Расклад для пенсійнай прыбаўкі
10.02.2011
—
Новости Общества
|
Сяргей ГРЫБ Шматлікія сацыялагічныя даследаванні сведчаць, што другой па значнасці крыніцай даходаў беларусаў з'яўляюцца пенсіі, прычым для многіх грамадзян краіны яны — ужо даход адзіны. Таму кожнае чарговае павышэнне гэтых выплат з'яўляецца па-сапраўднаму доўгачаканым. Між тым, пры якіх умовах адбываецца індэксацыя пенсій і што рабіць у выпадку, калі ўзнікае права на тую або іншую дадатковую прыбаўку? Разабрацца з гэтымі пытаннямі мы паспрабуем з дапамогай начальніка аддзела прызначэння і выплат пенсій камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Алы Яраславаўны Колбік. БПМ або сярэдняя зарплата Умовы павышэння пенсій розныя. Так, мінімальныя і сацыяльныя пенсіі, а таксама надбаўкі і павышэнні да іх знаходзяцца ў "прывязцы" да бюджэту пражытковага мінімуму. БПМ пераглядаецца і, як правіла, павялічваецца, чатыры разы ў год — з 1 лютага, 1 мая, 1 жніўня і 1 лістапада. З гэтых жа дат звычайна індэксуюцца і ўзгаданыя віды пенсій. А вось падстава для пераразліку працоўных пенсій іншая — рост сярэдняй зарплаты па краіне. — Паводле 70 артыкула Закона "Аб пенсійным забеспячэнні" павышэнне працоўных пенсій робіцца тады, калі ў мінулым квартале сярэдняя па краіне зарплата работнікаў адносна моманту папярэдняга пераразліку павялічылася на 15 працэнтаў, — распавядае Ала Колбік. — Пры гэтым той жа закон вызначае: калі неабходнага 15-працэнтнага росту заробкаў няма, то працоўныя пенсіі індэксуюцца адзін раз у год з 1 лістапада — зыходзячы з фактычнага павелічэння сярэдняй зарплаты за ІІІ квартал. Зрэшты, варта таксама заўважыць, што ў гэтым агульным правіле бываюць пэўныя выключэнні. У нас можа быць праведзены і пазачарговы пераразлік працоўных пенсій — на падставе ўказа кіраўніка дзяржавы. Павышэнне ў кожнага сваё Працэнт росту сярэдняй пенсіі падчас пераразліку супадае з працэнтам росту сярэдняй зарплаты. Аднак такі малюнак атрымліваецца ў цэлым, а на справе ў кожнага пенсіянера прыбаўка будзе "свая". — Напрыклад, у адных пенсіі могуць узрасці на 5, а ў іншых — на 10 працэнтаў, — адзначае Ала Колбік. — І ніякага парадоксу тут няма, бо ў кожнага — свой індывідуальны каэфіцыент заробку і зноў жа свая працягласць працоўнага стажу. Таму чым большыя каэфіцыент і стаж — тым большай будзе прыбаўка. Змяненне без "зваротнай сілы" Як вядома, у асноўным, на ўзровень пенсій уплывае індывідуальны каэфіцыент заробку. Ён разлічваецца аднойчы — скажам, сёлета за 17 гадоў запар з 27 апошніх гадоў працы. Прычым да ўвагі прымаюцца ўсе заробкі, на якія налічваліся і з якіх утрымліваліся ўзносы дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. І ў тым ліку — заробкі не па асноўным месцы працы. Між тым часта здараецца наступнае: пацвярджэнне "не асноўных" заробкаў знаходзіцца ўжо пасля прызначэння пенсіі. Што рабіць у такім выпадку? — Перш-наперш трэба мець на ўвазе: не ўлічаныя пры вызначэнні індывідуальнага каэфіцыента заробкі пасля 1 студзеня 2003 года (моманту ўвядзення індывідуальнага персаніфікаванага ўліку страхавых адлічэнняў) павінны пацвярджацца выпіскай з асабістага рахунка з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, а заробкі да 1 студзеня 2003 года — даведкамі былых работадаўцаў, — зазначае Ала Колбік. — І калі такія пацвярджэнні ёсць — чалавек мае поўнае права звярнуцца ва ўпраўленне сацыяльнай абароны па месцы атрымання пенсіі з заявай аб змяненні індывідуальнага каэфіцыента. Аднак варта памятаць: новы індывідуальны каэфіцыент "запрацуе" толькі з 1 чысла наступнага за падачай заявы месяца, і пераразлікаў пенсіі за ўвесь папярэдні час не будзе. А адсюль і парада: каб не ўзнікала аніякіх праблем і шкадаванняў, звесткі аб ранейшых заробках лепш збіраць загадзя — яшчэ да афармлення пенсіі. Пры атрыманні І групы варта палічыць Асобная гаворка аб пенсійных надбаўках. Даволі распаўсюджаныя сярод іх — надбаўкі на догляд, якія прызначаюцца інвалідам І групы або асобам, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту. Па сутнасці, звяртацца ва ўпраўленне сацыяльнай абароны тут не трэба. Інфармацыя аб узросце і прызначэнні І групы інваліднасці знаходзіцца ў камп'ютарнай базе. Таму надбаўкі будуць прызначаны аўтаматычна — з 1 чысла наступнага месяца, у якім з'явіўся адпаведны статус. — Аднак у такім выпадку хацелася б сказаць колькі слоў аб інвалідах І групы: не выключана, што пасля атрымання гэтай групы зварот ва ўпраўленне сацыяльнай абароны для іх усё ж мае сэнс для пераходу на больш высокую пенсію па інваліднасці, — заўважае Ала Колбік. — У прыватнасці, гэта датычыцца жанчын, якія маюць менш за 40, і мужчын, якія маюць менш за 45 гадоў стажу. Як зняць "абмежаванне"? Нарэшце, яшчэ адзін момант. Не сакрэт, што для пенсіянераў, якія працуюць, наша заканадаўства прадугледжвае пэўнае абмежаванне — маецца на ўвазе выплата пенсій, зыходзячы з індывідуальнага каэфіцыента не больш за 1,3. Таму калі індывідуальны каэфіцыент вышэйшы і пенсіянер вырашае пакінуць працу, то для зняцця абмежавання і выплаты пенсіі ў поўным аб'ёме неабходна падысці з працоўнай кніжкай ва ўпраўленне сацыяльнай абароны. — Але адначасова трэба падкрэсліць: калі пенсіянер з індывідуальным каэфіцыентам больш за 1,3 уладкоўваецца на новае месца, то работадаўца абавязаны на працягу 5 дзён паведаміць аб гэтым ва ўпраўленне сацыяльнай абароны, — падкрэслівае Ала Колбік. — Прычым паклапаціцца аб такім паведамленні павінен і сам пенсіянер, які працуе. Бо ў адваротным выпадку існуе верагоднасць сутыкнуцца з фактычнай пераплатай пенсіі. А пераплату прыйдзецца вяртаць. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шматлікія сацыялагічныя даследаванні сведчаць, што другой па значнасці крыніцай даходаў беларусаў з'яўляюцца пенсіі, прычым для многіх грамадзян краіны яны —...
|
|