БЕЛАРУСЬ: КОШТ ВЫЗВАЛЕННЯ. 21.by

БЕЛАРУСЬ: КОШТ ВЫЗВАЛЕННЯ

03.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Раней тут уставала зямля да нябёс,

А зараз гранітныя пліты...

Ніхто не збярог асабісты свой лёс,

Усе лёсы ў адзіны тут зліты...

У. Высоцкі.

З афіцыйных крыніц вядома, што пры вызваленні краін Еўропы ад фашызму загінулі, памерлі ад ран ці прапалі без весткі 1080 тысяч воінаў Чырвонай Арміі. Самая вялікая іх колькасць — 600 тысяч — загінула на тэрыторыі суседняй Польшчы, па 140 тысяч у Венгрыі і Чэхаславакіі, 102 тысячы у Германіі, 69 тысяч у Румыніі.

Вядомыя таксама вялікія страты беларускага народа падчас Айчыннай вайны. Але да гэтага часу не было адказу на пытанне, якім коштам заплаціла Чырвоная Армія за вызваленне нашай, зараз незалежнай, Рэспублікі Беларусь? Рассакрэчаныя апошнім часам архівы дазваляюць адказаць на гэтае пытанне.

Першыя страты на беларускай зямлі Чырвоная Армія панесла ў так званай абарончай аперацыі, якая доўжылася з 22 чэрвеня па 9 ліпеня 1941 года. За гэты час яна страціла загінулымі і палоннымі палову свайго асабістага на той час складу — каля 340 тысяч чалавек, а нямецкія танкавыя кліны тым не меней дасягнулі подступаў да Полацка і Жлобіна. Разам з тым, была страчана вялікая колькасць цяжкай тэхнікі — 4800 танкаў, амаль 9500 гармат і каля 1800 самалетаў.

Разам з паражэннямі Чырвонай Арміі ў Прыбалтыцы і Заходняй Украіне гэта спарадзіла на савецка-германскім фронце дэфіцыт сілаў і сродкау, страту кіравання, якія прывялі да эфекту "даміно". У выніку фронт адкаціўся да Масквы, Ленінграда, а пазней, у 1942 годзе — да Сталінграда і Каўказа, а Беларусь на тры гады трапіла пад варожую акупацыю.

Першая спроба вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыходзіцца на кастрычнік 1943 года па лініі ад горада Невель на поўначы да вусця ракі Прыпяць на поўдні. Да гэтага часу нямецкая армія была вымушана стаць у глухую абарону з некалькіх палосаў, глыбіня якіх дасягала дзясяткаў кіламетраў. Пры яе пабудове вораг па-майстэрску выкарыстаў усе натуральныя перашкоды мясцовасці — розныя рэкі, азёры, лес, балоты і ўзвышшы. Таму беззваротныя страты Чырвонай Арміі былі занадта вялікімі — каля 65 тысяч чалавек. Але за гэты час былі вызвалены гарады Гарадок, Рэчыца і Гомель.

У першыя два зімовыя месяцы 1944 года былі вызвалены Мазыр, Калінкавічы і Рагачоў. На гэтым вызваленчая кампанія, якая доўжылася 6 месяцаў, на пэўны час спынілася. Агульныя беззваротныя страты на гэтых напрамках склалі амаль 85 тысяч чалавек без уліку параненых і загінулых у баях "мясцовага значэння".

Асабліва трагічна ў той жа перыяд развіваліся падзеі на Аршанскім, Магілёўскім і Віцебскім кірунках Заходняга фронту. Вызваленне гэтых гарадоў чакалася 10-12 кастрычніка 1943 года. З гэтай мэтай было праведзена некалькі наступальных аперацый, але амаль безвынікова, бо толькі у асобных месцах войскі прасунуліся на 7-13 кіламетраў. Перад горадам Дуброўна фронт канчаткова спыніўся. А вось беззваротныя страты ў гэтых аперацыях склалі 62 тысячы чалавек.

Пры гэтым адзначаецца асабліва кровапралітны і жорсткі характар баёў. А яшчэ былі слабае ўзаемадзеянне асобных родаў войскаў, тактычныя памылкі з нашага боку. Так, сведка і непасрэдны ўдзельнік тых падзей капітан Іван Траццяк (потым вядомы савецкі генерал) у сваіх успамінах прыводзіць прыклад, калі нашы танкі на пачатку зімы пафарбавалі ў белы колер. Але напярэдадні атакі здарылася адліга, увесь снег растаў — і белыя танкі сталі добрымі мішэнямі на чорным фоне зямлі, тым не меней пайшлі насустрач сваёй пагібелі. І гэта пасля двухгадовага вопыту вайны. Абставіны баёў былі такімі, што загінулых часта немагчыма было не тое што пахаваць, а нават проста закапаць — яны заставаліся на палях, у балотах, рэках і азёрах. Узімку адзначаны выпадкі, калі немцы ўзводзілі брустверы сваіх акопаў з мёрзлых трупаў савецкіх салдат.

Такім чынам, спроба выйсці ў 1943 годзе на лінію Полацк — Лепель — Магілёў — рака Пціч, як гэта была запланавана Стаўкай ВГК, у поўным аб'еме не ўдалася. Пры гэтым беззваротныя страты асабовага складу за гэты перыяд дасягнулі амаль 137 тысяч, а агульныя страты — каля 585 тысяч чалавек. Апошняя лічба перавышае адпаведныя страты 1941 года ў 1,4 раза.

Другі этап вызвалення Беларусі пачаўся 23 чэрвеня 1944 года вядомай стратэгічнай аперацыяй "Баграціён". Чырвоная Армія да гэтага часу мела перавагу над ворагам па асабовым складзе амаль у два, а па цяжкім узбраенні і самалётах — каля 4 разоў. Перавага па танках і самаходных артылерыйскіх устаноўках дасягала 5,7 раза. Акрамя таго ў тыле нямецкіх войскаў дзейнічала цэлая партызанская армія — прыкладна да 370 тысяч чалавек, аб'яднаных у асобныя брыгады і злучэнні. Усё гэта дало адпаведны вынік.

3 ліпеня быў вызвалены Мінск, а 28 ліпеня — Брэст. На поўнае вызваленне беларускай зямлі спатрэбілася 37 сутак. Варожая абарона па ўсіх чатырох франтах была абрынута, а поўныя беззваротныя страты нямецкіх войскаў у выніку гэтай стратэгічнай аперацыі дасягнулі 500 тысяч чалавек. Па ацэнках асобных нямецкіх генералаў наступствы гэтага паражэння для Германіі сталі больш цяжкімі, чым пад Сталінградам.

Для Чырвонай Арміі вызваленне Беларусі далося таксама не так проста. Яе беззваротныя страты на беларускай зямлі за гэтыя 37 сутак склалі каля 100 тысяч чалавек. Была страчана таксама значная колькасць ваеннай тэхнікі — прыкладна 1600 танкаў, або трэцяя частка ад першапачатковай, 450 самалётаў, 1300 гармат і мінамётаў. Але эфектыўнасць аперацыі "Баграціён" значна перавышае першы этап вызвалення восені 1943 года. Гэта таксама бачна з суадносінаў беззваротных страт на асобных этапах вайны. Так, з агульнага ліку страт за час вайны на абарончы этап 1941 года прыходзіцца 60 працэнтаў, на першы вызваленчы этап восені-зімы 1943—44 гг.— 23, на другі вызваленчы этап летам 1944-га — 17 працэнтаў.

Такім чынам, агульныя беззваротныя страты Чырвонай Арміі на абарону і вызваленне беларускай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва ўсіх стратэгічных і франтавых аперацыях Айчыннай вайны складаюць 576 тысяч чалавек. Гэта былі людзі розных нацыянальнасцяў Савецкага Саюза. Сярод іх былі і многія воіны-беларусы, якія першымі імкнуліся ступіць на вызваленую імі родную зямлю. Спіс загінулых дапаўняецца новымі прозвішчамі і ў наш час.

Помнік усім загінулым — наша Перамога ў Айчыннай вайне. Іх імёны і прозвішчы — на гранітных абелісках і ў рэспубліканскіх кнігах "Памяць" па кожным горадзе і раёне Беларусі. Але загінулых людзей ніколі не вярнуць... Таму дні Перамогі і Вызвалення Беларусі для нас — іх нашчадкаў — заўсёды будуць і радаснымі і самотнымі адначасова. Радасныя і самотныя яны і для мяне асабіста, бо з той кровапралітнай вайны не вярнуўся і мой бацька.

Уладзімір Яцкевіч,

прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З афіцыйных крыніц вядома, што пры вызваленні краін Еўропы ад фашызму загінулі, памерлі ад ран ці прапалі без весткі 1080 тысяч воінаў Чырвонай Арміі. Самая вялікая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика