Крэда настаўніка: жыць, тварыць, вучыць!. 21.by

Крэда настаўніка: жыць, тварыць, вучыць!

16.10.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У першую нядзелю кастрычніка адзначаецца адметнае свята — Дзень настаўніка. Яно прыпадае на час, калі стракатым дываном квітнеюць навокал познія кветкі, ціха падаюць на зямлю пазалочаныя восенню лісты. Здаецца, сама прырода разам з намі аддае даніну пашаны людзям вельмі важнай, мірнай прафесіі, якія вядуць сваіх вучняў па Краіне ведаў, выхоўваюць іх сапраўднымі патрыётамі любай Беларусі. Справядліва лічаць, што той,  хто працуе ў сучаснай школе, адказны за нашу будучыню. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Прыемна было бачыць знаёмыя твары педагогаў Нарачанскага краю на традыцыйнай сустрэчы, прысвечанай Дню настаўніка, якая адбылася ў Мядзельскім раённым Цэнтры культуры. На яе сабраліся лепшыя прадстаўнікі сферы адукацыі раёна — сапраўдныя энтузіясты сваёй справы, якія цяпло сэрцаў аддаюць дзецям, для якіх праца ў школе — творчасць і жыццёвае прызванне.
Напачатку мерапрыемства да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Іна Іванаўна павіншавала ўсіх, хто знаходзіўся ў зале, з прафесійным святам. “Праца ваша складаная, цяжкая, аднак у вас столькі мудрасці, цяпла, вытрымкі, цярпення, што хопіць на чалавецтва”, — падкрэсліла прамоўца. Яна пажадала настаўніцкаму корпусу здароўя, дабрабыту, таленавітых і ўдзячных вучняў. Выканала і прыемную місію: уручыла ўзнагароды асобным “сейбітам” педагагічнай нівы. Падзяку старшыні райвыканкама за выніковую работу з адоранымі вучнямі атрымалі настаўнікі: англійскай мовы гімназіі-інтэрната г. Мядзела Лідзія Анішкевіч і матэматыкі Нарацкай СШ №2 Сяргей Баброўка, а Ганаровай граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь удастоена настаўнік матэматыкі гімназіі-інтэрната г. Мядзела Таццяна Казельская. Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама заахвочаны добрасумленная плённая праца ў сістэме адукацыі, высокі прафесіяналізм намесніка дырэктара Нарацкай СШ №2 Галіны Амельяновіч і настаўніка фізічнай культуры Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі Валерыя Хацяновіча. Падзяку начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама атрымалі выхавальнік дашкольнай адукацыі Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа Надзея Маркевіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры Свірскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа Алена Мілаш і музычны кіраўнік Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці к. п. Нарач Марына Януковіч.

Са шчырымі вітальнымі словамі звярнулася да прысутных начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Ефімава. Таццяна Генадзьеўна падкрэсліла, што на Мядзельшчыне працуюць годныя педагогі, якія ўносяць важкі ўклад у скарбонку адукацыі сталічнай вобласці. Менавіта дзякуючы ім удасканальваецца сістэма адукацыі, павышаецца якасць ведаў, што даказваюць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў. Нельга не ганарыцца поспехамі ў робататэхніцы гімназістаў, якія працуюць пад кіраўніцтвам настаўніка Вячаслава Саўчыка. Рабяты атрымалі два дыпломы першай ступені на рэспубліканскім этапе спаборніцтваў і рыхтуюцца да выступлення на міжнародным этапе ў Тайландзе. Словы ўдзячнасці адрасавала прамоўца маладым настаўнікам, якія шукаюць сябе, работнікам дашкольных устаноў, спецыяльнай адукацыі. Пажадала здароўя, цярпення, кахання і дамашняй утульнасці. “Гарыце і дзейнічайце! Вашы лепшыя вынікі яшчэ наперадзе!” — падкрэсліла Таццяна Генадзьеўна.
Пасля выступлення адбылася цырымонія ўзнагароджання. Ганаровай граматай упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама за забеспячэнне высокага ўзроўню падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання адзначана праца настаўнікаў фізікі, рускай мовы і літаратуры, біялогіі гімназіі-інтэрната г. Мядзела — Раісы Балюк, Людмілы Цяляк, Людмілы Шчалкуновай; англійскай мовы, рускай мовы і літаратуры Нарацкай СШ №2 — Леаніда Краўчонка і Ірыны Маслоўскай, гісторыі Мядзельскай СШ №1 Таццяны Лаўрынайць, беларускай мовы і літаратуры Занарацкай СШ Таццяны Мычко. Акрамя таго, была заахвочана добрасумленная творчая праца па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення настаўнікаў Нарацкай СШ №2 Яўгена Купрэвіча і Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка Рыгора Хілы, настаўніка-дэфектолага Нарацкай СШ №1 Алы Броскі, настаўнікаў Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Ніны Лагуткі і Нарацкай СШ №2 Святланы Ярашынскай, а за летнюю аздараўленчую кампанію — настаўніцы Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі Наталлі Храстал.
Павіншавала педагогаў са святам і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская. Прамоўца падкрэсліла важнасць развіцця і ўмацавання сацыяльнага партнёрства паміж адміністрацыяй устаноў адукацыі і прафсаюзнымі камітэтамі, асабліва ў пытаннях павышэння прэстыжу адукацыі, сацыяльнага статусу работнікаў галіны. Ірына Васільеўна падзякавала за сумесную працу кіраўніцтву ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, кіраўнікам устаноў адукацыі, прафсаюзным актывістам. Прывітала таксама ветэранаў, якія большую частку жыцця прысвяцілі працы ў сістэме адукацыі азёрнага краю.

Не абышлося, вядома, і без цырымоніі ўзнагароджання. Так, дыпломам Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі адзначана пярвічная прафсаюзная арганізацыя Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі (старшыня Раіса Русак) — пераможца рэспубліканскага галіновага агляду-конкурсу пярвічных прафсаюзных арганізацый па эканоміі энергарэсурсаў, сыравіны і матэрыялаў. Аналагічны дыплом атрымала і Марына Малько — старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі яслей-сада №3 г. Мядзела — пераможца галіновага этапу агульнарэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае правядзенне пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы. Ганаровай граматай абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўзнагароджаны дырэктар і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Нарацкай СШ №2 Генадзій Крыштафовіч і Сяргей Баброўка — пераможцы абласнога агляду-конкурсу па стварэнні належных бытавых умоў для работнікаў установы адукацыі. Па такой жа Ганаровай грамаце атрымалі таксама настаўнік фізічнай культуры Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі Валерый Хацяновіч — за выніковую работу па патрыятычным і фізічным выхаванні падрастаючага пакалення, метадыст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ларыса Севярын — за актыўную дзейнасць па развіцці мастацкай творчасці сярод работнікаў галіны, а дырэктар Мядзельскага ФАЦа Андрэй Русак — за выніковы ўдзел у рэспубліканскай спартакіядзе фізкультурна-спартыўнага клуба “Буравеснік”.
З вітальным словам да прысутных звярнулася таксама старшыня раённага Савета ветэранаў педагагічнай працы сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза Ядвіга Чарняўская. Асаблівыя словы падзякі Ядвіга Савельеўна адрасавала людзям залатога ўзросту, якія пранеслі праз сваё жыццё любоў да абранай прафесіі і адданасць ёй. А дзеці ўручылі ветэранам сістэмы адукацыі кветкі ў знак павагі і пашаны. Неаднаразова на працягу мерапрыемства чуліся словы: “Жывіце. Тварыце. Вучыце”. У іх, як мне здаецца, і сканцэнтраваны сэнс настаўніцкай працы — нялёгкай, але такой патрэбнай.
Традыцыйная сустрэча педагогаў азёрнага краю закончылася канцэртам, падрыхтаваным удзельнікамі творчай змены НДЦ “Зубраня”. Ён стаў цудоўным падарункам з нагоды прафесійнага свята ўсім прысутным. Вельмі цёпла сустракалі гледачы таленавітых танцораў, вакалістаў, горача апладзіравалі ім. А з роляй вядучых бліскуча справіліся настаўнік Нарацкай СШ №1 Вольга Фешчанка і дырэктар Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка Іван Нехвядовіч.
Свята закончылася. Але, думаю, надоўга застанецца ў памяці яго ўдзельнікаў, бо, не зважаючы на тое, што на дварэ — восень, у іх сэрцах была вясна.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У першую нядзелю кастрычніка адзначаецца адметнае свята — Дзень настаўніка. Яно прыпадае на час, калі стракатым дываном квітнеюць навокал познія кветкі, ціха...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика