Міністэрства абароны будзе аздараўляць падлеткаў якасна. 21.by

Міністэрства абароны будзе аздараўляць падлеткаў якасна

01.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На прэс-канферэнцыі наконт арганізацыі занятасці падлеткаў у летні перыяд Вячаслаў Раменчык, начальнік упраўлення інфармацыі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны, заявіў, што аб'яўлены год якасці накладвае асаблівую адказнасць на тых людзей, якія будуць працаваць з дзецьмі і падлеткамі ў спартыўна-патрыятычных лагерах.

Ён паведаміў, што сёлета Узброеныя Сілы плануюць арганізаваць працу больш чым 70 спартыўна-патрыятычных лагераў на базе ваенных часцей і больш чым 90 — на базе сярэдніх навучальных устаноў. Усяго, такім чынам, з дапамогай Міністэрства абароны змогуць аздаравіцца каля 10 тысяч беларускіх дзяцей і падлеткаў. Вячаслаў Раменчык адзначыў, што гэта болей, чым летась. У прыватнасці, у 2009 годзе на базе ваенных часцей было арганізавана 75 спартыўна-патрыятычных лагераў для 3,5 тысячы дзяцей і падлеткаў, з якіх, дарэчы, прыкладна 1 тысячу складалі так званыя "цяжкія" падлеткі. Усяго ж за мінулы год Міністэрства абароны прыняло ўдзел у працы 167 спартыўна-патрыятычных лагераў, дзе аздараўляліся і бавілі час каля 9,5 тысячы маладых беларусаў.

— Сёлета вельмі важная падзея — 65-годдзе Вялікай Перамогі, таму праца з маладымі грамадзянамі нашай краіны ў спартыўна-патрыятычных лагерах будзе заснаваная перш за ўсё на лепшых гістарычных і баявых традыцыях краіны, — заявіў Вячаслаў Раменчык і расказаў, што падлеткаў чакаюць сустрэчы з ветэранамі ВАВ, наведванне гістарычных мясцін, упарадкаванне мемарыяльных комплексаў і помнікаў абаронцам Айчыны.

"Звязда" пацікавілася ў Вячаслава Раменчыка, ці будзе праводзіцца выхаванне дзяцей і падлеткаў на прыкладзе гераізму нашых продкаў і ў Грунвальдскай бітве, 600-годдзе якой адзначаецца ў гэтым годзе:

— Так, вядома, гэта будзе ў рамках тых мерапрыемстваў, якія арганізуюцца нашай дзяржавай.

Занятасцю дзяцей і падлеткаў у летні перыяд займаецца і Міністэрства ўнутраных спраў. На прэс-канферэнцыі старшы інспектар аддзела арганізацыі прафілактыкі правапарушэнняў няпоўнагадовых Упраўлення прафілактыкі МУС Алег Максімаў расказаў, што з 1 мая па 1 верасня дзейнічае спецыяльная міжведамасная праграма "Клопат", а асаблівая ўвага будзе звернутая на падлеткаў, што знаходзяцца на ўліку інспекцыі па справах няпоўнагадовых. Так, плануецца працаўладкаваць 5,7 тысячы такіх няпаўнагадовых, 1 тысячу накіраваць у студэнцкія будаўнічыя атрады, 1,3 — у валанцёрскія лагеры, 2,5 тысячы — у ваенна-патрыятычныя і абаронна-спартыўныя лагеры, 5 тысяч — у лагеры з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі, 4,7 тысячы — у загарадныя аздараўляльныя лагеры, 1,5 тысячы — у палатачныя лагеры.

А вось Аляксей Ананенка, галоўны інспектар упраўлення сацыяльнай і выхаваўчай працы Міністэрства адукацыі, расказаў, што ў летнюю кампанію плануецца ахапіць каля 418 тысяч дзяцей і падлеткаў, што складае каля 35 % усіх дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. З іх 186 тысяч будуць аздараўлівацца ў лагерах з кругласутачным знаходжаннем, а астатнія — з дзённым. Увогуле на правядзенне летняй аздараўляльнай кампаніі сёлета з бюджэту выдаткавана, па словах Аляксея Ананенкі, 76 мільярдаў рублёў.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На прэс-канферэнцыі наконт арганізацыі занятасці падлеткаў у летні перыяд Вячаслаў Раменчык, начальнік упраўлення інфармацыі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика