Подсобное хозяйство «Добринское» – единственное в Шумилинском районе занимается свиноводством
24.01.2019
—
Разное
|
Падсобная гаспадарка “Добрынская” Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў адзіная на тэрыторыі нашага раёна, якая займаецца вырошчваннем свіней. Дзякуючы шчырым працаўнікам, на нашым стале з’яўляецца мяса, якое любіць большасць беларусаў.
З сярэдзіны мінулага года на чале падсобнай гаспадаркі стаў А. Я. Вайцянкоў. Аляксандр Ягоравіч чалавек тут не новы, ён стаяў ля вытокаў комплексу. У 1988 годзе, калі яго пачалі будаваць, узначаліў саўгас імя Кароткіна, у якім тады і будаваўся свінакомплекс. Так што тэрыторыю падсобнай гаспадаркі, патрабаванні да тэхналогіі вырошчвання свіней ведае добра.
У 90-ыя гады на свінакомплексе знаходзілася каля 7 тысяч жывёлы. І сёння заняты ўсе пяць памяшканняў, дзе ўтрымліваецца 6851 галава свіней. Тут узялі накірунак на скрыжаванне трох парод – дзюрок, ландрас і йоркшыр. Цыкл вырошчвання закрыты, увесь працэс уяўляе сабой непарыўны паток, свінні знаходзяцца ў ізаляваных памяшканнях.
“Работа на ўсіх участках у нас складаная, патрабуе максімальнай увагі, працавітасці і цярпення, – кажа Аляксандр Вайцянкоў. – Гэта тычыцца і штучнага асемянення, і вырошчвання свінаматак, і цэху апаросаў, і догляду жывёлы на дарошчванні і адкорме”.
Да двух месяцаў парасяты-сысуны знаходзяцца пад свінаматкай. Для маладняку прадугледжаны спецыяльныя абагравальныя лямпы і спецыяльны камбікорм. З двух да чатырох месяцаў свінні гадуюцца ў цэху дарошчвання, а наступныя чатыры месяцы – у цэху адкорму. За восем месяцаў жывёла набірае да ста кілаграмаў у жывой вазе. Гэта перш за ўсё дзякуючы збалансаванаму кармленню, лічаць работнікі падсобнай гаспадаркі. Свінні харчуюцца камбікормам, у якім утрымліваюцца неабходныя вітаміны і мікраэлементы.
– Як гаспадарка спрацавала за мінулы год? Ці можаце ў год Кабана пахваліцца вынікамі? – пытаемся ў Аляксандра Вайцянкова.
– Можам, летась валавыя прывагі склалі 867 тон (102% да мінулагодняга ўзроўню), – кажа Аляксандр Ягоравіч. – Свіней на Віцебскі мясакамбінат пастаўляем два разы на месяц, па 72-75 тон у жывой вазе. А ўсяго за мінулы год рэалізавалі 776 тон. Расход кармоў склаў 4,66 ц на адзін цэнтнер прывагі. За месяц жывёла з’ядае 345 тон кармоў. З камбікормам праблем няма, яго бесперабойна пастаўляюць з Віцебскага КХП.
Думаем, што сёлета наша прадпрыемства будзе мець поспех (плануем мець валавыя прывагі 870 тон, здаць на мясакамбінат каля 800 тон свініны ў жывой вазе). Лепшых паказчыкаў ёсць з кім дабі-вацца: сёння на комплексе працуе 60 чалавек. І аператараў, і спецыялістаў хапае. Няма вялікай цякучасці кадраў: людзі трымаюцца за работу. Пераважная частка нашых работнікаў мясцовая, з Добрына, але прыязджаюць і з Шуміліна, Мікіціхі, Пабеды. Для ўсіх арганізаваны падвоз на работу і назад. На комплексе прыстойны заробак, які выплачваецца штомесячна, захоўваюцца ўсе сацыяльныя гарантыі для чалавека працы. За абеды, якія штодзень прывозяць на комплекс, нашы работнікі плацяць толькі палову кошту.
Сярод лепшых аператараў хочацца адзначыць Святлану Кускову, Маргарыту Васілеўскую, Сяргея Навіцкага, Марыю Сахараву, добра працуюць ветсанітар Уладзімір Тарбееў, трактарыст Аляксей Бабаедаў, бухгалтар Ала Ермаловіч, рабочы Павел Хухракоў і многія іншыя.
У сувязі з афрыканскай чумой, успышкі якой па-ранейшаму маюць месца ў некаторых суседніх краінах, на комплексе жорсткія санітарныя патрабаванні. Тэрыторыя свінакомплексу абнесена двайной агароджай вышынёй у 2,5 метра. Каб сюды не заляцелі птушкі, іх адпужваюць спецыяльнай пнеўматычнай зброяй. Без спецыяльнага дазволу абласной ветэрынарнай службы на тэрыторыю не можа трапіць ніводны старонні, нават пажарныя, электрыкі ці правяраючыя. Што тычыцца саміх работнікаў, то для іх прадугледжаны два санітарныя прапускнікі. У кожнага з работнікаў – свая шафа, дзе пакідаюць дамашняе адзенне і пасля абавязковага душа з дэзынфіцыруючымі сродкамі пераапранаюцца ў спецадзенне. Пасля заканчэння рабочай змены ўсе таксама праходзяць праз душ. Акрамя гэтага, работнікам падсобнай гаспадаркі забаронена дома трымаць свіней, хадзіць на паляванне, бо менавіта дзікі з’яўляюцца разносчыкамі небяспечных хвароб. Усе 60 чалавек прынялі такія ўмовы і строга іх прытрымліваюцца.
Напрыканцы нашай сустрэчы мы задалі начальніку падсобнай гаспадаркі пытанне, якое вельмі хвалюе чытачоў раённай газеты: “Ці можна на свінакомплексе купіць парасят?”
– На самім прадпрыемстве ў сувязі з афрыканскай чумой продаж забаронены, – адказаў Аляксандр Вайцянкоў. – Але жыхары раёна могуць звярнуцца з заяўкай на парася ў свой сельвыканкам. Калі заявак назбіраецца многа, у вызначаны дзень мы прывязём парасят на тэрыторыю райветстанцыі ў Шуміліна. З Віцебскага мясакамбіната прыбудзе касір, каб узяць плату за парасят (1 кг каштуе 9 рублёў 35 капеек). Але хочацца папярэдзіць: калі ёсць заява чалавека на парася, то ён павінен абавязкова купіць, бо згодна з санітарнымі нормамі мы не маем права вярнуць жывёлу на комплекс.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №8 ад 25.01.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У планах «Добрынскай» – 800 тон свініны Падсобная гаспадарка “Добрынская” Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў адзіная на тэрыторыі нашага раёна, якая...
|
|