Вітай, Марыя, поўная ласкi!..
24.08.2009
—
Новости Общества
|
У Браславе адбылася каранацыя абраза Мацi Божай Валадаркi Азёраў
Каля 10 тыс. вернiкаў сабралася ў суботу на пляц перад кафедральным касцёлам у Браславе на ўрачыстую падзею — каранацыю абраза Мацi Божай Браслаўскай. На працягу амаль трох гадзiн пiлiгрымы розных канфесiй з Беларусi, Расii, Украiны, Польшчы, ЗША, Германii, Латвii, Лiтвы, Iталii, Канады былi сведкамi гэтай гiстарычнай падзеi. Урачыстае богаслужэнне праходзiла каля касцёла на спецыяльна пабудаваным алтары,
якi меў форму карабля, даўжынёй 32 метры. Карабель, на якiм ўзвышаўся
Ускладанне каронаў здзейснiў архiепiскап Кёльнскi Ёахiм Майснер, якi ўзначальваў богаслужэнне. — Я адчуваю сябе тут як дома, хоць у Беларусi i ўпершыню, — кажа архiепiскап Майснер. — Гэта не першы раз, калi мне даручаецца такая ганаровая мiсiя каранацыi. Першы раз я каранаваў фiгуру ў Польшчы. Увогуле, каранацыя — гэта вельмi важны знак. Бог карануе Марыю як чалавека, якi з'яўляецца для нас блiзкай асобай i якая можа нам дапамагчы. I калi мы карануем Марыю, кожны з нас таксама атрымоўвае частку праменяў яе кароны. Ва ўрачыстасцi прынялi ўдзел больш за 200 святароў. Спецыяльна з нагоды каранацыi ў Браслаў прыбыў таксама 31 епiскап. Прысутнiчалi таксама Апостальскi нунцый у Беларусi арцыбiскуп Марцiн Вiдавiч, а таксама два кардыналы: Апостальскi адмiнiстратар Пiнскай епархii Казiмiр Свёнтэк i iерарх Рымска-каталiцкай Царквы ў Латвii кардынал Янiс. У складзе гасцей былi прадстаўнiкi мясцовай улады, а таксама ўпаўнаважаны па справах рэлiгii ў Беларусi Леанiд Гуляка. — Маю гонар ад iмя Урада нашай краiны сардэчна вiтаць усiх на свяце не толькi каталiцкай Царквы, але i ўсёй краiны, — звярнуўся да прысутных спадар Гуляка. — Свята Мацi Божай з'яўляецца напамiнам аб неацэннай ролi Мацi ў жыццi ўсяго чалавецтва i кожнага з нас паасобку. Вобраз Мацi — гэта i каханне, i прыгажосць, i мiласэрнасць, i самае галоўнае — сям'я. Каранацыя абраза праходзiла пад урачыстыя спевы зборнага хору Вiцебскай епархii, якi налiчваў 120 чалавек. Богаслужэнне адбывалася ў суправаджэннi аркестра з 20 музыкантаў. "О, Марыя, наша Валадарка, дай ласку святасцi для нашых Мацi. А для нашых бацькоў — ласку трывання ў веры, — словы з Акта прысвячэння Марыi, зачытаныя настаяцелям касцёла айцом Лешакам Вiтвiцкiм пасля абраду каранацыi, шмат каго па-сапраўднаму расчулiлi, многiя плакалi ад шчасця. — Дай нам святых пастыраў, атуляй апекай тых, хто iмкнецца iсцi за Божым заклiкам..." — Братэрскае паяднанне ў любовi — вось тое заданне, якое, на маю думку, пакiнула нам Марыя, — дзелiцца ўражаннямi ад урачыстасцi манахiня-францiшканка з Глыбокага сястра Габрыэля. — Незалежна ад таго, кiм ёсць кожны з нас: католiкам, праваслаўным, грэка-католiкам цi кiмсьцi яшчэ. Мацi Божая аб'ядноўвае i прынамсi мне падалося, што гэтае спатканне адбылося пад знакам любовi. Кожны адчуваў сябе, як брат i сястра. — Кожны год я хаджу на гэтае свята — Мацi Божай Браслаўскай, хоць сама я праваслаўная,
— дадае 75-гадовая браслаўчанка Валянцiна Iванаўна. — А сёлета яшчэ i такая ўрачыстасць!
Вось iду назад, а ў самой аж слёзы цякуць — цяжка перадаць пачуццi. У душы так
натхнёна, светла... Я, памятаю, нас, маленькiх, i да вайны бацькi вадзiлi ў царкву,
я i цяпер хаджу. Вунь яна, насупраць. А некалi ж нельга было... — Валянцiна Iванаўна
выцiрае слёзы i працягвае: — Веру ў Бога, а ён мне заўсёды дапамагае. Нiчога не
прашу, толькi здароўя для сябе i для дзетак. I Бог заўсёды чуе мае малiтвы...
Традыцыя каранавання абразоў паходзiць з XVІI стагоддзя. Карона (ад лац. corona — вянец, вянок) з даўнiх часоў з'яўлялася сiмвалам улады, знакам павагi i моцы. Лiчылася, што такiм чынам ушаноўваецца гонар Мацi Божай. Першая ўрачыстая каранацыя абраза Мацi Божай адбылася 27 жнiўня 1631 г., падчас пантыфiкату Урбана VIII, у харальнай каплiцы ў базылiцы святога Пятра. I сёння, згодна з вучэннем Каталiцкай Царквы, кожны абраз можа каранавацца толькi адзiн раз, але для гэтага павiнны быць падставы: абраз павiнен не толькi здаўна ўшаноўвацца, але i лiчыцца цудадзейным. Гэтыя ўмовы павiнен пацвердзiць мясцовы епiскап, якi падае прашэнне аб каранацыi. Падчас iснавання Рэчы Паспалiтай у яе межах было каранавана 27 абразоў, з якiх 5 — у ВКЛ i 6 — у Польшчы. На тэрыторыi сучаснай Беларусi было каранавана два абразы: Мацi Божай Жыровiцкай (1730) i Мацi Божай Бялынiцкай (1761). У суверэннай Беларусi абрад каранацыi марыйных абразоў быў распачаты толькi ў
1996 г. Тады папскiя кароны былi ўскладзены на абраз Мацi Божай Берасцейскай.
Праз год — на абраз Мацi Божай Лагiшынскай (1997 г.). У 1998 г. каранавалi абраз
Мацi Божай Буд-
Паводле гiстарычных звестак, абраз Мацi Божай Валадаркi Азёраў калiсьцi знаходзiўся ў грэка-каталiцкiм манастыры, якi ў 1832 годзе згарэў ад удару маланкi. Iкона ж цудам захавалася i з таго часу знаходзiцца ў браслаўскiм касцёле. Апошнiя два месяцы абраз знаходзiўся на рэстаўрацыi ў Мiнску. Кароны на абраз былi зроблены ў Кракаве паводле праекта мастака кс. Антонiя Паланяка. 18 лютага 2009 г. на плошчы Святога Пятра iх асвяцiў Папа Бенедыкт XVI. Абраз Мацi Божай Браслаўскай стаў сёмым па лiку каранаваным абразам у Беларусi, а таксама першым каранаваным у Вiцебскай вобласцi. Увогуле, сёлетнi год вельмi знакавы для Вiцебшчыны: самая маладая ў Каталiцкай Царкве Вiцебская епархiя ў кастрычнiку адзначыць 10 гадоў з моманту заснавання. Адметна i тое, што яе першы епiскап — ксёндз Уладзiслаў Блiн — у гэтым годзе таксама адзначае 10-ю гадавiну пасвячэння епiскапскай сакры... — Марыя нездарма ўпрыгожана каронай, якую атрымала ад свайго сына, — сказаў на заканчэнне архiепiскап Кёльнскi Ёахiм Майснер. — Тое, што яна была ўзята на неба з усёю сваёю чалавечаю iстотаю, для нас становiцца выклiкам, якi адначасова з'яўляецца надзеяй. Бог хоча асвяцiць нас — усё нашае чалавечае iснаванне, i прыняць на неба. Праз гэта Бог надае нашаму жыццю сапраўдны сэнс... Падчас набажэнства, калi ў ясным небе зусiм не было аблокаў, каля сонца раптам з'явiлася вясёлка. — Яна як бы плыла, — расказвае Рэгiна Корань з Мiнска. — Людзi спрабавалi яе сфатаграфаваць, але не атрымоўвалася: камеры не бралi. А яна ўсё плыла i плыла. А потым знiкла. Гэта сапраўдны цуд!.. — Маё сэрца, мая душа перапоўненыя светам i цяплом, — прызнаецца Алiмпiяда Альбiнаўна Крупень, якая прыехала ў Браслаў з Полацка. — Самае цяжкае ў жыццi вернiка чалавека — гэта ўмацаванне яго веры. Сённяшняя каранацыя i гэта вясёлка ў небе — сапраўды дапамагаюць зрабiць веру мацнейшай. Гэта ў некаторай ступенi аб'яднанне ўсiх хрысцiянаў у Беларусi. I я веру, што сённяшняя падзея стане мастом памiж хрысцiянскiмi цэрквамi ў Беларусi. Iлья Лапато. г. Браслаў. |