Источник материала:
4 жніўня сусветныя СМІ са спасылкай на іранскія крыніцы паведамілі, што Іран атрымаў 4
зенітна-ракетных комплексы (ЗРК)
С-300, нягледзячы на адмову Расеі паставіць іх у межах дзейнага кантракта.
Паведамлялася, што дзьве ўстаноўкі атрыманыя з Беларусі, яшчэ дзьве з іншых неназваных краінаў.
Дзяржаўны ваенна-прамысловы камітэт Беларусі адразу ж абвергнуў інфармацыю пра продаж у Іран двух зенітна-ракетных комплексаў С-300. Як паведаміў прадстаўнік Дзяржкамваенпрама па інфармацыі і сувязях з грамадскасцю Уладзімір Лаўранюк, з Тэгеранам беларускі бок не вёў перамоў па гэтай тэматыцы і не пастаўляў у Іран ні комплексы С-300, ні іх кампаненты.
«НН» звярнулася па каментар да вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна. На яго думку, продаж Беларуссю комплексаў С-300 Ірану выглядае малаверагодным: «У нас гэтыя комплексы знаходзяцца ў 15 і 115 зенітных брыгадах. У першай — з савецкіх часоў, а ў другой з 2006 году, калі нам іх паставіла Расія. Па 4 комплексы ў кожнай брыгадзе. У складзе 1 комплексу — 16 машын. Яны ўсе змантаваныя на шасі беларускай вытворчасці — МЗКТ.
Думаю, што продаж 2 з 8 комплексаў не мог застацца незаўважным. Кожная машына — велічынёй з двухпавярховы дом. Іх немагчыма схаваць ад
спадарожікаў-шпіёнаў і мытні ў партах Украіны ці краін Балтыі».
У дадатак да гэтага, спадар Алесін перакананы, што знікненне часткі комплексаў С-300 з Беларусі адразу было б выкрытае замежнымі вайсковымі назіральнікамі: «На тэрыторыі Беларусі пастаянна прысутнічаюць розныя вайсковыя інспекцыі. У тым ліку і з Расіі. Замежныя вайскоўцы кожны месяц падлічваюць колькасць нашых узбраенняў. У дадатак, тыя комплексы, што паставіла нам Расія — проста здадзеныя ў своеасаблівую арэнду. Беларусь абавязаная іх вярнуць, калі выйдзе з саюзніцкіх дамоўленасцяў.
Іх немагчыма прадаць. Расіяне кантралююць стан сваіх
С-300 у Беларусі. Яны адразу даведаліся б аб іх знікненні».
У такім выпадку, адкуль у Ірана С-300? Эксперт лічыць, што ўсе яны — кітайскай вытворчасці. Кітай даўно скапіяваў гэтыя зенітна-ракетныя комплексы, а ў дадатак не выконвае дамоваў аб абмежаванні паставак зброі. У тым ліку і ў Іран.
Пікантнасці сітуацыі дадае тое, што кітайскія ўмельцы скапіявалі нават мінскае шасі МЗКТ. У 90-ыя гады Беларусь збудавала ў Кітаі завод па вытворчасці колавых цягачоў і зараз, цалкам верагодна, кітайскія копіі беларускіх «Волатаў» возяць кітайскія ж версіі ЗРК С-300.
«Паведамленні, што комплексы набытыя ў Беларусі — толькі антырасійская прапаганда.
Іран незадаволены пазіцыяй Расіі, якая салідарызуецца з ЗША. Таму і такія заявы, каб насаліць Крамлю», — перакананы эксперт.