Паняцці маральнасцi i духоўнасцi для беларусаў па-ранейшаму святыя
12.01.2010
—
Новости Общества
|
Прыхiльнасць традыцыям i маральнасцi дапамагае Беларусi пераадольваць эканамiчныя цяжкасцi. Аб гэтым заявiў 8 студзеня Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка на цырымонii ўручэння прэмii "За духоўнае адраджэнне" i спецыяльнай прэмii дзеячам культуры i мастацтва за 2009 год. Па традыцыi гэта мерапрыемства праходзiць у калядныя днi. Як адзначыў Прэзiдэнт, гэта час не толькi весялосцi i вiншаванняў, але i глыбокiх роздумаў: з чым прыйшлi да вялiкага свята, як пражылi мiнулы год? Кiраўнiк дзяржавы канстатаваў, што 2009 год быў вельмi складаны i напружаны для ўсёй планеты, i Беларусь не стала выключэннем. Аднак, на думку Прэзiдэнта, "атрымаць урокi мы зможам толькi ў тым выпадку, калi зразумеем сапраўдныя прычыны катаклiзмаў, якiя адбылiся ў свеце, высветлiм, што ляжала ў аснове тых выпрабаванняў i ўзрушэнняў, якiя давялося вынесцi мiльёнам жыхароў планеты". Аляксандр Лукашэнка цвёрда перакананы, што эканамiчны крызiс — вынiк крызiсу духоўнага. "Людская зайздрасць, крадзеж, падман, спекуляцыi на фiнансавых рынках, карупцыя накоплiвалiся гадамi i захлiснулi ўвесь свет, — сказаў ён. — Духоўны крызiс значна больш страшны за любыя эканамiчныя ўзрушэннi, таму што пераадолець яго складаней, i затрачваецца на гэта больш часу. Здраднiцтва, подласць, хлусня раз'ядаюць душу, падрываюць фiзiчнае i маральнае здароўе не толькi асобнага чалавека, але i цэлых нацый, народаў". "Нашу краiну часта папракаюць у тым, што па сваiх маральных устоях яна як быццам бы засталася ў мiнулым, не паддалася навамодным тэндэнцыям глабалiзацыi. Што ж, магчыма, i так. Але я перакананы: гэта наша велiзарная заслуга! — падкрэслiў Прэзiдэнт. — Нам трэба ганарыцца тым, што паняццi маральнасцi i духоўнасцi для нас па-ранейшаму святыя, на iх мы выхоўваем сваiх дзяцей, будуем дзяржаўную iдэалогiю". Аляксандр Лукашэнка лiчыць, што вопыт мiнулага года з усёй вiдавочнасцю паказаў, што менавiта тыя краiны, якiя стаяць на варце сваёй незалежнасцi i духоўнай самабытнасцi, лягчэй спраўляюцца з эканамiчнымi праблемамi. "Нам дапамагаюць выстаяць лепшыя рысы нацыянальнага характару, прыхiльнасць да традыцый i апора на шматвяковую гiсторыю, — сказаў ён. — Выклiкам сучаснай цывiлiзацыi можа супрацьстаяць толькi духоўна моцная асоба". "Нашу рэчаiснасць ствараем мы з вамi ўласнымi рукамi. І толькi ад нас залежыць, цi будзе наша дзяржава маральнай. Менавiта таму наш галоўны арыенцiр — пабудова дзяржавы для народа, — адзначыў Прэзiдэнт. — Жыццё паказала, што выбраны шлях — правiльны". Адзiнства i непарыўную сувязь пакаленняў, на думку кiраўнiка дзяржавы, прадэманстравала i ўсенароднае святкаванне 65-й гадавiны вызвалення Беларусi ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. "Няхай гэты магутны ўздым патрыятычнага духу паслужыць далейшаму згуртаванню беларускага народа", — сказаў ён. Прэзiдэнт падкрэслiў, што ў Год якасцi ў Беларусi стаiць яшчэ больш маштабная задача — дабiцца паляпшэння жыцця людзей. "I вырашыць яе мы зможам, калi аб'яднаем намаганнi i скажам сабе: Беларусь — гэта ўсе мы", — адзначыў кiраўнiк дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка лiчыць сiмвалiчным, што дасягненнi ў галiне культуры ацэньваюцца ў калядныя днi, паколькi сама атмасфера гэтага свята "дапамагае ўзвысiцца над будзённай мiтуснёй, набыць апору ў хрысцiянскай мудрасцi". Сярод лаўрэатаў прэмii "За духоўнае адраджэнне" i спецыяльнай прэмii кiраўнiка дзяржавы — людзi розных прафесiй, але ўсiх iх, як адзначыў Прэзiдэнт, аб'ядноўвае адна агульная якасць — нястомнае служэнне беларускаму народу. "На такiх падзвiжнiках трымаецца наша Айчына", — дадаў ён. Кiраўнiк дзяржавы ўручыў пяць прэмiй "За духоўнае адраджэнне": архiепiскапу Гомельскаму i Жлобiнскаму Арыстарху, аўтарскаму калектыву Агенцтва тэлевiзiйных навiн Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii (за стварэнне дакументальнага серыяла "Зямля беларуская"), калектыву Бальнiцы палiятыўнага догляду "Хоспiс", калектыву Выдавецтва Беларускага экзархата (за выпуск факсiмiльнага выдання Слуцкага Евангелля), трэнеру-выкладчыку па лёгкай атлетыцы Гомельскай дзiцяча-юнацкай спартыўнай школы прафсаюзаў "Лiдар" Уладзiмiру Кацуру, якi дабiўся значных поспехаў у сацыяльнай рэабiлiтацыi iнвалiдаў. Прэзiдэнт таксама ўручыў дзесяць спецыяльных прэмiй дзеячам нацыянальнай культуры i мастацтва. Прэмiя прысуджана мастаку Iгару Бархаткову за серыю пейзажаў "Цiхая мая Радзiма", творчаму калектыву Нацыянальнага акадэмiчнага Вялiкага тэатра оперы i балета Рэспублiкi Беларусь за пастаноўку оперы Я.Д. Голанда "Чужое багацце нiкому не на карысць", ансамблю "Лiрыца" Гомельскай абласной фiлармонii за значныя дасягненнi ў прапагандзе народнай iнструментальнай музыкi, выкладчыку дзiцячай школы мастацтваў iмя У.А. Дамарада г. Бабруйска Валерыю Калтыгiну за захаванне i развiццё традыцый народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, калектыву Цэнтра культуры i народнай творчасцi вёскi Вулька-1 Лунiнецкага раёна Брэсцкай вобласцi за захаванне рэгiянальнага фальклору. Таксама прэмii ўдастоены калектыў дзiцячай школы мастацкiх рамёстваў аддзела культуры Горацкага райвыканкама Магiлёўскай вобласцi за дасягненнi ў мастацкай адукацыi дзяцей i падлеткаў, калектыў Лiдскага гiсторыка-мастацкага музея за распрацоўку i рэалiзацыю музейна-асветнай праграмы "Старадаўнiх муроў адраджэнне", калектыў музея народнай творчасцi "Бездзежскi фартушок" Драгiчынскага раёна Брэсцкай вобласцi за стварэнне ўнiкальнай калекцыi аўтэнтычных узораў народнай творчасцi, калектыў цэнтралiзаванай бiблiятэчнай сiстэмы г. Полацка за стварэнне рэгiянальнай сiстэмы карыстання iнфармацыйных тэхналогiй у бiблiятэчным абслугоўваннi насельнiцтва, рэалiзацыю шэрагу асветных i краязнаўчых праграм, загадчык кафедры баяна i акардэона Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi Мiкалай Сеўрукоў за падрыхтоўку лаўрэатаў мiжнародных конкурсаў. Аляксандр Лукашэнка пажадаў усiм лаўрэатам, каб гэтыя прэмii сталi стымулам для далейшага прафесiйнага росту i ўдасканалення. Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прыхiльнасць традыцыям i маральнасцi дапамагае Беларусi пераадольваць эканамiчныя цяжкасцi. Аб гэтым заявiў 8 студзеня Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка на цырымонii ўручэння прэмii "За духоўнае адраджэнне" i спецыяльнай прэмii дзеячам культуры i мастацтва за 2009 год.
|
|