Сапраўднае казачнае царства атрымалася на выставе ў Лявонавіцкім дзіцячым садзе, дзякуючы сумеснай працы выхаванцаў і іх бацькоў. Тут “Настрой восені”, “Прыгажуня сава” і “Вясёлы вожык”, а таксама іншыя цудоўныя вырабы з прыроднага матэрыялу і дароў восені. Лісце, шышкі, жалуды, бульба, мох, кветкі, салома і іншыя матэрыялы пераўтварыліся ў сапраўднае хараство ў руках майстроў-умельцаў бацькоў і іх дзяцей, нашых выхаванцаў.
Бацькі праявілі крэатыўнасць і фантазію, адказна падышлі да выканання задання, што немалаважна, бо наша ўстанова дашкольнай адукацыі ў 2019/2020 навучальным годзе працуе над вырашэннем наступнай задачы: прадоўжыць працу педагагічнага калектыву па фарміраванні пазнавальных здольнасцей дзяцей сродкамі працоўнага выхавання.
У нашай установе адукацыі адной з форм супрацоўніцтва з сям’ёй з’яўляецца сумесная арганізацыя і правядзенне розных выстаў-конкурсаў на лепшы выраб з прыроднага матэрыялу і дароў восені “Як папрацавалі, тое і атрымалі”, на лепшую хатку для птушак “Самыя працавітыя”, вырабаў сваімі рукамі “Хутка свята Новы год” і іншых. Бацькі прымаюць актыўны ўдзел і ў працоўных акцыях (напрыклад, “Пасадзі дрэва: зрабі Міншчыну прыгажэй”).
Вынікі конкурсаў заўсёды падводзяцца своечасова. А дапамагае нам у гэтым Вайбер (мы крочым у нагу з часам, новымі тэхналогіямі), дзе кожны член групы “Лявонавіцкі дзіцячы сад” мае магчымасць прагаласаваць за найбольш цікавую работу, малюнак, выраб. А пасля ўжо ўзнагароды: дыпломы і салодкія падарункі.
Сумесная творчасць падчас працоўных дзеянняў — гэта не толькі цудоўны час, які праводзяць бацькі і іх дзеці разам, але і фарміраванне даверлівых адносін паміж бацькамі і нашымі выхаванцамі, выхаванне любові да працы, а адсюль — з’яўленне добрасумленных працаўнікоў у будучым. А нашы дзеці — гэта наша будучае!
Таццяна Юнкевіч,
загадчык ДУА “Лявонавіцкі дзіцячы сад”.