Свята: Мінск вітае. 21.by

Свята: Мінск вітае

03.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вызваленне

сталіцы ад фашыстаў узгадаюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Сёння — найперш іх свята. Яны пройдуць разам па праспекце Незалежнасці да помніка Перамогі, каб ускласці вянкі ў памяць пра тых, хто загінуў. Іх можна прывітаць і асабіста далучыцца да святкавання ўжо а 12-й гадзіне дня.

У кожным з раёнаў горада ў гэты дзень будуць вітаць і віншаваць ветэранаў, а таксама тых жыхароў сталіцы, якім надалі званне "Мінчанін года".

Спалучэнне

дасведчанасці, вопыту і розуму ветэранаў з імпэтам маладых можна будзе назіраць ля ўсіх пляцовак, якія будуць працаваць у горадзе. Напрыклад, у парку 60-годдзя Кастрычніка для ветэранаў вайны і працы наладзяць танцавальную праграму — яна пачнецца ў 12.30. А 14-й гадзіне на змену ім прыйдзе моладзь са сваёй музыкай. Акрамя выступленняў артыстаў эстрады, у парку наладзяць спартыўныя спаборніцтвы і нават майстар-класы народных майстроў.

Наталенне

мастацтвам абяцаюць ля Мінскай гарадской ратушы, дзе а 13-й гадзіне адкрыецца "Летні вернісаж". Сталічныя мастакі пакажуць свае творы. Таксама іх падтрымаюць артысты і музыкі, якія сваімі выступленнямі расквецяць колеры беларускай сталіцы. Плошча Свабоды абяцае стаць плошчай Творчасці.

Паглыбленне

ў гісторыю краіны забяспечыць Сярэднявечны горад. Ён паўстане ля сталічнага Палаца спорту а 13-й гадзіне. Але забавы для дзяцей абяцаюць сучасныя: прафесійныя клоўны і жанглёры з беларускага цырка, папулярныя гурты, нават госці — дзеці з Расіі, якія ўдзельнічалі ў фестывалі дзіцячай творчасці.

У скверы імя Янкі Купалы будуць гучаць беларускія народныя песні. Праз іх дзеці і іх бацькі таксама спасцігаюць Беларусь. І забаўляюцца тут жа — хто ведае, можа праз пару стагоддзяў і катанне на электрамабілях будуць лічыць вельмі старажытнай забавай?..

Далучэнне

да акцыі "Беларусь — гэта мы" ў сталіцы адбудзецца ля стэлы "Мінск — горад-герой". А 21-й гадзіне тут пачнецца гала-канцэрт удзельнікаў акцыі. Сярод іх сёлета нават артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, народны хор імя Цітовіча і аркестр імя Жыновіча, Прэзідэнцкі аркестр. Да носьбітаў высокага мастацтва далучацца любімыя папулярныя артысты: ансамблі "Песняры" і "Сябры", Аляксандр Ціхановіч і Ядзвіга Паплаўская, Ірына Дарафеева і Іна Афанасьева... Каб паслухаць усіх, трэба пратрымацца да дзвюх гадзін ночы. Самыя трывалыя ўбачаць гіганцкі (у 75 метраў) беларускі сцяг. А яшчэ можна будзе прадэманстраваць свае вакальныя здольнасці: без пяці хвілін дванаццаць гімн краіны спяваем разам. А потым разам глядзім феерверк.

Прыцягненне

тых, хто хоча прадоўжыць культурнае святкаванне, чакаецца на наступны дзень, 4 ліпеня. Нядзеля парадуе канцэртна-забаўляльнай праграмай ля Камароўскага рынка. Апоўдні тут пачнуць спяваць і танцаваць. І што цікава, у асноўным — дзеці, наша светлая будучыня, дзеля якой стараюцца працаваць дарослыя.

Удзень цікавая "тусоўка" чакаецца ў Сухарава: каля цэнтра "Свята", акрамя розных забаў, абяцаюць адмысловы шоу-паказ салона прыгажосці.

Павольна і прыемна правесці час у нядзелю можна будзе ў парку 60-годдзя Кастрычніка — ён будзе поўніцца гукамі духавога аркестра.

Але тых, хто зойдзе ў нядзелю ў сталічны Батанічны сад, парадуе адзін са знакамітых беларускіх духавых аркестраў — "Няміга". Іграць музыкантам выпадзе ў вельмі нязвычных умовах: на выспе пасярод возера! Берагі — для слухачоў.

Ларыса БЕРАЗОЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вызваленне сталіцы ад фашыстаў узгадаюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Сёння — найперш іх свята. Яны пройдуць разам па праспекце Незалежнасці да помніка...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика