“2019 — Год малой радзімы. Вопыт рэалізацыі паспяховых праектаў прадпрыемствамі і арганізацыямі Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці”, пад такой назвай для прадстаўнікоў рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі ў мінулую пятніцу быў арганізаваны прэс-тур. Прынялі ўдзел у ім і журналісты рэгіянальных СМІ, у тым ліку і раённай газеты “Кіравец”.
Праграма мерапрыемства пачалася з невялікай агляднай экскурсіі і расказа аб багатым гістарычным мінулым Быхава.
Першым аб’ектам наведвання стаў ААТ “Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод”. Аб дзейнасці прадпрыемства, выпускаемай прадукцыі і яе экспарце расказала антыкрызісны ўпраўляючы Таццяна Корань. Так, прадукцыя пад гандлёвымі маркамі “Хозяин-барин” і “Закатки с грядки”, вядомая спажыўцам у больш чым 20 краін свету — ад Канады да Аўстраліі. Замежныя пакупнікі аддаюць перавагу гарошку кансерваванаму, кукурузе цукровай, бярозаваму соку і кабачковай ікры. Зараз кіраўніцтва завода актыўна працуе з японцамі па заключэнні дагавораў на пастаўку быхаўскіх кансервацый.
Прадстаўнікі СМІ мелі магчымасць не толькі паназіраць за працэсам вытворчасці прадукцыі, але і падчас прэзентацыі-дэгустацыі пакаштаваць быхаўскія прысмакі, прычым і тыя, што толькі плануюцца да выпуску ў масавую рэалізацыю.
Наступным месцам наведвання стаў ДЛГУ “Быхаўскі лясгас”. Як адзначыў дырэктар прадпрыемства Віктар Кузняцоў, дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі ў цэху лесапілавання, створанаму ўчастку па вытворчасці акоранай і ацыліндраванай прадукцыі, пасля спынення экспарту лесаматэрыялаў у круглым выглядзе, на экспарт у мінулым годзе адгружана прадукцыі на 2471 тыс.долараў ЗША, у тым ліку з новага ўчастка — на 823 тыс. За 8 месяцаў 2019 года гэты паказчык склаў 1953 тыс.долараў ЗША. Доля экспартнай прадукцыі вырасла на 15% у параўнанні з адпаведным перыядам 2018 года. У перспектыве калектыў ДЛГУ “Быхаўскі лясгас” плануе заняцца перапрацоўкай нізкагатунковай і мяккаліставай драўніны.
Цікавым і пазнавальным было наведванне ААТ “Фарэлевая гаспадарка “Лахва”, якое ў межах рэалізацыі інавацыйнага праекта было створана ў 2013 годзе. На дадзеным этапе ў яе састаў уваходзяць тры ўчасткі па вырошчванні каштоўных парод рыбы і рыбаводны індустрыяльны комплекс па вырошчванні малька фарэлі вясёлкавай. Дадзеная гаспадарка ўяўляе сабой замкнуты цыкл вытворчасці рыбы каштоўных парод, з яе перапрацоўкай і рэалізацыяй. За год вытворчасць фарэлі складае да 550 т.
Летась тут з’явіўся новы ўчастак па вытворчасці харчовай ікры ўласнай вытворчасці.
Журналістам нагадалі, што Аляксандр Лукашэнка, наведваючы дадзенае прадпрыемства ў жніўні бягучага года, адзначыў неабходнасць узмацніць праграму па развіцці рыбагаспадарчай дзейнасці. Улічваючы перспектыўнасць галіны, Прэзідэнт паставіў задачу па будаўніцтве новых цэхаў, павелічэнні вытворчасці рыбы удвая не толькі на Магілёўшчыне, і пастаўках яе на ўнутраны і знешні рынкі.
У ААТ «Фарэлевая гаспадарка «Лахва» ёсць філіялы ў Бялыніцкім, Касцюковіцкім раёнах і ў Горках. У перспектыве плануецца адкрыццё новых участкаў па вытворчасці рыбы каштоўных парод.
Таксама ў межах прэс-тура прадстаўнікі СМІ наведалі Свята-Узнясенскі Баркалабаўскі жаночы манастыр, сацыяльныя аб’екты Быхаўскага раёна. У завяршэнне паездкі адбылася прэс-канферэнцыя са старшынёй Быхаўскага райвыканкама Дзмітрыем Марціновічам.
Падрыхтавала
Людміла СЯМЁНАВА,
удзельнік прэс-тура.