Уладзімір Някляеў: «Выбар народа — праўда і свабода!». 21.by

Уладзімір Някляеў: «Выбар народа — праўда і свабода!»

23.05.2011 11:34 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Інтэрв’ю Уладзіміра Някляева, кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 19 снежня 2010 года, лідэра грамадскай кампаніі «Гавары праўду!», на другі дзень пасля прысуду: двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.

Уладзімір НякляеўНякляеў Уладзімір Пракопавіч. Нарадзіўся ў 1947 г. у Смаргоні Гродзенская вобласці. Вучыўся ў Мінскім электратэхнікуме, на філфаке Мінскага педагагічнага інстытута, на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве.
Працаваў сувязістам у Владывастоке, Тайшэце, Нарыльску, радыёмеханікам у мінскім тэлеатэлье, літаратурным супрацоўнікам газеты «Знамя юности», рэдактарам бюллютэня «Тэатральны Мінск», вядучым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычнх пранрам Беларускага тэлебачання.
У 1987-1998 — галоўный рэдактар часопіса «Крыніца». У 1996-1999 — галоўный рэдактар штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1978 года — сябра Саюза пісьменнікаў СССР.
Быў сябрам Рады творчай і навуковай моладзі пры ЦК ЛКСМБ, сябрам Беларускага тэатральнага аб’яднання. У 1998-2001 — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1999 годзе эміграваў па палітычных матывах. Жыў у Польшчы і Фінляндыі. Вярнуўся ў Мінск у 2003 годзе.
З 2005 па 2009 гады — старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра. З 2010-га — лідэр грамадзянскай кампаніі «Говори правду!».
Узнагароджаны прэміей Ленінскага камсамолу за кнігу «Вынаходцы вятроў», ордэнам «Знак Пашаны» за ўнёсак у літаратуру, Дзяржаўнай прэмія Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы (у галіне літаратуры) за кнігу вершаў і паэм «Прошча». Лаўрэат першай прэміі I Міжнароднага фестываля славянскай паэзіі «Спяваючыя пісьмёны».
Кандыдат ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 19 снежня 2010 года. Асуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады па справе «19 снежня».
Першы раз ажаніўся ў 19 год. Жонка Людміла была на 5 гадоў старэйшая за яго. З ёй Някляеў пражыў 35 гадоў. Акрамя дачкі Людмілы — Ілоны, у іх ёсць агульная дачка Ева. Другая жонка Вольга малодшая за мужа на 20 гадоў.


— Уладзімір Пракопавіч, пакуль Вы ўтрымліваліся ў турме КДБ, па-за ёю хадзіла шмат чутак пра план Някляева на Плошчы. Naviny.by правялі ўласнае расследванне і высветлілі, што гэты план прадугледжваў стварэнне народнага руху. Ці пацвярджаеце вы гэта. І ці звязваеце напад, здзейснены на Вас 19 снежня 2010 года за гадзіну да заканчэння галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, калі вы мелі статус кандыдата ў прэзідэнты, са спробай перашкодзіць рэалізацыі гэтага плана?

— Звязваю. І не толькі я. Найпершае, ад чаго адразу пасля майго арышту ў так званых «бяседах» са мной (допытах без адваката і без аніякіх на тое законных падстаў) пачалі рукамі й нагамі адпіхвацца кіраўнікі КДБ, гэта якраз ад хоць якога-небудзь дачынення іх ведамства да нападу на кандыдата ў прэзідэнты. Усё астатняе — калі ласка, а вось гэта — не!

Чаму? Бо напад на вуліцы Калектарнай прадвызначыў развіццё падзей на Плошчы. Не ва ўсім, але шмат у чым. Так што яны самі адно з адным звязалі.

Да Плошчы мы рыхтаваліся — і план Плошчы, зразумела, быў. Складаўся ён з дзвюх частак, першая з якіх у асноўных дэталях супадае з тым, што адбылося. За выключэннем «штурму Дома ўраду» і «падаўлення штурму», які ўлада сама справакавала і сама «падавіла».

Чаму яна гэта зрабіла? Бо ўбачыла, што Плошча 19 снежня 2010 паспрабавала рэалізаваць не план Някляева або нейкага іншага кандыдата ці нават групы кандыдатаў, а план народа. Упершыню без аніякіх лідэраў паперадзе народ сам рушыў патрабаваць ад улады праўды і свабоды! І калі рух ягоны паспрабавалі збочыць да рэзідэнцыі Лукашэнкі, да якога прывыкла за доўгія гады апеляваць апазіцыя, народ не захацеў збочваць, адмовіўся з дыктатарам размаўляць! Вось што давяло ўладу да жаху і шаленства, да рашэння падавіць народ. Менавіта народ, а не Плошчу ці апазіцыю, для чаго і была прадэманстраваная шалёная, гатовая і на крыві не спыніцца, жорсткасць. І якраз для народа, а не для апазіцыі было заяўлена, што наступным разам, калі гэтага разу падасца народу мала, да міліцыі з дубінкамі будзе далучаная армія з аўтаматамі. Што азначае: галоўнакамандуючы загадае не толькі біць, але і страляць.

Што да нашага плана — першая частка яго ўключала чатыры пункты.

1. Утварыць на Плошчы, абвясціўшы яе Беларускім народным сходам, Беларускі народны рух «За новыя выбары без Лукашэнкі». БНР. Супадзенне абрэвіятуры Беларускага Народнага Руху з абрэвіятурай Беларускай Народнай Рэспублікі падавалася мне добрым знакам.

2. Арганізаваць раённыя (з прадстаўнікоў раёнаў горада Менску) і абласныя арганізацыі БНР. Плошча павінна не стаяць, а дзейнічаць, каб людзі адчувалі сябе не статыстамі, а ўдельнікамі падзей. Стваральнікамі гісторыі.

3. Прыняць рэзалюцыю (праект быў мной падрыхтаваны) з непрызнаннем несвабодных і несправядлівых, сфальсіфікаваных выбараў і патрабаваннем выбараў новых.

4. Перадаць рэзалюцыю ў ЦВК і прэм'ер-міністру Рэспублікі. Беларусь.

Другую частку плана пакінем для наступнага разу.

— Дык а чаму Ваш план не быў рэалізаваны вашым штабам ці іншымі кандыдатамі? У ім жа, ва ўсялякім разе, у першай ягонай частцы, няма нічога такога незвычайнага, каб не спраўдзіць яго без Вас...

— Так, нічога незвычайнага. Любы план, які мае на ўвазе ўдзел вялікай колькасці людзей, павінен быць гранічна простым. Яго спрабаваў (хоць у нечым) здзейсніць, абазначыць кіраўнік майго перадвыбарнага штабу Андрэй Дзмітрыеў, але ён не быў тым чалавекам, якога гатовая была слухаць (і слухацца) Плошча. А тым больш, яе лідэры, кандыдаты ў прэзідэнты, асновай узаемаадносін якіх, калі казаць праўду, былі не пляцоўкі, на якіх спрабавалі яны (мы) да нечага дамовіцца, а недавер. Недавер амаль кожнага да кожнага.

Я вінавачу ў гэтым не толькі іншых. Я вінавачу ў гэтым і сябе. Праз плёткі, нібыта я стаўленік то Пуціна і расейскіх спецлужбаў, то спецслужбаў беларускіх і Лукашэнкі, многія не давяралі мне — і я не давяраў многім. Таму й не ведалі падрабязнасцяў майго плана іншыя кандыдаты ў прэзідэнты: ён абгаворваўся толькі ў агульных рысах і не з усімі кандыдатамі. Але, падобна, дазналіся пра яго (ці здагадаліся) іншыя людзі. І вырашылі проста: няма чалавека — няма плана.

У тым, што ім удалося гэта зрабіць, не толькі іх заслуга, але й мая памылка. Сур'ёзная памылка, я прызнаю яе. Мне нельга было даваць згоду на змяненне маршруту руху калоны грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду». У апошні момант, за некалькі гадзін да Плошчы. Мне не хапіла часу як след прааналізаваць прапанаваны новы маршрут. На хаду ўзважыўшы прапанову, я вырашыў, што стратэгічна яна нічога ў маіх планах не мяняе — і памыліўся.

— Ад каго зыходзіла тая прапанова?

— На першых допытах у КДБ я думаў, што — адтуль, з «канторы». Нават назваў ім імя чалавека, праз якога яны гэта зрабілі. Пасля аказалася, што яно, дзякуй Богу, не так. А як яно насампраўдзе, няма ў мяне пакуль адназначнага адказу. Таму я і настойваў, і настойваю на тым, каб было праведзенае расследванне па нападзе на калону актывістаў майго прадвыбарнага штаба. Не толькі дзеля таго, каб дазнацца, хто канкрэтна гваздануў мне па галаве, але й для таго, каб высветліць, хто стаяў за байцамі з дубінкамі. І не толькі на Калектарнай вуліцы, але і на Плошчы, на якой пацярпелай аказалася ўся Беларусь.

— Як бы Вы ацанілі Вашы дзеянні і дзеянні іншых кандыдатаў у прэзідэнты да Плошчы, на Плошчы і пасля яе?

Свае дзеянні я ўжо, як мне здаецца, ацаніў у адказе на першае пытанне. Мной зроблена некалькі памылак — і адна з іх вельмі істотная. Гэта мая віна.

Дзеянні іншых няхай ацэньваюць іншыя. Усё было навідавоку — і кожны здольны даць ацэнкі сам.

— Вы правялі ў СІЗА КДБ 40 дзён. Як прайшлі яны для Вас? Што было найцяжкім? Былы кандыдат у прэзідэнты, а цяпер палітэмігрант А. Міхалевіч, які таксама ўтрымлівааўся ў СІЗА, сцвярджаў, што арыштаваных там катуюць. Словы ягоныя пацвердзіў і А. Саннікаў. Гэта праўда? Вам давялося перажыць такое?

— Тое, пра што распавёў Міхалевіч і што пацвердзіў аннікаў: здзекі, «расцяжкі», фізічныя «практыкаванні», катаванні холадам, бяссонніцай, — так. Усё яно было, я казаў пра гэта ў судзе. Але вось што (пра гэта я таксама казаў) дзіўна: я не лічыў гэта катаваннямі. І ведаеце, чаму?.. Бо нарадзіўся я і вырас у сістэме, для якой чалавек — нішто. У якой жалеза: самалёт, танк, гармата, кулямёт, куля, нават цвік нешта каштавалі, а чалавек — не. Нічога ніколькі не каштаваў. «Гвозди бы делать из этих людей — не было б в мире дешевле гвоздей!». Як цвікі ў сцяну ўганялі — гэтаксама й людзей уганялі ў зямлю. Тысячамі, мільёнамі! «Бабы новых народзяць» — казаў адзін са стваральнікаў сістэмы. А калі людзей можна забіваць, дык чаму нельга катаваць? Катаванне — гэта ж яшчэ не смерць. Можа, пашчасціць — і жывым застанешся. Разумееце?.. Таму трывай. Проста трывай. Каб не раззлаваць тых, хто катуе. Каб яны цябе не забілі.

У нас (ва ўсякім разе, у мяне і маіх равеснікаў, у маладзейшых яно, можа, і не так) — скалечаная свядомасць. Мы дапускаем, што нас у любы час могуць ні за што арыштаваць. Знішчыць. Калі ўначы з 19 на 20 снежня невядомыя людзі ўварваліся ў шпіталь хуткай дапамогі і голага павалаклі мяне з рэанімацыі на вуліцу, на люты ў тую ноч мароз, я падумаў: чаму не далі ўзяць адзежу, пацягнулі галяком? Таму што гэтыя людзі, падумаў я далей, ведаюць: адзежа мне больш не спатрэбіцца. Вось тады, голаму на падлозе мікрааўтобуса, у якім я сутаргава спрабаваў з'арыентавацца: у які бок мяне вязуць? У Мінск? Ці ў лес за кальцавую? — мне было па-сапраўднаму страшна. Я спінным мозгам на зледзянелай падлозе ўспомніў пра лёс Ганчара і Захаранкі, Красоўскага і Завадскага...

У СІЗА ўжо так страшна не было. Я быў, можна сказаць, шчаслівы, калі мяне ў СІЗА прывезлі. Пасля страху праз тое, што цябе маглі забіць, ты і ўвагі не звяртаеш, што на расцяжцы ў цябе нейкая жыла парвалася. Ну, адна парвалася, а колькі яшчэ цэлых засталося!..

Не зважаў я асабліва на «фізічныя практыкаванні» (хоць заяўляў пра іх і следчаму, і начальніку СІЗА) яшчэ і па той прычыне, што быў заняты пошукам адказу на неадступнае пытанне: «Як магло стацца тое, што сталася?..»

Напад на калону грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» і брутальны разгон Плошчы былі для мяне нечаканасцю. Рэпрэсіі, арышты чакаліся (я нават напісаў на імя Аляксандра Фядуты даручэнне прадстаўляць мае інтарэсы ў судзе), але пасля. Не на Плошчы, а тым больш не напярэдадні яе. Я ведаў, колькі высілкаў (найперш праз Міністэрства знешніх спраў) было прыкладзена ўладай дзеля таго, каб нармалізаваць стасункі з Еўразвязам, каб змяніўся вецер, які так моцна прыбіў карабельчык з назвай «Беларусь» да расійскага берага.

Стратэгічна ставілася на мэце вырашэнне вельмі важнай для захавання незалежнасці задачы: у праліве паміж ЕС і РФ адплыць да сярэдзіны праліва. Дэмакратычна праведзеныя прэзідэнцкія выбары былі б ветрам у ветразі нашага карабельчыка. Брутальнае ж іх завяршэнне стала швартовым канатам.

«Такога не магло быць! Але ж яно ёсць... Значыць, нехта дзеля гэтага пазавіхаўся. Хто?.. Дзе?.. Што ж адбылося?..» — ламаў я галаву ў пошуках адказу і не знаходзіў яго.

А адбылося тое, пра што цяпер ведаюць усе. Як я не чакаў брутальнага разгону людзей, гэтак Лукашэнка не чакаў самой Плошчы. Тых пяцідзесяці тысяч, якія, калі б не былі разагнаныя, назаўтра сталі б ста тысячамі, а пазаўтра... А пазаўтра: «Сыходзь!» Непазбежна... Вось што прабіла яго страхам ад галавы да пят! Толькі таму і была дадзеная каманда «фас!» сілавым структурам. Калі цябе могуць скінуць з карабля, тут уж не да таго, каб зважаць, каля якога берага...

— У першы дзень суда над Вамі на імправізаванай прэс-канферэнцыі Вы сказалі, што сілавы сцэнар процістаяння улады і апазіцыі, які выявіўся 19 снежня, не быў выгадны ніводнаму з гэтых бакоў. Ні ўладзе, ні апазіцыі. Тады якому трэцяму боку ён быў выгадны?

— У першы дзень суда я сказаў тое, што павінен быў сказаць, зыходзячы з сітуацыі, палітык. Паэт гэтага не сказаў бы.

Я сказаў, ды не быў пачуты. Ці быў пачуты, але не ўдастоены адказу.

Не аднойчы я паўтараў і да суда, і на судзе: давайце разам разбярэмся ў тым, што насамрэч адбылося ў Беларусі ў дзень прэзідэнцкіх выбараў.

Пра што я казаў, што было ў гэтых паўторах?.. Нічога іншага, апроч палітычнай прапановы. Шляху да выйсця. Не хочуць бачыць, не жадаюць чуць.

Трэці бок не шукаюць, бо з ім звязаныя цяпер усе спадзевы на выратаванне. Таму яго, як вінаватага, не стала. Няма. А тое, чаго няма, шукаюць толькі алхімікі. Лукашэнка ж займаецца традыцыйнай хіміяй.

— У апошнім слове на судзе Вы прапанавалі стварыць Камітэт нацыянальнага выратавання з удзелам прадстаўнікоў улады і апазіцыі. Вы ўсур'ёз мяркуеце, што Лукашэнка да такой прапановы можа прыслухацца?

— Я маю гэтакі досвед адносінаў з Лукашэнкам, што не выпадае быць наіўным...

Адразу пасля Плошчы ён казаў пра неабходнасць кансалідацыі грамадства. Але, думаю, кансалідацыю ён разумее як знішчэнне той часткі грамадства, якая з ім не згодная. Я не мог не сказаць, што ёсць іншы шлях. Гэты шлях — шлях мірнай трансфармацыі грамадства — прадэманстравалі нашыя братнія славянскія народы: палякі, чэхі, славакі. Праз грамадскі дыялог з удзелам улады і апазіцыі яны здолелі рафармаваць сістэму так, што сёння сярэдняя пенсія, скажам, у Польшчы ці не ўдвая вышэй за нашу сярэднюю зарплату.

— Вы паэт. Што-небудзь пісалі ў турме?

— Нешта кшталту «Карабля вар'ятаў», на жаль, не напісалася. Турэмныя жанры — гэта хадайніцтвы, скаргі, заявы... О, колькі іх напісана без ніякага толку!

Вось адна з заяў. Каб вы зразумелі, што трэці бок усё ж шукалі. Толькі патайна. Каб трэці бок пра тое не дазнаўся.

«Генеральному прокурору Республики Беларусь
Подследственного
Некляева Владимира Прокофьевича,
содержащегося в СИЗО КГБ
Республики Беларусь

ЗАЯВЛЕНИЕ

Каждый день со времени моего ареста (ночью 20 декабря 2010 г.) сотрудники КГБ разных отделов и уровней допрашивают меня с целью уличения в связи с российскими спецслужбами, якобы готовившими переворот для свержения законной власти в Республике Беларусь. В связи с этим заявляю, что никаких контактов с ФСБ и ГРУ Российской Федерации я не имел, ровно как не имел их и с политическим руководством России. Все мои действия как лидера кампании «Говори правду» и кандидата в Президенты Республики Беларусь были открытыми, публичными и не выходили за рамки закона. Подозрения же в действиях против Беларуси неких сил России, дружественной страны, считаю политическим заказом белорусской власти, которая для оправдания репрессий к участникам событий 19 декабря 2010 г., кандидатам в президенты и избирателям, ищет, кроме внутреннего, еще и внешнего врага».

25.12.2010.
В. Некляев».

Не ведаю, ці была гэтая заява адасланая з КДБ па адрасаце. Я напісаў генеральнаму пракурору некалькі заяў — ён не даслаў мне ніводнага адказу. Хіба на нейкія хадайніцтвы (напрыклад, па здароўі) адпісваліся клеркі генеральнай пракуратуры.

Дарэчы, усё, што пісаў я ў турме, я пісаў у 2-х экзэмплярах (апроч дзённіка). Па-першае, гэта давала нейкую надзею на захаванне напісанага, па-другое, займала неверагодна марудны турэмны час. Гэтак я і заявы (чаму некаторыя й захаваліся), і лісты пісаў.

Лісты да Волі-жонкі і да Волі-волі. «Ты, Воля беларуская, ты, мара крывіцкая, ты, крэўная мая! Калі табе патрэбная ахвяра — ёй стану я».

Адзін ліст аддаваў турэмшчыкам, каб выслалі, другі пакідаў сабе. Праз некалькі дзён сам чытаў той ліст. Ну, нібы з волі атрымаў... Бо лісты, якія пісалі мне Воля-жонка і Воля-воля, да мяне не даходзілі. Як і мае лісты да іх...

З турмы ў турму пішу лісты:
«Каханая мая! Святая!..»
І што не прачытала ты —
Турма ўначы са мной чытае.

Гэта з недапісанай паэмы «Турма». Паспрабую дапісаць. І не толькі яе... Процьма недапісанага. Недажытага...

Як ні спяшаеш, як ні гоніш коней,
Ні прагнеш жыць ажно да забыцця —
Не хопіць на жыццё твайго жыцця
І рэшту будзеш дажываць па сконе.

— Ці будзеце Вы працягваць сваю палітычную і грамадскую дзейнасць?

— Буду. У бліжэйшыя дні я сустракаюся з рэгіянальнымі кіраўнікамі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», каб доўжыць тое, дзеля чаго кампанія стваралася: гаварыць праўду. Грамадства не разумее, што насамрэч адбываецца ў краіне. Людзі не звязваюць таўкатню ў абменніках валюты і чэргі па соль ды крупы з турмамі, з палітвязнямі, з тымі палітычнымі рашэннямі, якія прымае ўлада. Здаецца, і сама ўлада разумее гэта пакуль не да рэшты. Таму на восень краіну могуць скалануць першыя сацыяльныя выбухі.

Я ўдзячны актывістам кампаніі «Гавары праўду», што яны не спалохаліся рэпрэсій, турмаў, не кінулі нашу агульную справу. Я удзячны людзям, якія падтрымалі мяне на выбарах, якія прыйшлі на Плошчу. Яны мяне не пакінулі, дык як я магу пакінуць іх? Як я магу пайсці з палітыкі, калі ў турме мае сябры, калі за кратамі ні ў чым не вінаватыя людзі? Слова «пакінуць» у такой сітуацыі мела б значэнне слова «здрадзіць». У маім даволі разнастайным жыцці здаралася ўсялякае, але такога не было.



 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тых, каму быў выгадны брутальны разгон Плошчы, не шукаюць, бо з ім звязваюць спадзевы на выратаванне...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика