Напісаў. І даў падставу для свайго звальнення?. 21.by

Напісаў. І даў падставу для свайго звальнення?

01.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ

Работніку, у якога ўзніклі непаразуменні з кіраўніцтвам, настойліва "параілі" звольніцца "па ўласным жаданні". Як рэагаваць на такую прапанову, калі намеру пакідаць сваё месца ўсё ж няма? Зрэшты, варыянт у такой сітуацыі адзін — заяву ні ў якім разе пісаць не трэба. Бо падобная заява для наймальніка стане цалкам законнай падставай для "развітання". І калі яе не будзе, то задача таго ж наймальніка ўскладніцца, яму давядзецца шукаць іншыя важкія прычыны — скажам, спасылацца на прагул падначаленага, на яго недастатковую кваліфікацыю, сістэматычнае невыкананне працоўных абавязкаў і г.д. Прычым, як адзначылі ўдзельнікі чарговай "выязной прыёмнай" Дэпарта-мента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў Чачэрскім раёне, тут нялішне мець на ўвазе і яшчэ адзін цікавы нюанс: калі работнік пісаць заяву "па ўласным жаданні" не хоча, то неяк прымусіць рабіць гэта ні наймальнік, ні хто-небудзь іншы не можа.

Як "паспрачацца"  з атэстацыяй?

Не менш цікавая сітуацыя. Падчас атэстацыі было прынятае рашэнне, што супрацоўнік не адпавядае сваёй пасадзе. Сам работнік з такой высновай катэгарычна не згодны. Што яму рабіць?

— Перш-наперш варта заўважыць, што заключэнне атэстацыйнай камісіі мае рэкамендацыйны характар, і пасля высновы аб неадпаведнасці работніка сваёй пасадзе наймальнік можа прыняць некалькі рашэнняў — даць работніку час "падцягнуцца" і правесці праз пэўны тэрмін пераатэстацыю, прапанаваць перавод на іншую пасаду, якая стасуецца з кваліфікацыяй і вопытам падначаленага, нарэшце, правесці звальненне на падставе 42-га артыкула Працоўнага кодэкса, — распавядае начальнік упраўлення прававога забеспячэння і кантролю Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Алена Камісарава. — Прычым калі выбіраецца шлях звальнення, то наймальнік павінен выканаць пэўную працэдуру — зрабіць паведамленне прафсаюзу або ўзгадніць свой намер з прафкамам, а таксама выплаціць работніку двухтыднёвую выхадную дапамогу.

Што да работніка, то ў выпадку нязгоды з высновай аб неадпаведнасці пасадзе пункт погляду атэстацыйнай камісіі можна абскардзіць спачатку ў вышэйшым органе ці арганізацыі, а затым — і ў судзе. У такіх варунках лепш за ўсё звярнуцца ў той жа суд на працягу трох месяцаў, прычым зварот туды будзе для работніка бясплатным.

Скарачэнне мае правілы

Супрацоўніка звальняюць па скарачэнні штатаў, аднак літаральна праз тыдзень на "скарочаным" месцы з'яўляецца іншы чалавек. Ці можа так быць?

— Прамой забароны на такі крок у заканадаўстве няма, рашэнне аб скарачэнні колькасці або штату прымаецца наймальнікам, — тлумачыць Алена Камісарава. — Разам з тым у падобнай сітуацыі можна звярнуцца на працягу месяца ў суд, прычым існуе верагоднасць таго, што суд возьме бок менавіта работніка. І тым больш гэта павінна адбыцца ў выпадку, калі наймальнік парушыў парадак скарачэння. Так, варта нагадаць: аб будучым вызваленні работнік павінен быць пісьмова папярэджаны не менш чым за два месяцы, наймальнік абавязаны праінфармаваць аб скарачэнні службу занятасці, прапанаваць работніку іншыя варыянты ўладкавання ці варыянты перанавучання, нарэшце, выплаціць выхадную дапамогу — у памеры трох сярэднямесячных заробкаў. Прычым гэта выплата робіцца непасрэдна ў дзень звальнення.

Галоўнае — калдагавор

Работнік патрапіў пад скарачэнне, а неўзабаве выйшаў на датэрміновую пенсію як беспрацоўны. Ці павінна арганізацыя, дзе чалавек працаваў да апошняга часу, рабіць яму аднаразовыя выплаты да святаў — як свайму былому супрацоўніку?

— У гэтым выпадку ўсё залежыць ад таго, што вызначае калектыўны дагавор менавіта гэтай арганізацыі, — зазначае Алена Камісарава. — Бо тут ёсць варыянты: у калдагаворы права на аднаразовыя выплаты можа распаўсюджвацца толькі на былых супрацоўнікаў, а можа — і на асобаў, што выйшлі з арганізацыі на пенсію ў выпадку скарачэння.

Калі даплачваюць за "шкоднасць"?

Ці маюць права на даплаты медсёстры, якія працуюць у шкодных умовах? На першы погляд, адказ тут відавочны — так. І разам з тым, спяшацца з катэгарычнымі высновамі ўсё ж не трэба. Бо заканадаўства вызначае: даплаты павінны рабіцца толькі тады, калі працоўнае месца прайшло атэстацыю і калі работнік заняты на шкодным месцы не менш за 80 працэнтаў свайго часу. У адваротным выпадку разлічваць на "прыбаўку" нельга.

І, як кажуць, у працяг "медыцынскай" тэмы. Зноў жа медсёстры двух аддзяленняў працуюць з вельмі рознай колькасцю пацыентаў. Ці могуць быць у такім выпадку аднолькавымі заробкі?

— Медсёстры двух аддзяленняў працуюць на поўныя стаўкі, і зменшыць выплаты па гэтых стаўках адным ці павялічыць іншым нельга, — кажа Алена Камісарава. — Сапраўды, з улікам вялікай нагрузкі наймальнік мае права ўстанавіць пэўныя даплаты. Але для гэтага таму ж наймальніку трэба "адшукаць" дадатковыя сродкі. Скажам, пры наяўнасці ў штатным раскладзе вакансіі за кошт яе такія даплаты можна вызначыць за сумяшчэнне прафесій або пашырэнне сферы абслугоўвання. А калі "лішняй" вакансіі няма, то магчымая крыніца даплат — больш высокія памеры прэміі за кошт эканоміі фонду зарплаты.

Пасада не залежыць толькі ад жадання

Студэнт-завочнік ВНУ мае праблемы з уладкаваннем. Аднак сітуацыя тут выглядае не зусім стандартнай. Служба занятасці прапаноўвае рабочыя вакансіі ў сельгаспрадпрыемствах, аднак у кола інтарэсаў студэнта ўваходзяць прэтэнзіі толькі на больш прэстыжныя месцы — скажам, інжынера або загадчыка майстэрні. Ці абавязковае задавальненне падобных пажаданняў?

— Увогуле права заключэння працоўнага дагавора дадзена наймальніку, і ў сваю чаргу наймальнік можа падбіраць спецыяліста, які падыходзіць яму па кваліфікацыйных патрабаваннях, вопыце, стажы, — распавядае Алена Камісарава. — Словам, адмовіць у прыёме наймальнік можа, прычым за рэдкім выключэннем, ён не абавязаны тлумачыць прычыны свайго рашэння — да такіх выключных выпадкаў, у прыватнасці, адносіцца ўладкаванне цяжарнай жанчыны, жанчыны з дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў, адзінокай маці з дзіцем ва ўзросце да 14 гадоў, маладога спецыяліста, работніка ў выпадку пераводу ці ўладкаванне за кошт броні службы занятасці. Што ж да канкрэтнага выпадку, то тут заўважу: на пасады спецыялістаў магчыма ўладкаванне асобаў, якія маюць адпаведную адукацыю, або, як варыянт у некаторых сітуацыях, — маюць дастатковыя веды і практыку. Ні першага, ні другога ў студэнта-завочніка няма — адпаведна, патрабаваць пасаду спецыяліста ён не можа.

Не змог на пенсію — звяртайся ў суд

Машыніст аміячных халадзільных установак не можа выйсці на датэрміновую пенсію толькі таму, што з 2004 года арганізацыя не праводзіла атэстацыю па ўмовах працы. Якім можа быць выйсце ў такой сітуацыі?

— Сапраўды, пры афармленні датэрміновай пенсіі пацвярджэнне "шкоднасці" працоўнага месца атэстацыяй — умова абавязковая, — падкрэслівае Алена Камісарава. — Разам з тым, правесці атэстацыю арганізацыя была павінна. А калі гэтага не адбылося, то работнік можа падаць у суд — з патрабаваннем, каб арганізацыя кампенсавала ўрон у сувязі з несвоечасовым выхадам на пенсію.

Ліміты на "лішнюю" працу

Ад работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі час ад часу патрабуюць выйсці на сваё месца для ліквідацыі аварыйных сітуацый. Як кампенсуюцца падобныя выхады? І што павінны атрымліваць камунальнікі, якія зноў жа ў сувязі з надзвычайнымі здарэннямі вымушаныя працаваць пасля заканчэння змены?

— Калі спецыфіка дзейнасці прадугледжвае неабходнасць выхаду на працу па выхадных у сувязі з неабходнасцю ліквідацыі аварыйных сітуацый, то наймальнік не абавязаны патрабаваць на гэта згоды работніка, — адзначае Алена Камісарава. — Разам з тым падобныя выхады павінны кампенсавацца або двайной аплатай, або прадастаўленнем іншага дня адпачынку "ўзамен". А каб той жа "адгул" нідзе не згубіўся, канкрэтны тэрмін яго прадастаўлення абгаворваецца адразу — у загадзе або распараджэнні наймальніка аб прыцягненні да работы ў выхадны. Прычым патрабаваць "адгул" у зручны дзень выключна па сваім жаданні работнік не можа — тут неабходна дасягнуць згоды двух бакоў.

Наконт жа "павялічанай" працягласці змены трэба заўважыць наступнае. Па сутнасці ў такіх выпадках гаворка ідзе аб звышурочных. А наконт іх вызначаныя пэўныя "ліміты". Так, прыцягваць работніка з яго згоды да звышурочных можна не больш чым на 4 гадзіны на працягу двух дзён запар і не больш чым на 120 гадзін на працягу года. Да таго ж аплата звышурочных павінна рабіцца таксама ў двайным памеры або па дамоўленасці — кампенсавацца іншым днём адпачынку.

<І>Чачэрскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Работніку, у якога ўзніклі непаразуменні з кіраўніцтвам, настойліва "параілі" звольніцца "па ўласным жаданні". Як рэагаваць на такую прапанову, калі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика