6500 кiламетраў па Еўропе. 21.by

6500 кiламетраў па Еўропе

23.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

За два тыднi карэспандэнты "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА i Яўген ВАЛОШЫН праехалiся па Еўропе, наведалi Чэхiю, Францыю, Iталiю, праездам — Польшчу, Нямеччыну, Аўстрыю. I калi рэпартажы з колаў яны пiсалi разам, то цяпер, у Мiнску, кожны падсумоўвае менавiта свае ўражаннi  

Сотнi еўрапейцаў казалi нам: "Хочам у Беларусь!"

Пабачыўшы Чэхiю, Францыю i Iталiю, я раз за разам вяртаюся да думкi, чаму гiстарычна еўрапейская Беларусь выбiваецца з шэрагу гэтых краiн.

Той жа Парыж па складзе свайго насельнiцтва ўсё менш i менш нагадвае Еўропу. Цемнаскурыя ўраджэнцы Афрыкi, перасяленцы з арабскiх краiн, азiяты быццам выцiскаюць адтуль звычайных французаў. Але ўсе гэтыя перасяленцы ведаюць галоўнае правiла: "прыехаў жыць у Парыж — размаўляй па-французску".

У Iталii, дзе эмiгрантам не далi такой свабоды, да тваёй выключна англiйскай мовы таксама ставяцца, як да мовы марсiянiна.

— Не здзiўляйся, тыя ж рымляне лiчаць, што жывуць у культавым горадзе, i, хутчэй, турысты павiнны падладжвацца пад iх iталiйскую мову, чым яны пад турыстаў, — растлумачыў афiцыянт лiтоўскага паходжання з рымскага паба Ёнас. — Па-англiйску цябе тут многiя не зразумеюць. А калi будзеш смяяцца з iтальянскай мовы — атрымаеш кулю ў лоб.

Ветлiвыя жыхары Прагi таксама ўпэўненыя, што iх горад цi не самы прыгожы ў свеце. I мяккая, як песенька, чэшская мова гучыць тут паўсюдна. Хоць i гэтаму народу стагоддзямi насаджалася нямецкае слова.

I толькi адныя беларусы з усiх цывiлiзаваных еўрапейскiх народаў пераўтварылi сваю нацыянальную мову, адну з самых прыгожых у свеце, у другасную. Замест гэтага мы размаўляем па-руску, сiкась-накась, з памылкамi i крывым акцэнтам.

Чуткi пра заможнасць заходнiх еўрапейцаў, як кажуць, пацвердзiлiся. I хоць у Францыi i Iталii кошты высокiя хоць на сценку караскайся, любы ашаўрак можа зарабiць свае дзве тысячы еўра ў месяц i жыць прыпяваючы. А таксама атрымаць добры крэдыт на жыллё пад мiзэрны працэнт.

Як расказаў наш цемнаскуры прыяцель па курорце ў Кастэльфузана Прынц Iман, i дробны бiзнэс можна наладзiць бесперашкодна.

— Хочаш — стаў латок з шаўрмой, хочаш — прадавай глiняныя калiзеi i майкi з надпiсам "Iталiя". I будзеш мець добрыя грошы на ўтрыманне сям'i, — тлумачыў Прынц Iман. — Праблемы пачынаюцца, калi ты займаешся сур'ёзным бiзнэсам i сутыкаешся з мафiяй. Тут гэта вялiкая праблема.

У Беларусi ж iдэi лiбералiзаваць заканадаўства для прыватных прадпрымальнiкаў пачалi выказвацца не так даўно. А да гэтага "прыватнiкам" даводзiлася весцi барацьбу за выжыванне. Шалёныя падаткi, бясконцыя праверкi, малы прыбытак... Многiя пакiнулi бiзнэс. Цяжка ўявiць, якiя дадатковыя грошы мог бы атрымаць наш дзяржаўны бюджэт. I дай Божа, каб чыноўнiкi ў будучынi адкрылi свабодныя дарогi бiзнэсу сярэдняй рукi.

Не схлушу, калi напiшу пра прыгажосць Чэхii, Iталii i Францыi. I нацешылася ж маё вока разнастайнасцю! Чэшскiя дамкi, напрыклад, як крэмавыя торцiкi, ладненькiя i дагледжаныя. Пытаюся ў мясцовых жыхароў, колькi iм гадоў, адказваюць — 700, 500, 300.

Прага, Рым i Парыж зарабляюць на турыстах фантастычныя грошы. А цi магчыма такое ў Беларусi? Тут большасць гiстарычных помнiкаў зруйнавалi дзеячы Расiйскай iмперыi, а потым камунiсты. Што казаць, калi нават летась у самым цэнтры Мiнска знiшчылi гiстарычны помнiк ХIХ стагоддзя па Рэвалюцыйнай, 17. I зладзеi не былi пакараныя.

Тым не менш "сляды старажытнасцi" i сёння захавалiся па ўсёй Беларусi. З пераменным поспехам, але праводзяцца рэстаўрацыi. Многiя помнiкi архiтэктуры прасякнуты мiфамi i таямнiцамi, што так вабiць турыстаў. Да таго ж хапае ў Беларусi i iншых "фiшак": танная стаматалогiя, аграсядзiбы, дзе можна адчуць сябе старажытным селянiнам. Вядома, маем не самыя горшыя дарогi, сапраўдны снег узiмку, чысцiню, адносны парадак, цэнтр Еўропы i многае iншае. Пра ўсё гэта мы з карэспандэнтам Лабадзенкам распавядалi сотням замежнiкаў, якiх сустракалi. Маўчалi толькi пра прыгажосць нашых жанчын, няхай застануцца беларусам.

— Мама мiя! — раскрывалi раты многiя з замежнiкаў пасля нашых лекцый. — Пакiньце свае вiзiтоўкi i чакайце ў госцi. Пра такое мы яшчэ нiдзе не чулi!

Якiх бы еўрапейцаў мы нi сустракалi на шляху, з усiмi маглi паразумецца.

Згубiўшыся а трэцяй ночы ў французскай вёсцы Рабiнзон, што пад Парыжам, натыкнулiся на iрландцаў Джэры i Салi — такiх жа бедакоў, як самi. Iрландцы спяшалiся ў свой гатэль, ды пераблыталi цягнiкi. Слова за слова — i кантакт усталяваны. Быццам Джэры i Салi — гэта нашы суседзi па лесвiчнай пляцоўцы дзядзька Вiця i цётка Воля. Аб'яднаўшы свае магчымасцi, цудам знаходзiм аўто, якое па чарзе завозiць кожнага, куды патрэбна. I развiтваемся, як сапраўдныя землякi.

Вярнуўшыся дамоў, раз за разам раблю высновы, што Беларусь можа чакаць вялiкая будучыня. I цi не наш рэгiён калi-небудзь будуць успрымаць, як сапраўдную Еўропу.

Наш народ — невялiкi па колькасцi, але са слаўнай гiсторыяй. Беларусаў не павiнна рабiцца менш. Таму заканчваю пiсаць пра свае ўражаннi i iду ў лес на спартовую прабежку. Беларускiя дзеткi павiнны быць здаровымi. I чым больш iх будзе — тым лепш.

Яўген ВАЛОШЫН.

Еўропа — гэта я!

Я iшоў па сваёй вулiцы Бельскага ў Мiнску, цягнуў за сабой валiзу на колцах, другую нёс у руках. Чамусьцi ўпарта згадваўся верш шаноўнага Генадзя Бураўкiна:

Я не ганю землi чужыя,

Хай iх сонца не абмiне,

Толькi дзе б за морам нi жыў я,

Беларусь мая снiлася мне...

Цяжка ўпарадкаваць паездку ў галаве, казаць — там лепш, а там горш.

Як любiць казаць мой калега Валошын, паўсюль ёсць свае касякi. У французскiм рэпартажы мы апiсалi прыкры выпадак, як ехалi ў аэрапорт, а заехалi ў нейкiя мясцовыя Цыцкавiчы. Тры гадзiны ночы, пустое мястэчка, куды не хоча ехаць нават таксi. У каментарах на маiм сайце (www.lаbаdzеnkа.bу) нехта правiльна зазначыў: калi б у нас на цягнiку было напiсана адное, а заехаў ён у iншае месца, сказалi б — "савок". Аднак якi ж "савок" у Францыi, якой савецкiя парадкi не снiлiся нават у страшным сне?..

У той жа час мне запомнiлася такая сабе драбяза, замалёўка з рымскай электрычкi. Я ехаў да канцавой — а гэта паўгадзiны — i дарогаю кiмарыў. Насупраць мяне таксама кiмарыла iтальянка сярэднiх гадоў. Яна прачнулася роўна перад сваёй станцыяй (а мне яшчэ дзве цi тры ехаць) i акуратна пабудзiла мяне: вам часам не тут выходзiць? Я ўсмiхнуўся ёй, падзякаваў i сказаў, што еду да "Каломба". У нас — не факт, што пабудзiў бы нехта (хiба на канцавой). А многiя падумалi б: "напiўся i спiць".

Згадваецца iншы выпадак. У Пiнску праходзiлi беларуска-шведскiя лiтаратурныя чытаннi. Мы разам са шведамi выйшлi зранку з гатэля i пабачылi, што цераз дарогу сядзiць на кукiшках чалавек i ўвесь трасецца. "П'яны", — падумалi сабе беларусы. I толькi шведская пiсьменнiца падышла да небаракi, у якога, як высветлiлася, быў прыступ эпiлепсii.

Вы спытаецеся, дзе ў гэтай вялiкай вандроўцы мне спадабалася больш? Напэўна, у Рыме. Гэта сапраўды Вечны Горад, дзе хочацца быць. Парыж, якi вы ўяўляеце — гэта збольшага мiф. Гэта, як i Мiнск, горад, хутчэй, для працы, чым для адпачынку. Парыж аднастайны, аднолькавы. Гэта разумееш, калi падымаешся на Эйфелеву вежу. Ты бачыш Нотр Дам, бачыш Сакрэ Кёр, бачыш Дом Iнвалiдаў, Луўр... А астатнi горад — белыя дамы на шэсць паверхаў з мансардамi. Так, яны значна прыгажэйшыя за шэрыя савецкiя "каробкi" ў Мiнску. Але воку спынiцца таксама няма на чым. Падобнае сумнае ўражанне робiць мой родны горад, калi глядзiш на яго з даху Нацыянальнай бiблiятэкi. Зачароўвае выключна вышыня.

Рым розны. Тут таксама ёсць ключавыя аб'екты — Калiзей, Рымскi Форум, Пантэон, Санта Марыя Маджорэ, Iль-Джэзу... Аднак, паглядзеўшы з iх, адсюль не хочацца з'язджаць. Хочацца проста хадзiць па гэтым горадзе. Зазiраць у вiтрыны крамаў, адказваць усмешкаю на ўсмешку, фатаграфаваць мiлыя дамочкi, запамiнаць назвы мастоў, пiць вiно на беразе Тыбру. У Рыме вельмi ўтульна, людзi ўсмiхаюцца i хочуць дапамагчы табе, хоць нi чорта не разумеюць па-англiйску. Пры гэтым за тыдзень у Рыме ты не сутыкнешся са значнымi цяжкасцямi ў камунiкацыi — не ўсяе бяды нарабiў Вавiлон, ёсць мова жэстаў i позiркаў.

Вандруючы па Еўропе, табе не сорамна за Бацькаўшчыну. Табе ўтульна i тут, i там. Тут гэткiя ж дарогi, як i ў нас, гэткiя ж хлеб i каўбаса ў краме, гэткiя ж аўтобусы i метро. Беларусi не трэба вяртацца ў Еўропу, бо Беларусь нiколi адтуль не сыходзiла. Трэба толькi адмыцца крыху ад той "азiятчыны", якой палiвалi нас вядомыя 70 гадоў. I гэта мiф, што Еўропа загнiвае, а ў нас — выспачка стабiльнасцi. Па многiх пунктах Беларусь жыве сёння нароўнi з Еўропай. I там ёсць недахопы, i тут. I там хапае добрага, i ў нас. Рознiца адчуваецца ў дэталях: крэдыт на кватэру ў Чэхii даюць пад 4,5 %, а ў нас — пад 20 %...

Цi захацелася мне застацца ў нейкiм з наведаных гарадоў? Не. Жыць трэба дома. Але пры гэтым iмкнуцца наведаць Рым, Парыж i Прагу. Каб паглядзець, як людзi жывуць — i параўнаць. У кожнай краiне я бяру нешта для сябе, занатоўваю i iнсталюю ў сваё жыццё. Напрыклад, стаў круглы год ездзiць на машыне з блiжнiм святлом фараў. У Еўропе так прынята. I няважна, што ў нас пакуль няма такой афiцыйнай нормы.

Аднойчы Сальвадор Далi сцiпла сказаў: "Сюррэалiзм — гэта я!" Я хачу сцiпла перайначыць творцу: Еўропа — гэта я!

I ты — з Полацка. I ты — са Слуцка. I ты — з Вiцебска...

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Мiнск—Прага—Парыж—Рым—Прага—Мiнск.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За два тыднi карэспандэнты "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА i Яўген ВАЛОШЫН праехалiся па Еўропе, наведалi Чэхiю, Францыю, Iталiю, праездам — Польшчу, Нямеччыну, Аўстрыю. I калi рэпартажы з колаў яны пiсалi разам, то цяпер, у Мiнску, кожны падсумоўвае менавiта свае ўражаннi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика