Першы памінальны стол. 21.by

Першы памінальны стол

03.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Трохдзённы цыкл пахавальных абрадаў заканчваўся жалобным сталом. Усе ўдзельнікі пахавання гуртам вярталіся дадому, каб справіць калектыўна-родавую трапезу, якая адначасова сімвалізавала ўшанаванне памерлага і працяг жыцця. Аднавяскоўцы імкнуліся падтрымаць сям'ю, якую напаткала гора, добрым словам, шчырым спачуваннем, абяцаннем дапамагчы ў час правядзення пасяўных работ і збору ўраджаю.

   Як толькі ўдзельнікі пахавання заходзілі ў двор, жанчыны выносілі вядро з вадой, ручнік, мыла і конаўку, каб кожны памыў рукі перад парогам хаты. Там, на могілках, людзі бралі рукамі магільны жвір, г.зн. уступалі ў непасрэдны кантакт з "тым" светам, светам даўно памерлых продкаў. Таму абавязкова трэба было памыць рукі, каб не прынесці ў хату новую смерць.

   Сёння даволі часта можна ўбачыць сітуацыю, калі людзі, з самых лепшых пачуццяў, паехалі на могілкі праводзіць у апошні шлях сябра ці калегу па працы, а з могілак паехалі на працу, а яшчэ горш — дахаты. Можна сказаць толькі адно — гэтыя людзі, што называецца, "гуляюць з агнём" і самі не разумеюць, якую бяду наклікаюць на сябе.

   Рытуал ачышчэння скончаны. Гаспадар або гаспадыня запрашалі гасцей у хату. Там ужо быў накрыты жалобны стол. Госці заходзілі і гуртам збіраліся каля печы, "каб пагрэць рукі", пачакаць, пакуль святар правядзе ліцію.

   Спачатку святар або нехта са старэйшых жанчын чытаў малітву пры запаленай свечцы, а затым ужо гасцей садзілі за стол. Зразумела, што за сталом абавязкова павінна было быць месца для памерлага. Сярод беларусаў вядомы два варыянты афармлення гэтага месца. У адным выпадку ў чырвоным куце ставілі асобны невялікі столік, на якім размяшчалі бохан хлеба, сальніцу, шклянку з зернем жыта, пшаніцы ці аўса, у якую ставілі памінальную свечку, а таксама талерку для рытуальных страў. У другім — месца для памерлага вызвалялі ў тарцы стала побач з чырвоным кутом, а на лаве нават пакідалі адно вольнае.

   Важнай акалічнасцю жалобнага стала была пасадка гасцей. Перш-наперш адзначым, што <І>члены сям'і памерлага за памінальны стол ніколі не садзіліся, ні ў якім разе не дапускаліся туды дзеці і моладзь дашлюбнага ўзросту . Памінальны стол ставіўся толькі ў адну лінію, што сведчыла пра разрыў сямейнай пары і пра той калідор, які звязваў гэты і "той" свет. Узніклі два варыянты пасадкі гасцей. У адным выпадку мужчыны садзіліся асобна, уздоўж сцяны, а жанчыны адпаведна насупраць іх. У другім — мужчыны садзіліся з абодвух бакоў, але бліжэй да чырвонага кута, а жанчыны сваім гуртам або на другім канцы стала, або ўвогуле за асобным сталом, які ставілі каля печы ці парога.

   Стол накрывалі абрусам споднім бокам ("левым" бокам), тым самым паказваючы "выключнасць" (выключанасць) такога застолля са святочнага і штодзённага жыцця людзей. Усе стравы на стол трэба было ставіць абавязкова "парамі", г.зн. адна і тая ж ежа на дзвюх талерках. А калі ежа была, што называецца, адзінкавай (напрыклад, катлеты, галубцы), то і іх у талерцы павінна была апынуцца цотная колькасць.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Трохдзённы цыкл пахавальных абрадаў заканчваўся жалобным сталом. Усе ўдзельнікі пахавання гуртам вярталіся дадому, каб справіць калектыўна-родавую трапезу, якая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика