Аляксандр Лукашэнка: "Прадпрыемствы павінны ў першую чаргу разлічваць не на дзяржпадтрымку, а на ўласныя сілы". 21.by

Аляксандр Лукашэнка: "Прадпрыемствы павінны ў першую чаргу разлічваць не на дзяржпадтрымку, а на ўласныя сілы"

08.07.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора ў час наведвання завода газетнай паперы ў Шклове, перадае БЕЛТА.

Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, прадпрыемствам сваё шчасце неабходна шукаць перш за ўсё ў павышэнні рэнтабельнасці, пастаянна паляпшаючы якасць выпускаемай прадукцыі і пашыраючы геаграфію паставак. "Я нікому ніякай падтрымкі не абяцаю", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Разлічваць на падтрымку — гэта выключэнне. Недзе, магчыма, і падставім плячо, але разлічваць трэба на сябе", — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў гэтай пяцігодцы стаўка будзе рабіцца, перш за ўсё, на выкарыстанне мясцовых рэсурсаў і ў тым ліку, узнаўляльных крыніц энергіі.

Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца 2013 года стварыць у Шклове вытворчасць паперы — асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў

Як далажыў кіраўніку дзяржавы першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, завод газетнай паперы выйшаў на праектную магутнасць і цяпер на 100 працэнтаў закрывае патрэбнасці краіны ў гэтым відзе прадукцыі. Акрамя таго, газетная папера актыўна пастаўляецца на экспарт. Геаграфія экспартных паставак толькі за студзень-чэрвень гэтага года ўключае 18 краін, такіх, як Расія, Венгрыя, Казахстан, Сербія, Чэхія, Германія, Польшча, Украіна і іншыя. Аднак далей значна нарошчваць магутнасці па вытворчасці газетнай паперы няма магчымасці, таму што гэта звязана з недастатковай сыравіннай базай.

Таму на прадпрыемстве распрацаваны праект па стварэнні вытворчасці паперы — асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў. Пры яе вырабе магчыма выкарыстанне іншых відаў сыравіны, якія не падыходзяць для вытворчасці газетнай паперы. Акрамя таго, гэта прадукцыя вельмі запатрабавана ў Беларусі і ў перспектыве будзе пастаўляцца на экспарт.

Як адзначыў першы віцэ-прэм'ер, цана пытання — амаль 70 млн еўра. Для стварэння новай вытворчасці плануецца прыцягнуць крэдытныя рэсурсы, а ў якасці пастаўшчыка абсталявання хутчэй за ўсё выступіць адна з чэшскіх кампаній. Тэрмін акупнасці праекта складзе прыкладна 4-5 гадоў. "Ужо зроблены бізнэс-план, праведзены неабходныя экспертызы, да канца ліпеня павінны вызначыцца па пастаўшчыках абсталявання", — сказаў Уладзімір Сямашка.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў удзяліць асабліва пільную ўвагу менавіта пытанню выбару пастаўшчыка абсталявання для новага прадпрыемства, каб не памыліцца ў якасці. Пры гэтым ён таксама запатрабаваў не зацягваць з тэрмінамі будаўніцтва, каб ужо да канца 2013 года прадпрыемства пачало работу. "Галоўнае — сказаць пастаўшчыкам абсталявання, каб да 2013 года было зроблена. Калі чэхі не могуць, прасіце немцаў. Нам важна не толькі цана пытання, але і тэрміны", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама падкрэсліў, што ў далейшым новая вытворчасць павінна працаваць толькі на мясцовай сыравіне. "Імпарту тут быць не павінна. Мэта — задзейнічаць уласныя рэсурсы", — адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць яму аб стане сыравіннай базы і ў будучым вырашаць пытанні лесапасадак ва ўвязцы з патрэбамі вытворчасці.

Прадаўжаючы тэму выкарыстання мясцовых рэсурсаў, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў бліжэйшыя гады ў Светлагорску плануецца стварыць вытворчасць беленай сульфатнай цэлюлозы. "Ураду разам з Адміністрацыяй Прэзідэнта трэба паглядзець, што ў гэтай частцы ў краіне яшчэ трэба зрабіць, каб мы нармальна паспявалі перапрацоўваць спелыя лясы і іх аднаўляць", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб рабоце РУП "Завод газетнай паперы" ў сферы домабудаўніцтва. Як вядома, на прадпрыемстве вырабляецца клеены брус і бэлькі, каркасныя і брусавыя дамы. Гэта прадукцыя карыстаецца добрым попытам і пастаўляецца на экспарт, у тым ліку ў Расію і краіны ЕС. Пры гэтым на прадпрыемстве плануюць давесці пастаўкі на ўнутраны і знешні рынкі да суадносін 50/50. "Толькі на Расію завязвацца нельга. Пастаўкі павінны быць дыверсіфікаваны", — адзначыў Прэзідэнт Беларусі, дадаўшы, што ў пытанні цэнаўтварэння неабходна арыентавацца перш за ўсё на рынак і рэалізоўваць прадукцыю па максімальна выгаднай цане.

У Беларусі не будуць адмаўляцца ад святкавання Дня Незалежнасці і правядзення "Славянскага базару"

Кіраўнік дзяржавы назваў балбатнёй размовы аб тым, што дзяржава траціць на гэта вялікія грошы. На самай справе расходы на ўсё гэта нязначныя. "Гэта балбатня, не больш. Калі б ім давялося гэта арганізаваць, яны больш патрацілі б або нічога не рабілі б. Але пакуль я Прэзідэнт, то мы на гэтыя мерапрыемствы будзем траціць пэўныя грошы", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі размова ідзе пра салют, то ён каштуе каля $10-15 тыс., гэта капейкі для дзяржавы. Людзі хочуць не толькі хлеба, але часам і відовішчаў. Гэта не я прыдумаў і раблю тое, што аб'ектыўна неабходна. Дзень Незалежнасці — гэта наша галоўнае свята, і мы будзем яго святкаваць з усім размахам", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў ходзе ваеннага параду дэманструецца баявая моц. "Гэта мой абавязак — падтрымліваць армію на належным узроўні. Хто не корміць сваіх салдат — будзе карміць чужых", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка называе ворагамі народа прадстаўнікоў апазіцыі, якія прапануюць эканамічна задушыць Беларусь

"Гэта ўся шалудзівая маса невялікая, якая топчацца на плошчах, ці то мыкае, ці то тупае, ці то крычыць. Яны хочуць выкарыстаць момант. Яны цудоўна разумеюць, што кожны дзень мы з гэтага становішча, панікі, якую стварылі самі ў пачатку года, будзем выходзіць, і мы выходзім. На прыкладзе завода газетнай паперы ў Шклове мы гэта ўбачылі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Уся гэта пятая калона разумее: яшчэ тры месяцы — і людзі забудуць, што ў нас недзе нейкія цэны ўзняліся, іншыя праблемы ўзніклі, і тады ўжо падстаў тупаць і мыкаць не будзе", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "І яны спяшаюцца і лезуць напралом. У іх, ці вы бачыце, чорныя серады. Яны там збіраюць па 500-600 чалавек і пачынаюць правакаваць, каб карцінку даць, паказаць на Захадзе — грошы ім на гэта даюць, гэта не бясплатна. Вось яны ўсе там і плаваюць у гэтым віры", — дадаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што грошы зарабляюць не на плошчах, а на палях і заводах. "Вось чаму яны лічаць сябе апазіцыяй. Якая гэта апазіцыя: сёння ў СМІ пайшлі прапановы, каб эканамічна задушыць Беларусь. Гэта зноў новы віток пачаўся, — сказаў Прэзідэнт. — Гэта ворагі народа, гэта пятая калона, таму ім усё дрэнна".

Аляксандр Лукашэнка разлічвае на зніжэнне ў 2012 годзе цэн на энергарэсурсы, якія пастаўляюцца з Расіі

"Я схіляюся да таго, што пік у эканоміцы (па цэнах на энергарэсурсы. — Заўвага БЕЛТА) мы ў гэтым годзе пераадолеем. Гэты рубікон мы пяройдзем", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што асноўвае сваё перакананне на тым, што сусветны рынак энергарэсурсаў у гэтым годзе развіваецца менавіта ў гэтым напрамку. "Нават расіяне, фарміруючы бюджэт на 2-3 гады, зыходзяць з таго, што цэны на нафту ўпадуць, значыць, і на прыродны газ. "Я хацеў бы спадзявацца, і гэта маё перакананне, што ў гэтым годзе мы маем самы высокі ўзровень цэн", — сказаў беларускі лідар.

Пры гэтым ён адзначыў, што цяпер прадаўжаюцца перагаворы паміж Беларуссю і Расіяй аб цэнах на энергарэсурсы ў наступным годзе. "Тут рана яшчэ пра нешта гаварыць, але мне здаецца, што з наступнага года, калі максімум, можам мець толькі такія цэны (як у гэтым годзе. — Заўвага БЕЛТА), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але задача перад урадам пастаўлена, каб мы з расіянамі дамовіліся па больш нізкім узроўні цэн на прыродны газ".

Што датычыцца цэн на нафту, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і тут у свеце прасочваецца тэндэнцыя на іх зніжэнне. У прыватнасці, многія краіны, што ўваходзяць у ОПЕК, заклікаюць да таго, каб павялічыць аб'ёмы здабычы, каб цэны не раслі, таму што гэта можа прывесці да чарговага эканамічнага крызісу. "Зыходзячы з усяго, што сёння адбываецца ў свеце, я спадзяюся, што ў эканоміцы мы ўжо дасягнулі практычна сусветнага ўзроўню (па цэнах на энергарэсурсы. — Заўвага БЕЛТА)", — рэзюмаваў Прэзідэнт Беларусі.

"Беларусь не ставіць перад сабой задачу поўнасцю адмовіцца ад імпарту"

У прыватнасці, журналісты адзначылі, што як сам кіраўнік дзяржавы, так і ўрад не раз заяўлялі аб тым, што стабілізаваць эканамічную сітуацыю ў краіне можна ў першую чаргу за кошт рэзкага скарачэння імпарту. У сувязі з гэтым у Аляксандра Лукашэнкі пацікавіліся, ці не ўдараць абмежаванні імпартных закупак па знешнегандлёвых адносінах Беларусі і ці не прывядзе гэта да канфліктаў са знешнеэканамічнымі партнёрамі.

"Не думаю, што гэта прывядзе да нейкіх канфліктаў, тым больш што мы штучна не адмаўляемся ад закупкі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, значную долю імпарту складаюць закупкі энергарэсурсаў, такіх, як нафта і прыродны газ. "Хочаш не хочаш — мы ад гэтага не адмовімся пакуль. Хоць альтэрнатыву мы не прапрацоўваем, а завяршылі прапрацоўваць. Уладзімір Сямашка займаецца гэтым пытаннем, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Мы пакуль аб гэтым не гаварылі, але ў нас ёсць альтэрнатыва і па прыроднаму газу, а па нафце мы ўжо паказалі. І сёння мы выбіраем, дзе лепш: танней у Расіі — купляем у Расіі, танней у іншым месцы — купляем там. Ад гэтага імпартнага складальніка мы нікуды не адыдзем".

Што датычыцца імпарту камплектуючых, Прэзідэнт адзначыў, што калі ў Беларусі гэта прадукцыя лепшай якасці, чым тая, якая вырабляецца ў іншых краінах, то выкарыстоўваюцца айчынныя камплектуючыя. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ва ўмовах недахопу валюты для закупкі камплектуючых за мяжой многае пачалі вырабляць у Беларусі, адкрываючы імпартазамяшчальныя вытворчасці.

"Але, вядома, поўнасцю адмовіцца ад імпарту мы не можам і не ставім такой мэты. Дай бог нам хоць бы напалавіну скараціць імпартны складальнік па камплектуючых", — адзначыў кіраўнік дзяржавы, падкрэсліўшы, што ніхто са знешнегандлёвых партнёраў прэтэнзій да Беларусі наконт скарачэння імпартных закупак не прад'яўляў.

Што датычыцца саміх закупак, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што пры іх правядзенні ў першую чаргу ўлічваецца цана і якасць. "Калі нармальна па цане, па якасці — мы будзем закупляць. У нас адзіная мытная прастора, заўтра будзе адзіная эканамічная прастора Беларусі, Казахстана і Расіі, свабоднае перамяшчэнне. Таму тут асабліва не адмовішся", — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка не мае намеру таргавацца з Еўрасаюзам адносна зняволеных

"Я прачытаў гэту прапанову ў СМІ і хацеў бы сказаць пану Сікорскаму, што мы ўжо ад яго кансультацыі атрымлівалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Вы памятаеце, калі ён да нас прыязджаў. І тым не менш я не адмаўляюся ад яго прапаноў і кансультацый, можа ён зразумеў, усвядоміў, што ён сам вінаваты, што не мы тут стварылі гэту сітуацыю. Ну, можа, гэта сігнал, мы ад гэтага адмаўляцца не будзем. Але толькі нам не трэба ніякіх кансультацый. Мы ж разумныя людзі. Таму нам кансультацыі гэтыя не патрэбны", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Не ведаю толькі, па якіх пытаннях яны нас хочуць кансультаваць — сеяць, убіраць, будаваць мы добра ўмеем. Ну, раптам яны штосьці там надумалі тое, чаго мы не ведаем, няхай прыедуць і скажуць, а мы заплацім за добрае, калі яны нам штосьці скажуць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Што датычыцца палітзняволеных, вы таксама ведаеце, што ў нас няма сёння артыкула палітзняволеных. Гэта ім гэтага хочацца. Шчыра кажучы, я не ведаў, колькі ў нас асуджаных па гэтых беспарадках і знаходзіцца ў месцах зняволення. З 600 прыцягнутых тады ў нас 28 ці 30 чалавек знаходзіліся ў месцах не такіх далёкіх, хто ўмоўна, хто ў турме. Але там, дзе ёсць бясспрэчныя факты, знятыя ў тым ліку і заходнімі журналістамі", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама сказаў, што ў Шклове ёсць калонія, зона ўзмоцненага рэжыму. "Гэтым шалапутам там рабіць няма чаго. Калі яны туды трапяць, то іх на працягу тыдня хутка заклічуць да парадку. Таму я іх нават баюся там трымаць, таму што скажуць, што там улада здзекавалася з іх", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Таргавацца я ні з кім намеру не маю. Гэта людзі — дрэнныя яны, добрыя, — гэта чалавечыя лёсы. Таргавацца з ЕС і разменьваць гэтых людзей на нейкія перагаворы і размовы, нам гэта не трэба абсалютна, я кажу шчыра".

Ён прадоўжыў: "А калі ў ЕС іх хочуць да сябе забраць — заўтра білет выпішам і адправім, няма пытанняў. Няхай забіраюць, калі яны такія заступнікі палітзняволеных. Заўтра ў адзін вагон пасадзім — я прыму рашэнне — усіх, і нават тых, хто сёння застаўся на волі і мыкаюць на плошчах, яны спецыяльна правакуюць. Усіх, за каго яны заступаюцца, заўтра ў вагон — і туды. Калі хутчэй — самалёт выдзелім, перакінем імгненна, няхай забіраюць. Але вось убачыце, як яны на гэта адрэагуюць".

Аляксандр Лукашэнка лічыць непартнёрскімі дзеянні Расіі ў сітуацыі з пастаўкамі электраэнергіі ў Беларусь

"Што датычыцца электраэнергіі — мы павінны былі. Але партнёры так не робяць. Зразумела, утвараецца нейкая запазычанасць, мы не паспяваем аплаціць, ёсць нейкія праблемы, таму не трэба нахіляць партнёра, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я гэта, шчыра кажучы, ацэньваю як непартнёрскія дзеянні, не гаворачы ўжо аб саюзніцкіх або брацкіх адносінах. Гэта непрыстойна адносна Беларусі". "Мы ж не адмаўляемся, што ўзялі такую колькасць электраэнергіі і за яе будзем плаціць, але былі нейкія праблемы", — падкрэсліў беларускі лідар.

Каментуючы наяўнасць магчымай палітычнай падаплёкі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Я многае — і намёкамі, і адкрыта, і паўнамёкамі гаварыў аб нашых адносінах. Расія ўступае ў паласу вельмі вострай палітыкі. Трэба больш проста глядзець на дзеянні Расіі, тым больш што ў палітычных адносінах Расія неаднародная, там усяго хапае. Таму нам трэба больш спакойна на гэта рэагаваць. Думаю, што нармалізуецца ўсё на працягу гэтага года, будучага, пройдуць прэзідэнцкія выбары (у Расіі. — Заўвага БЕЛТА). У нас адносіны развіваюцца нядрэнна, асабліва ў эканоміцы, вельмі сур'ёзна вырас экспарт. А гэта — галоўнае".

Максімальна прывязваць эканоміку да мясцовай сыравіны

"Не ведаю, наколькі эфектыўна выкарыстоўваем існуючыя запасы драўніны, але ведаю, што рэзервы ў нас вялікія, але пакуль мы ідзём навобмацак. Вось увялі завод газетнай паперы ў Шклове. Глядзім, як ён працуе, ці ёсць сыравіна", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама падкрэсліў, што сёння прынята рашэнне аб будаўніцтве новага завода ў Шклове, больш сучаснага. На думку Прэзідэнта, прадукцыя будзе запатрабавана на рынку, асабліва з улікам таго, што прадаўжаецца рэканструкцыя каля 6 дрэваапрацоўчых комплексаў, уводзяцца таксама новыя.

"Сёння пытанне ўжо стаіць, ці хопіць нам, па-гаспадарску выкарыстоўваючы, сыравіннай зоны. Усё трэба рабіць планава — высек лес, пасадзі новы, каб вырас для будучых пакаленняў", — адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама сказаў, што практычна кожныя год-два ўводзяцца новыя магутнасці — Светлагорскі цэлюлозны камбінат, ідзе рэканструкцыя ў Добрушы, будзе пабудаваны новы завод у Шклове. Кіраўнік дзяржавы падчас наведвання завода газетнай паперы даў даручэнне прааналізаваць баланс наяўнасці і перапрацоўкі драўніны. "Галоўнае — стратэгічна мы павінны рабіць сваю эканоміку так, каб яна была па максімуму прывязана да мясцовай сыравіны", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора ў час наведвання завода газетнай паперы ў Шклове, перадае БЕЛТА. Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика