Загадкавы Багдановіч . 21.by

Загадкавы Багдановіч

20.11.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выяўлены раней невядомы верш беларускага паэта.

Літаратуразнаўцы Беларусі і Расіі знайшлі невядомы дагэтуль верш Максіма Багдановіча на рускай мове. Ёсць пацвярджэнні, што паэт перакладаў уласны верш, але які менавіта – даследчыкам пакуль высветліць не ўдалося. Чаму ўнікальны твор апынуўся ў архівах Максіма Горкага і дзе трэба шукаць беларускі арыгінал верша – разведвала карэспандэнт «МП».

Верш быў знойдзены выпадкова – падчас падрыхтоўкі кнігі «Максім Горкі і Адам Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі». 

– Год назад у Маскве праходзіў міжнародны медыяфорум, у якім я таксама прымала ўдзел, – расказ­вае вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец. – Выступала з дакладам, прысвечаным стасункам нашага музея з установамі Расіі, нагадала пра сяброўства Багдановічаў з сям’ёй Горкага.

Прапанавала арганізаваць выставачны або выдавецкі сумесны праект, паколькі сёлета святкуецца 150-годдзе з дня нараджэння расійскага пісьменніка. Тым больш што ў фондах нашага музея захоўваецца шмат матэрыялаў, звязаных з Максімам Горкім. Гэта ўспаміны Адама Багдановіча, бацькі Максіма, чарнавікі яго лістоў да Горкага, фотаздымкі.
Ідэю падтрымаў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, і супрацоўнікі Інстытута сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча пачалі рыхтаваць да выдання кнігу «Максім Горкі і Адам Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі». Падчас падрыхтоўкі выдання Дар’я Маскоўская, намеснік дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук, і знайшла рукапісны сшытак пераклáдаў вершаў на рускую мову Максіма Багдановіча. 

– Сшытак невялікі, на тытульнай старонцы зверху надпіс «Максім Багдановіч». Усяго ў зборнічак уваходзяць 8 перакладаў уласных вершаў паэта на рускую мову. Аўтар сам адзначыў на адной са старонак: «Перевод с белорусского». Сем вершаў нам вядомы, яны нават надрукаваны ў першым поўным Зборы твораў Максіма Багдановіча, – тлумачыць Ірына Мышкавец. – Гэта вершы «Уж синее небо темнеет…», «Прочтите с участием эту…», «Триолет», «Дед», «Белым цветом одета калина…», «Слышишь гул? Это дико-печальный лесун…», «Подними к небесам свои взоры…». А восьмы верш з «маскоўскага» сшытка, напісаны элегічным двухрадкоўем (дыстыхам), убачылі ўпершыню: ні на рускай, ні на беларускай мове гэтыя радкі ніколі не публікаваліся. Але ж калі ёсць пераклад, павінен быць і беларускі арыгінал. 

Ірына Мышкавец удакладняе: спецыяльных экспертыз почырку, якія б далі гарантыю, што сшытак насамрэч належаў Максіму Багдановічу, не рабілася. Але ёсць ускосныя доказы.

– У фондах нашага музея захоўваецца рукапісны сшытак «Зеленя» з перакладамі ўласных вершаў Максіма Багдановіча. Ён напісаў гэты сшытачак спецыяльна для сваёй стрыечнай сястры Нюты Гапановіч. Паводле ўспамінаў бацькі паэта, Максім падараваў Нюце зборнік «Вянок» і папрасіў ацаніць вершы. Але яна адказала, што не можа гэтага зрабіць, бо не ведае беларускай мовы. Тады Максім Багдановіч і вырашыў зрабіць сшытак «Зеленя» з перакладам сваіх вершаў. А цяпер нам трапіў другі такі ж сшытак. Дык вось, калі параўнаць манеру афармлення, – яны падобныя. Таму мы можам сцвярджаць, што маскоўскі зборнік перакладаў – арыгінальны. 

Да таго ж ёсць звесткі, што гэты сшытак павінен быў знаходзіцца ў Максіма Горкага. Беларускі паэт мог дасылаць свае творы Горкаму, каб той апублікаваў іх. У лісце Максіму Горкаму 12 ліпеня 1925 года Адам Багдановіч піша аб падрыхтоўцы выдання першага поўнага Збору твораў М. Багдановіча:

«Сейчас по поводу одной жертвы – моего Максима – делаю скучнейшее дело: листаю номера ярославского «Голоса», выискивая его статьи для Инстит. Белорусск. Культуры. Работа гробокопательная. Между прочим – Максим в 13 или 14 году писал Вам и вероятно послал книжку своих стихов. Не сохранилось ли у вас его письма? Не дадите ли Вы о нем или его стихах коротенького отзыва? Белорусы были бы весьма обрадованы».
4 жніўня 1925 года з Сарэнта Максім Горкі адказаў Адаму Багдановічу: «Максим не писал мне, и книги своей не посылал». 

– Магчыма, Горкі проста не бачыў гэтага сшытка. Справа ў тым, што Багдановіч адправіў яго на маскоўскі адрас таварыства «Знание», а сам Максім Горкі ў той час знаходзіўся ў Сарэнта. У таварыстве маглі згубіць сшытак, адправіць у архіў. Паколькі Багдановіч быў даволі сціплым чалавекам, ён не ўдакладніў, ці дайшлі вершы да адрасата, – кажа Ірына Мышкавец. 

Знойдзены сшытак Максіма Багдановіча з невядомым дагэтуль вершам – сапраўдны падарунак багдановічазнаўцам. Але ж трэба шукаць беларускі арыгінал твора. Пытанне ў тым, дзе ён можа быць.

– Варыянтаў некалькі. На пачатку XX стагоддзя беларускамоўная прэса была прадстаўлена газетай «Наша Ніва» і часопісам «Маладая Беларусь». Мы дакладна ведаем, што ў часопісе гэты верш не публікаваўся. Што датычыцца «Нашай Нівы» – у тых 52 нумарах газеты, што нам даступныя, верша таксама няма. Але ж Максім Багдановіч мог адправіць верш у рэдакцыю, ды толькі яго не паспелі надрукаваць. Тады ён можа захоўвацца ў архівах газеты. Вядома, што частка архіва «Нашай Нівы», у тым ліку лісты Максіма Багдановіча, некаторыя яго вершы і пераклады знаходзяцца ў беларускім фондзе Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх. 

Не выключана, што беларускі арыгінал невядомага верша Багдановіча захоўваецца ў адным з маскоўскіх музеяў ці архіваў. Класік беларускай літаратуры амаль семь год пражыў у Яраслаўлі, 12 – у Ніжнім Ноўгарадзе. Таму ёсць надзея, што невядомы верш Багдановіча ўсё ж аб’явіцца. 

– Хаця можа быць і так, што верш увогуле не захаваўся. У 1918 годзе дом Багдановічаў у Яраслаўлі згарэў, была знішчана частка архіва паэта. Як пісаў Адам Багдановіч, баул з вершамі Максіма паспелі знесці на лёд, але некаторыя старонкі ўсё ж абгарэлі і сталі нечытальныя. Магчыма, сярод гэтых нечытальных лістоў і быў невядомы нам верш, – дзеліцца думкамі Ірына Мышкавец. – У любым выпадку пошукі адмяняць нельга. Наступным годам, пры наяўнасці фінансавання і згодзе кіраўніцтва, плануем каман­дзіроўкі ў Літву, Яраслаўль і Ніжні Ноўгарад. Будзем спрабаваць знайсці арыгінал верша, шукаць іншыя матэрыялы, якія тычацца Максіма Багдановіча.

Пакуль супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча вымушаны працаваць з электроннай копіяй унікальнага твора. Сшытак з перакладамі вершаў на рускую мову па-ранейшаму знаходзіцца ў Маскве. Як патлумачыла Ірына Мышкавец, супрацоўнікі музеяў і архіваў не расстаюцца са сваімі каштоўнасцямі. 

– Спадзяёмся, што Інстытут сусветнай літаратуры Расійскай акадэміі навук зробіць нам падарунак і перадасць гэты сшытак хаця б у электронным выглядзе, – расказвае Ірына Мышкавец. – Хацелася б таксама атрымаць дазвол на выкарыстанне гэтай электроннай копіі ў прэзентацыях, выставах, імпрэзах. Магчыма, калі-небудзь мы зможам дамовіцца з Інстытутам сусветнай літаратуры і прывезці зборнік у Мінск, каб паказаць беларускім прыхільнікам творчасці паэта.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выяўлены раней невядомы верш беларускага паэта. Літаратуразнаўцы Беларусі і Расіі знайшлі невядомы дагэтуль верш Максіма Багдановіча на рускай мове. Ёсць…
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика