Навагодні дзень падпісчыка на раённую газету
28.12.2018
—
Разное
|
Са дня выхаду першага нумара раённай газеты “Кліч Радзімы” прайшло ўжо больш за 70 гадоў. За гэты час змяніліся эпохі, пакаленні. А раённая газета па-ранейшаму застаецца надзейным сродкам сувязі паміж органамі ўлады і насельніцтвам раёна, добра вядомым перыядычным выданнем для кожнага нашага мясцовага жыхара. Нездарма кажуць, што па газетных падшыўках можна вывучаць гісторыю роднага краю. І сёння пра найбольш значныя падзеі шаркаўшчынскага краю вы, паважаныя чытачы, можаце прачытаць на старонках “Кліч Радзімы”: газеты, якая ва ўсе часы праслаўляла лепшых працаўнікоў нашага невялікага раёна, людзей цікавых і творчых. “Шаркаўшчына наша — горад маленькі, тут усе адзін аднаго ведаюць. Таму і газету раённую заўсёды цікава чытаць”, — адзначаюць многія жыхары нашага раёна, для якіх магчымасць пагартаць “раёнку” стала ўжо добрай звычкай. Пра гэта і жартаўлівы верш нашай пастаяннай чытачкі, які мы з задавальненнем друкуем у святочным нумары і які, спадзяёмся, спадабаецца ўсім вам. Чарговы дзень падпісчыка прайшоў 26 снежня ў будынку Шаркаўшчынскага ўчастка паштовай сувязі, а таксама у многіх арганізацыях нашага раёна, куды супрацоўнікі раённай газеты разам са Снягурачкай (карэспандэнтам Аленай Ананіч) і найлепшымі пажаданнямі для ўсіх сваіх чытачоў завіталі напярэдадні Новага года. Усе, хто прыйшоў у сераду на сустрэчу з калектывам рэдакцыі, не толькі падпісаліся на любімае перыядычнае выданне, але і атрымалі невялікія падарункі ад “Кліч Радзімы». Заставайцеся з намі ўжо ў Новым 2019 годзе! Калектыў рэдакцыі ўдзячны ўсім сваім чытачам: тым, хто выпісвае раёнку, чытае яе, тэлефануе і піша нам! Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ. Размова пра тое, чаму трэба выпісаць раёнку — Ну, што раёнка піша нам? Якія там навіны? Хоць акуляраў не ўзяла, Ды ведаць я павінна! Дык ты, Марыся, пачытай! — Цікаўная ты, Каця, край. А тут пра добрую сям’ю І дзетак у іх трое. Вадзіцелем працуе муж, А жонка — медсястрою. — Ой, дзеўкі, слухайце сюды! Шчабеча баба Ніна. — Мой зяць Міхась! Пазнаяце? Стаіць каля машыны. I згодна заківалі ўсе: То добрая навіна! —Ну як жа не дзівіцца тут? Лічыла: Мішка — шалапут. А ён — герой! Геро-о-ой! Ківае цешча галавой: —Але, каб не газета, Не ведала б пра гэта! Смяецца баба Каця: — Шануй, суседка, зяця! — Дык і ў цябе, паслухай, Каць, Таксама ёсць даўно ўжо зяць. — Таўхае Мар’я Кацю: —Глядзі, напішуць пра яго, А ты не ўзнаеш нічаго, Не павіншуеш зяця. Знайдзі-ка паштальёнку Ды выпішы раёнку! Упэўнішся, што гэта Ка-а-арысная газета! Размову падслухала наша пастаянная чытачка Валянціна ЗАПРУДСКАЯ.
|
|