Бусел, сiмвал Беларусi, з'явiўся ў нас параўнальна нядаўна.... 21.by

Бусел, сiмвал Беларусi, з'явiўся ў нас параўнальна нядаўна...

28.08.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Арнiтолаг Аляксандр ВІНЧЭЎСКI расказвае, якiх птушак трымалi Радзiвiлы, хто быў першым беларускiм арнiтолагам, i колькi вiдаў птушак можа пабачыць беларус на свае вочы

Колькi вы бачылi на свае вочы розных птушак — 10, 15?.. А колькi можаце назваць — 20, 25?.. Чалавек, з якiм мы сядзiм i п'ём зялёную гарбату, бачыў на свае вочы 243 розныя птушкi ў Беларусi i 800 вiдаў — у свеце. Дзеля гэтага знаны беларускi арнiтолаг Аляксандр Вiнчэўскi за 20 гадоў аб'ехаў 31 краiну свету, а штогод здзяйсняе па Беларусi дзясяткi вандровак. Арнiтолагi — гэта захопленыя людзi, якiя гатовыя сарвацца i паляцець у iншую краiну, каб пабачыць нейкую новую птушку. У Беларусi пры грамадскай арганiзацыi "Ахова птушак Бацькаўшчыны" нават iснуе "Клуб 200", якi аб'ядноўвае людзей, што бачылi на свае вочы ў Беларусi 200 i болей вiдаў птушак. Дарэчы, усяго ў нас вядома 317 вiдаў птушак...

Мы размаўляем, як раптам у Вiнчэўскага звонiць тэлефон.

— ...У вас нават тэлефон звонiць птушыным спевам!..

— Паўднёвы салавей, — удакладняе Вiнчэўскi. — У нас ён не жыве, толькi ў Заходняй Еўропе, паўднёвай Украiне... Я запiсаў ягоны спеў у гарах у Азербайджане...

— Спадар Аляксандр, за стагоддзi гiсторыi Беларусi наколькi змянiўся наш птушыны свет?

— Змянiўся даволi iстотна. Бадай, галоўная прычына — глабальнае пацяпленне, якое падступае да нас павольна, але цягам стагоддзяў iстотна паўплывала на "птушыны" склад Беларусi. Другi iстотны фактар — дзейнасць чалавека, праз якую ў нас знiкла каля 10 вiдаў птушак — толькi за ХХ стагоддзе! Гэта, напрыклад, сокал-падарожнiк, якi гнездаваўся ў нас да 70-х гадоў, пасля гэтага нiводнага ягонага гнязда не знойдзена. Хоць, напрыклад, у сярэдзiне ХХ стагоддзя гэтых птушак было каля 100 пар. Знiкненне гэтага вiду звязана з ужываннем пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы. Бо пестыцыды праз раслiны траплялi да малых птушак, якiх ядуць драпежныя птушкi. Пестыцыды назапашвалiся — i ўплывалi такiм чынам, што шкарлупiнне яек рабiлася вельмi-вельмi тонкiм. Птушкi, калi нават наседжвалi гэтыя яйкi, то яны бiлiся пасля, трэскалiся... Цяпер мы маем надзею, што гэты сокал вернецца, бо ён сустракаецца ўзiмку, на мiграцыях... Дарэчы, гэта самая хуткая птушка ў свеце — калi яна ловiць сваю здабычу, дык развiвае хуткасць да 300 кiламетраў за гадзiну!

— Гэта значыць, што колькi стагоддзяў таму наш птушыны свет быў iншым?..

— Калi глядзець у Сярэднявечча, дык мы не маем нейкiх асаблiвых запiсаў... Хiба што Жылiбер (каралеўскi батанiк у Гароднi. — Аўт.) штосьцi пiсаў пра птушак Беларусi. Але мы ведаем, якi быў ландшафт Беларусi ў той час — тады практычна не было штучных паплавоў i палёў, i Беларусь на 90 працэнтаў была лясная краiна. Вядома, тут было больш лясных птушак. А ўсе стэпавыя птушкi з'явiлiся пазней, калi нашы продкi пакрысе сталi высякаць гэтыя лясы. Тыя ж жаўрукi, белыя буслы (якiя цяпер лiчацца сiмвалам Беларусi) з'явiлiся пазней, пасля Сярэднявечча. I ластаўкi — вясковыя, гарадскiя, галубы — гэта больш горныя птушкi. Яны i зараз жывуць на скалах у Мiжземнамор'i. А ў Беларусi скалаў няма — як яны тут апынулiся? Калi чалавек пачаў будаваць тут замкi, мураваныя будынкi — яны i сталi гэткiмi "скаламi" для птушак. Дарэчы, i вераб'i прыйшлi да нас з Афрыкi — бо гэта амаль выключна гарадская птушка, асаблiва дамовы верабей.

— Спадар Аляксандр, вядома, якiх птушак беларусы ядуць: курэй, гусей, iндыкоў... А цi былi птушкi, да якiх беларусы ставiлiся б з пашанай?

— Беларусы, гэтак, як i ўсе астатнiя плямёны i народы Еўропы, былi паганцы. I найлепшыя якасцi Багоў, у якiх яны верылi, яны прысвойвалi птушкам ды жывёлам, якiх яны бачылi ў лясах. Беларусы тысячу гадоў таму былi больш звязаныя з прыродай, чым цяпер. Нават вясковыя жыхары калi i ходзяць на балота цi ў лес, дык у грыбы цi ў ягады. Таму i ведаюць менш. А нашы продкi ведалi больш пра птушак. Зразумела, што i паляўнiчыя ў той час былi iншыя, следапыты, цяпер такiх засталося мала. У народзе захавалася многа своеасаблiвых назваў птушак. Напрыклад, у нас усiх драпежных птушак называюць каршунамi цi шулякамi. Ястрабаў завуць каршуны, сокалаў завуць каршуны, каршуноў завуць каршуны, канюхоў завуць каршуны... Хоць каршун, насамрэч, настолькi цяпер рэдкая птушка ў Беларусi, што ў 99 % выпадкаў, калi чалавек лiчыць, што бачыў каршуна, гэта не каршун... У нас цяпер iснуе два вiды каршуноў — Чорны каршун, якi жыве ўздоўж рэкаў, i Чырвоны каршун, якога вядома толькi адна (!)
пара, якая гняздзiцца каля Сапоцкiна... Адкуль у людзей было нейкае адмысловае стаўленне да птушак? Не адтуль жа, што бачылi пудзiлы птушак... А таму, што бачылi ў лесе, як арол змагаецца з большай па памерах птушкай цi жывёлiнай, як ён выжывае ўзiмку, як гадуе птушанятаў... Вось i мелi павагу да арлоў-маркутоў, арланаў-белахвостаў (гэта самая вялiкая драпежная птушка ў Беларусi), пугачоў... Вельмi шанавалi ластавак, бо яны ядуць жамяру, якая дапякае людзей i быдла. Увогуле, усе птушкi шанавалiся ўвесну, калi пасля зiмы прырода ажывала, калi птушкi спявалi. Сiнiчка заспявала — значыцца, iдзе вясна, лягчэй яе чакаць. Нават калi гэта было ў лютым... Таму многiя нашы абрады, прымаўкi, звычаi, звязаныя з птушкамi, у палове нашых песень згадваюцца птушкi...

— Сёння беларусы трымаюць у хаце папугайчыкаў, канарэек... А якiх птушак трымалi беларусы раней?

— Калi казаць пра шляхту, дык Радзiвiлы ў Нясвiжы трымалi iндыйскiх паўлiнаў — гэта дакладна вядома, там быў нават своеасаблiвы заапарк. Але ж экзатычных птушак маглi дазволiць сабе толькi заможныя людзi. Простыя людзi трымалi птушак, якiя ядуць насенне, — тое, што можна лёгка здабыць, каб кармiць яе. Гэта зяблiкi, стрынаткi, жаўрукi... Больш, зразумела, трымалi тых, якiя добра спяваюць: салаўi, чыжы, гiлi... Я сам птушак нiколi не трымаў, таму мне i цяжка сказаць, каго трымалi...

— Скажыце, а калi з'явiлiся арнiтолагi ў Беларусi?

— Заснавальнiкам беларускай арнiталогii лiчыцца граф Канстанцiн Тызенгаўз. Гэта вядомы беларускi род, якi меў некалькi маёнткаў — у Жалудку, Паставах. У Паставах i сёння iснуе палац Тызенгаўзаў. З дапамогай грамадскай арганiзацыi "Ахова птушак Бацькаўшчыны" i ахвяраванняў беларускiх аматараў птушак была вырабленая адмысловая шыльда ў гонар Канстанцiна Тызенгаўза, ды ўсталяваная з дазволу дыяцэзii на касцёле ў Жалудку... Канстанцiн Тызенгаўз назiраў за птушкамi ў 1860-х гадах. З iм здарыўся цiкавы выпадак — ён апiсаў новы для навукi вiд соваў, i назваў яго Сава драбнавокая. А пасля высветлiлася, што гэта не новы вiд соваў, а барадатая кугакаўка, у якой у Беларусi ёсць вельмi ўнiкальная ды цiкавая папуляцыя. Гэта ўвогуле паўночная сава, у нас яны жыве лiтаральна такой "выспачкай". I сучасныя арнiтолагi, пасля Тызенгаўза, адкрылi яе для сябе толькi ў 1970-х гадах, 30 гадоў таму — калi знайшлi яе папуляцыю вакол Целяханаў, на Выганашчанскiх балотах, там гняздуецца каля 20-30 пар гэтых соваў. Многiя арнiтолагi з замежжа, з Заходняй Еўропы, едуць да нас, каб паглядзець гэтую саву. Дарэчы, згаданы мной Тызенгаўз напiсаў шмат кнiг па арнiталогii, навуковыя артыкулы... Калi ён ужо быў хворы i памiраў, была зiма. I ён сказаў: "Вось бы пачуць, як спявае жаўрук". Прыйшла вясна, адчынiлi акно — i Тызенгаўз пачуў, як заспяваў першы жаўрук. I памёр...

— Цi часта ў Беларусi з'яўляюцца новыя вiды птушак?

— У сярэднiм раз на год. Лiтаральна днямi зафiксавалi новы вiд — малога баклана, да гэтага ў студзенi — горную плiску... Быў такi цiкавы выпадак у мiнулым годзе, калi ў нас адзначылi новы вiд сокалаў — сокал-балобан. Гэта другi па памеры, пасля белазора, сокал у Еўропе. Але балобана нiхто не здолеў пабачыць! Прычына ў тым, што нашы вугорскiя калегi павесiлi на некалькiх сокалаў спадарожнiкавыя перадатчыкi. I праз спадарожнiк яны бачылi, што гэтыя сокалы заляцелi ў Беларусь i вылецелi з яе! Сябры "Клуба 200" ездзiлi на адно такое месца ў Палессi, дзе сокал праз дажджы сядзеў тыдзень. Мы кожны дзень звязвалiся з вугорцамi, яны казалi: ён там сядзiць на полi, едзьце глядзiце! Але пакуль нашы арнiтолагi даехалi, дажджы скончылiся, i балобан зляцеў — яны яго так i не пабачылi...

Гутарыў Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота з прыватнага архiва Аляксандра ВIНЧЭЎСКАГА.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Арнiтолаг Аляксандр ВІНЧЭЎСКI расказвае, якiх птушак трымалi Радзiвiлы, хто быў першым беларускiм арнiтолагам, i колькi вiдаў птушак можа пабачыць беларус на свае вочы Колькi вы бачылi на свае вочы розных птушак — 10, 15?.. А колькi можаце назваць — 20, 25?.. Чалавек, з якiм мы сядзiм i п'ём зялёную гарбату, бачыў на свае вочы 243 розныя птушкi ў Беларусi i 800 вiдаў — у свеце. Дзеля гэтага знаны беларускi арнiтолаг Аляксандр Вiнчэўскi за 20 гадоў аб'ехаў 31 краiну свету, а штогод здзяйсняе па Беларусi дзясяткi вандровак. Арнiтолагi — гэта захопленыя людзi, якiя гатовыя сарвацца i паляцець у iншую краiну, каб пабачыць нейкую новую птушку. У Беларусi пры грамадскай арганiзацыi "Ахова птушак Бацькаўшчыны" нават iснуе "Клуб 200", якi аб'ядноўвае людзей, што бачылi на свае вочы ў Беларусi 200 i болей вiдаў птушак. Дарэчы, усяго ў нас вядома 317 вiдаў птушак
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика