Аўтастрахоўка па-новаму. 21.by

Аўтастрахоўка па-новаму

03.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Увайшлі ў сілу змяненні ў Палажэнне аб страхавой дзейнасці ў Беларусі, унесеныя ўказам Прэзідэнта № 519. Пра асноўныя новаўвядзенні на рынку страхавых паслуг для аўтаўладальнікаў расказала генеральны дырэктар Беларускай асацыяцыі страхоўшчыкаў Ірына МЕРЗЛЯКОВА.

Па-першае, аформіць ДТЗ з нязначнымі пашкоджаннямі кіроўцы цяпер могуць самастойна. Гэта дасць магчымасць віноўніку здарэння пазбегнуць мераў адказнасці (штрафу альбо пазбаўлення права кіравання), якія былі б непазбежнымі, калі б на месца здарэння прыехалі супрацоўнікі ДАІ.

— Разабрацца на месцы без удзелу ДАІ дазваляецца пры ўмове, што транспартныя сродкі, якія сутыкнуліся, былі застрахаваныя; візуальна нанесены ўрон не перавышае 200 еўра; кіроўцы не маюць прэтэнзій адносна фізічнага стану (падазрэнне, што нападпітку) адзін да аднаго; прыйшлі да агульнага меркавання, хто вінаваты, а хто пацярпелы, — падкрэсліла мая суразмоўца. — Акрамя таго, трэба памятаць, што без супрацоўнікаў ДАІ могуць афармляцца ДТЗ толькі ў тым выпадку, калі ў абодвух яго ўдзельнікаў дагавор абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці заключаны пасля ўваходжання ўказа ў сілу (а гэта значыць пасля 1 ліпеня). Альбо калі хоць у аднаго з удзельнікаў ДТЗ ёсць поліс, набыты пасля 1 ліпеня. Пры наяўнасці абодвух полісаў, заключаных да 1 ліпеня, трэба выклікаць ДАІ. Гэта такія невялікія праблемы пераходнага перыяду.

Кампенсацыю, у гэтым выпадку, як прапісана ва ўказе, можна будзе атрымаць праз пяць дзён пасля звароту ў страхавую кампанію. Пры гэтым, звярніце ўвагу, калі спецыяліст палічыць, што велічыня шкоды будзе меншай за 200 еўра, выплацяць меншую суму, але калі шкода будзе большай за 200 еўра, выплацяць толькі 200. Пры гэтым колькасць страхавых выпадкаў не абмежавана на працягу дзеяння страхавога поліса.

Па-другое, аўтаўладальнікі Беларусі могуць выбраць: альбо заключыць дагавор абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці, альбо як разнавіднасць гэтага дагавора — дагавор комплекснага страхавання.

— Комплексны дагавор унутранага страхавання заключаецца тэрмінам ад 6 месяцаў да года, — тлумачыць Ірына Мерзлякова. — Ён уключае ў сябе, акрамя абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці аўтаўладальнікаў, яшчэ і добраахвотнае страхаванне транспартнага сродку на выпадак нанясення шкоды ў выпадку ДТЗ. Такім чынам, комплексны дагавор дае магчымасць віноўніку здарэння таксама атрымаць грашовую кампенсацыю за пашкоджаны аўтамабіль (ліміт 10 тысяч еўра).

Немалаважна адзначыць таксама, што новы від страхоўкі распаўсюджваецца толькі на ДТЗ з удзелам двух транспартных сродкаў, а дагавор комплекснага страхавання можа заключыць толькі рэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Што тычыцца кошту, то новы від страхавання будзе больш даступным сярэднезабяспечаным грамадзянам нашай краіны: комплексны поліс у сярэднім у тры з паловай разы даражэйшы за абавязковую страхоўку, але значна таннейшы, чым дагавор аўтаКАСКА.

— Комплексны дагавор страхавання аўто з рухавіком да 1,8 л у Беларусі зараз каштуе для жыхароў сталіцы і абласных гарадоў каля 120-130 еўра ў год, — адзначыла Ірына Мерзлякова. — У сельскай мясцовасці з улікам паніжаючага каэфіцыента і зніжкі — каля 40-50 еўра на год. Пры гэтым у комплексным страхаванні рэгуляванне ўрону ідзе з улікам зносу транспартнага сродку, КАСКА можа пакрываць урон без уліку зносу. У асноўным жа комплекснае страхаванне накіравана на грамадзян — уладальнікаў недарагіх аўто. Бо ў Беларусі многія кампаніі машыну, якой больш як 10 гадоў, не бяруць на страхаванне КАСКА. Таму дзяржава прапанавала людзям вось такое выйсце з сітуацыі.

Па-трэцяе, цяпер страхавую кампенсацыю аўтаўладальнік можа атрымаць на працягу 20 працоўных дзён (раней даводзілася чакаць і па 40, і па 50 дзён). Гэта звязана з тым, што даведку з ДАІ можна будзе атрымаць адразу ж на месцы дарожна-транспартнага здарэння, агледзець транспартны сродак пры жаданні таксама будзе магчымым у дзень ДТЗ.

І, нарэшце, у пацярпелага з'явілася права выбару: ён можа падаць заяву як у страхавую кампанію вінаватага, так і ў тую кампанію, дзе ён застрахаваў свой аўтамабіль (да ўваходжання ўказа ў сілу ён, хацеў таго ці не, вымушаны быў звяртацца па кампенсацыю ў страхавую кампанію віноўніка). Віноўнік жа, па-ранейшаму, можа звярнуцца толькі да свайго страхоўшчыка.

Надзея ДРЫЛА.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Увайшлі ў сілу змяненні ў Палажэнне аб страхавой дзейнасці ў Беларусі, унесеныя ўказам Прэзідэнта № 519. Пра асноўныя новаўвядзенні на рынку страхавых паслуг для...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика