Вялiкi плюс малому паселiшчу
20.02.2010
—
Новости Общества
|
Дробны бiзнэс у рэгiёнах можа горы звярнуць, i дзяржаўная падтрымка, здаецца, ёсць, але чамусьцi далёка не ўсюды ён разгортваецца Ала МАЧАЛАВА Што робяць не так? Чаго не хапае, каб запiсанае на паперы запрацавала ў жыццi? За iдэямi па ўдасканаленнi заканадаўства сенатары выправiлiся ў Лагойск. А паглядзець тут ёсць на што. Уводзяцца ў гаспадарчы абарот аб'екты нерухомасцi (у тым лiку i недабудаваныя), ствараюцца новыя вытворчасцi, узнiкаюць дадатковыя працоўныя месцы, iдзе выпуск iмпартазамяшчальнай прадукцыi, пашыраюцца паслугi насельнiцтву. А галоўнае, заканадаўцаў паўсюль сустракалi маладыя, iнiцыятыўныя, хваткiя, прадпрымальныя кiраўнiкi. Сенатары паглядзелi, як абсмажваюцца арэшкi i семкi на прадпрыемстве "Нiкiцiн". Даведалiся пра тое, што найтанчэйшая плёнка, лiтаральна ў некалькi мiкронаў, дазваляе павысiць стойкасць iнструмента ў разы на Гюрынг-Бел (вытворчы цэнтр сусветнага вытворцы рэжучага iнструмента Guehring), сярод клiентаў якога — МТЗ, Магiлёўлiфтмаш i шмат iншых волатаў айчыннай прамысловасцi. Азнаёмiлiся з вытворчасцю розных вiдаў упакоўкi з гафрыраванага кардону на прадпрыемстве "Гафрамiр". Сталi лiтаральна першымi сведкамi запуску новай лiнii на "Лекфарме", якая абышлася прадпрыемству ў 700 тыс. долараў, — яна поўнасцю аўтаматызаваная, сама правярае на сколы i адбракоўвае неадпаведную прадукцыю. Калiсьцi Лекфарм пачынаўся ўсяго з 21 працаўнiка, сёння iх налiчваецца 140, з сярэднiм заробкам (паводле звестак за студзень) — 1,8 млн рублёў. А планы i таго смялейшыя — ужо сёлета павялiчыць прадукцыйнасць ўтрая i трапiць у пяцёрку фармацэўтычных лiдараў у Беларусi. — Галоўнае — выпускаць тое, што патрэбна людзям, — дзелiцца сакрэтамi поспеху кiраўнiк Лекфарма Уладзiмiр АДАМОВІЧ. — I ўмець гэта прадаваць. Бяда многiх дзяржаўных прадпрыемстваў у тым, што яны не ўмеюць прадаваць. Апроч таго, важна размяжоўваць, на чым можна i трэба зэканомiць, а на што скупiцца не варта: — Напрыклад на паветраачыстку — гэта ж сэрца вытворчасцi, для яго мы замовiлi самае дарагое, самае якаснае абсталяванне. Вялiкi плюс гораду, што гэта вытворчасць вельмi чыстая: як кажа кiраўнiк прадпрыемства, "выкiдаем паветра чысцейшае за тое, што бяром". З прадукцыяй Лекфарма летась сутыкнуўся цi не кожны беларус — усе мы памятаем гэтыя маўзалейныя чэргi за "Арпетолам". Дарэчы, да другой хвалi грыпу (крый Божа, але ж перастрахавацца не перашкодзiць) прадпрыемства гатовае i здольнае выпусцiць столькi "Арпетолу", каб дэфiцыту на яго не было. "Мужчыны ведаюць нас таксама па "Вiясiлу", — не без усмешкi дадае кiраўнiк Лекфарма. I калi верыць iх брашурцы, праблемы, якiя вырашаюць падобныя прэпараты, сустракаюцца ў 50 адсоткаў мужчын пасля 40 — жудасць якiя маштабы бедства... Лекфарм таксама асвойвае выпуск шэрагу новых прэпаратаў, якiя ўжо лiтаральна на працягу некалькiх месяцаў з'явяцца ў аптэках. Прадпрыемства спецыялiзуецца на тым, што выпускае аналагi знакамiтых замежных прэпаратаў, на якiя скончылася патэнтная абарона. Вось вам i iмпартазамяшчэнне ў дзеяннi. Паводле меркавання Iвана МАГЕРА, старшынi Лагойскага райвыканкама, заканадаўства, якое прадугледжвае дзяржаўную падтрымку развiцця рэгiёнаў, тут працуе. "Гэта дало штуршок развiццю Лагойскага края, дапамагло выканаць прагнозныя паказчыкi". Прадстаўнiк мясцовай выканаўчай улады падкрэслiў: "Мы не iмкнёмся стаць спальным раёнам сталiцы, гэта турыстычна-рэкрэацыйная зона. Хацелася б, каб Лагойшчыну захавалi ў тым выглядзе, у якiм яна цяпер, толькi больш дагледжанай, рэспектабельнай, прывабнай для замежнiкаў". Што да вытворчасцi, то, на думку кiраўнiка выканкама, сюды "нельга прыцягваць прадпрыемствы, якiя наносiлi б шкоду экалогii, акцэнт варта рабiць на фармацэўтычнай вытворчасцi" як адной з самых чыстых. Увогуле на Лагойшчыне 150 малых прадпрыемстваў, за мiнулы год 29 новых адкрылася. Аднак яе станоўчы ўзор, на жаль, не характэрны для ўсёй краiны. — Невыпадкова мы на гэту тэму выйшлi, — адзначыў падчас выязнога пасяджэння камiсii па эканомiцы, бюджэце i фiнансах яе старшыня Вадзiм ПАПОЎ. — Не ўсё добра па рэалiзацыi праграмы (развiцця рэгiёнаў, малых i сярэднiх гарадскiх паселiшчаў на 2007—2010 гады. — Аўт.). Ёсць цэлая серыя паселiшчаў, дзе нiчога не зроблена. Ажно 16 паселiшчаў, дзе летась палец аб палец не ўдарылi... а калi дадаць да iх тыя, у якiх па адным-два прадпрыемствы адкрытыя, то атрымлiваецца 30 адсоткаў паселiшчаў, уключаных у праграму! Цi не занадта шмат мы сабе дазваляем — так лёгка адносiцца да выканання дзяржпраграмы?! На кантрасце з бездакорнай статыстыкай Лагойшчыны (дзе, на думку Вадзiма Папова "бачаць стратэгiю развiцця") прагучалi звесткi з iншых мясцовасцяў: — У Свiслачы ўмудрылiся за год стварыць тры прадпрыемствы, а сем развалiць. У Iўеўскiм раёне тры ўтворана, 10 развалена. Чашнiкi: тры новыя, восем закрытыя. А ўся вертыкаль улады ёсць, тыя ж рэгламентуючыя дакументы... Трэба даць прынцыповую ацэнку, чаму так адбываецца. Што трэба зрабiць дадаткова, каб гэтага не было. Пакуль у Дзяржынску 359 прадпрыемстваў, у Заслаўi — 343, ёсць i такiя, дзе нуль, а некаторыя для адчэпкi па адным прадпрыемстве адкрылi. Больш як 500 малых прадпрыемстваў развалiлася — амаль трацiна таго, што створана. Гэта выклiкае сур'ёзную заклапочанасць членаў Савета Рэспублiкi. Цi мы няправiльна вызначаем кiрункi дзеяння, цi не аказваем належнай падтрымкi ў iх рабоце, — выказвае здагадкi кiраўнiк профiльнай камiсii. Спецыялiзацыя рэгiёнаў... Можа ў гэтым рэцэпт поспеху? А можа дзяржава, аказваючы падтрымку бiзнэсу, прапаноўвае не тое апiрышча? Сваiмi назiраннямi падзялiлася з сенатарамi намеснiк мiнiстра па падатках i зборах Ларыса КАНДРАТАВА: — Нарматыўныя акты часта скiраваныя толькi на падаткi. Так, гэта ўсё добра i трэба, але варта спачатку стварыць умовы, каб прадпрымальнiку было на чым зарабiць. Якi толк вызваляць яго ад нейкiх падаткаў, калi яму пачаць няма з чаго, зарабiць няма на чым... тут трэба комплексна глядзець. Напрыклад, няблага даць iм доступ да грошай — скажам, iльготныя крэдыты. Банк у сваю чаргу павiнен мець абсалютную страхавую гарантыю. Усё павiнна быць у комплексе... А патэнцыял у дробных прадпрыемстваў якраз вялiкi: яны больш гнутка рэагуюць на патрэбы рынку, куды лягчэй перастройваюцца, чым прамысловыя гiганты. У многiх заходнiх краiнах эканомiка трымаецца пераважна на малым i сярэднiм бiзнэсе. Ды i нашай дзяржаве такiя прадпрыемствы дапамагаюць сабраць бюджэт: — За мiнулы год ад iх паступiла каля шасцi трыльёнаў рублёў — гэта 16 адсоткаў даходнай часткi бюджэту, добры паказчык для нашай краiны, — адзначыла Ларыса Кандратава. Пры гэтым 8,4 адсотка даходаў краiне прыносiць бiзнэс у малых i сярэднiх гарадах (тут зарэгiстравана больш як 60 тыс. суб'ектаў прадпрымальнiцтва). Гэты ўнёсак, натуральна, мог бы быць больш важкiм, улiчваючы гатоўнасць дзяржавы дапамагчы. Выйгралi б усе: бiзнэсменам — палёгкi, дзяржаве — падаткi, а простаму жыхару — паслугi. — Да восеньскай сесii трэба падрыхтаваць неабходныя дакументы. Абавязкова з улiкам Мытнага саюза, адзiнай мытнай прасторы, iнакш яны будуць насiць вельмi кароткатэрмiновы характар. Мяркую, вы на месцах пагледзiце, як у вас гэтыя праблемы вырашаюцца, — звярнуўся кiраўнiк камiсii да сенатараў, — i мы на дзяржаўным узроўнi выявiм умовы, якiх не хапае для нармальнага развiцця бiзнэсу. Хочацца верыць, што пасля гэтага сiстэма спрацуе больш эфектыўна i прынясе рэальны плён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што робяць не так? Чаго не хапае, каб запiсанае на паперы запрацавала ў жыццi? За iдэямi па ўдасканаленнi заканадаўства сенатары выправiлiся ў Лагойск. А паглядзець тут ёсць на што. Уводзяцца ў гаспадарчы абарот аб'екты нерухомасцi (у тым лiку i недабудаваныя), ствараюцца новыя вытворчасцi, узнiкаюць дадатковыя працоўныя месцы, iдзе выпуск iмпартазамяшчальнай прадукцыi, пашыраюцца паслугi насельнiцтву. А галоўнае, заканадаўцаў паўсюль сустракалi маладыя, iнiцыятыўныя, хваткiя, прадпрымальныя кiраўнiкi. |
|