Аздоба Еўропы i наш гонар. 21.by

Аздоба Еўропы i наш гонар

22.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

17—19 верасня ў Камянюках праходзiла Мiжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Белавежская пушча: гiсторыя, прырода, турызм", якая была прысвечана 600-годдзю надання Белавежскай пушчы статусу запаведнiка.

Да Камянюкаў далекавата, i калi ў дзве гадзiны ночы мабiльнiк бадзёра прайграў пад'ём, я прачнуўся i падумаў: "А можа, махнуць на ўсё рукой, адвярнуцца да сцяны i спаць далей?" Але ж так можна i ўсё праспаць. Сустрэча з Пушчай — усё ж падзея.

Камянюкi сёння назваць вёскай нельга. Дамы пад чырвонай металачарапiцай, усё пафарбавана, падчышчана... Ва ўсякiм разе, на шляху да будынкаў Нацыянальнага парка "Белавежская пушча" (а яны знаходзяцца за Камянюкамi ў нейкiм кiламетры) iдэальны парадак.

У фае гасцiнiцы, у якой праходзiла канферэнцыя, пазнаёмiўся з мясцовай жыхаркай Людмiлай Дворак. Яна звярнула ўвагу на маё камандзiровачнае пасведчанне: убачыла знаёмы лагатып, бо "Звязду" выпiсвае ўжо 30 гадоў. Самае прыемнае было наперадзе, калi пачалi выступаць дакладчыкi i беларуская мова загучала на поўную моц.

З прывiтальным словам да ўдзельнiкаў канферэнцыi звярнуўся намеснiк Кiраўнiка справамi Прэзiдэнта Беларусi Аляксандр Раманоўскi.

— У сувязi з 600-годдзем у Нацыянальным парку была праведзена вялiкая работа: узведзены новыя i адрамантаваны наяўныя будынкi адмiнiстрацыйнага комплексу, пабудаваны гасцiнiца, музей, рэстаран, адрамантаваны i пракладзены новыя дарогi агульнай працягласцю 100 км. За два гады ў Нацыянальны парк "Белавежская пушча" было iнвеставана 100 млрд рублёў, — падкрэслiў Аляксандр Мiхайлавiч.

Калi пачынаць з Валынскага княства (1130 г.), то ў лёсе пушчы прымалi ўдзел 6 дзяржаў, тут з даўнiх часоў шукалi ўцеху каралi, цары, генеральныя сакратары ЦК КПСС ды iншыя высокапастаўленыя асобы. Былi перыяды, калi ў Белавежскай пушчы быў усталяваны ахоўны рэжым, i гэта спрыяла захаванню лесу i яго жыхароў. Але толькi з 1991 года ў пушчы пачаўся новы перыяд, якi непасрэдна быў звязаны з незалежнасцю Беларусi. Запаведна-паляўнiчая гаспадарка была рэарганiзаваная ў Дзяржаўны нацыянальны парк "Белавежская пушча".

Канферэнцыя была грунтоўнай i ўсебакова ахапiла жыццё пушчы, прасачыўшы ўсё адметнае, чым вызначаўся пэўны перыяд.

Кандыдат гiстарычных навук Аляксандр Доўнар (iнстытут гiсторыi НАН Беларусi) у сваiм дакладзе "Крынiцы па гiсторыi Белавежскай пушчы ў Метрыцы ВКЛ" прывёў цiкавыя дакументальныя выкладкi тых часоў.

(iнстытут гiсторыi НАН Беларусi) у сваiм дакладзе "Крынiцы па гiсторыi Белавежскай пушчы ў Метрыцы ВКЛ" прывёў цiкавыя дакументальныя выкладкi тых часоў.

Вось магнат Iльiнiч забiў пяць зуброў i павiнен быў за кожнага заплацiць 12 рублёў — сума па тым часе вялiзная, такую ж цану вызначалi суддзi ў якасцi пакарання за забойства чалавека. Каб нешта пабудаваць у пушчы, патрэбная была згода караля.

Унiкальнасць Белавежскай пушчы разумелi i ў далёкiм мiнулым. Напрыклад, давялося перанесцi мястэчка, якое перашкаджала звярам, бо стаяла на месцы iх пераходу.

I стагоддзi таму пушча лiчылася аздобай Еўропы i нашым гонарам перад iншымi народамi.

Валянцiна Яноўская (кандыдат гiстарычных навук, Iнстытут гiсторыi НАН Беларусi) спынiлася на перыядзе, калi пушча адышла Расiйскай iмперыi. У 1808 годзе яна падпарадкоўвалася мiнiстэрству iмператарскага двара, а з 1880 года была аддадзена царскай сям'i.

(кандыдат гiстарычных навук, Iнстытут гiсторыi НАН Беларусi) спынiлася на перыядзе, калi пушча адышла Расiйскай iмперыi. У 1808 годзе яна падпарадкоўвалася мiнiстэрству iмператарскага двара, а з 1880 года была аддадзена царскай сям'i.

Падчас паўстання 1830-31 г.г. пушчанская варта не засталася ўбаку, i затым, пасля ўдушэння паўстання, быў складзены спiс "галоўных мяцежнiкаў, хто прыняў удзел у "клятвазлачынных дзеяннях". На допытах выяўлялi, чым чалавек займаўся ў час паўстання i цi быў ён "па духу i нараджэннi надзейны". Многiя панеслi жорсткае пакаранне i ўжо ў паўстаннi 1863-64  г.г. нiхто з пушчанскай аховы не ўдзельнiчаў.

З 1860 года iмператар Аляксандр II увёў моду на паляванне ў Белавежскай пушчы, i аднойчы там было забiта 28 зуброў, з якiх 10 застрэлiў сам iмператар.

У пушчы маглi паляваць толькi вяльможныя асобы, а за савецкiм часам — высокiя чыны. А вось што сказаў Пiлiп Кавалёў, якi ў 1957-59 гадах быў у Белавежскай пушчы галоўным ляснiчым:

— Усё гэта фантазii, што генеральныя сакратары ЦК КПСС наладжвалi нейкае там вялiкае паляванне. Вось пры мне сюды прыязджаў Хрушчоў, дык ён найперш адпачываў, а не страляў. З тымi пабоiшчамi, якiя наладжвалi ў пушчы расiйскiя iмператары, нiводзiн генсек не мог пацягацца.

З польскага боку ў канферэнцыi ўдзельнiчалi дырэктар Белавежскага нацыянальнага парку Малгажата Карась i прадстаўнiк Вучонай Рады парку Чэслаў Аколаў (Белавежа, Польшча). Апошнi зрабiў даклад "Ахова прыроды ў Белавежскай пушчы ў перыяд памiж I i II сусветнымi войнамi (1919—1939)".

У 1920 годзе быў вызначаны ўчастак лесу, якi пачалi ахоўваць, а ў 1929 годзе ў пушчу вярнуўся першы чыстакроўны зубр. Праз дзесяць жа гадоў iх было ўжо 16. У 1952 годзе статак выпусцiлi на волю.

За два з паловай гады першай сусветнай вайны немцы ў пушчы нарыхтавалi 4,5 млн кубаметраў драўнiны — лiчба вялiкая, а вось падчас другой сусветнай пушчу не чапалi, бо рэйхсмаршал авiяцыi Герман Герынг, якi сам быў вялiкiм аматарам палявання, збiраўся стварыць у пушчы паляўнiчую гаспадарку для высокiх персонаў рэйха.

Дакладчыкi змянялi адзiн аднаго, i кожнае выступленне было цiкавым, бо давала магчымасць пачуць пра пушчу нешта новае цi вядомае толькi вузкаму колу спецыялiстаў.

Генадзь Праневiч (кандыдат фiлалагiчных навук, Брэсцкi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя А.С.  Пушкiна) даклад пачаў са свайго верша i перайшоў да "Песнi пра зубра" Мiколы Гусоўскага.

даклад пачаў са свайго верша i перайшоў да "Песнi пра зубра" Мiколы Гусоўскага.

Высветлiлася, што ў тыя часы баброў шанавалi не менш чым зуброў. А калi нехта зганяў з гнязда сокала цi забiраў з-пад лебедзя яйка, то атрымлiваў вялiкi штраф.

А калега Праневiча па ўнiверсiтэце, кандыдат фiлалагiчных навук Уладзiмiр Сенькавец, узняў тэму "Вобраз пушчы як стылёвая дамiнанта творчасцi паэтаў Берасцейшчыны". Аўтар паказаў, як адлюстроўвалi пушчу ў сваёй творчасцi Мiкола Рудкоўскi. Яўгенiя Янiшчыц, Алесь Разанаў... Дарэчы, пушча натхняла не толькi паэтаў, яна прываблiвала мастакоў, кампазiтараў...

Сёння Белавежская пушча падзеленая на дзве часткi — беларускую i польскую. Вось я i спытаў у Чэслава Аколава: чым, на яго думку, адрознiваюцца гэтыя часткi?

— Я супрацоўнiчаю з беларускiм бокам ужо некалькi дзясяткаў гадоў i скажу, што як у нас, так i ў вас ёсць свае плюсы i мiнусы, але што датычыцца турызму, то ў нас справа пастаўлена лепш — турыстаў больш. У нашым нацыянальным парку ўсе, хто непасрэдна абслугоўвае турыстаў, валодаюць замежнымi мовамi. Па лесе на польскiм баку пушчы пракладзеныя веласiпедныя дарожкi... Магчыма, гэта звязана з тым, што пушча ў нас больш адкрытая, — быў адказ.

Калi я вяртаўся на аўтобусны прыпынак, каб ад'ехаць у Брэст, чатыры аўтобусы з турыстамi праехалi праз Камянюкi. I ў нас адчуваюцца ў гэтай справе зрухi. Напрыклад, у параўнаннi з 2000 годам колькасць наведвальнiкаў вырасла ў некалькi разоў. А што датычыцца замежнай мовы, то гiд, вядома, павiнен ёю валодаць — калi ён прафесiянал.

Апошнiм часам у пушчы ўзведзены гасцiнiчны комплекс на 250 месцаў i рэстаран на столькi ж, што таксама будзе спрыяць развiццю турызму.

* * *

Навукова-практычная канферэнцыя, якая прайшла ў Камянюках, — гэта своеасаблiвы ўступ да афiцыйнага святкавання 600-гадовага юбiлею запаведнасцi Белавежскай пушчы, якi адбудзецца 3-4 кастрычнiка 2009 года.

Сымон Свiстуновiч.

Камянецкi раён.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
17—19 верасня ў Камянюках праходзiла Мiжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Белавежская пушча: гiсторыя, прырода, турызм", якая была прысвечана 600-годдзю надання Белавежскай пушчы статусу запаведнiка. Да Камянюкаў далекавата, i калi ў дзве гадзiны ночы мабiльнiк бадзёра прайграў пад'ём, я прачнуўся i падумаў: "А можа, махнуць на ўсё рукой, адвярнуцца да сцяны i спаць далей?" Але ж так можна i ўсё праспаць. Сустрэча з Пушчай — усё ж падзея.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика