Паляпшэнне дабрабыту, пашырэнне роду
24.08.2009
—
Новости Общества
|
Якiя б святы традыцыйнага народнага календара мы не ўзялi, у структуры кожнага з iх яўнай дамiнантай будуць рытуальныя дзеяннi, абрадавыя песнi, магiчныя атрыбуты, скiраваныя на рэалiзацыю iдэi паляпшэння дабрабыту. Напрыклад, комплекс калядна-навагоднiх святкаванняў лiтаральна наскрозь прасякнуты гэтым сэнсам. Калядоўшчыкi абходзiлi кожны двор i жадалi гаспадарам сямейнага дабрабыту, добрага ўраджаю, прыплоду свойскай жывёле. Нашы продкi свята верылi ў тое, што словы пажаданняў, зычэнняў маюць надзвычай вялiкую магiчную сiлу, асаблiва тыя, якiя сказаны ў час вялiкiх святкаванняў. Яны спадзявалiся: чым больш добрых слоў будзе сфакусавана, напрыклад, у нашых навагоднiх пажаданнях, тым больш шчаслiвым i спрыяльным будзе ўвесь год. У каляднай абрадавай паэзii мы знаходзiм шматлiкiя пацвярджэннi таму, як нашы продкi малявалi карцiну iдэальных уяўленняў аб шчасцi, багаццi, удачы: Прачыстая iдзе, тры радасцi нясе: Першая радасць — у тваiм доме, Другая радасць — у тваёй аборы, Трэцця радасць — у чыстым полi. У тваiм доме — добрыя дзеткi, У тваёй аборы — валы, каровы, У чыстым полi — буйна жыта. Аналагiчныя абрадавыя складовыя прысутнiчалi фактычна ў розных рытуальна-абрадавых комплексах традыцыйнага календара беларусаў: Масленiца, Юр'е, Вялiкдзень, Тройца, Купалле i г.д. Аднак праблема паляпшэння дабрабыту нiколi не была для нашага народа самамэтай. Калi звярнуцца да той жа каляднай паэзii, то на першым месцы сярод усiх пажаданняў мы знойдзем натуральнае i заканамернае пажаданне сям'i мець "добрых дзетак". Гэта дазваляе нам зрабiць выснову, што другiм асноўным прынцыпам традыцыйнай народнай культуры быў прынцып захавання, працягу i пашырэння свайго роду. Тры складовыя гэтага прынцыпу абапiраюцца на структуру патрыярхальнай беларускай сям'i, у якой бабуля i дзед з'яўлялiся захавальнiкамi роду, бацька i мацi — яго прадаўжальнiкамi, а вось трое дзяцей павiнны былi паспрыяць яго пашырэнню. Акрамя таго, бясконцая колькасць прыкмет, пажаданняў, розных прадпiсанняў i забаронаў датычылiся маладых на вяселлi. Усе яны былi зарыентаваны перш за ўсё на тое, каб у маладых нарадзiлiся здаровыя дзецi: "Жадаем, каб у кожным куточку было па сыночку, А на кожнай падушцы было па дачушцы", "Дорым вам медзi, каб дзецi раслi, як мядзведзi", "Дарую бульбы падполле, каб дзяцей было застолле". Аксана Катовiч, Янка Крук. |