Сыраробы з Яжджэнцаў. 21.by

Сыраробы з Яжджэнцаў

18.02.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Напісаць пра дачнікаў, якія абсталяваліся ў Яжджэнцах і заняліся там уласнай справай, параіла старшыня Сваткаўскага сельвыканкама Наталля Калбун.
— Таццяна і Андрэй Міхалёнкі — мінчане, — кажа Наталля Георгіеўна. — Гадоў шэсць таму купілі ў вёсцы Яжджэнцы хату пад дачу. Населены пункт гэты пакрысе пусцее, зараз налічваецца толькі 10 домаўладанняў, у якіх зарэгістраваны жыхары. Тады, памятаю, ніхто з вяскоўцаў не ўспрыняў памкненне Міхалёнкаў сур’ёзна. Лічылі ўсе іх тут людзьмі выпадковымі, бо побач ні возера, ні рэчкі няма, адзін лес навокал. Але бачым, што памыляліся. Бо Таццяна Анатольеўна і Андрэй Міхайлавіч не толькі тут засталіся, але і ўласную справу распачалі. Заняліся развядзеннем коз і вырабам з атрыманага ад іх малака сыроў розных найменняў. І ў выставах ужо ўдзельнічаюць, на якіх дэманструюць уласную прадукцыю. А не так даўно да іх прыязджала тэлебачанне. Цікавы, лічу, матэрыял можа атрымацца і для раённай газеты.
А ў хуткім часе разам Наталляй Георгіеўнай накіроўваемся ў Яжджэнцы да дачнікаў. Гаспадары якраз былі дома. Яны аказаліся адкрытымі і цікавымі людзьмі, выдатнымі суразмоўцамі. І пра справу, якой займаюцца, расказалі, і бліжэйшымі планамі падзяліліся.
Як высветлілася, Андрэй Міхалёнак раней гадоў з пятнаццаць меў свой бізнес — рэалізоўваў дзіцячыя тавары, а Таццяна яму ў гэтым дапамагала. Але гарадскі шум, пастаянная мітусня вельмі надакучылі, і сямейнай пары захацелася цішыні і спакою. Вось і вырашылі набыць сабе дом у вёсцы. Напачатку ўвогуле хацелі пасяліцца на хутары, далей ад людскіх вачэй. А калі выпадкова патрапілі ў Яжджэнцы, спынілі далейшыя пошукі, бо мясціны, дзе апынуліся, абодвум спадабаліся. З часам на тэрыторыі з’явіліся лазня, іншыя пабудовы.
— З чаго ўсё пачалося? — цікаўлюся ў Таццяны, бо менавіта яна — галоўны сырароб.
— Дзесьці праз год, як сюды перасяліліся, муж паехаў да сяброў у Заслаўе, — апавядае гаспадыня. — Тэлефануе адтуль вечарам і кажа, што яму падаравалі казу. Расхвалявалася, памятаю, вельмі, бо што з ёй рабіць, не ведала. Я ж гарадская, у вёсцы ніколі не жыла. А жывёлу даглядаць патрэбна: даіць, карміць, паіць. Дзе ж тут супакоішся?! Падзялілася сваімі перажываннямі з суседзямі. Яны параілі казу пакінуць, паабяцалі на першым часе дапамагчы даглядаць. А там і сама ўсяму навучылася. А калі з’явіліся лішкі малака, вырашыла паспрабаваць зрабіць з яго сыр. Напачатку ён быў просты — звычайны тварожны. Пасля захацелася нечага большага… Захапілася гэтай справай. А сёння можна смела канстатаваць: ужо ёсць і пэўныя вынікі.
— Значыць, тая падараваная каза і падштурхнула заняцца сыраробствам?
— Атрымліваецца, што так.
— А каго-небудзь частавалі сваімі вырабамі?
— Першымі дэгустатарамі сыроў у нас былі мама, сябры, а таксама цётка, якая працавала раней галоўным тэхнолагам на малочным заводзе, а зараз займаецца сертыфікацыяй прадукцыі. Іх меркаванне было вельмі важным для мяне. Адчуваючы патрымку родных, захацела ствараць. Іншага слова тут і не падбярэш. Гэта ўвогуле ручная праца, у якую ўкладаеш таксама часцінку сваёй душы. Адметнасць яшчэ і ў тым, што проста немагчыма паўтарыць тое, што рабіў нават дзень-два таму. Здаецца, і матэрыял, і падыходы тыя ж, але ў канчатковым выніку атрымліваецца нешта новае. А па-шчырасці, мне вельмі падабаецца важдацца з сырамі. Работа гэта на самай справе працаёмкая. Пастаянна даводзіцца быць на нагах. Шмат часу праводжу і каля газавай пліты: награваю, пастэрызую малако… Абавязковы момант таксама — унясенне заквасак. Выраб сыроў — гэта цэлы працэс. Прычым даволі працяглы: час ферментацыі, вымешвання, прасавання, прасолу, прасушвання і, вядома ж, выспявання.
— Таццяна Анатольеўна, а вы толькі самі эксперыментуеце ці выкарыстоўваеце таксама вопыт іншых сыраробаў?
— І сама нешта пастаянна прыдумваю, удасканальваю свае рэцэпты. Ну і, вядома, вопыт вядомых сыраробаў Францыі, Італіі, іншых краін вывучаю. Безумоўна, чужыя распрацоўкі не прымяняю, бо на кожны з відаў прадукцыі маецца патэнт, аднак некаторыя ідэі бяру. Пасля іх дапрацоўваю, удасканальваю на свой лад, дзякуючы фантазіі і ўнутранаму адчуванню. Нешта і атрымліваецца.
— У Беларусі гэты накірунак мала развіты, — у размову ўключаецца Андрэй Міхайлавіч. — За мяжой — іншая справа. Вось і звяртаемся да вопыту сыраробаў той жа Францыі, Італіі, прадукцыя якіх славіцца ва ўсім свеце, а таксама Расіі, Украіны. Шмат цікавай інфармацыі бяром у інтэрнэце, вывучаем і спецыяльную літаратуру, асабліва актыўна гэтым займаецца Таццяна. Дапамагаюць, вядома, і выставы. Дарэчы, нас часта туды цяпер запрашаюць. А гэта і зносіны з аднадумцамі, і назапашванне вопыту, і свежыя ідэі. Напрыклад, на выставе “Усё сваё”, прысвечанай здароваму харчаванню, мы пабывалі ўжо некалькі разоў. І ўражанні, скажу вам, самыя прыемныя. Там мы займелі і новых сяброў, і сваіх пакупнікоў, што не можа не радаваць. За два апошнія гады, калі сур’ёзна заняліся вырабам сыроў, дасягнулі многага. Гэта і радуе, і натхняе не спыняцца на дасягнутым.
— Вы сваіх пакупнікоў адшукваеце толькі на выставах?
— Не толькі, — дружна адказваюць гаспадары. — Прапагандуюць нашу прадукцыю сярод сваіх знаёмых і нашы родныя, сябры. Яны ў нас часта тут бываюць. І ніколі мы не адпраўляем іх дадому з пустымі рукамі, а заўсёды з пачастункамі ўласнай вытворчасці. Так і становяцца нашы сыры больш вядомымі. Але ў асноўным гэта прадукцыя для гурманаў. Праўда, здараецца, што і звычайныя людзі яе купляюць, каб пакаштаваць. Напрыклад, некаторыя аграсядзібы заказваюць у нас асобныя віды сыроў для сваіх адпачываючых.

— У вас, напэўна, ужо шмат найменняў прадукцыі?
— Так, ёсць сычужныя сыры, а таксама мікрабіяльныя, у тым ліку з блакітнай і ружовай цвіллю. Многім падабаюцца невялікія дэсертныя тварожныя сыркі ў шакаладнай глазуры, — апавядае Таццяна. — На выставы, кірмашы возім розныя найменні: “камамбер”, “халумі”, “качота”, “фета”, “валансе”, “бурата”, “мацарэлла”, “качокавала”, “лімбербер”, “Драй Джэк” і некаторыя іншыя. Тыя людзі, якім яны прыйшліся даспадобы, і звяртаюцца да нас па прадукцыю. Праўда, я згодна з мужам, што яна спецыфічная, разлічана больш на аматараў. А вось сычужныя сыры — “дамашні пашахонскі”, “дамашні расійскі” — на ўсіх астатніх. Толькі на выставах імі нікога не здзівіш. А таму і займаюся больш мікрабіяльнымі. У адным цвёрда ўпэўнена: хто разумее, што сыраробства — працаёмкая ручная работа, дзякуючы якой атрымліваецца натуральны экалагічна чысты прадукт, нашы вырабы ацэньвае па заслугах.
— Ці прыносіць ваш бізнес прыбытак?
— Пакуль затраты поўнасцю не акупляюцца, — апавядае Андрэй Міхайлавіч. — На гэта ёсць пэўныя прычыны. Па-першае, бізнес разлічаны не на масавых пакупнікоў. Па-другое, работа, як ужо казалі, працаёмкая, ручная. Займаецца ёй Таццяна адна. Каб пашырацца, неабходна памочніца. Па-трэцяе, шмат затрат. Патрэбна і закваску, і многія напаўняльнікі, тую ж блакітную і ружовую цвіль, закупляць. Напрыклад, закваскі
атрымліваем з Масквы, чорны шакалад — з Германіі. Ды і формы для выспявання сыроў даводзіцца набываць за мяжой. На ўсё гэта сродкі патрэбны, і немалыя. Акрамя таго, вялікі атрымліваецца расход электрычнасці, газу, вады. Таму выручку ад рэалізацыі сыроў выкарыстоўваем у асноўным на набыццё корму для жывёлы.
— А ці хацелі б выйсці на наш Нарачанскі курорт або прапагандаваць сваю прадукцыю для турыстаў?
— Паспрабаваць можна, — згаджаецца гаспадар. — Але не ўпэўнены, што пойдзе нарасхват: яна ж спецыфічная. Ды і, каб прадаваць, патрэбны адпаведныя ўмовы і, найперш, пераноснае халадзільнае абсталяванне, кантэйнеры… Што датычыць прыёму турыстаў, то маглі б, канечне, праводзіць майстар-класы, магчыма, гэта было б многім цікава. Але нам, пакуль толькі самі займаемся сыраробствам, гэта задумка не пад сілу. Я зноў схіляюся да думкі, што ў Таццяны павінен быць памочнік. Яна вельмі загружана. А памочнік зможа хаця б групы турыстаў сустракаць. Праўда, пакуль пра гэта гаварыць рана, а ў перспектыве, магчыма, і такое пытанне прапрацаваць паспрабуем.
— Наколькі зразумела, цікавасць да сыраробства выклікана ў вас з’яўленнем на падворку казы. А раз і ўласную справу змаглі распачаць, то цяпер у гаспадарцы, напэўна, жыўнасці паболела?
— Зараз трымаем шэсць коз, было раней і восем. Ёсць таксама бараны, куры, гусі… Летам у нас яшчэ дзве цяпліцы, зеляніна на градках, кветкі. Так што клопатаў хапае, толькі ўсюды паспявай. Што датычыць коз, то яны пародзістыя, высокаўдойныя. Напрыклад, Люся да 8 літраў за дзень летась давала. Гэта наша рэкардсменка. Цяпер усе козы ў запуску. Пасля акоту будзе малако — будзе і новая прадукцыя. А зараз, пакуль няма казінага, для вырабу сыроў выкарыстоўваю каровіна малако, — тлумачыць Таццяна Анатольеўна.
Мне асабіста спадабаліся людзі, якія памянялі горад на вёску, прыжыліся ў сельскай мясцовасці і нават адкрылі ў сабе невядомыя дагэтуль таленты. Апошнія ў спалучэнні з працавітасцю і вялікім жаданнем нечага станоўчага дабіцца і дапамаглі знайсці свой уласны накірунак у сферы бізнесу. І не толькі знайсці, але і за кароткі час раскруціцца, каб сямімільнымі крокамі ісці далей, наперад. На развітанне пажадала дружнай сям’і Міхалёнкаў удачы і поспехаў у распачатай уласнай справе. І каб гэты шлях у сферу бізнесу быў роўны, без выбоін, і прыносіў важкі плён.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымках: Таццяна Міхалёнак са сваімі сырамі; Андрэй Міхалёнак — сапраўдны вясковы гаспадар.
Фота
Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напісаць пра дачнікаў, якія абсталяваліся ў Яжджэнцах і заняліся там уласнай справай, параіла старшыня Сваткаўскага сельвыканкама Наталля Калбун. — Таццяна і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика