Асаблiвасцi сакалiнага палявання. 21.by

Асаблiвасцi сакалiнага палявання

28.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Карэспандэнт "Звязды" ў самай глыбiнцы Прыдзвiнскага краю вырашыў вывучыць усе нюансы сакалiнага палявання. Яго яшчэ называюць царскiм, бо цары, князi вельмi любiлi такiм чынам бавiць час. Той жа Аляксей Мiхайлавiч, напрыклад. I ў нашы днi, як кажуць, уладныя людзi "адпачываюць" на паляваннi з драпежнiкамi.

Наш журналiст таксама нейкiм чынам трохi "адчуў сябе царом". Дарэчы, ён наогул на паляваннi нiколi не быў. А тут узяў ды i правёў у кампанii паляўнiчых свой законны выхадны дзень. I не пашкадаваў. Увесь дзень на прыродзе! Прыгожая птушка сядзiць на руцэ. У адрозненне ад стрэльбы, яна рэдка "памыляецца". З вялiкай хуткасцю i дакладнасцю даганяе птушку i... Класна! А колькi баек пачуў ад паляўнiчых!

 

Тры паляўнiчыя, тры сабакi з радаслоўнымi i адзiн журналiст

У беларускай глыбiнцы, у Бешанковiцкiм раёне, i ў цэлым у паўночнай вобласцi краiны адраджаюць гэты вiд палявання. Але як туды, у глыбiнку, дабрацца? Адзiн начальнiк "ад палявання" яшчэ тры тыднi таму абавязкова паабяцаў узяць з сабой. Потым пацвердзiў гэта, а за дзень да паездкi адмовiў. Хай будзе здаровым!

Затое выручыў энтузiяст, адзiн з iнiцыятараў адраджэння царскага палявання Сяргей Эдуардавiч Усаў, член Беларускага таварыства паляўнiчых i рыбаловаў, эксперт першай катэгорыi па гончых сабаках. Ён папрасiў свайго знаёмага-паляўнiчага адвесцi бедалагу-рэпарцёра, якi быў без колаў.Юрый Мiкалаевiч Гарагляд — член абласнога праўлення таварыства, каардынуе дзеяннi аматараў палявання з паляўнiчымi выжламi. У якасцi пасажыраў у ягонай машыне ехалi яшчэ два ўладальнiкi выжлаў, тры сабакi (у кожнага свая) i я — поўны навiчок у паляваннi. Здзiвiла, калi Юрый Мiкалаевiч паставiў музычны дыск з... запiсам оперных спевакоў. Ранiца, дарога няблiзкая, а мы слухаем "Памяцi Каруза" ў выкананнi Павароцi.

Самы "круты" з сабак-пасажыраў належыць Юрыю Мiкалаевiчу. Дэн — не проста прыгажун, а i вельмi тытулаваны сабака. Дэн — iрландскi сэтэр. Неаднаразова заваёўваў для Беларусi i, само сабой, для любага гаспадара розныя медалi. На спаборнiцтвах выжлаў у Смаленску, Вiцебску ён быў пераможцам, пад Масквой — прызёрам. Напрыклад, у Падмаскоўi атрымаў лепшыя егерскiя балы i здабыў гаспадару прыз — "Лепшаму вядучаму".

Драпежнiк i рэпарцёр — гэта...

Бачэйкава — вялiкi населены пункт у Бешанковiцкiм раёне. Гэтая вёска добра вядомая тым, хто цiкавiцца гiсторыяй. Тут жылi знакамiтыя прадстаўнiкi шляхты — Цеханавецкiя. Маёнтак iх былы ў наш час, на жаль, так i не адрамантавалi. А якiя былi планы яшчэ ў 1990-я! I вiнакурню, i пiўзавод планавалi адчынiць тут, канал пачысцiць. Гатэль стварыць у былых пакоях. Куды там! Затое менавiта тут, дзякуючы сакалiнаму паляванню, можа з'явiцца своеасаблiвая Мека для тых, хто гэтым захапляецца.

— Зараз пазнаёмiм вас з Сярожам i Фёдарам, — гаварыць мне Сяргей Эдуардавiч Усаў. — Але вельмi асцярожна з апошнiм!!!

Хто такiя? I чаму нейкi Фёдар кусаецца? — падумаў я. Высветлiлася, што апошнi — мой будучы напарнiк па паляваннi — ястраб-сцярвятнiк па мянушцы Фёдар. А Сярожа — ягоны гаспадар i паралельна пляменнiк Сяргея Эдуардавiча. I яму толькi 14 гадкоў.

Сцiплы сельскi хлопчык жыве ў вёсцы Клешчыно, што недалёка ад Бачэйкава, кiламетры за два. Вучыцца ў звычайнай сярэдняй школе.

Фёдару каля сямi месяцаў. А ўсяго жывуць ястрабы, як мне расказаў Сярожа, гадоў 15. Злавiлi драпежнiка на голуба. Яшчэ пастарацца вельмi давялося, каб трапiў ён у сетку. Цяпер дрэсiруюць, каб быў добрым паляўнiчым на качак, курапатак...

Мяне ястраб—сцярвятнiк чамусьцi адразу незалюбiў. Шчыра прызнацца, думаў, што рэпартаж не атрымаецца ў мяне. А ўсё таму, што не хацеў Фёдар садзiцца мне на руку, на спецыяльную пальчатку. Капцюры ў яго такiя, што, калi сядзе проста на рукаў ды капцюры "прыменiць", радасць мазахiста атрымаецца — да крывi можа ўчапiцца.

Фёдар сядзеў у Сярожы вельмi спакойна. Некалькi разоў спрабаваў Сярожа перадаць мне пальчатку, да якой сцярвятнiк прывязаны. Той крыламi махае i пералятаць не хоча. Урэшце пальчатка на маёй руцэ, ды Фёдар раптам — унiз галавой. Вiсiць, зацiх, як мёртвы. Як тая качка, якую здабылi на паляваннi.

I вось "цуд" — урэшце сядзiць. Ды неяк нервова. Нейкiя гукi чую — незадаволены Фёдар. Глядзiць так, як маё начальства падчас планёркi. Няўтульна. А яшчэ я ўсё пужаўся, што пазбавiць ён мяне вока. Так ужо нядобра аглядаў мой твар сцярвятнiк. Добра, кепку надзеў для падстрахоўкi.

— А як жа ён "працуе", растлумач, калi ласка, — прашу Сярожу.

— Вельмi проста. Адпускаеш — i ён ляцiць да будучай ахвяры, а потым ужо справа тэхнiкi. Сцiскае капцюрамi здабычу, — адказвае Сярожа Усаў. — Каб "знайсцi яго", як вы гаворыце, званочкi маленькiя прывязваюцца, вось... I не ўцячэ, на тое i муштруецца, каб не паляцеў!

Качку i iншую птушку мы з Фёдарам так i не злавiлi. Ужо прабачце, начальнiкi ад журналiстыкi. Затое я шмат чаго даведаўся пра ягоныя павадкi i, скажам так, пра лад жыцця.

Жыве сцярвятнiк у гаспадарчай забудове сельскага дома Усавых. Кормяць яго толькi мясам злоўленых птушак. Галубы, вароны — ягоная ежа. Натуральна, мяса з крамы яму не прыносяць — не ў заапарку ж жыве. Павiнен есцi толькi тое, што i яго браты на волi. Мышы падабаюцца — ён жа на волi таксама iх можа лавiць.

Хлопчык, бывае, ходзiць па роднай вёсцы разам са сцярвятнiкам (носiць на руцэ). Дык, птушка, як сабака, "пужае" мiнакоў — ахоўвае гаспадара. Сярожа гаворыць, што курэй суседскiх сцярвятнiк не крадзе. Вельмi разумны. Але расслабляцца з iм — сабе даражэй. Драпежнiк ёсць драпежнiк — колькi ўжо шрамаў у хлопчыка было пасля стасункаў з iм.

— А як так атрымалася, што ты захапiўся менавiта сакалiным паляваннем?

— I дзядзька мой, i тата — паляўнiчыя з вялiкiм стажам. Я ж з малых гадоў на паляваннi.

Сакольнiкi пакажуць Беларусь!

— Мы ўжо ўвайшлi ў мiжнародную асацыяцыю сакольнiкаў, — распавядае Сяргей Усаў. — Гэта значыць, што можам удзельнiчаць у мiжнародных спаборнiцтвах. Вось, ужо ў Англiю запрашалi летась, але за наш уласны кошт. Цяпер ужо арганiзатары спаборнiцтваў бяцалi ўзяць на сябе ўсе выдаткi. Але думаю, што каб ехаць, трэба быць на ўзроўнi.

У прыватнасцi, мы, група аднадумцаў, хочам поўнасцю аднавiць касцюм паляўнiчага часоў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Чытаем спецыяльную лiтаратуру, працуем з архiўнымi дакументамi. У Радзiвiлаў была свая школа сакалiнага палявання...

Прадстаўнiкi розных краiн удзельнiчаюць у спаборнiцтвах у нацыянальных паляўнiчых касцюмах, тыя ж расiяне, палякi. А чым мы горшыя?..

Наколькi я зразумеў, нашым беларускiм энтузiястам не вельмi проста адраджаць "царскае паляванне". Як гаворыцца, ёсць нюансы. Маўляў, нельга грамадзянам лавiць прадстаўнiкоў сям'i сакалiных. А, каб юрыдычнай асобе атрымаць дазвол, трэба абысцi шмат iнстанцый. Ну, не было раней у нас такога вiду палявання! У вынiку i шмат праблемных дробязяў.

Упэўнены, што цяпер, калi так шмат гаворыцца пра неабходнасць развiцця ў Беларусi турыстычных паслуг, менавiта такiя iдэi трэба падтрымлiваць уладам. Тыя ж аматары сакалiнага палявання з-за мяжы маглi б прыязджаць да нас. Паралельна трэба, безумоўна, вырашаць многiя пытаннi развiцця цiкавасцi да сакалiнага палявання ўнутры краiны. Напэўна, нямногiя звычайныя паляўнiчыя ў Беларусi чулi, што ўжо i ў нас адраджаецца сакалiнае паляванне.

Гэта — паэзiя палявання

Ды што там гаварыць пра перспектывы сакалiнага палявання, калi толькi пазалетась у наваколлях Вiцебска былi ўпершыню праведзены выпрабаваннi выжлаў па курапатцы. У апошнi раз да гэтай вельмi знакавай падзеi нешта такое праводзiлася ў 1927 годзе! На жаль, пакуль што няшмат у вобласцi тых, каму гэта цiкава. На ўсю вобласць паляўнiчых з выжламi — чалавек дзесяць.

— Паляванне з выжламi — гэта паэзiя палявання, — лiчыць Юрый Мiкалаевiч Гарагляд. — Тургенеў, Някрасаў так i палявалi. Выжлы — сэтэр, курцхаар, дратхаар, поiнтер — з iмi ходзяць на птушак: дупеля, бякаса, курапатку, слонку (вальдшнэпа), цецерукоў...

Кароткай камандай "пiль" вы пасылаеце сабаку ўперад падняць птушку. Вопытны выжал сам лажыцца пры ўзлёце птушкi. Дарэчы, у нас паляўнiчыя ходзяць у поле з адным сабакам, а ў Англii — з двума (здабычу прыносiць рэтрывер).

Шчаня выжла каштуе мiнiмум 300 долараў. Правiльная муштроўка i дрэсiроўка выжла — працэс вельмi цiкавы, але карпатлiвы i цяжкi. Зразумела, можна запрасiць вымуштроўваць прафесiянала, абыдзецца гэта ў 1000 долараў, але, упэўнены, няма большай радасцi ва ўладальнiка сабакi, чым зразумець яго душу.

— У добрага сабакi ў крывi — iнстынкт паляўнiчага. — расказвае паляўнiчы Алег Цiтоў. — Само сабой, занiмацца выхаваннем сабакi трэба. Па-першае, навучыць сабаку находзiць здабычу, птушак паказаць, потым стойка, падводка. Добры сабака адчувае здабычу метраў за 30 — 50, калi нос па ветры...

Наконт радаслоўных. Абавязкова перад тым, як набыць шчаня, трэба пракансультавацца ў таварыстве паляўнiчых i рыбаловаў...

Мой суразмоўца паказаў мне радаслоўную на свайго сабаку — нават мянушкi "дзеда" i "бабкi" там надрукаваныя. I ўсе новыя "тытулы" — перамогi на выставах, фiксуюцца там жа. Калi яшчэ адзiн паляўнiчы паказаў мне расiйскi аналаг, я зразумеў, што ён "лепшы" — цэлая "кнiжачка", а ў нас нейкi лiсцiк.

Ну, за паляванне!

Падчас бяседы я ўсё цiкавiўся традыцыямi паляўнiчых. Не гавораць — "забiў", "застрэлiў" птушку, звера, а "здабыў". Адзiн аднаго пры ўдачы вiншуюць: "З полем!". Адтуль i пайшло слова — "паляўнiчы".

Пра абрады. Кабана, напрыклад, здабылi — галiнку яму ў рот — апошнi сняданак. А потым яе на капялюш паляўнiчага — "медаль".

Тосты. Першы — "За паляванне!", другi — "За сабак!", трэцi — За ўдачу!". Дарэчы, па тэме. Некаторыя паляўнiчыя так добра дрэсiруюць сваiх гадаванцаў, што тыя i газеты iм прыносяць, i... бутэльку гарэлкi ў зубах прынясуць (на фота). Паказалi мне трукi гаспадары i сабакi — у цырку разам выступаць смела могуць.

Наконт iнстынктаў. Наколькi я зразумеў, нiякiх псiхалагiчных курсаў не патрабуецца заканчваць, калi ты — паляўнiчы са стажам. Кожны з iх, калi назапашваецца досвед, добра ведае iнстынкты здабычы. Адпаведна, мiжвольна больш пiльна пачынаеш сачыць за звычкамi людзей. На мой погляд, часта сабакi лепшыя за некаторых людзей. Не прадаюць, служаць старанна, ад душы, таму што любяць.

Сапраўдныя паляўнiчыя — людзi адкрытыя ў большасцi сваёй. Адразу мы знайшлi агульную мову з маiмi новымi таварышамi. I не смяялiся яны з часта "тупых" маiх пытанняў. Старалiся, як i прасiў, усё тлумачыць даступна.

Цяпер я ведаю, чаму нармальныя мужчыны суткамi могуць праводзiць на паляваннi. Сябры, сабакi, лес. Iнстынкт здабытчыка. I нiякiх жанчын. Хаця, трэба сказаць, без iх асабiста мне было трохi сумна.

Спадзяюся, што вярнуўшыся з палявання, я не намацаю рогаў, якiя раптам выраслi дома. Як у тым анекдоце пра мужа, якi вяртаецца з палявання.

Дамовiлiся мы з паляўнiчымi, што ў "Звяздзе" яшчэ неаднаразова раскажам пра iх захапленнi. Усё чамусьцi часу не хапала. I шкада.

Аляксандр ПУКШАНСКI.

Бешанковiцкi раён — Вiцебск.

Фота аўтара i паляўнiчых.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт "Звязды" ў самай глыбiнцы Прыдзвiнскага краю вырашыў вывучыць усе нюансы сакалiнага палявання. Яго яшчэ называюць царскiм, бо цары, князi вельмi любiлi такiм чынам бавiць час. Той жа Аляксей Мiхайлавiч, напрыклад. I ў нашы днi, як кажуць, уладныя людзi "адпачываюць" на паляваннi з драпежнiкамi. Наш журналiст таксама нейкiм чынам трохi "адчуў сябе царом". Дарэчы, ён наогул на паляваннi нiколi не быў. А тут узяў ды i правёў у кампанii паляўнiчых свой законны выхадны дзень. I не пашкадаваў. Увесь дзень на прыродзе! Прыгожая птушка сядзiць на руцэ. У адрозненне ад стрэльбы, яна рэдка "памыляецца". З вялiкай хуткасцю i дакладнасцю даганяе птушку i... Класна! А колькi баек пачуў ад паляўнiчых!
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика