Гербы населеных пунктаў Гродзенскай вобласцi — сапраўдная гiсторыка-культурная каштоўнасць
23.09.2009
—
Новости Общества
|
Геральдычныя сiмвалы Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 450 ад 9 верасня былi зацверджаны афiцыйныя геральдычныя сiмвалы адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных i тэрытарыяльных адзiнак Гродзенскай вобласцi: сцяг горада Лiды, сцяг горада Слонiма i Слонiмскага раёна, герб i сцяг вёскi Цырын Карэлiцкага раёна. Сёння даўнi госць "Звязды" — галоўны спецыялiст аддзела навуковага выкарыстання дакументаў i iнфармацыi Дэпартамента па архiвах i справаводстве Мiнiстэрства юстыцыi, сакратар Геральдычнага савета пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, кандыдат гiстарычных навук Марына ЕЛIНСКАЯ — пазнаёмiць чытачоў з гiсторыяй самiх гэтых гiстарычных сiмвалаў, а таксама раскажа пра тое, як вялася праца, што папярэднiчала з'яўленню ўказа кiраўнiка дзяржавы. Лiда. Працяг традыцый Напачатку трэба зазначыць, што ўсе тры гербы — Лiды, Слонiма i Цырына — гiстарычныя. Толькi два першыя былi зарэгiстраваныя ў Гербавым матрыкуле Рэспублiкi Беларусь яшчэ да з'яўлення Геральдычнага савета. У прыватнасцi, герб Лiды быў зарэгiстраваны 30 мая 2002 года, таму мы сёння ўпершыню раскажам пра яго. Згодна з апiсаннем, герб уяўляе сабой барочны шчыт, вертыкальна рассечаны на дзве паловы. У правым полi (нагадваем зноў, што шчыт заўсёды разглядаецца з боку шчытаносца) чырвонага колеру выява залатога льва, якi стаiць на заднiх лапах, павернуты ўправа, у левым, блакiтным, — два перакрыжаваныя залатыя ключы. Лiда атрымала Магдэбургскае права 17 верасня 1590 года. Прывiлей падпiсаў Сiгiзмунд III. 6 красавiка 1845 года Мiкалаем I быў зацверджаны Лiдскi павятовы герб. Ён уяўляў сабой шчыт, падзелены на дзве паловы. У верхняй быў герб Вiленскай губернi: "у барвовым шчыце, на сярэбраным канi, сярэбраны ўзброены вершнiк (пагонь) з узнятым мячом i шчытом, на якiм асьмiкутовы барвовы крыж... У нiжняй (палове), у зялёным полi, сноп хлеба i серп, у знак таго, што жыхары Лiдскага павета займаюцца выключна земляробствам". Але ў нашы днi мясцовыя ўлады пасля стараннага вывучэння гiсторыi свайго горада i яго геральдычных сiмвалаў спынiлiся на больш раннiм з iх. — I гэта было цалкам справядлiвае рашэнне, — гаворыць Марына Елiнская. — Герб канца ХVI стагоддзя мае гiсторыка-культурную каштоўнасць разам з такiмi геральдычнымi помнiкамi Гродзенскай вобласцi, як гербы Гродна, Ваўкавыска, Навагрудка, Слонiма i iншых беларускiх гарадоў. Герб Лiды — адзiн з нямногiх беларускiх тэрытарыяльных геральдычных сiмвалаў, што налiчвае больш чым чатырохсотгадовую гiсторыю. Ён годна працягвае развiццё заходнееўрапейскiх геральдычных традыцый. Усе элементы герба традыцыйныя для тэрытарыяльнай геральдыкi Заходняй Еўропы таго часу. Так, на гербе Вроцлава прысутнiчае леў Багемii i арол Сiлезii. Львы адлюстраваныя на гербах Анжу, Фландрыi, Нармандыi i iншых французскiх гербах. Iх жа мы бачым на нямецкiх зямельных гербах. Ключы таксама даволi часта выкарыстоўваюцца ў геральдыцы, бо гэта сiмвал, якi мае надзвычай шырокае тлумачэнне. Згодна з паданнем, Iсус уручыў ключы апосталу Пятру: адзiн — ад нябеснага царства, брамы раю, другi — ад пекла. На некаторых гербах адзiн ключ адлюстроўваўся залатым, а другi — сярэбраным, прычым першы абазначаўся як "звязвальны", другi — як "дазвольны". Два ключы, як атрыбут апостала Пятра, мы бачым на гербах Малеча i Барысава. Ключы адлюстраваныя на гербах Брэмена, Рэгенсбурга, Штадэ i iншых заходнееўрапейскiх гарадоў. Перакрыжаваныя ключы з характэрнай гатычнай канфiгурацыяй, з характэрным жа галаўным уборам рымскiх папаў з'яўляюцца складанай часткай герба Ватыкана. Нядаўна зацверджаны сцяг горада Лiды па традыцыi з'яўляецца трансфармацыяй герба з выкарыстаннем яго асноўных колераў. Слонiм. Адзiн з гербаў-сiмвалаў Герб гэтага гарода быў зарэгiстраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублiкi Беларусь яшчэ раней — 28 мая 1998 года. На iм мы бачым у блакiтным полi барочнага шчыта залатога льва, якi трымае ў лапе двайную сярэбраную стралу — герб "Лiс". У ХVI стагоддзi Слонiм быў павятовым цэнтрам Навагрудскага ваяводства. У 1531 годзе кароль польскi i вялiкi князь ВКЛ Жiгiмонт I Стары падараваў гораду Магдэбургскае права. Права на самакiраванне было пацверджана ў 1591 годзе Жiгiмонтам III Вазам, i ў тым жа годзе горад атрымаў свой герб. Ён па сваiм сюжэце пераклiкаецца з гербам Лiды, якi горад атрымаў на год раней ад таго ж манарха. У Слонiмскiм гербе залаты леў трымае ў лапе герб "Лiс". Тлумачыцца гэта, верагодна, тым, што з 1586 года Лiда належала канцлеру Вялiкага Княства Лiтоўскага Льву Сапегу. У княжацкага роду i быў вышэйназваны герб, якi, згодна з польскiм i рускiм гербоўнiкам, уяўляў сярэбраную дзіду цi белую стралу, пакладзеную ў чырвоным полi i перакрыжаваную двума белымi перакладзiнамi накшталт сякер. У кляйнодзе была змешчана палова выходзячай лiсы, павернутай улева. Герб "Лiс" вядомы з 1058 года i належаў нейкаму высакароднаму воiну, якi вылучыўся ў бiтве з яцвягамi i ў якасцi ўзнагароды атрымаў ад польскага караля Казiмiра, празванага Справядлiвым, новы знак адвагi — дзiду. Знаходзячыся з 1795 года ў складзе Расiйскай Iмперыi, Слонiм як павятовы горад Гродзенскай губернi 6 красавiка 1845 года атрымаў ад расiйскага iмператара Мiкалая I другi за сваю гiсторыю герб: "Шчыт падзелены на дзве паловы: у верхняй размешчаны Гродзенскi герб, а ў нiжняй, у блакiтным полi, два крыжападобна пастаўленыя на эфесах мячы, памiж якiмi выстаўлены "1275 год", ва ўспамiн узяцця ў тым годзе ў Лiтвы горада Слонiма князямi Галiцкiмi". — Сучасныя айчынныя геральдысты працягваюць традыцыi геральдыкi перыяду Вялiкага Княства Лiтоўскага i Расiйскай iмперыi. У прыватнасцi, шырока выкарыстоўваюць пры стварэннi новых гарадскiх сiмвалаў прыём, што ўжываўся яшчэ ў ХVI стагоддзi: пры разнастайным дзяленнi шчыта спалучаюць у гербе розныя фiгуры з дваранскай геральдыкай. Герб Слонiма адносiцца да гiсторыка-геральдычных сiмвалаў Беларусi, — кажа Марына Мiхайлаўна. Як i сцяг Лiды, сцяг Слонiма i Слонiмскага раёна ўяўляе сабой прамавугольнае палотнiшча з суадносiнамi бакоў 1:2. Цырын. Апошнi з прывiлеяў Герб вёскi Цырын Карэлiцкага раёна ўяўляе сабой барочны шчыт, у блакiтным полi якога на залатым канцы адлюстраваны алень натуральнага колеру, памiж рагамi якога размешчаны залаты крыж. Вельмi цiкава, i адразу па некалькiх прычынах, звярнуцца да гiсторыi гэтага геральдычнага сiмвала. — Перад другiм падзелам Рэчы Паспалiтай, у 1792 годзе, Станiслаў Аўгуст Панятоўскi выдае шэраг прывiлей, якiмi засноўваюцца гербы для гарадоў i мястэчак цэнтральнай i заходняй частак краiны. Гэта першая адметнасць — апошнiя прывiлеi. Другая ў тым, што гербы былi размешчаны на круглых картушах, iншымi словамi, адсутнiчалi шчыты. Усяго такiя гербы былi падараваныя 14 населеным пунктам. Адметным з'яўляецца i мастацкi стыль выканання — барочны. Калi паглядзець на выяву герба з прывiлея, можна заўважыць, што ён мае перспектыву: пярэднi i заднi планы. Гэта насуперак геральдычным традыцыям, калi выява павiнна быць плоскаснай, — распавядае далей Марына Елiнская. — Таму мастаку Вiктару Ляхару давялося папрацаваць, каб максiмальна наблiзiць выяву герба да малюнка, змешчанага ў прывiлеi, каб ён максiмальна адпавядаў геральдычным традыцыям канца ХХ—пачатку ХХI стагоддзяў. У прыватнасцi, герб быў змешчаны на барочны шчыт — як i ўсе iншыя гiстарычныя гербы, якiя былi атрыманы гарадамi i мястэчкамi да далучэння да Расiйскай iмперыi. Напрыклад, у расiйскi перыяд, згодна з тагачаснай расiйскай традыцыяй, гербы размяшчалiся ўжо на французскiх шчытах. Безумоўна, яшчэ адным цiкавым момантам з'яўляецца статус населенага пункта, якi атрымаў афiцыйны геральдычны сiмвал, — вёска. Праўда, гэта сёння, а калiсьцi ён уяўляў сабой ажыўленае мястэчка. Калi чытачы памятаюць, у чэрвенi мы пiсалi пра зацвярджэнне гiстарычнага герба вёскi Пераброддзе Мiёрскага раёна. Колiсь тагачаснае мястэчка было цэнтрам воласцi i атрымала права на самакiраванне ад вялiкага князя ВКЛ i караля польскага Жыгiмонта II Аўгуста 25 лютага 1571 года. А Станiслаў Аўгуст Панятоўскi сваiм каралеўскiм прывiлеем ад 3 чэрвеня 1792 года дараваў яму герб. Якi, дарэчы, таксама быў выкананы ў барочным стылi на круглым картушы. Ён быў адноўлены на шчыце барочнага тыпу i сёлета зацверджаны кiраўнiком дзяржавы як афiцыйны геральдычны сiмвал цяперашняга Пераброддзя. Хто верне гiстарычную спадчыну? — Усяго ў Беларусi больш за дзесяць вёсак, якiя калiсьцi былi мястэчкамi, а зараз маюць адноўленыя гiстарычныя гербы. Напрыклад, гэта Малеч у Бярозаўскiм раёне, Гарадзец у Кобрынскiм, ужо згаданае Пераброддзе ў Мiёрскiм. У тым жа Кобрынскiм раёне вёска Ляхчыцы мае афiцыйна зацверджаны новаствораны герб. Такiя ж новаствораныя геральдычныя сiмвалы маюць i 12 вёсак у Лунiнецкiм раёне, — паведамiла Марына Мiхайлаўна. Дарэчы, калi вярнуцца да Гродзеншчыны, дык на яе тэрыторыi таксама больш за дзясятак цяперашнiх вёсак маюць гiстарычныя гербы, якiя можна было б (i трэба) аднавiць. Ды вось бяда — памiраюць тыя вёскi. Гавораць, няма каму выступiць з iнiцыятывай вяртання паселiшчам з даўняй гiсторыяй — Адэльску, Воўпе, Гарадной, Геранёнам, Крэву i iншым — iх геральдычных сiмвалаў. — Ва Указе кiраўнiка дзяржавы № 441 канкрэтна не пазначаецца, хто павiнен iнiцыяваць гэты працэс, — тлумачыць суразмоўца. — Там напiсана: дзяржорган, якi жадае заснаваць... Iм мог бы стаць, напрыклад, Гродзенскi аблвыканкам. Гiстарычныя гербы вёсак з даўняй гiсторыяй — гэта гiсторыка-культурная спадчына ўсёй краiны... Усяго сёння ў Гербавым матрыкуле Рэспублiкi Беларусь зарэгiстравана 63 гiстарычныя гербы. Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 450 ад 9 верасня былi зацверджаны афiцыйныя геральдычныя сiмвалы адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных i тэрытарыяльных адзiнак Гродзенскай вобласцi: сцяг горада Лiды, сцяг горада Слонiма i Слонiмскага раёна, герб i сцяг вёскi Цырын Карэлiцкага раёна. Сёння даўнi госць "Звязды" — галоўны спецыялiст аддзела навуковага выкарыстання дакументаў i iнфармацыi Дэпартамента па архiвах i справаводстве Мiнiстэрства юстыцыi, сакратар Геральдычнага савета пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, кандыдат гiстарычных навук Марына ЕЛIНСКАЯ — пазнаёмiць чытачоў з гiсторыяй самiх гэтых гiстарычных сiмвалаў, а таксама раскажа пра тое, як вялася праца, што папярэднiчала з'яўленню ўказа кiраўнiка дзяржавы.
|
|