Хлеб – імя існае

16.11.2019 14:36 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Адзін з дзіцячых успамінаў: вялікія боханы на льняным абрусе, яшчэ цёплыя, з неверагодна смачным, непаўторным пахам, з хрумсткай скарыначкай. Напрыканцы 50-х – у пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя вясковыя кабеты часта пяклі «свойскі» хлеб. Гэта быў цэлы рытуал, аздоблены асаблівым настроем шанавання, шчырай павагі і жыццесцвярджальнай радасці. Магчыма, памяць і ідэалізуе, але нічога больш смачнага, чым луста таго бохана, на маю думку, у прыродзе, у кулінарна-кандытарскіх рэцэптурах няма.

Раскідваць хлеб – грэх, пакідаць недаедзеным нельга, паўтарала бабуля мне і брату ў далёкім дзяцінстве. «Хлеб на стале – мір на зямлі!» – выводзілі пад дыктоўку настаўніцы на ўроку беларускай мовы.  Паназірайце ў магазіне, з якім выразам твару бяруць людзі, асабліва пажылыя, боханы з паліц: нейкая асаблівая адухоўленасць суправаджае прывычнае штодзённае дзейства. Прыгледзьцеся і, мяркую, прыйдзеце да такой самай высновы.

«Звычайны», «Традыцыйны», «Нарачанскі», «Траецкі», «Духмяны», «Смак», «Гусляр», «Радзівілаўскі», «Барадзінскі», «Крынічны», «Несцерка» – нават назвы сартоў хлеба адметныя гістарычным ці геаграфічным сэнсам. Хлебны асартымент сёння не проста вялікі – уразліва шчодры. Караваем ці «кірпічыкам»… цэлым боханам ці нарэзаны… у цэлафане ці «распрануты»… з кменам, семачкамі, разынкамі, курагой, чарнаслівам… чорны, «шэры» і белы… дражджавы і бездражджавы… жытнёвы, пшанічны, дыетычны… Пакупнік мае магчымасць выбіраць паміж сталічным, брэсцкім, баранавіцкім, лідскім і мясцовай выпечкі хлебам. У каторы раз засведчу: ганцавіцкі асабіста ў мяне, ды і ў многіх маіх знаёмых у прыярытэце: вельмі смачная прапанова па прыемнай цане!

Ён заўсёды «нумар адзін» нават у самым спакусліва-гурманскім гастранамічным асартыменце. Перад водарам свежаспечанага хлеба саступаюць і кавярня, і піцэрыя, і кандытарскі аддзел. А важкі колас, што ўвабраў у сябе цеплыню сонечных промняў і клапатлівых рук, мы даўно ўспрымаем-усведамляем прыгожым сімвалам жыцця, мерай заможнасці, гарантам нашай харчовай бяспекі. Хлеб – імя існае, паняцце высокае, сэнс глыбокі. Тоненькія кавалачкі блакаднага хлеба – усяго сто дваццаць пяць грамаў на чалавека – былі шанцам выжыць. Сэрца на далоні, зярняты на далоні…

Нездарма гэты назоўнік уваходзіць у мноства ўстойлівых словаўтварэнняў. Хлебам надзённым называем тое, што патрэбна для жыцця, цяжкім хлебам – цяжкую працу. «Хлеб ды соль!» – пажаданне прыемнага апетыту. Гаворым: «шукаць, як хлеба», «пайсці на свой хлеб» – і перакананы, менавіта свой – самы смачны, а яшчэ радуемся, што «маем хлеб – і да хлеба». Прыгожая і красамоўная традыцыя ў тэму: хлебам-соллю ў нас прынята сустракаць дарагіх гасцей, частаваць маладых. І яшчэ настальгічны і найсмачнейшы ўспамін дзяцінства, назва якога – «зайчыкаў хлеб», які тата прыносіў вечарам з поля…                                                                               

…У трэцюю нядзелю лістапада, калі асноўныя сельскагаспадарчыя работы завершаны, вёска дазваляе сабе пабыць у статусе імянінніцы. Гэта яна, беларуская прыгажуня і разумніца, робіць тое, без чаго немагчымы жыццё і незалежнасць – стварае і прымнажае стратэгічны залаты запас краіны ў яго хлебным вымярэнні. У вёскі рысы хлебароба, палявода, механізатара, жывёлавода, спецыяліста, кіраўніка сельгасвытворчасці, чыя праца ніколі не была лёгкай, чыю справу ніколі нельга было адкласці «на потым»: тут і цяпер, пад дыктоўку тэхналогіі, гаспадарскага клопату і мудрай любові да зямлі. Звычайныя людзі, звычайныя справы? Так, але менавіта яны вядуць беззапаветны працоўны дыялог з хлебнай нівай, запаўняюць глыбокім і прыгожым зместам старонкі стваральнай гісторыі раёна, вобласці, краіны. Прывычныя прафесіі, высокі прафесіяналізм і на генетычным узроўні засвоенае ўсведамленне: калі хочаш хлеб мець, то трэба зямліцу глядзець. Глядзяць-даглядаюць, шчыруюць, клапоцяцца, песцяць нястомнымі рукамі, шчодрасцю сэрцаў, абсалютным разуменнем слова «трэба». Усё гэта, як талент, атрымана ў спадчыну ад бацькоў, і ўсё гэта перадасца дзецям. Такое вось спасціжэнне ісціны, і называецца яно проста любоўю проста герояў нашага часу – любоўю да роднай зямлі.

Дарэчы, хто мацнейшы – зямля ці чалавек? А ці так важны адказ на гэта пытанне?  Ім немагчыма адзін без аднаго. Шчодрасць зямлі ў спалучэнні з працавітасцю чалавека расцвітае цудоўнымі краявідамі, дзе кульмінацыяй прыгажосці – жытнёвае поле. На ўсе часы, на самы вытанчаны густ, на самы прыдзірлівы погляд гэта ёсць дасканаласць. Словы «жыта» і «жыццё» аднаго паходжання. Жыта патрэбна жыццю, жытам сілкуецца жыццё. «Хлеб наш насущный даждь нам днесь». Чалавек шчыруе на полі. Каб важкім вырас колас, каб шчодрым быў каравай. Ад глебы, у якую пакладзена зерне, да сонечнага колеру палёў, да сутнасці жніва, да поўных засекаў і духмяных боханаў – штогод паўтараецца блаславенная хлебная гісторыя. І ці так важна, хто мацнейшы – зямля ці чалавек? Пастулат не патрабуе доказаў, ды і што тут можна аспрэчваць: сіла зямлі – у людзях, а сіла людзей – ад зямлі. Чалавек шчыруе на карміцельцы, даглядае яе, песціць, каб быць з хлебам. Паўтару, хлеб – імя існае, а не толькі прадукт харчавання.  І нізкі паклон рукам, якія трымаюць у далонях гэтае багацце.

(Visited 2 times, 2 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адзін з дзіцячых успамінаў: вялікія боханы на льняным абрусе, яшчэ цёплыя, з неверагодна смачным, непаўторным пахам, з хрумсткай скарыначкай. Напрыканцы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика