямейным жыцці: і спрачаліся, і сварыліся, і крыўдавалі. Але мы ўмелі саступаць адзін аднаму, даравалі і забывалі ўсе крыўды. Разумелі, што трэба жыць для сям’і для дзяцей. Каб не было сорамна”.
“Галоўнае ў сямейных дабрабыце, каб муж і жонка паважалі адзін аднаго. Хтосьці павінен час ад часу ўступаць, бо ў жыцці ўсялякае бывае. Каб пражыць яго добра, трэба праявіць мудрасць і павагу да сваёй палавінкі, ніколі не здраджваць адзін другому”, — зазначыў Васіль Стахіевіч.
Вось так жывуць нашы залатыя юбіляры. Усё дзеляць напалам: і шчасце, і боль, і кожны сумесна пражыты дзень. Задумваюцца пра тое, што залатое вяселле — сапраўды падзея асаблівая і важная. Бо прайшлі ж разам пяць дзясяткаў гадоў, напоўненых не толькі радасцямі і поспехамі, але і цяжкасцямі. Усё пераадолелі, слаўных выгадавалі дзяцей, маюць уласны дом, у нашчадкаў сваё жыллё. Гэта і ёсць звычайнае чалавечае шчасце.
Людміла КОСЦІНА.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Залатое вяселле, безумоўна, значная падзея ў жыцці кожнай сямейнай пары. Пра саюз Раісы Васільеўны і Васіля Стахіевіча Нагараў пачула ў ліпені на свяце горада, калі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика