...А сваты скачуць польку. Вяселле ў нацыянальным стылі — гэта модна
14.08.2010
—
Новости Общества
|
Амаль штосуботу старэнькія драўляныя хаты Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо напаўняюцца жыццём. Гасцей сустракае муз€ыка з баянам, жанчыны ў нацыянальных касцюмах завіхаюцца ля маладых, моладзь нацягвае “рагатку”, а сваты скачуць польку. Гэтак жа, як і сто-дзвесце гадоў таму, з песнямі і абрадамі тут святкуюць беларускае вяселле. Бяздонны калодзеж — Беларуская традыцыйная культура, у прыватнасці вясельныя абрады, нагадваюць шампанскае. Колькі іх ні вывучай, яны ўсё працягваюць здзіўляць сваім насычаным смакам, іскрыстасцю і святочнасцю, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік музея Ларыса Мятлеўская. — Вяселле лічылася важнейшым элементам жыцця, таму падыходзілі да яго з усёй сур’ёзнасцю, розумам і вопытам. У музеі створана праграма “Беларускае традыцыйнае вяселле”. Яна не з’яўляецца рэканструкцыяй канкрэтнага абраду з нейкага пэўнага рэгіёна. Мы расказваем пра найбольш цікавыя моманты традыцыйнага вяселля, характэрныя для ўсёй Беларусі, і спрабуем некаторыя з іх абыграць. Сярод хат XVIII—XIX стагоддзяў гэтыя традыцыі выглядаюць вельмі натуральна. Нядзіўна таму, што вяселлем у такім стылі цікавяцца ўсё больш маладых. Часам за суботу праз музейны абрад праходзяць 4—5 пар. Надумаў ажаніцца — забівай цвік у парог Яшчэ задоўга да сустрэчы з Дзмітрыем Вольга ведала: вяселле будзе ў нацыянальным стылі. Неяк пачуўшы ад знаёмых пра вяселле на беларускай мове, з жанчынамі ў нацыянальных касцюмах і незвычайнымі абрадавымі конкурсамі, Вольга загарэлася: і я так хачу! А пасля было знаёмства...— Я загарала, — успамінае Вольга. — Ён падыходзіць: “Ці не навучыце плаваць?” Выйшлі з вады — папрасіў нумар тэлефона і запытаўся, дзе вучуся. Я кажу: у БДЭУ. Ён прынцыпова не знаёміўся з нашымі студэнткамі. Лічыў: усе надта разумныя, — усміхаецца Вольга. — Таму адказаў: “А я пэтэвушнік”...Тэлефанавалі адзін аднаму цэлае лета. А калі прыйшоў час ехаць у Мінск на вучобу, вырашылі сустрэцца. “Але я не магу да цябе прыехаць, — адказаў Дзмітрый. — Толькі калі ты да мяне. Прыязджай на 9-ы кіламетр”. Так раскрылася таямніца Дзімы: ніякі ён не пэтэвушнік — курсант Ваеннай акадэміі. Праз два гады надумалі пажаніцца.— Хацелася незвычайна адзначыць гэты дзень, — расказвае Дзмітрый. — Вырашылі адсвяткаваць у нацыянальным стылі — так хацела Вольга. Я не пярэчыў: мне спадабалася ідэя. Яшчэ за паўгода да вяселля Дзмітрый прыехаў з роднымі да Вольгі ў сваты. — Спачатку прыйшлося прайсці іх выпрабаванні, — успамінае Вольга. — Правяралі, якой буду жонкай. Да прыкладу, рассыпалі манеты на падлогу. Пакуль збірала іх, сваты сачылі, буду марна-траўнай ці не. З Дзімам папрасілі благаславення ў бацькоў. А ўжо пасля, каб канчаткова замацаваць надуму ажаніцца са мной, Дзіма забіў цвік у парог хаты. Пра Беларускі дзяржаўны музей архітэктуры і побыту і яго “вясельныя” паслугі маладыя людзі даведаліся праз Інтэрнэт. Паехаўшы ў выведкі і падыхаўшы атмасферай двухсотгадовай даўнасці, вырашылі не толькі заказаць абрад, але і зарэгістравацца тут жа, сярод траў і драўляных хат. Прадстаўніка загса заказалі на выезд. У мінулае — без машыны часу Едучы ў суботу на вяселле, госці, ды і самі маладыя, дрэнна ўяўлялі, што іх чакае. Замест загсу — драўляная школа пачатку ХХ стагоддзя. Замест бялюткіх сурвэтак з пярсцёнкамі — сподачак з жытнёвымі зярняткамі. А пасля ўрачыстай рэгістрацыі — экскурсія ў вёску, дзе гасцей сустракалі баяніст і гаспадыні, якія сыпалі ў кішэні маладому зярняткі, каб “у жонкі было дзетак багата”.Проста так у вёску не пусцілі — нацягнулі “рагатку”. Жартаўліва на сакавітай беларускай мове прасілі сватоў даць адчэпных і станцаваць польку. Пасля таго як “рагатку” раскідалі, гасцей запрасілі ў Пакроўскую царкву, якую асвячаў сам мітрапаліт Філарэт. Пасля невялікага аповеду пра музей маладых павялі ў хату, дзе расказалі пра вясельныя абрады. Сумаваць не давалі — прасілі паўтарыць некаторыя з традыцый.— Вясельны абрад прайшоў вельмі цікава, — успамінае Вольга. — І рукі мылі, і на кажухах сядзелі, і хлеб у печ разам саджалі... Я кідала букет дзяўчатам. А Дзіма з лялькай па хаце хадзіў, выпрошваючы грошы. Яму сунулі яе ў рукі, прыгаворваючы: “Каб ваш ложак рыпаў, рыпаў, а да году сынок выпаў”. А ён такі разгублены, не ведае, што з гэтай лялькай рабіць, мяне ў бок штурхае. А яму: “Не, міленькі, раз стараўся, дык ідзі”, — усміхаецца Вольга.Для маладых было важна ўбачыць рэакцыю гасцей. Да вяселля многія з іх былі настроены скептычна. Маўляў, навошта вам усе гэтыя абрады, беларуская мова... А пасля свята не было канца іх захапленню: і як толькі месца такое знайшлі! Дзмітрый і Вольга прызналіся: была б ма-жлівасць — яшчэ б згулялі беларускае вяселле. Але паколькі бывае яно раз у жыцці, будуць чакаць дзяцей і іх хрэсьбін — з надзеяй працягваць традыцыю святкаваць па-народнаму. Цікава У продкаў беларусаў не было паняцця “хлапечнік”, затое ў вечар перад вяселлем маладая з сяброўкамі збіраліся на дзявочнік. Спявалі песні, плялі вянок для маладой і рабілі кветкі для нежанатых хлопцаў і дзяўчат. Было прынята: кожная сяброўка прыходзіла на дзявочнік з вышытай кашуляй для маладой. Тая дзяўчына, кашулю якой выбера маладая, хутка выйдзе замуж. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амаль штосуботу старэнькія драўляныя хаты Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў вёсцы Азярцо напаўняюцца жыццём. Гасцей сустракае...
|
|